Запісана 3 траўня 1973 года
на беразе Ціхага акіяна ў наваколлі Лос-Анджэлесу.
Шрыла Прабхупада: Амаль усе людзі ў свеце падзяляюць памылковыя ўяўленні пра тое, што жыццё спароджанае матэрыяй.
Д-р Сінгх: У наш час не знойдзецца нікога, хто стаў бы з гэтым спрачацца.
Шрыла Прабхупада: Таму мы абавязаныя аспрэчыць падобныя ўяўленні. Мы не можам дапусціць, каб гэтая неразумная тэорыя засталася неаспрэчанай.
Д-р Сінгх: Людзі вераць гэтым тэорыям толькі таму, што ніхто не спрабуе іх аспрэчыць.
Шрыла Прабхупада: Не зважаючы на ўсю бессэнсоўнасць сваіх тэорый, яны прысвойваюць сабе званні прафесараў і навукоўцаў. Трэба давесці, што іх уяўленні далёкія ад праўды. Жыццё не ўзнікае з матэрыі. Матэрыя спараджаецца жыццём. Гэта не тэорыя. Гэта факт. Навука грунтуецца на памылковай перадумове, таму ўсе яе вылічэнні і высновы няправільныя, і ад гэтага людзі пакутуюць. Калі ўсе гэтыя хібныя сучасныя навуковыя тэорыі будуць выпраўленыя, людзі стануць шчаслівымі. Таму мы павінны кінуць навукоўцам выклік і нанесці ім паразу, у адваротным выпадку яны ўвядуць у аблуду ўсё грамадства.
Змяняючыся, матэрыя праходзіць праз шэсць фаз: нараджэнне, узрастанне, захаванне, выраб пабочных прадуктаў, завяданне і смерць. Але жыццё (духоўная душа) унутры матэрыі вечнае; яно не перажывае гэтых змен. Гэта толькі здаецца, што жыццё развіваецца і занепадае, насамрэч, яно проста праходзіць праз гэтыя шэсць фаз аж да таго моманту, калі матэрыяльнае цела ўжо немагчыма больш падтрымліваць. Тады старое цела памірае, а душа ўваходзіць у новае. Калі нашае адзенне трухлее і зношваецца, мы змяняем яго. Таксама і ў адзін цудоўны дзень нашыя целы робяцца старымі і бескарыснымі, і мы пераходзім у новае цела.
Крышна кажа ў «Бхагавад-гіце» [2.13]: dehino ’smin yathā dehe kaumāraṁ yauvanaṁ jarā/ tathā dehāntara-prāptiḥ – «Як душа, увасобленая ў гэтым целе, увесь час пераходзіць ад дзяцінства да юнацтва і старасці, так у момант смерці яна пераходзіць у новае цела». І далей [2.18]: antavanta ime dehā nityasyoktāḥ śarīriṇaḥ. Гэта азначае, што разбурэнню схільнае толькі матэрыяльнае цела неразбуральнай і вечнай жывой істоты. Матэрыяльнае цела тленнае, але жыццё ў гэтым целе – ніцья, вечнае.
Усё прыводзіцца ў дзеянне гэтай жыццёвай сілай. Узяць, напрыклад, Ціхі акіян: гэтымі высокімі хвалямі рухае жывая сіла. Ці гэты самалёт (Шрыла Прабхупада паказвае на самалёт у небе), хіба ім ніхто не кіруе?
Д-р Сінгх: Хтосьці ім кіруе.
Шрыла Прабхупада: Так. Усім нехта кіруе. Чаму махляры-навукоўцы адмаўляюць гэта? Самалёт – гэта вялікая машына, але ім кіруе пілот, маленькая духоўная іскра, і таму ён ляціць. Навукоўцы не могуць даказаць, што гэты вялікі самалёт «Боінг-747» зможа ляцець без дапамогі маленькай духоўнай іскры. Не, гэта немажліва. Духоўная іскра абавязкова павінна знаходзіцца ў ім. І падобна да таго, як маленькая духоўная іскра можа кіраваць велізарным самалётам, вялікая духоўная іскра кіруе ўсім сусветам.
Шрыла Прабхупада: У «Шветашватара-ўпанішад» сказана:
Згодна з гэтым вершам, памер душы, якой належыць цела, складае адну дзесяцітысячную частку сячэння воласа. Гэта вельмі малая велічыня, параўнальна з памерам атама. Але дзякуючы гэтай атамарнай духоўнай энергіі маё цела функцыянуе. Гэтая атамарная духоўная энергія ёсць у целе, таму яно функцыянуе, таму ляціць самалёт. Няўжо гэта так цяжка зразумець?
Дапусцім, чалавек уважае сябе за моцнага і дужага. Чаму ён моцны і дужы? Толькі таму, што ўнутры яго знаходзіцца духоўная іскра. Як толькі яна пакідае цела, чалавек адразу ж губляе ўсю сваю сілу і энергію, і прылятаюць сцярвятнікі і зжыраюць яго цела. Калі навукоўцы кажуць, што матэрыя ёсць прычынай і крыніцай жыцця, тады давайце папросім іх вярнуць да жыцця хаця б аднаго памерлага, аднаго выбітнага чалавека, напрыклад, прафесара Эйнштэйна. Хай яны ўпырснуць яму якія-небудзь хімічныя рэчывы, каб хаця б адзін памерлы змог вярнуцца да жыцця і зноў працаваць. Але яны не здольныя на гэта. Ёсць вельмі шмат такога, што ім невядома, і ўсё ж гэтых людзей называюць навукоўцамі.
Д-р Сінгх: Часам, калі праблема занадта сур’ёзная, мы схільныя рабіць выгляд, што не заўважаем яе.
Шрыла Прабхупада: Так. Калі малпа сутыкаецца з тыграм, яна заплюшчвае вочы, і тыгр тут жа нападае на яе. Гэтак і навукоўцы, калі яны не могуць развязаць праблему, то думаюць: «Добра, хай усё гэтак і застаецца». Вось што яны насамрэч робяць, таму што сапраўдная праблема – гэта смерць. Ніхто не хоча паміраць, але навукоўцы не могуць спыніць смерць. Яны кажуць пра смерць мімаходзь, таму што не могуць пазбавіць людзей ад яе. Мы не хочам паміраць, не хочам старэць і хварэць. Але чым тут дапамогуць навукоўцы? Яны не могуць нічога з гэтым зрабіць. Галоўныя праблемы яны адклалі ў бок.
Шрыла Прабхупада: У Бенгаліі можна пачуць казку, якая называецца «Джангал-кі раджа». Яна пра шакала, які стаўся лясным каралём. Шакалы вядомыя сваёй хітрасцю. Аднойчы гэты шакал прыйшоў у вёску і трапіў у балею з сіняю фарбаю. Ён уцёк у лес, але яго шкура сталася сіняю. Тады ўсе жывёліны загаварылі: «Хто гэта? Што гэта за звер?» Нават леў быў здзіўлены: «Спадар, мы вас ніколі дагэтуль не бачылі. Хто вы?» Шакал адказаў: «Мяне паслаў Бог». Тады звяры сталі пакланяцца яму як Богу. Але аднойчы ўначы іншыя шакалы завылі: «Уу-уу-уу!» Шакалы не могуць утрымацца і не завыць у адказ на шакалінае выццё, таму гэты сіні шакал таксама завыў: «Уу-уу-уу!» Так ён выявіў сябе і паўстаў перад усімі звярамі як самы звычайны шакал. Многія шакалы з вашага ўрада былі арыштаваныя і падалі ў адстаўку.
Брахмананда: Гэта Уотэргейт. Гэта называецца Уотэргейцкім скандалам.
Шрыла Прабхупада: У нашыя дні практычна ніводны сумленны чалавек не можа заняць дзяржаўную пасаду. Усюды цяпер так. Той, хто не махлюе і не маніць, не можа ўтрымацца ўва ўрадзе. Таму ў склад урада не ўваходзіць ніводзін шляхетны чалавек. Але што тут зробіш?
Д-р Сінгх: Палітыкі – найвялікшыя хлусы.
Шрыла Прабхупада: Так, яны нягоднікі. Адзін філосаф сказаў, што палітыка – апошні прытулак нягоднікаў. У Індыі цяпер адбываецца тое ж самае. Такім парадкам, каб неяк процістаяць гэтым махлярам, мы павінны паясніць людзям, што жыццё паходзіць з жыцця, а не з матэрыі. Мы павінны падаць гэты факт перад навукоўцамі, бо мы баронім праўду, чаго нельга сказаць пра іх.
У Індыі ёсць прымаўка, якая кажа: satyam-eva jayate – «Праўда заўсёды перамагае». Навукоўцы высоўваюць памылковыя тэорыі, а потым узнагароджваюць адно аднаго прэміямі і ўзносяць сабе хвалу. Мы павінны выкрыць іх і паказаць, што яны проста крывяць душою.
Д-р Сінгх: На наступным тыдні ў нашым універсітэце будзе выступаць лаўрэат Нобелеўскае прэміі. Ён будзе чытаць лекцыю на тэму «прычыны ракавых захворванняў».
Брахмананда: Ці ведаюць навукоўцы прычыну рака?
Д-р Сінгх: Яны маюць некалькі тэорый.
Шрыла Прабхупада: Дапусцім, прычына рака вядома. Ну і што з таго? Нават калі б рак быў вылечны, вы не маглі б зрабіць чалавека вечным. Гэта немажліва. Ад рака ці ад чаго іншага, але чалавек мусіць памерці. Ён не можа пазбегнуць смерці. Смерць усё роўна наступіць, не ад рака, дык ад няшчаснага выпадку. Сапраўднае навуковае даследаванне павінна ставіць сваёй задачай развязаць праблему смерці. Гэта сапраўдная навука, і гэтая навука – свядомасць Крышны. Знайсці лекі ад якой-небудзь хваробы – гэта яшчэ не дасягненне. Сапраўднае дасягненне – скончыць з усімі хваробамі. У «Бхагавад-гіце» сцвярджаецца, што сапраўдныя праблемы – гэта нараджэнне, смерць, старасць і хваробы. Ābrahma-bhuvanāl lokāḥ punar āvartino ’rjuna: «Пачынаючы з найвышэйшае планеты матэрыяльнага свету і сканчаючы найніжэйшай – усе яны месца пакут, дзе паўтараюцца нараджэнне і смерць». Развязанне праблемы паўторных нараджэнняў і смерці прапануе свядомасць Крышны, метад, які мы практыкуем самі і рэкамендуем усім іншым. Дасканалым вынікам гэтае практыкі ёсць тое, што пасля таго, як нашае цяперашняе цела стане бескарысным і памрэ, душа больш не павінна будзе ўвасабляцца ў новым матэрыяльным целе, схільным да нараджэння, смерці, хвароб і старасці. Вось што такое сапраўдная навука.