22. Пакланенне Боству

img

Бог усёмагутны і здольны абярнуць матэрыяльную энергію ў духоўную. Таму арча-віграха ці мурці – вобраз Бога, зроблены з каменю, дрэва, металу, гліны і г. д., якому вайшнавы пакланяюцца ў храмах, наўпрост уважаецца за Самога Крышну, які з літасці з’явіў Сябе людзям у відочнай форме. У індыйскіх рэлігіях ніколі не было забарон на выяву Бога, таму ў Індыі са спрадвечных часоў пакланяюцца скульптурнай выяве. Арчана, пакланенне мурці, згадваецца ў «Бхагавата-пуране». Як развітая сістэма пакланення арчана падрабязна выкладзеная ў тэкстах «Панчаратры».

 

І дасёння ў Індыі існуе мноства храмаў, у якіх ушаноўваюць арча-віграху, некаторыя з іх штогод наведваюць мільёны пілігрымаў. Самыя знакамітыя мурці Вішну – Джаганнатха ў Пуры, Венкатэшвара ў Цірупаці, Віттхала ў Пандарпуры і Ранганатха ў Ранга-кшэтры. Бенгальскія вайшнавы асабліва ўшаноўваюць мурці Джаганнатхі, якому пакланяўся яшчэ Сам Шры Чайтанья, а таксама мурці храмаў Врындавана і Маяпура. Самыя вядомыя врындаванскія мурці былі ўсталяваныя яшчэ ў XVI ст. вучнямі Шры Чайтаньі ў пабудаваных імі храмах. Ёсць і сучасныя храмы, у якіх пакланяюцца Боствам Радхі і Крышны, Шры Чайтаньі і Ніцьянанды, Рамы і Сіты і г. д. Набажэнствы ў вайшнаўскіх храмах, якія суправаджаюцца музыкай, спевамі і танцамі, і ў час якіх раскошна аздобленым Боствам падносяць кветкі, садавіну і вохнасці, адрозніваюцца пышнасцю і святочнасцю.

 

Арчана як від духоўнае практыкі валодае вялікай прывабнасцю, таму многія вайшнавы, асабліва сямейныя людзі, усталёўваюць арча-віграху ў сябе дома і пакланяюцца вобразу Крышны ўсёй сям’ёй. Лічыцца, што Крышна, з’яўляючыся перад бхактам у выглядзе аб’ёмнае фігуры, тым самым дазваляе яму абмываць, адзяваць і аздабляць Сваё цела, карміць Сябе, укладаць спаць і г. д., то бок служыць Сабе беспасярэдне. І таму што мы схільныя прывязвацца да тых, каму служым, чалавек, які пакланяецца Богу ў такі спосаб, атрымлівае цудоўную магчымасць развіць у сабе прыхільнасць ды любоў да Яго.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, снежань 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: