О мой Госпад, апора ўсяго жывога, Тваё запраўднае аблічча ўтоенае Тваім асьляпляльным зьзяньнем. Здымі ж гэтую заслону і зьяві Сябе Твайму чыстаму адданаму.
У «Бхагавад-гіце» (14.27) Госпад апісвае асьляпляльнае зьзяньне Свайго цела (брахмадж’ёці) наступным парадкам:
«Я – аснова безасабовага Брахмана, несьмяротнага, незьнішчальнага і вечнага, які ёсьць цэнтрам найвышэйшай, спрадвечнай асалоды». Брахман, Параматма і Бхагаван – гэта тры аспэкты адной і той жа Абсалютнае Праўды. Брахман – гэта аспэкт, які лягчэй за ўсё ўспрымаецца пачаткоўцам; Параматма (Звышдуша) – спасьцігаецца тымі, хто пайшоў далей; а ўсьведамленьне Бхагавана – гэта канчатковае ўсьведамленьне Абсалютнае Праўды. Гэта пацьвярджаецца ў «Бхагавад-гіце» (7.7), дзе Госпад Крышна кажа, што Ён – найвышэйшая праява Абсалютнае Праўды: mattaḥ parataraṁ nānyat. Такім парадкам, Крышна ёсьць крыніцай і брахмадж’ёці, і ўсёпранікальнае Параматмы. Далей у «Бхагавад-гіце» (10.42) Крышна кажа:
«Але навошта табе, о Арджуна, ведаць усе гэтыя дэталі? Адной Сваёй часткай Я праймаю і падтрымоўваю ўвесь сусьвет». Тым самым пры дапамозе адной з Сваіх поўных частак – усёпранікальнае Параматмы – Госпад падтрымоўвае ўсё матэрыяльнае касьмічнае стварэньне. У духоўным сьвеце ўсё існае таксама трымаецца на Госпадзе. Таму ў дадзенай шруці-мантры «Шры Ішапанішад» Госпада называюць пушан, што значыць «той, хто падтрымоўвае ўсё існае».
Шры Крышна, Асоба Бога, заўсёды споўнены трансцэндэнтнай асалоды (ānanda-mayo ’bhyāsāt). Калі пяць тысячаў гадоў таму назад Крышна жыў у Врындаване, Ён увесь час, адпачатку Сваіх гульняў, знаходзіўся ў трансцэндэнтнай асалодзе. Забойства розных дэманаў, такіх, як Агха, Бака, Путана і Праламба, было для Яго ўсяго толькі прыемнаю забаўкаю. Ён цешыўся з Сваёй маці, братам і сябрамі, калі жыў у Сваёй вёсцы. І калі Ён граў ролю гарэзьлівага выкрадальніка масла, усе навокал адчувалі незямную асалоду ад Ягоных свавольстваў. Госпада называюць выкрадальнікам масла, але не затым, каб упікнуць Яго, бо, крадучы масла, Ён адорваў Сваіх чыстых адданых асалодаю. Усё, што Госпад рабіў у Врындаване, Ён рабіў дзеля таго, каб даць асалоду адданым, якія атачалі Яго. Госпад зьявіў Свае гульні, каб прывабіць спэкулятыўных філёзафаў ды акрабатаў так званае сыстэмы хатха-ёгі, тых, хто жадае знайсьці Абсалютную Праўду.
У «Шрымад-Бхагаватам» (10.12.11) Шукадэва Госвамі так апісвае дзіцячыя гульні Госпада й Ягоных сяброў-пастушкоў:
«Вярхоўны Госпад, Асоба Бога, якога г’яні разумеюць як безасабовага, споўненага асалоды Брахмана, якому адданыя пакланяюцца як Усявышняму, пакорліва служачы Яму, і якога сьвецкія людзі ўважаюць за звычайнага чалавека, гуляў з хлопчыкамі-пастушкамі, якія атрымалі такую мажлівасьць дзякуючы вялікаму мноству пабожных учынкаў».
Такім парадкам, Госпад увесь час заняты трансцэндэнтнай дзейнасьцю з Сваімі духоўнымі спадарожнікамі, зь якімі Яго зьвязваюць любоўныя стасункі шанты (нэўтралітэту), дасьі (служэньня), сакх’і (сяброўства), ватсальі (бацькоўскае любові) і мадхур’і (сужэнскае любові).
У пісьмах сказана, што Госпад ніколі не пакідае Врындавана-дхаму, таму слушна задаць пытаньне: якім спосабам Ён кіруе справамі стварэньня? Адказ на гэтае пытаньне дае «Бхагавад-гіта» (13.14-18): Параматма, поўная частка Госпада, ці Звышдуша, праймае ўсё матэрыяльнае стварэньне. Сам Госпад не прымае ўдзелу ў стварэньні, захаваньні і разбурэньні матэрыяльнага сьвету, але ў вобразе Сваёй поўнай экспансіі, Параматмы, Ён выступае прычынай усяго, што адбываецца ў сьвеце. Кожная жывая істота ёсьць атмай, душой, але Параматма, Звышдуша, – гэта найвышэйшая атма, якая кіруе ўсімі індывідуальнымі душамі.
Гэты мэтад зразуменьня Бога – вялікая навука. Прыхільнікі матэрыялістычнае санкх’я-ёгі ня йдуць далей аналізу дваццаці чатырох элемэнтаў матэрыяльнага стварэньня і мэдытацыі на іх. Ім практычна нічога не вядома пра пурушу, Вярхоўнага Госпада. Трансцэндэнталісты, якія трымаюцца імпэрсаналістычных поглядаў на прыроду Абсалюта, проста пазьбіваныя з панталыку асьляпляльным зьзяньнем брахмадж’ёці. Але той, хто хоча ўбачыць Абсалютную Праўду ўва ўсёй Ейнай поўнасьці, павінен спачатку ўстаць над дваццацьцю чатырма матэрыяльнымі элемэнтамі, а потым пранікнуць за Ейнае асьляпляльнае зьзяньне. «Шры Ішапанішад» паказвае на гэта ў малітве аб зьняцьці хіранмая-патры, асьляпляльнага зьзяньня, якое хавае Госпада. Пакуль ня здымецца гэтая заслона, і пакуль чалавек ня ўбачыць сапраўднага аблічча Вярхоўнай Асобы Бога, ён ня зможа цалкам спасьцігнуць Абсалютную Праўду.
Параматма, аспэкт асобы Бога, – гэта адна з трох Ягоных поўных экспансіяў, ці вішну-таттваў, якія называюцца пуруша-аватарамі. Вішну-таттва, зьмешчаная ўнутры сусьвету, вядомая як Кшырадакашаі Вішну. Уласна гэты Вішну ёсьць адным з трох галоўных бостваў сусьвету: Брахмы, Вішну і Шывы. Ён – усёпранікальная Параматма, Звышдуша, якая знаходзіцца ў сэрцы кожнай жывой істоты. Гарбхадакашаі Вішну – адзіная Звышдуша ўсіх жывых істотаў, а над імі стаіць Каранадакашаі Вішну, які ляжыць у Прычынным акіяне. Ён ёсьць створцам усіх сусьветаў. Сур’ёзныя пасьлядоўнікі сыстэмы ёгі могуць зь ейнаю дапамогаю выйсьці за межы сфэры дваццаці чатырох элемэнтаў сусьвету і наўпрост убачыць гэтыя вішну-таттвы. Вывучэньне эмпірычнай філязофіі дапамагае ўсьвядоміць безасабовае брахмадж’ёці, якое становіць сабой асьляпляльнае зьзяньне трансцэндэнтнага цела Госпада Шры Крышны. Тое, што брахмадж’ёці – гэта зьзяньне, якое выпраменьвае Крышна, пацьвярджаецца ў такіх ведыйскіх пісьмах, як «Бхагавад-гіта» (14.27) і «Брахма-самхіта» (5.40):
«У мільёнах і мільёнах сусьветаў знаходзяцца незьлічоныя плянэты, на кожнай зь якіх унікальныя варункі жыцьця. І ўсе гэтыя плянэты зьмесцаваныя ў адным кутку брахмадж’ёці. Гэтае брахмадж’ёці ёсьць выпраменьваньнем Вярхоўнай Асобы Бога, Говінды, якому я пакланяюся». У гэтай мантры «Брахма-самхіты» адлюстраванае сапраўднае разуменьне Абсалютнай Праўды. Шруці-мантра «Шры Ішапанішад» пацьвярджае тое, што сказана ў «Брахма-самхіце», указваючы шлях да ўсьведамленьня Абсалютнай Праўды. Дадзеная мантра «Шры Ішапанішад» – простая малітва, зьвернутая да Госпада, у якой Яго просяць зьняць заслону брахмадж’ёці і адкрыць Сваё сапраўднае аблічча. Зьзяньне брахмадж’ёці падрабязна апісанае ў некалькіх мантрах «Мундака-ўпанішад» (2.2.10-12):
«У духоўным валадарстве, якое знаходзіцца за межамі абалонкаў матэрыяльнага сьвету, разьлітае бязьмежнае зьзяньне Брахмана, не закранутае матэрыяльным агідзьдзем. Трансцэндэнталісты лічаць гэтае асьляпляльнае белае сьвятло крыніцай усякага сьвятла. У тым валадарстве няма патрэбы ў сонечным і месяцовым сьвятле, агні ці электрычнасьці. Напраўду, кожнае сьвятло, што ўспрымаецца ў матэрыяльным сьвеце, становіць сабою ўсяго толькі водбліск гэтага найвышэйшага сьвятла. Гэты Брахман знаходзіцца сьпераду і ззаду, на поўначы, на поўдні, на ўсходзе і на захадзе, а таксама зьверху і зьнізу. Інакш кажучы, найвышэйшае зьзяньне Брахмана залівае і матэрыяльнае, і духоўнае неба».
Дасканалае веданьне – гэта разуменьне таго, што Крышна ёсьць першаснаю прычынаю зьзяньня Брахмана. Гэтыя веды можна атрымаць з такіх пісьмаў, як «Шрымад-Бхагаватам», у якім падрабязна выкладзеная навука пра Крышну. У «Бхагаватам» ягоны аўтар, Шрыла В’ясадэва, вызначыў, што розныя людзі, у залежнасьці ад глыбіні зразуменьня Найвышэйшае Праўды, апісваюць Яе або як Брахмана, або як Параматму, або як Бхагавана. Шрыла В’ясадэва нідзе ня кажа, што Найвышэйшая Праўда ёсьць джывай, звычайнай жывой істотай. Жывую істоту ні ў якім разе нельга ўважаць за ўсёмагутную Найвышэйшую Праўду. Будзь жывая істота Ўсявышнім, ёй ня трэба было б маліць Госпада, каб Ён прыбраў Сваю асьляпляльна зіхатлівую заслону і дазволіў убачыць Ягонае сапраўднае аблічча.
Выснова такая, што безасабовага Брахмана ўсьведамляе той, хто нічога ня ведае пра энэргіі Найвышэйшае Праўды. Той, хто ўсьведамляе матэрыяльныя энэргіі Госпада, але нічога ці амаль нічога ня ведае пра духоўную энэргію, дасягае ўсьведамленьня Параматмы. Такім парадкам, усьведамленьне Брахмана і ўсьведамленьне Параматмы – гэта частковае ўсьведамленьне Абсалютнае Праўды. Аднак калі спадае заслона хіранмая-патры, і чалавек усьведамляе Шры Крышну, Вярхоўную Асобу Бога, разам з усімі Ягонымі энэргіямі, то ён разумее, што Госпад Шры Крышна, якога называюць Васудэвам, ёсьць усім: Брахманам, Параматмай і Бхагаванам – vāsudevaḥ sarvam iti. Ён – Бхагаван, корань дрэва, а Брахман і Параматма – Ягоныя галіны.
У «Бхагавад-гіце» (6.46-47) праводзіцца параўнальны аналіз трох тыпаў трансцэндэнталістаў: тых, хто пакланяецца безасабоваму Брахману (г’яні), тых, хто ўшаноўвае Параматму (ёгаў), і адданых Госпада Шры Крышны (бхактаў). Там заяўлена, што г’яні, якія вывучаюць ведычную мудрасьць, лепшыя за звычайных кармі, што ёгі стаяць нават вышэй за г’яні, а тыя зь ёгаў, якія аддаюць усе свае сілы служэньню Госпаду, ёсьць найлепшымі. Іншымі словамі, філёзаф лепш за таго, хто працуе дзеля асалоды плёнамі свае працы, містык лепшы за філёзафа, а з усіх ёгаў-містыкаў лепш за ўсіх той, хто ідзе сьцяжынаю бхакці-ёгі, увесь час займаючыся служэньнем Госпаду. І «Шры Ішапанішад» кіруе нас да гэтае дасканаласьці.