Першая ранішняя прагулка

Запісана 18 красавіка 1973 года

ў парку Чэвіят-Хілз, Лос-Анджэлес.

Шрылу Прабхупаду суправаджаюць доктар Тудам Дамадара Сінгх, Карандхара дас адхікары, Брахмананда Свамі і іншыя вучні.

Жыццё на іншых планетах

Шрыла Прабхупада: Нават на Сонцы і Месяцы ёсць жывыя істоты. Што на гэты конт думаюць навукоўцы?

Д-р Сінгх: Яны кажуць, што жыцця там няма.

Шрыла Прабхупада: Глупства. Там ёсць жыццё.

Д-р Сінгх: Яны кажуць, што на Месяцы няма жыцця, таму што не знайшлі яго там.

Шрыла Прабхупада: Чаму яны вераць у гэта? Планета Месяц пакрытая пылам, але нават у гэтым пыле могуць жыць жывыя істоты. Кожная атмасфера прыдатная для жыцця. Кожная. Таму ў Ведах 1 жывых істот называюць сарва-гатах, што азначае «тыя, што могуць існаваць у розных варунках». Жывая істота нематэрыяльная. Нягледзячы на тое, што яна змешчаная ў матэрыяльнае цела, яна нематэрыяльная. Але калі мы кажам пра розныя атмасферы, то маем на ўвазе розныя матэрыяльныя варункі.

Карандхара: Яны кажуць, што атмасфера Месяца непрыдатная для жыцця, але адзінае, што яны маюць права сцвярджаць, гэта тое, што яна непрыгодная для той формы жыцця, якая нам вядома.

Шрыла Прабхупада: Веды кажуць, што душа не залежыць ад матэрыяльных з’яў. Яе немагчыма спаліць, разрэзаць, ссушыць ці намачыць. Гэтае пытанне абмяркоўваецца ў «Бхагавад-гіце» 2.

Д-р Сінгх: Навукоўцы лічаць, што іх веды пра жыццё на нашай планеце павінны быць дастасоўнымі і да жыцця на іншых планетах.

Шрыла Прабхупада: Так. Яны думаюць перш за ўсё пра саміх сябе. Яны думаюць вельмі вузка, грунтуючыся на варунках, у якіх знаходзяцца самі. Мы называем гэта «філасофіяй доктара Жабы». (Смех.)

У адной студні жыла жаба. Пачуўшы аднойчы ад прыяцеля пра існаванне Атлантычнага акіяна, яна спытала:

– А што такое Атлантычны акіян?

– Гэта велізарны вадаём, – адказаў ён.

– Велізарны? Няўжо ўдвая большы за маю студню?

– О не. Значна больш, – адказаў прыяцель.

– У колькі разоў больш? У дзесяць?

Так жаба працягвала свае вылічэнні. Але ці можна спадзявацца зразумець, наколькі велізарны вялікі акіян, калі рабіць гэта падобным спосабам? Нашыя мажлівасці, досвед і разумовыя здольнасці абмежаваныя. Усе развагі навукоўцаў у выніку не прыводзяць ні да чаго іншага, апроч жабінай філасофіі.

Карандхара: Яны вельмі берагуць так званаю «навуковую сумленнасць», якая мае на ўвазе тое, што яны могуць абапірацца толькі на свой непасрэдны досвед.

Шрыла Прабхупада: Вы можаце казаць пра свой досвед, а я пра свой. Але чаму я павінен лічыцца з вашым досведам? Калі вы дурань, дык што ж, і я мушу, па-вашаму, абярнуцца дурнем? Можа, вы і жаба, але што, калі я – кіт? Чаму я павінен мераць усё маштабамі вашае студні? Вы маеце свой метад навуковага пазнання, а я свой.

Д-р Сінгх: Не знайшоўшы вады на паверхні Месяца, навукоўцы зрабілі выснову, што там не можа быць жыцця.

Шрыла Прабхупада: Яны не бачылі ўсёй паверхні Месяца. Дапусцім, сюды прыляціць хто-колечы з іншае планеты, прызямліцца ў Аравійскай пустэльні і вернецца назад. Ці зможа ён скласці поўнае ўяўленне наконт прыроды ўсёй Зямлі? Яго веды будуць няпоўнымі.

Карандхара: Яны маюць прыладу, якая можа знаходзіць ваду. Яны кажуць, што запускалі яе на арбіту Месяца і прыйшлі да высновы, што там няма вады, а, значыцца, не можа быць і жыцця.

Шрыла Прабхупада: Нават калі напраўду там, як на Сонцы, няма вады, усё адно там ёсць жывыя істоты. Як расце кактус у пустэльні, здавалася б, зусім без вады?

Карандхара: Ён атрымлівае яе з атмасферы.

Шрыла Прабхупада: Так. Таму што ў атмасферы ёсць усе патрэбныя для падтрымання жыцця элементы: зямля, вада, агонь, паветра і эфір. Гэтыя элементы ёсць у кожным матэрыяльным аб’екце. Напрыклад, у маім целе ёсць вада, хоць вы яе і не бачыце. Адкуль выходзіць гэтае цяпло? Вы не бачыце агню. Хіба можаце вы бачыць, як агонь гарыць у маім целе? Тады адкуль бярэцца цяпло? Як на гэта адказаць?

Сусвет у атаме

Шрыла Прабхупада: Матэрыя – гэта спалучэнне пяці грубых элементаў – зямлі, вады, агню, паветра і эфіру – і трох тонкіх: розуму, інтэлекту і падманнага эга.

Карандхара: Паводле ведыйскае навукі, матэрыяльная энергія пачынаецца з падманнага эга, якое потым ператвараецца ў інтэлект, потым у розум, а следам за гэтым у грубыя элементы: эфір, паветра, агонь і гэтак далей. Выходзіць, што ўся матэрыя складаецца з адных і тых жа першаэлементаў. Правільна?

Шрыла Прабхупада: Так. Узнікненне матэрыяльнага сусвету падобнае да таго, як з маленечкага насення вырастае велізарнае дрэва баньян 3. Ніхто не здольны ўбачыць дрэва ў гэтым семі, але ў ім ёсць усе патрэбныя для развіцця дрэва элементы, у тым ліку і розум. Фактычна, цела кожнага – падабенства сусвету. Вашае цела і маё цела – гэта розныя сусветы, маленькія сусветы. Таму ў нашых целах, як і ў сусвеце, бытуюць усе восем матэрыяльных элементаў. Аналагічна цела казуркі – таксама сусвет.

Карандхара: А атам?

Шрыла Прабхупада: Да яго дастасоўваецца тая ж формула: у атаме таксама ёсць усе тыя ж кампаненты. Aṇor aṇīyān mahato mahīyān [Катха-ўпанішад, 1.2.20]. Гэта значыць, што, незалежна ад памераў матэрыяльнага аб’екта ён складаецца з адных і тых жа першаэлементаў. Гэта справядліва паўсюль у матэрыяльным свеце. Таксама як наручны жаночы гадзіннік мае ўсё патрэбнае для нармальнай работы, гэтак і мурашцы дадзены адпаведны мозг, для таго каб яна магла выдатна спраўляцца са сваімі праблемамі. Як такое магчыма? Каб дакладна адказаць на гэтае пытанне, трэба скрупулёзна даследаваць тканку мурашынага мозгу. Але вы не зможаце гэтага зрабіць. Больш за тое, ёсць незлічонае мноства казюрак, меншых за мурашку. Такім парадкам, павінен існаваць нейкі механізм, які ажыццяўляе гэтую разнастайную дзейнасць, але навукоўцы не могуць яго знайсці.

Адноснасць і веды

Шрыла Прабхупада: Усе жывыя істоты надзеленыя розумам, патрэбным для ажыццяўлення чатырох асноўных формаў дзейнасці: харчавання, сну, спаравання і самаабароны. Гэтыя чатыры прынцыпы ўласцівыя нават атаму. Чалавека адрознівае ад усіх іншых толькі наяўнасць дадатковага інтэлекту, пры дапамозе якога ён можа спазнаць Бога. Гэта адзінае адрозненне. Āhāra-nidrā-bhaya-maithunaṁ ca samānam etat paśubhir narāṇām. [Хітападэша]. Ежу, сон, секс і самаабарону можна бачыць усюды. Вы бачылі, як растуць дрэвы. Усюды, дзе ёсць сучок, кара не расце прама; яна расце вакол сучка. (Шрыла Прабхупада робіць жэст, паказваючы, як кара расце вакол сучка, а не на ім.) Дрэва ўсведамляе: «Калі расці ў гэтым кірунку, я наткнуся на перашкоду, так што я выберу іншы напрамак». Але дзе ў дрэва вока? Як яно можа бачыць? Яно валодае розумам. Гэты розум, мажліва, развіты не да такое ступені, як у вас, але ўсё ж гэта розум. Дзіця таксама мае розум, хоць і не такі развіты, як у яго бацькі. У свой час дзіцё атрымае цела дарослага, і тады яго інтэлект цалкам разаўецца і праявіцца.

Д-р Сінгх: У такім разе розум – паняцце адноснае.

Шрыла Прабхупада: Так. Усё адносна. У вас сваё цела, свая працягласць жыцця, а ў мурашкі – свая. І мы, і мурашка жывём сто гадоў, але працягласць гэтых «ста гадоў» залежыць ад нашага цела. Нават Брахма, жывая істота, надзеленая самым доўгім жыццём у гэтым сусвеце, і той жыве сто гадоў. Нам можа здацца, што мурашка жыве ўсяго некалькі дзён. Аналагічным парадкам, на іншых планетах, дзе атмасфера адрозніваецца ад зямной, існуюць формы жыцця, прыстасаваныя да варункаў на гэтых планетах. Але навукоўцы спрабуюць глядзець на ўсё адпаведна параўнальным варункам Зямлі. Гэта абсурд. Чаму яны так робяць? Калі ўся касмічная праява падпарадкоўваецца закону адноснасці, то як навукоўцы могуць сцвярджаць, што варункі на нашай планеце павінны адпавядаць варункам жыцця на іншых планетах?

Веды вучаць, што кожнае веданне трэба заўсёды разглядаць з пазіцыі дэша-кала-патры. Дэша значыць «варункі», кала – «час», а патра – «аб’ект». Да кожнае з’явы трэба падыходзіць, улічваючы гэтыя тры моманты. Напрыклад, рыба добра пачуваецца ў вадзе, а мы на беразе мора дрыжым. Прычына гэтага ў тым, што нашыя дэша-кала-патра розныя. Але калі мы надумаем, што чайкі таксама будуць дрыжаць у вадзе, гэта будзе абсурд; іх дэша-кала-патра зноў-такі адрозніваюцца. У матэрыяльным касмічным стварэнні 8 400 000 розных відаў жывых істот, і кожны з іх мусіць прыстасоўвацца да варункаў па-свойму. Нават на гэтай планеце вы не будзеце пачувацца камфортна, скажам, на Алясцы, хоць Аляска – гэта частка Амерыкі. Таксама і жывыя істоты, якія цешацца жыццём на Алясцы, не перасяляюцца сюды.

Карандхара: Выходзіць, адноснасць залежыць ад занятага намі пэўнага становішча.

Шрыла Прабхупада: Так. Таму і сказана: тое, што ёсць ежай аднаму, – атрута для іншага.

Брахмананда: Навукоўцы самі не змогуць выжыць на Месяцы, і таму яны думаюць, што там не зможа жыць ніхто.

Дзень, які доўжыцца 8 600 000 000 гадоў

Д-р Сінгх: Праблема свету палягае ў тым, што практычна кожны бачыць усё з перспектывы толькі сваіх уласных варункаў – а гэта нонсэнс.

Вучань: Чалавек, які ніколі не пакідаў свае вёскі, думае, што свет сканчаецца за яе межамі.

Шрыла Прабхупада: Так. Жаба да ўсяго падыходзіць з меркамі свае студні. Акіян вялікі, але яна мерае яго веліч сваім аршынам. Бог таксама вялікі, але мы спрабуем суаднесці Яго веліч з нашай, параўнальнай веліччу. Ёсць казюркі, якія нараджаюцца ўначы, вырастаюць, нараджаюць патомства і паміраюць да світання. Яны ніколі не бачаць раніцы. Таму, калі яны прыйдуць да высновы, што раніцы няма зусім, гэта будзе бязглуздзіцай. Гэтак і мы, даведаўшыся з шастраў [богаадкрытых пісьмаў], што працягласць жыцця Брахмы вылічаецца мільёнамі нашых гадоў, не верым гэтаму. Мы кажам: «Як гэта магчыма?» Але «Бхагавад-гіта» [8.17] сцвярджае: sahasra-yuga-paryantam ahar yad brahmaṇo viduḥ – «Чатыры мільярды трыста мільёнаў гадоў роўныя дванаццаці гадзінам Брахмы». Нават выбітны індыйскі палітычны дзеяч, вялікі знаўца «Гіты», не мог пагадзіцца з гэтым. Ён сказаў, што гэта выдумка. Які нягоднік! І ўсё ж яго прымаюць за сур’ёзнага навукоўца. Вось у чым праблема. Нягоднікаў і дурняў уважаюць за навукоўцаў, даследнікаў і філосафаў, і таму ўвесь свет ідзе ў няправільным кірунку.

Навігацыя: