Сказана, што пакланеньне найвышэйшай прычыне ўсіх прычынаў прыносіць адзін плён, а пакланеньне таму, што ня ёсьць найвышэйшым – іншы. Гэта пачута ад непарушных аўтарытэтаў, якія дасканала паясьнілі ўсё.
У гэтай мантры тлумачыцца пра канечнасьць слуханьня непарушных аўтарытэтаў. Пакуль чалавек не пачуе сапраўднага ачар’ю, якога ня могуць вывесьці з раўнавагі перамены матэрыяльнага сьвету, яму будзе закрыты доступ да трансцэндэнтных ведаў. Сапраўдны духоўны настаўнік, які пачуў шруці-мантры, то бо атрымаў ведыйскую мудрасьць ад іншага непахіснага ачар’і, ніколі ня стане сьцьвярджаць тое, пра што не напісана ў ведыйскай літаратуры. У «Бхагавад-гіце» (9.25) ясна сказана, што тыя, хто пакланяецца продкам (пітам), дасягаюць плянэты продкаў, закаранелыя матэрыялісты, якія хочуць заставацца тут, застаюцца ў гэтым сьвеце, а адданыя Госпада, якія не пакланяюцца нікому, апроч Госпада Крышны, найвышэйшай прычыне ўсіх прычынаў, дасягаюць Яго ў Ягоным духоўным небе. Гэтая мантра «Шры Ішапанішад» пацьвярджае, што розныя формы пакланеньня прыносяць розныя плёны. Калі мы пакланяемся Вярхоўнаму Госпаду, то абавязкова прыйдзем да Яго ў Ягоную вечную сядзібу, а калі пакланяемся паўбагам, у васобнасьці богу Сонца ці богу Месяца, то абавязкова апынемся на іхных плянэтах. Калі ж мы хочам заставацца на гэтай вартай жалю плянэце з усімі нашымі плянавымі камісіямі і палітыкай «латаньня дзірак», то, вядома, зможам зрабіць і гэта.
Ні ў адным аўтэнтычным пісьме ня сказана, што ў выніку ўсе дасягнуць адной мэты, незалежна ад таго, што яны робяць ды каму пакланяюцца. Неразумныя тэорыі такога роду высоўваюць самазваныя «духоўныя настаўнікі», якія не належаць да парампары – праўдзівага ланцуга вучнёўскай пераемнасьці. Сапраўдны духоўны настаўнік ня будзе сьцьвярджаць, што ўсе дарогі вядуць да адной мэты, і што гэтае мэты можа дасягнуць кожны, незалежна ад таго, як і каму ён пакланяецца: паўбагам, Усявышняму ці каму-колечы яшчэ. Кожнаму нармальнаму чалавеку няцяжка зразумець, што, сядаючы на цягнік, ён даедзе толькі да таго месца, да якога купіў білет. Чалавек, які набыў білет да Калькуты, зможа прыехаць у Калькуту, але ніяк не ў Бамбэй. Але людзі, якія выдаюць сябе за духоўных настаўнікаў, азнаймуюць, што ўсякая дарога прывядзе чалавека да найвышэйшае мэты. Такія сьвецкія і кампрамісныя прапановы вабяць мноства неразумных істотаў, якія ганарацца сваімі дамарослымі мэтадамі духоўнага ўсьведамленьня. Аднак Веды не ўхваляюць іх. Той, хто не атрымаў ведаў ад сапраўднага духоўнага настаўніка, які належыць да прызнанага ланцуга вучнёўскай пераемнасьці, ня зможа дамагчыся ніякіх адчувальных вынікаў. Крышна кажа Арджуну ў «Бхагавад-гіце» (4.2):
«Так гэтая вялікая навука перадавалася праз ланцуг духоўных настаўнікаў, і яе разумелі пабожныя каралі. Але з часам ланцуг настаўнікаў перапыніўся, і гэтыя веды ў іхным першародным выглядзе былі згубленыя».
Да таго часу, калі Госпад Шры Крышна прыйшоў у гэты сьвет, прынцыпы бхакці-ёгі, сфармуляваныя ў «Бхагавад-гіце», былі ўжо моцна скажоныя. Таму Госпад меў аднавіць ланцуг вучнёўскае пераемнасьці, і Ягоным першым вучнем стаўся Арджуна, самы блізкі сябар і адданы Госпада. Крышна проста сказаў Арджуну (Бхагавад-гіта 4.3), што той змог зразумець прынцыпы «Гіты» толькі таму, што быў Ягоным адданым і сябрам. Інакш кажучы, ня будучы адданым або сябрам Госпада, немагчыма зразумець «Бхагавад-гіту». З гэтага таксама вынікае, што зразумець «Бхагавад-гіту» могуць толькі тыя, хто ідзе сьцежкаю Арджуны.
Цяпер многія людзі, якім няма ніякае справы ні да Арджуны, ні да Госпада Крышны, бяруцца перакладаць і інтэрпрэтаваць гэты ўзьнёслы дыялёг. Яны па-свойму тлумачаць вершы «Бхагавад-гіты» і, прыкрываючыся аўтарытэтам гэтага сьвятога пісьма, высоўваюць самыя недарэчныя ідэі. Такія тлумачы ня вераць ні ў Шры Крышну, ні ў Ягоную вечную сядзібу. Як жа тады яны могуць тлумачыць «Бхагавад-гіту»?
Крышна ясна сьцьвярджае, што толькі тыя, хто страціў розум, пакланяюцца паўбагам у разьліку на нікчэмныя ўзнагароды (Бхагавад-гіта 7.20, 23). На заканчэньне Крышна раіць кожнаму адкінуць усе іншыя спосабы пакланеньня і цалкам аддацца Яму (Бхагавад-гіта 18.66). Такую непахісную веру ў Вярхоўнага Госпада можа мець толькі той, хто пазбавіўся ўсіх наступстваў сваіх грахоў. Іншыя працягнуць заставацца на матэрыяльнай плятформе, чапляючыся за свае бессэнсоўныя рытуалы, і ніколі ня знойдуць праўдзівае дарогі, зьбітыя з панталыку цьверджаньнямі пра тое, што ўсе дарогі вядуць да адной мэты.
Ключавым у гэтай мантры «Шры Ішапанішад» ёсьць слова sambhavāt, што азначае «пакланеньне найвышэйшай прычыне». Госпад Крышна ёсьць спрадвечнай Асобай Бога, і ўсё існае паходзіць зь Яго. У «Бхагавад-гіце» (10.8) Госпад кажа:
«Я – выток ўсіх духоўных і матэрыяльных сьветаў. Усё паходзіць зь Мяне. Мудрацы, якія спасьціглі гэтую праўду, служаць і пакланяюцца Мне ўсім сэрцам».
У гэтым вершы Сам Госпад вельмі дакладна апісвае Сябе. Словы сарвасйа прабхавах указваюць на тое, што Крышна ёсьць створцам усіх жывых істотаў, у тым ліку Брахмы, Вішну і Шывы. Гэтыя тры галоўныя боствы матэрыяльнага сьвету створаныя Госпадам, бо Госпад ёсьць створцам усяго існага ў матэрыяльным і духоўным сьвеце. У «Атхарва-ведзе» (Гопала-тапані-ўпанішад 1.24) таксама заяўлена, што Госпад Шры Крышна існаваў да стварэньня Брахмы, і што гэта Ён адкрыў Брахму ведычную мудрасьць. Аналягічна гэтаму, у «Нараяна-ўпанішад» (1) сказана: «Потым Вярхоўная Асоба, Нараяна, пажадаў стварыць усіх жывых істотаў. Так ад Нараяны нарадзіўся Брахма. Нараяна стварыў усіх Праджапаці. Нараяна стварыў Індру. Нараяна стварыў восем Васу. Нараяна стварыў адзінаццаць Рудраў. Нараяна стварыў дванаццаць Адзіцьяў». Нараяна – гэта поўная экспансія Госпада Крышны, таму Нараяна і Крышна не адрозьніваюцца адзін ад аднаго. У той жа «Нараяна-ўпанішад» (4) сьцьвярджаецца: «Сын Дэвакі [Крышна] ёсьць Вярхоўным Госпадам». Тое, што найвышэйшаю прычынаю ўсяго існага ёсьць Нараяна, пацьвярджае нават Шрыпада Шанкарачар’я, нягледзячы на тое, што ён не належыць да школы вайшнаваў (пэрсаналістаў). У «Атхарва-ведзе» (Маха-ўпанішад 1) заяўлена: «Спачатку не было ні Брахмы, ні Шывы, ні агню, ні вады, ні зорак, ні Сонца, ні Месяца, а быў адзін Нараяна. Але Бог не застаецца ў адзіноце. Ён стварае паводле Свайго жаданьня». У «Мокша-дхарме» Сам Крышна заяўляе: «Я стварыў усіх Праджапаці і Рудраў, якія ня ведаюць Мяне да канца, бо іх пакрывае Мая ілюзорная энэргія». У «Вараха-пуране» заяўлена: «Нараяна ёсьць Вярхоўнай Асобай Бога. Зь Яго зьявіўся чатырохгаловы Брахма і Рудра, які потым стаўся ўсёведным».
Такім парадкам, уся ведыйская літаратура сьведчыць, што Нараяна, або Крышна, ёсьць прычынай усіх прычынаў. У «Брахма-самхіце» (5.1) таксама сказана, што Шры Крышна – гэта Вярхоўны Госпад. Ён – Говінда (той, хто прыносіць радасьць усім жывым істотам) і спрадвечная прычына ўсіх прычынаў. Напраўду адукаваныя людзі ведаюць пра гэта ад вялікіх мудрацоў і зь Ведаў і таму надумваюць пакланяцца Госпаду Крышну, вытоку ўсяго існага. Такіх людзей называюць будхамі, адукаванымі людзьмі, бо яны пакланяюцца толькі Госпаду Крышну.
Перакананасьць у тым, што Крышна ёсьць усім, прыходзіць да таго, хто зь верай і любоўю слухае, як пра гэта расказвае ачар’я, якога нішто ня можа вывесьці з раўнавагі. Той, хто ня мае веры ў Госпада Крышну і любові да Яго, ніколі ня зможа зразумець гэтую простую праўду. У «Бхагавад-гіце» (9.11) Крышна называе такіх людзей мудхамі – неразумнымі, нібы аслы. Там сказана, што мудхі абсьмейваюць Асобу Бога, бо не валодаюць дасканалымі ведамі, якія дае чалавеку непарушны ачар’я. Той, каго можа вывесьці з раўнавагі колазварот матэрыяльнай энэргіі, ня мае права рабіцца ачар’ем.
Перад тым як пачуць «Бхагавад-гіту», Арджуна, уцягнуты ў колазварот матэрыяльнай энэргіі і асьлеплены прыхільнасьцю да сям’і, грамадзтва і роду, страціў спакой і таму захацеў стаць чалавекалюбным маралістам, які нікому не прычыняе шкоды. Але, атрымаўшы ад Вярхоўнай Асобы ведыйскую мудрасьць, якая зьмяшчаецца ў «Бхагавад-гіце», і стаўшыся будхам, ён зьмяніў сваю думку і пачаў пакланяцца Госпаду Шры Крышну, паводле пляну якога адбылася бітва на Курукшэтры. Сваім змаганьнем з так званымі сваякамі Арджуна пакланяўся Госпаду і такім парадкам стаўся Ягоным чыстым адданым. Гэта мажліва толькі ў тым выпадку, калі чалавек пакланяецца сапраўднаму Крышну, а ня ўяўнаму «Крышну», выдуманаму неразумнымі людзьмі, якія ня ведаюць усіх тонкасьцяў навукі пра Крышну, выкладзенай у «Бхагавад-гіце» і «Шрымад-Бхагаватам».
Паводле «Веданта-сутры», самбхута – гэта крыніца ўсяго існага, апора, на якой усё трымаецца, і ёмішча, што застаецца пасьля зьнішчэньня праяўленага сьвету (janmādy asya yataḥ). «Шрымад-Бхагаватам», натуральны камэнтар да «Веданта-сутры», складзены ейным аўтарам Шрылам В’ясадэвам, сьцьвярджае, што крыніца ўсіх эманацыяў ня можа быць зьнежывелым каменем. Ён – абхіджня, што значыць «той, хто валодае абсалютнымі ведамі». Таму спрадвечны Госпад Шры Крышна кажа ў «Гіце» (7.26), што Яму вядома ўсё: мінулае, сучаснае і будучнае, і ніхто, улучаючы такіх паўбагоў, як Шыва і Брахма, ня ведае Яго ў дасканаласьці. Тыя, хто ня здольныя захоўваць спакой пасярод бурлівага акіяну матэрыяльнага існаваньня, ня маюць магчымасьці да канца спазнаць Яго. Такія напаўпісьменныя «духоўныя лідэры» імкнуцца знайсьці нейкі кампраміс, дэкляруючы чалавецтва як аб’ект пакланеньня. Яны не разумеюць, што такое пакланеньне – толькі міт, бо людзі ў большасьці сваёй недасканалыя. Спрабаваць рабіць гэта – усё адно што паліваць вадою лісьце дрэва, а не ягоны корань. Натуральна паліваць корань дрэва, але такія вечна занепакоеныя лідэры больш прывязаныя да лісьця, чым да кораня, і, нягледзячы на бясконцыя струмені вады, што выліваюцца на лісьце, дрэва сохне ад нястачы вільгаці.
«Шры Ішапанішад» раіць паліваць корань, зь якога вырастаюць усе парасткі. Пакланеньне людзям, якое зводзіцца да здавальненьня іхных целавых патрэбаў, заўсёды недасканалае і таму не такое важнае, як служэньне душы. Душа – гэта той корань, які згодна з законам кармы спараджае целы розных тыпаў. Даваць людзям мэдычную, сацыяльную ці адукацыйную дапамогу ды адначасна пераразаць горла няшчасным жывёлінам на бойнях – гэта зусім не служэньне душы, жывой істоце.
Жывая істота ў целах розных тыпаў увесь час адчувае матэрыяльныя пакуты, зьвязаныя з нарадзінамі, старасьцю, хваробамі і сьмерцю. Чалавечая форма жыцьця дае шанец вырвацца з путаў матэрыяльнага існаваньня. І дзеля гэтага нам дастаткова аднавіць свае перапыненыя стасункі зь Вярхоўным Госпадам. Госпад Сам сходзіць у гэты матэрыяльны сьвет, каб заклікаць людзей аддацца Ўсявышняму (самбхуту). У рэчаіснасьці служыць чалавецтву толькі той, хто прапаведуе людзям, што яны павінны аддацца Вярхоўнаму Госпаду і зь любоўю пакланяцца Яму, укладаючы ў гэта ўсю сваю энэргію. Такі сэнс настаўленьняў трынаццатае мантры «Шры Ішапанішад».
Слуханьне апавяданьняў пра вялікія дзеі Вярхоўнага Госпада і ўслаўленьне іх – самы просты спосаб пакланеньня Яму ў гэты век трывогаў. Аднак спэкулятыўныя філёзафы лічаць, што дзеі Госпада – плод уяўленьня; таму яны ня хочуць слухаць пра іх і пачынаюць жангляваць словамі без усялякага зьместу, каб адцягнуць увагу даверлівага натоўпу. Замест таго каб слухаць апавяданьні пра дзеі Госпада Крышны, такія «духоўныя настаўнікі» рэклямуюць саміх сябе, падахвочваючы сваіх пасьлядоўнікаў славіць іх. Апошнім часам колькасьць такіх шарлатанаў значна ўзрасла, і чыстым адданым Госпада робіцца ўсё цяжэй бараніць людзей ад блюзьнерскае прапаганды падобных крывадушнікаў і псэўда-ўвасабленьняў.
Упанішады ўскосна зьвяртаюць нашую ўвагу на спрадвечнага Госпада, Шры Крышну, але «Бхагавад-гіта», якая ёсьць квінтэсэнцыяй Упанішадаў, беспасярэдне ўказвае на Яго. Таму трэба спазнаваць Крышну такім, які Ён ёсьць, слухаючы пра Яго з «Бхагавад-гіты» і «Шрымад-Бхагаватам». Гэта паступова ачысьціць розум слухача ад дрэні. У «Шрымад-Бхагаватам» (1.2.17) сказана: «Слухаючы апавяданьні пра дзеі Госпада, адданы зьвяртае на сябе Ягоную ўвагу. Адпаведна, Госпад, які знаходзіцца ў сэрцы кожнай жывой істоты, дапамагае адданаму, даючы яму належныя настаўленьні». Гэта пацьвярджаецца і ў «Бхагавад-гіце» (10.10): dadāmi buddhi-yogaṁ taṁ yena mām upayānti te.
Настаўленьні, якія Госпад дае знутры, ачышчаюць сэрца адданага ад усялякага бруду, зробленага матэрыяльнымі гунамі жарсьці і невуцтва. Неадданыя цалкам знаходзяцца пад уплывам жарсьці і невуцтва. Жарсьць замінае чалавеку пазбавіцца матэрыяльных жаданьняў, а невуцтва не дазваляе яму ўзапраўду зразумець сябе і Госпада. Тым самым у чалавека, які знаходзіцца пад уплывам гунаў жарсьці і невуцтва, няма шанцаў усьвядоміць сваю духоўную прыроду, колькі б ён ні разыгрываў зь сябе рэлігійнага дзеяча. На адданага ж з ласкі Госпада гуны жарсьці і невуцтва перастаюць уплываць, і ён апынаецца пад уплывам гуны даброці, што ёсьць пазнакаю дасканалага брахмана. Брахманам можа стаць кожны пры ўмове, што ён займаецца адданым служэньнем пад кіраўніцтвам запраўднага духоўнага настаўніка. У «Шрымад-Бхагаватам» (2.4.18) таксама сказана:
«Кожная нізканароджаная істота можа ачысьціцца, калі будзе кіравацца настаўленьнямі чыстага адданага, бо магутнасьць Госпада бязьмежная».
Калі чалавек разьвівае якасьці брахмана, ён робіцца шчасьлівым і з натхненьнем займаецца адданым служэньнем Госпаду. Навука пра Бога сама сабой адкрываецца яму. Разумеючы гэтую навуку, ён паступова вызваляецца ад матэрыяльных прыхільнасьцяў, і з ласкі Госпада ягоны ўтрапёны розум робіцца крыштальна чыстым. Той, хто дасягнуў гэтае стадыі, ёсьць вызваленай душой і можа ўсюды і ўва ўсім бачыць Госпада. Так у гэтай мантры «Шры Ішапанішад» апісваецца дасканаласьць самбхаваты.