Трэцяя ранішняя прагулка

Запісана 28 красавіка 1973 года

ў парку Чэвіят-Хілз, Лос-Анджэлес.

Шрылу Прабхупаду суправаджаюць д-р Сінгх, Карандхара дас адхікары і іншыя вучні.

Навукоўцы як зладзеі

Шрыла Прабхупада (трымаючы ў руцэ ружу): Ці можа хто-кольвек з навукоўцаў стварыць такую кветку ў сваёй лабараторыі?

Д-р Сінгх: Гэта немажліва.

Шрыла Прабхупада: Так, немажліва. Толькі паглядзіце, як дзівосна дзее энергія Крышны. Ніводзін навуковец не можа стварыць такую кветку ў сваёй лабараторыі. Яны не могуць стварыць нават некалькі пясчынак і ўсё ж заяўляюць, што ўва ўсім сусвеце з імі ніхто не можа параўнацца ўзроўнем інтэлекту. Гэта глупства.

Д-р Сінгх: Яны бяруць матэрыю ў Крышны, нешта з ёй робяць, а потым заяўляюць, што стварылі штосьці выдатнае.

Шрыла Прабхупада: Калі б яны хаця б прызналі, што бяруць матэрыю ў Крышны, гэта ўжо было б нядрэнна. Мы ўсведамляем, што ўсё выходзіць з Крышны.

Д-р Сінгх: Але яны ніколі не прызнаюць, што бяруць нешта ў Крышны. Наадварот, яны заяўляюць, што яны і ёсць стваральнікамі.

Шрыла Прабхупада: Што яны стварылі? Яны бяруць пясок, змешваюць яго з якімі-небудзь хімічнымі рэчывамі і атрымліваюць шкло. Яны не стваралі ні пяску, ні хімічных рэчываў, а ўзялі іх з зямлі. Як і што яны стварылі?

Д-р Сінгх: Яны кажуць: «Мы ўзялі матэрыялы ў прыроды».

Шрыла Прабхупада: «У прыроды» значыць «у асобы». Яны ўзялі ў прыроды, але яны зладзеі, таму што ўсё ў прыродзе належыць Крышну. Īśāvāsyam idaṁ sarvam: «Усё створана Богам» [Ішапанішад, 1]. У «Бхагавад-гіце» Крышна кажа, што той, хто не здзяйсняе яг'і (ахвярапрынашэння), злодзей. Пад яг'яй маецца на ўвазе прызнанне таго, што ўсё ўзята ў Крышны. Мы павінны думаць: «Крышна, Ты даў нам столькі ўсяго, каб забяспечыць нашае існаванне». Адзінае, чаго хоча ад нас Крышна – каб мы прызналі гэта, толькі і ўсяго. Што яшчэ Яму можа быць трэба ад вас? Што вы ў параўнанні з Ім? Мы павінны прызнаць дабрыню Крышны. Таму перш як есці самім, мы прапануем ежу Крышну і кажам: «Крышна, Ты даў нам гэтую цудоўную ежу, так што паспрабуй яе першым». А ўжо потым ядзім яе самі.

Крышна не галодны, але тым не менш можа праглынуць увесь свет, а потым стварыць яго дакладную копію. Pūrṇasya pūrṇam ādāya pūrṇam evāvaśiṣyate [Ішапанішад, зварот]. Крышна такі дасканалы, што нават калі вы забераце ў Яго ўсю Яго энергію, уся Яго спрадвечная энергія ўсё роўна застанецца ў Яго. Вось што значыць дасканалае захаванне энергіі.

Вытокі прыроды

Д-р Сінгх: Ёсць навуковы часопіс, які называецца «Нэйчур» [«Прырода»]. У ім публікуюцца артыкулы пра такія з’явы прыроды, як расліны, кветкі і мінералы, але ніколі не згадваецца Бог.

Шрыла Прабхупада: Мы можам заўважыць, што расліны спароджаныя прыродаю, і будзем мець рацыю. Але наступнае пытанне, якое мы павінны задаць: «Хто стварыў прыроду?» Напраўду разумны чалавек будзе задаваць гэтае пытанне.

Д-р Сінгх: Зазвычай, яны не думаюць пра гэта.

Шрыла Прабхупада: Гэта значыць, што яны неразумныя. Адкуль з’явілася прырода? Як толькі гаворка заходзіць пра прыроду, наступнае пытанне павінна быць такім: «Чыя прырода?» Прырода – гэта энергія. І калі вы кажаце пра энергію, мы павінны спытаць пра крыніцу энергіі. Напрыклад, калі вы кажаце пра электрычную энергію, то павінны прызнаць, што ў яе ёсць крыніца, электрастанцыя. Як можна адмаўляць яе існаванне? Таксама, прырода не дзее сама сабой, яна знаходзіцца пад кантролем Крышны.

Вучань: Веды кажуць, што матэрыяльная энергія дзее, падпарадкоўваючыся Крышну.

Шрыла Прабхупада: Так. Калі ўжо гаворка ідзе пра энергію, то павінна быць і яе крыніца.

Міраж матэрыяльнага свету

Карандхара: Геолагі вывучаюць пласты зямное кары, каб высветліць паходжанне Зямлі.

Шрыла Прабхупада: Але гэтыя пласты штохвіліны ствараюцца і знікаюць. Цяпер яны такія, а праз паўгадзіны будуць іншымі. Яны – джагат, увесь час змяняюцца. Крышна кажа ў «Бхагавад-гіце» [8.4]: adhibhūtaṁ kṣaro bhāvaḥ – «Матэрыяльную прыроду характарызуе бясконцая зменлівасць». Таму, проста назіраючы за самой энергіяй, немагчыма выявіць яе крыніцу. Цяпер зямныя пласты могуць быць чорнымі, а пазней стаць белымі, потым ізноў чорнымі, і гэтак далей. Гэта называецца punaḥ punaś carvita-carvaṇānām – «перажоўваннем жаванага» 5.

Цяпер холадна, апоўдні будзе цёпла, а ўвечары ізноў пахаладнее. Такім парадкам усё матэрыяльнае стварэнне перажывае разнастайныя змены. Нашыя целы, і тыя змяняюцца. Усё змяняецца. Але якая вечная рэальнасць стаіць за гэтымі зменамі? Гэта павінна быць аб’ектам вывучэння сапраўднае навукі. Навукоўцы не могуць выявіць вечную рэальнасць, і таму яны расчараваныя. Яны думаюць, што ў аснове ўсяго ляжыць пустэча, нуль. Думаюць, што вечнасць значыць нуль. І калі іх пытаюць, адкуль узяўся гэты нуль, яны кажуць: «Ён з’явіўся з нічога». Таму мы павінны задаць ім пытанне: «Як паўстала разнастайнасць навакольнага свету?» Веды кажуць, што сама разнастайнасць вечная, а тая зменлівая разнастайнасць, якую навукоўцы вывучаюць у матэрыяльным свеце, часовая. Гэтая разнастайнасць – цень сапраўднае разнастайнасці, а цень не бывае вечным. Сапраўдная разнастайнасць існуе вечна ў духоўным свеце.

Д-р Сінгх: То бок матэрыяльны сусвет падобны да міражу?

Шрыла Прабхупада: Так. Дапусцім, я бачу ў пустэльні ваду, але сапраўды яе там няма. Гэта ілюзія. Вада існуе, але не ў гэтым міражы. Аналагічна гэтаму, матэрыяльная разнастайнасць, якую мы назіраем, – разнастайнасць асалод – падобная да гэтага міражу. Мы, жывыя істоты, створаныя дзеля асалоды, але шукаем яе не там, дзе трэба, у ілюзіі. Мы падобныя да жывёлін у пустэльні, якія гоняцца за ілюзіяй вады ў міражы і ўрэшце гінуць ад смагі. Яны не могуць здаволіць смагу гэтай ілюзорнай вадой. Гэтак жа і мы імкнёмся стварыць мноства рэчаў, каб здаволіць сваю смагу асалод, але што ні крок зазнаём паразу, бо матэрыяльнае існаванне – ілюзія. Таму быць сапраўды разумным – значыць ставіць сабе пытанне: «Дзе рэальнасць? Дзе вечная аснова, што стаіць за гэтай ілюзіяй?» Толькі высветліўшы гэта, мы зможам адчуць сапраўдную асалоду.

Навігацыя: