3. Шры Чайтанья і Ягоныя паслядоўнікі

Шры Чайтанья нарадзіўся ў 1486 г. у Навадвіпе (Заходняя Бенгалія) ў сям’і адукаванага брахмана, які паклапаціўся пра добрую адукацыю і для сына. Ужо ў юнацтве Шры Чайтанья ўславіўся спазнаннямі ў граматыцы і логіцы (Навадвіпа была ў тыя часы цэнтрам брахманскай вучонасці) і нават адкрыў уласную школу, якая карысталася папулярнасцю. У 1509 г. Шры Чайтанья адпраўляецца ў горад Гаю, каб здзейсніць памінальны абрад па памерламу бацьку і сустракае там Ішвару Пуры, саньясі (манаха-падарожніка), у якога атрымвае дыкшу (духоўнае пасвячэнне). Пасля гэтай першай сустрэчы з гуру (духоўным настаўнікам) у характары Шры Чайтаньі адбываюцца значныя змены. Ён пачынае выяўляць азнакі незвычайнага рэлігійнага натхнення. Шры Чайтанья пакідае навуковую і выкладніцкую дзейнасць і робіцца прапаведнікам. Ён абвяшчае крышна-бхакці, адданае служэнне Крышну, шырокім рэлігійным шляхам, прызначаным для ўсіх, а паўтарэнне і спяванне імёнаў Крышны – універсальным метадам, з дапамогай якога можна знайсці любоў да Бога.

 

Уражаныя гэтай зменай, родныя і сябры Шры Чайтаньі пачынаюць успрымаць Яго не як звычайную чалавечую істоту, а як Самаго Бога, які сышоў у свет. Гэта ўскосна пацвярджае і сам Шры Чайтанья. Некаторым з іх Ён адкрывае Сваю патаемную боскую існасць, і Сваю місію – выратаванне пакутнага і заблытанага чалавецтва. Разам з аднадумцамі Шры Чайтанья прапаведуе спачатку ў Навадвіпе, а потым і па ўсёй Бенгаліі. Збіраючы велізарныя натоўпы людзей, Ён арганізоўвае ўрачыстыя працэсіі са спяваннем імёнаў Крышны. Цікава, што мусульманскія ўлады ня чыняць Яму ў гэтым практычна ніякіх перашкодаў.

 

Неўзабаве, пакінуўшы сямейнае жыццё і стаўшы саньясі, Шры Чайтанья адпраўляецца ў паломніцтва па Індыі. Па дарозе Ён наведвае ўсе найбуйныя рэлігійныя цэнтры і паўсюль набывае паслядоўнікаў. Натхнёныя сілай Ягонай пропаведзі і Ягоным жыццёвым прыкладам, жыхары розных правінцыяў Індыі, людзі рознай нацыянальнасці і тыя, што належаць да розных кастаў, сярод якіх ёсць нават мусульмане і будысты, робяцца вайшнавамі.

 

Надалей Шры Чайтанья пасяляецца ў Джаганнатха Пуры (Арыса) дзе праводзіць дні ў атачэнні вучняў і паслядоўнікаў. У 1533 г. Ён таямнічым чынам пакідае гэты свет.

Далейшае развіццё руху Шры Чайтаньі

Пасля Шры Чайтаньі пачаты Ім рух паспяхова шырыцца ў розных частках Індыі. У Бенгаліі прапаведуе Ніцьянанда, бліжэйшы паплечнік Шры Чайтаньі, а пасля Вірабхадра, сын Ніцьянанды, а таксама ягоная жонка Джахнаві Дэві; у Арысе – Ш’ямананда і Расікананда; у Матхуры і Врындаване – «Врындаванскія Госвамі» – Рупа Госвамі, Санатана Госвамі, Джыва Госвамі і інш.; у Арысе – Шанкарадэва. Пропаведзь бенгальскіх вайшнаваў праходзіць таксама ў гарадах Заходняй Індыі – Джайпуры, Лахоры, Мултане і Пандарпуры. Многія паслядоўнікі Шры Чайтаньі ствараюць працы па тэалогіі і духоўнай практыцы, у якіх абагульняюць і сістэматызуюць Ягонае вучэнне (Сам Шры Чайтанья амаль нічога не напісаў, ад Яго застаўся толькі вельмі кароткі верш «Шыкшаштака» («Настаўленне ў васьмі вершах»)). Найболей значныя творы такога роду належаць «Врындаванскім Госвамі». Пішацца вялікая колькасць агіяграфічных твораў, прысвечаных Шры Чайтаньі і Ягоным паслядоўнікам, галоўныя з якіх – «Шры Чайтанья-чарытамрыта» Крышнадаса Кавіраджы і «Чайтанья-бхагавата» Врындавана Даса, манументальныя паэмы на бенгалі. З’яўляецца мноства рэлігійных песень і гімнаў (падаў), аўтарства найболей вядомых з іх належыць выбітнаму паэту Нароттаму Дасу. Нават аўтары, не вайшнавы, адчуваюць уплыў паслядоўнікаў Шры Чайтаньі – напрыклад, некаторыя бенгальскія шакцісты (прыхільнікі багіні Дургі) у прадмовах да сваіх працаў усхваляюць Шры Чайтанью як увасабленне Бога.

 

Рух, пачаты Шры Чайтаньем, шырока адкрывае дзверы для ўсіх тых, каго лічылі парыямі ў індыйскім грамадстве. На людных супольных трапезах, якія зрабіліся сталым звычаем у вайшнаваў, разам з брахманамі і кшатрыямі побач сядзяць шудры і чандалы, а таксама нядаўнія будысты і мусульмане, словам, усе тыя, каму раней доступ у супольнасць «двойчынароджаных» быў вельмі строга забаронены. Такая падкрэсленая абыякавасць да паходжання і сацыяльнага становішча даходзіць да таго, што кароль Арысы Пратапарудра падмятае дарогу перад калясніцай Джаганнатхі на свяце Ратха-ятра, а шудра Нароттам Дас робіцца шанаваным духоўным настаўнікам, стасункаў з якім шукаюць многія шляхетныя людзі. Вартасць чалавека вызначаецца з гэтага часу ня кастай, а толькі адданасцю Богу.

 

Надалей рух працягвае расці. Важнай часткай рэлігійнага жыцця Індыі робяцца вайшнаўскія махотсавы, пышныя людныя святы і фэсты, прысвечаныя дзеям Крышны і Ягоных аватараў, а таксама масавыя пачастункі і санкіртаны – вулічныя шэсці са спяваннем імёнаў Бога. На грошы багатых паслядоўнікаў і прыхільнікаў (у тым ліку і мусульманаў) будуюцца храмы і манастыры. У адным толькі Джаганнатха Пуры налічваецца каля трохсот храмаў, прысвечаных Крышну і Шры Чайтанью, а ў Врындаване – больш за пяцьсот. Вайшнаўскія тэолагі, буйнейшыя з якіх – Вішванатха Чакраварці і Баладэва Відзьябхушана (17-18 стст.) працягваюць распрацоўку вучэння Шры Чайтаньі.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, снежань 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: