МАНТРА ДВАНАЦЦАТАЯ

अन्धं तमः प्रविशन्ति येऽसम्भूतिमुपासते।
ततो भूय इव ते तमो य उ सम्भूत्याँ रताः॥१२॥
andhaṁ tamaḥ praviśanti
ye ’sambhūtim upāsate
tato bhūya iva te tamo
ya u sambhūtyāḿ ratāḥ

Паслоўны пераклад

andham — невуцтва; tamaḥ — цемра; praviśanti — трапляюць; ye — тыя, хто; asambhūtim — паўбагам; upāsate — пакланяецца; tataḥ — чым тое; bhūyaḥ — яшчэ больш; iva — падобным парадкам; te — тыя; tamaḥ — цемра; ye — хто; u — таксама; sambhūtyām — у Абсалюце; ratāḥ — занятыя.

Пераклад

Тыя, хто пакланяецца паўбагам, патрапяць у самыя змрочныя абшары невуцтва, але яшчэ ў большай ступені гэта тычыцца тых, хто пакланяецца безасабоваму Абсалюту.

Камэнтар

Санскрыцкае слова асамбхуці ўжываецца ў дачыненьні да тых, хто ня мае незалежнага існаваньня. А самбхуці – да Абсалютнай Асобы Бога, які абсалютна незалежны. У «Бхагавад-гіце» (10.2) Абсалютная Асоба Бога, Шры Крышна, кажа:

na me viduḥ sura-gaṇāḥ
prabhavaṁ na maharṣayaḥ
aham ādir hi devānāṁ
maharṣīṇāṁ ca sarvaśaḥ

«Ні процьмы паўбагоў, ні вялікія мудрацы ня ведаюць Маіх багацьцяў, бо Я – першасная прычына ўсіх паўбагоў і мудрацоў». Такім парадкам, Крышна ёсьць крыніцаю тых сілаў, якімі надзеленыя паўбагі, вялікія мудрацы і містыкі. І хоць сілы, якімі яны валодаюць, велізарныя, але й яны абмежаваныя, таму ім вельмі цяжка зразумець, як Сам Крышна пры дапамозе Сваёй унутранай энэргіі зьяўляецца ў вобразе чалавека.

Усе філёзафы і вялікія рышы, містыкі, спрабуюць адрозьніць Абсалютнае ад адноснай рэальнасьці пры дапамозе сваіх мізэрных разумовых здольнасьцяў. Аднак такое можа прывесьці іх толькі да нэгатыўнае канцэпцыі Абсалюта. Гэты мэтад не дае магчымасьці спасьцігнуць які-колечы пазытыўны аспэкт Абсалюта. Вызначэньне Абсалюта праз адмаўленьне недасканалае. Такія вызначэньні падахвочваюць чалавека фармаваць сваю ўласную канцэпцыю, і ён можа пачаць уяўляць, што Абсалют павінен быць бяз формы і якасьцяў. Нэгатыўныя якасьці, якія прыпісваюцца Абсалюту, ёсьць толькі інвэрсіяй адносных, матэрыяльных якасьцяў, і таму яны таксама адносныя. Такія ўяўленьні пра Абсалютнае ў лепшым выпадку могуць прывесьці чалавека да ўсьведамленьня безасабовага зьзяньня Бога, якое называецца Брахманам, але зь іхнай дапамогай немажліва дасягнуць роўню ўсьведамленьня Бхагавана, Асобы Бога.

Спэкулятыўныя мысьляры ня ведаюць, што Абсалютнай Асобай Бога ёсьць Крышна, і што безасабовы Брахман – гэта асьляпляльнае зьзяньне Ягонага трансцэндэнтнага цела, а Параматма, Звышдуша, – Ягоная ўсёпранікальная поўная праява. Ня ведаюць яны і таго, што Крышна мае вечную форму, споўненую вечнай асалоды і веданьня. Залежныя паўбагі і вялікія мудрацы памылкова ўважаюць Яго за магутнага паўбога, а зьзяньне Брахмана – за Абсалютную Праўду. Толькі адданыя Крышны, якія цалкам прысьвяцілі сябе служэньню Яму, ведаюць, што Ён – Абсалютная Асоба, і што ўсё існае паходзіць зь Яго. Такія адданыя ўвесь час зь любоўю служаць Крышну, крыніцы ўсяго існага.

У «Бхагавад-гіце» (7.20) сказана, што толькі неразумныя, зьбітыя з панталыку людзі, рухомыя моцным жаданьнем пачуцьцёвых асалодаў, пакланяюцца паўбагам, каб разьвязаць свае часовыя праблемы. Жывая істота заблыталася ў лябірыньце матэрыяльнага існаваньня, і, каб знайсьці вечную свабоду ў духоўным сьвеце, споўненым вечнай асалоды, жыцьця і веданьня, яна павінна скінуць зь сябе кайданы матэрыяльнага нявольніцтва. Таму «Шры Ішапанішад» ня раіць нам імкнуцца да часовага збавеньня ад тых ці іншых матэрыяльных праблемаў, пакланяючыся залежным паўбагам, якія здольныя надарыць нас толькі недаўгавечнымі выгодамі. Замест гэтага трэба пакланяцца Абсалютнай Асобе Бога, Крышну, які прываблівае ўсіх і можа назаўжды вызваліць нас ад матэрыяльнага нявольніцтва, забраўшы нас дамоў, назад да Бога.

У «Бхагавад-гіце» (7.23) заяўлена, што тыя, хто пакланяецца паўбагам, змогуць трапіць на плянэты гэтых паўбагоў: тыя, хто пакланяюцца Месяцу, трапляюць на Месяц, хто пакланяецца Сонцу – на Сонца і г. д. Сучасныя навукоўцы спрабуюць дасягнуць Месяца з дапамогаю ракетаў, але на самай рэчы падобныя спробы рабіліся і раней. Людзі зь іхнай разьвітай сьвядомасьцю з сваёй прыроды схільныя да касьмічных падарожжаў і таму імкнуцца дасягнуць іншых плянэтаў з дапамогаю касьмічных караблёў ці містычных сілаў, або пакланяючыся паўбагам, якія кіруюць той ці іншай плянэтай. У ведыйскіх пісьмах сказана, што чалавек можа дасягнуць іншых плянэтаў пры дапамозе кожнага з гэтых трох спосабаў, але самы пашыраны зь іх – пакланеньне паўбогу, які кіруе той ці іншай плянэтай. Так можна дасягнуць Месяца, Сонца і нават Брахмалокі, найвышэйшае плянэты сусьвету. Аднак усе плянэты матэрыяльнага сусьвету ёсьць толькі часовым прыстаньнем. Вечныя толькі Вайкунтхалокі, якія знаходзяцца ў духоўным сьвеце, і дзе кіруе Сам Бог-Асоба. У «Бхагавад-гіце» (8.16) Госпад Крышна пацьвярджае гэта ў наступных словах:

ā-brahma-bhuvanāl lokāḥ
punar āvartino ’rjuna
mām upetya tu kaunteya
punar janma na vidyate

«Усе плянэты матэрыяльнага сьвету, ад найвышэйшай і да найніжэйшай, – гэта месца пакутаў, дзе кожны змушаны зноў і зноў нараджацца і паміраць. Але той, хто дасягнуў Маёй сядзібы, о сын Куньці, ужо ніколі не нарадзіцца тут».

«Шры Ішапанішад» паказвае, што той, хто пакланяецца паўбагам і трапляе на іхныя матэрыяльныя плянэты, па-ранейшаму застаецца ў найцямнейшым рэгіёне сусьвету. Сусьвет пакрыты гіганцкімі абалонкамі з матэрыяльных элемэнтаў і нагадвае какосавы гарэх, напалову запоўнены вільгацьцю. Гэтае пакрыцьцё гермэтычнае, таму, каб расьсеяць непраглядную цемру, якая пануе ў сусьвеце, патрэбныя Сонца і Месяц. Звонку сусьвет атачае бязьмежная прастора брахмадж’ёці, у якім плаваюць незьлічоныя Вайкунтхалокі. Найвышэйшая і найвялікшая плянэта брахмадж’ёці – Крышналока, ці Галока Врындавана, на якой жыве Сам Шры Крышна, Вярхоўная Асоба Бога. Госпад Шры Крышна ніколі не пакідае Крышналокі. Ён заўсёды знаходзіцца там з Сваімі вечнымі спадарожнікамі, але ў той жа час Ён існуе паўсюль, ува ўсёй матэрыяльнай і духоўнай касьмічнай праяве. Гэта ўжо тлумачылася ў мантры чацьвёртай. Госпад, як сонца, бытуе ўсюды, і ўсё ж Ён знаходзіцца ў адным месцы, як і сонца, якое не адхіляецца ад сваёй арбіты.

Праблемы жыцьця нельга разьвязаць, проста выправіўшыся на плянэту Месяц або на іншую плянэту, якая знаходзіцца вышэй або ніжэй за яе. Таму «Шры Ішапанішад» раіць нам не турбавацца ні пра які пункт прызначэньня ў гэтым цёмным матэрыяльным сусьвеце, а паспрабаваць вырвацца за ягоныя межы ды дасягнуць зіхатлівага валадарства Бога. Існуе шмат людзей, якія выдаюць сябе за вернікаў і зьдзяйсьняюць рэлігійныя абрады толькі дзеля славы ці рэпутацыі. Такія псэўдарэлігійныя людзі не жадаюць пакідаць гэты сусьвет, каб дасягнуць духоўнага неба. Пад маркаю пакланеньня Госпаду яны хочуць аднаго – захаваць свой статус-кво ў матэрыяльным сьвеце. Прапаведуючы культ атэізму, атэісты й імпэрсаналісты вядуць такіх неразумных псэўдавернікаў у найцямнейшыя рэгіёны сусьвету. Атэісты адкрыта адмаўляюць існаваньне Вярхоўнай Асобы Бога, а імпэрсаналісты падтрымоўваюць атэістаў, падкрэсьліваючы безасабовы аспэкт Вярхоўнага Госпада. Дагэтуль мы не знайшлі ў «Шры Ішапанішад» ніводнае мантры, якая адмаўляла б існаваньне Вярхоўнай Асобы Бога. У адной з мантраў было сказана, што Ён можа перасоўвацца хутчэй за ўсіх. Тыя, хто вандруе на іншыя плянэты, без сумневу, ёсьць асобамі, і калі Госпад можа перасоўвацца хутчэй за іх, то як жа Ён можа быць безасабовым? Безасабовая канцэпцыя Вярхоўнага Госпада – гэта ўсяго толькі іншая форма невуцтва, прычына якога крыецца ў недасканалым разуменьні Абсалютнае Праўды.

Недасьведчаныя рэлігійныя лідэры і вынаходнікі так званых увасабленьняў Бога, якія адкрыта парушаюць наказы ведыйскіх пісьмаў, мусяць будуць спусьціцца ў самыя цёмныя рэгіёны сусьвету, таму што яны ўводзяць у аблуду сваіх пасьлядоўнікаў. Звычайна імпэрсаналісты выдаюць сябе за ўвасабленьні Бога, і неразумныя людзі, якія ня маюць панятку пра ведыйскую мудрасьць, вераць ім. І калі гэтыя шарлатаны валодаюць нейкімі ведамі, то ў іхных руках яны больш небясьпечныя, чым невуцтва. Імпэрсаналісты нават не зьдзяйсьняюць абрадаў пакланеньня паўбагам, рэкамэндаваных у пісьмах. Пісьмы рэкамэндуюць пры пэўных акалічнасьцях пакланяцца паўбагам, але ў той жа час у іх тлумачыцца, што ў большасьці выпадкаў у гэтым няма патрэбы. У «Бхагавад-гіце» (7.23) ясна заяўлена, што плёны пакланеньня паўбагам недаўгавечныя. Увесь сьвет ня вечны, а значыцца, усё, чаго мы дасягнулі ў цемры матэрыяльнага сьвету, таксама тленнае. Праблема ў тым, як знайсьці сапраўднае, вечнае жыцьцё.

Госпад сьцьвярджае, што той, хто дасягае Яго пры дапамозе адданага служэньня (адзіным мэтадам, што вядзе да Асобы Бога), раз і назаўжды пазбаўляецца кайданоў нарадзінаў і сьмерці. Інакш кажучы, вызваленьне зь ціскоў матэрыі цалкам залежыць ад веданьня і адрачэньня, якія прыходзяць да таго, хто служыць Богу. А псэўдавернікі ня маюць ні веданьня, ні адрачэньня ад матэрыяльнае дзейнасьці. Большасьць зь іх хоча жыць у залатых кайданах матэрыяльнага нявольніцтва, прыкрываючыся альтруістычнай і філянтрапічнай дзейнасьцю, загрымаванай пад рэлігію. Дэманструючы фальшывыя рэлігійныя пачуцьці, яны напаказ займаюцца адданым служэньнем і ў той жа час робяць розныя грэшныя ўчынкі, а наіўныя людзі прымаюць іх за духоўных настаўнікаў і змагароў веры. Такія парушальнікі рэлігійных прынцыпаў не прызнаюць аўтарытэту ачар’яў, сьвятых настаўнікаў, якія належаць да ланцуга вучнёўскай пераемнасьці. Яны грэбуюць наказамі Ведаў: ācāryopāsana («Кожны павінен пакланяцца ачар’і»), і словамі «Бхагавад-гіты» (4.2): evaṁ paramparā-prāptam («Гэтая найвышэйшая навука пра Бога перадавалася праз ланцуг вучнёўскае пераемнасьці»). Замест таго каб знайсьці праўдзівага духоўнага настаўніка, яны ўводзяць людзей у зман ды абвяшчаюць сябе ачар’ямі, хоць самі нават не выконваюць прынцыпаў ачар’яў.

Гэтыя нягоднікі – самыя небясьпечныя элемэнты ў чалавечым грамадзтве. І таму што няма рэлігійнага ўраду, ім не пагражае пакараньне паводле законаў дзяржавы. Аднак у іх ня выйдзе ўнікнуць суду Ўсявышняга, які абвяшчае ў «Бхагавад-гіце», што зайздросьлівыя дэманы, якія ўбіраюцца ў адзеньні рэлігійных казаньнікаў, будуць зрынутыя ў найцямнейшыя рэгіёны пекла (Бхагавад-гіта 16.19-20). І «Шры Ішапанішад» пацьвярджае, што, скончыўшы сваю дзейнасьць у ролі духоўных настаўнікаў, якой яны займаюцца толькі дзеля пачуцьцёвых асалодаў, гэтыя «духоўныя лідэры» трапляюць на самыя агідныя плянэты сусьвету.

Навігацыя: