17. Духоўная практыка

img

Згодна з ідэяй бхакці, усё, што робіць чалавек, які ўстаў на шлях духоўнае дасканаласці, павінна набліжаць яго да Бога. Пазнакай адданасці Богу ёсць здольнасць чалавека прымаць тое, што спрыяе адданаму служэнню ды адхіляць тое, што яму перашкаджае. Гэтым вызначаецца каштоўнасць кожнага дзеяння ці ўчынку. Таму для вайшнава не існуе фармальнага абраду ці рытуалу, які выконваецца як даніна традыцыі ці з якіх-колечы іншых меркаванняў, кожны элемент духоўнае практыкі павінен быць спосабам дасягнення любові да Крышны і спосабам выразу такой любові. У гэтым, аднак, не павінна быць і самавольства – інакш не было б сэнсу ў традыцыі і аўтарытэтах.

 

Увесь практычны бок жыцця вайшнаваў старанна распрацоўваўся ачар’ямі. У «Шры Чайтанья-чарытамрыце», у канцы ўжо згаданае размовы з Санатанам Госвамі, Шры Чайтанья просіць яго напісаць кнігу, якая б утрымлівала падрабязнае апісанне пакланення Боству, паўтарэння імя Бога, а таксама правілы паводзін, гігіены і г. д. Такою кнігаю, якая і дасёння лічыцца найбольш аўтэнтычным кіраўніцтвам паводле ўсіх відаў духоўнае практыкі, і да якое вайшнавы звяртаюцца заўсёды, калі ўзнікае патрэба ў развязанні спрэчных пытанняў ці ў якіх-колечы ўдакладненнях, сталася «Хары-бхакці-віласа» Санатаны Госвамі.

 

У «Хары-бхакці-віласе», а таксама ў «Бхакці-расамрыта-сіндху» Рупы Госвамі, чалавеку наказваецца мноства разнастайных дзеянняў, прызначаных дзеля таго, каб дапамагчы яму цалкам сканцэнтраваць сваю свядомасць на Богу. Аднак вайшнаўскія настаўнікі ўсведамлялі, што гэтыя наказы не заўсёды і не ўсюды могуць быць выкананыя ў поўным аб’ёме, і што занадта строгая рэгламентацыя ўрэшце прывяла б да ператварэння служэння Богу, якое прадугледжвае любоў і адданасць, у фармальны рытуал. Таму ў рэальным жыцці з усёй разнастайнасці відаў духоўнае практыкі і правіл этыкету імі звычайна вылучаліся больш важныя, без якіх удасканальвацца ў духоўным жыцці было б проста немажліва, іншыя ж лічыліся пажаданымі, але не абавязковымі. Выкананне гэтых апошніх залежала ад часу, месца і акалічнасцяў. Да таго ж з гадамі, адпаведна зменам у грамадстве, шмат што змянялася і ў гэтых правілах, асабліва пасля таго як рух вайшнаваў стаўся агульнаіндыйскім, а потым і ўсясветным. Аднак, хоць і немажліва было захаваць «форму», усё ж, дзякуючы жывой пераемнасці, «змест» традыцыі застаўся ранейшым, што няцяжка заўважыць, калі параўнаць пакланенне, духоўную практыку і лад жыцця цяперашніх вайшнаваў з пакланеннем, духоўнай практыкай і жыццём сучаснікаў Шры Чайтаньі, падрабязна апісанымі ў «Шры Чайтанья-чарытамрыце», «Чайтанья-бхагаваце» ды іншых бенгальскіх тэкстах XVI ст.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, снежань 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: