Нягледзячы на тое, што Госпад мае незлічоную колькасць імёнаў («Махабхарата», напрыклад, утрымлівае гімн, у якім пералічваецца тысяча імёнаў Вішну), Шры Чайтанья рэкамендаваў паўтараць менавіта маха-мантру, бо, у адрозненне ад іншых мантраў, для яе паўтарэння не даецца ніякіх правіл. Маха-мантру можна паўтараць заўсёды і ўсюды. Лічыцца, што звяртаючыся да імёнаў, з якіх складаецца маха-мантра, бхакта сутыкаецца з усёй поўнасцю Абсалютнае Праўды, бо ў імені Крышна бытуе Бхагаван, у імені Рама – усе аватары, у імені Хара (адно з імёнаў Радхі) – усе шакці, таму нама-бхаджана ёсць важнейшым відам адданага служэння Богу. У духоўным жыцці вайшнаваў яна займае такое ж важнае месца, як і малітоўная практыка ў іншых рэлігіях. У гэтым сэнсе паўтарэнне маха-мантры напамінае паўтарэнне Ісусавай малітвы ў праваслаўных хрысціян ці Ружанца ў каталікоў.
Індывідуальнае паўтарэнне маха-мантры называецца джапай. Для джапы вайшнавы адводзяць лепшы час сутак – ранішнія гадзіны. Паўтараюць маха-мантру на пацерках, зробленых са святога дрэва – туласі ці німбы, пацеркі звычайна трымаюць у спецыяльным мяшэчку. Каб паўтараць імёны, не абавязкова сядзець у адной позе, як гэта робяць ёгі, займаючыся медытацыяй, можна сядзець, стаяць ці хадзіць, самае важнае – быць сканцэнтраваным на імені.
Лічыцца, што гук імя нематэрыяльны і таму, пранікаючы ў сэрца, ачышчае яго, робячы мяккім і ўспрымальным да духоўных ведаў, таму пачаткоўцам спачатку раяць проста выразна прамаўляць імёны Бога і ўважліва ўслухоўвацца ў іхнае гучанне. Надалей вучань павінен навучыцца заклікаць імя Бога ў малітве і бачыць у імені Бога сваё адзінае прыстанне. На вышэйшых стадыях бхакці імёны Бога для таго, хто іх паўтарае, робяцца неадрознымі ад Самога Бога, і вымаўленне іх прыносіць яму велізарную асалоду.
Іншы від нама-бхаджаны – санкіртана, спеў святога імя. Для гэтага вайшнавы збіраюцца разам і спяваюць імёны Бога наступным парадкам: спачатку вядоўца спявае цалкам маха-мантру, потым усе хорам яе паўтараюць, потым ізноў уступае вядоўца, і г. д. Пры гэтым звычайна спеву акампануюць на мрыдангах (падвойных гліняных барабанах) і караталах (маленькіх латуневых талерачках), часам выкарыстоўваецца індыйская гармонія і іншыя традыцыйныя інструменты, мелодыі зазвычай таксама традыцыйныя. У час спеву вайшнавы танцуюць, бо танец лічыцца за адзін з важных элементаў бхакці. У Індыі вайшнавы здаўна, яшчэ з часоў Шры Чайтаньі, практыкуюць урачыстыя людныя шэсці са спевам маха-мантры, якія становяць сабой паважнае і эфектнае гледзішча. Цяпер, пасля пашырэння вайшнавізму за межамі Індыі, санкіртана сталася звыклаю з’яваю і ў гарадах Захаду. Шры Чайтанья і вайшнаўскія ачар’і лічылі, што як імя Бога праслаўляецца практычна ва ўсіх народах, то ўсёагульны спеў імёнаў Бога можа паслужыць у будучыні глебаю для з’яднання сусветных рэлігій, і прадказвалі пашырэнне санкіртаны па ўсім свеце. У гэтым таксама адлюстраваны ўніверсалізм вучэння вайшнаваў. Напрыклад, Бхакцівінода Тхакур пісаў у адным са сваіх артыкулаў у часопісе «Садджана-тошані»: «Ёсць шмат рэлігій у свеце. Але найвышэйшая рэлігія – усёагульны спеў боскіх імёнаў Вярхоўнага Госпада… О, калі ж прыйдзе той дзень… калі ўсе рэлігіі ўвальюцца як рэкі ў вялікі акіян вайшнавізму – усёахопнае сусветнае рэлігіі? Калі ж надыдзе той дзень?»