Шлях да духоўнае дасканаласці, такім парадкам, ёсць выяўленнем утоенай быццёвай асновы жывой істоты. Гэта працэс ачышчэння свядомасці джывы – ператварэнне яе са свядомасці, якая прагне матэрыяльнага свету, у свядомасць, якая любіць Бога. Як было зазначана, свядомасць афарбоўваецца тым зместам, на які яна скіраваная, таму трэба зрабіць Крышну зместам свядомасці. Гэта дасягаецца ў працэсе вайдхі-бхакці, сэнс якога добра патлумачаны ў «Бхагавад-гіце» (9.27) у словах Крышны, з якімі Ён звяртаецца да Арджуны: «Што б ты ні рабіў, што б ты ні еў, што б ні прапаноўваў або раздаваў, і якія б аскезы ні здзяйсняў – рабі гэта, о сын Кунці, як ахвяру Мне».
Найважнейшым з пяці галоўных відаў вайдхі-бхакці Шры Чайтанья лічыў нама-бхаджану – паўтарэнне і спеў імя Бога (крышна-намы). Кажучы пра перавагу нама-бхаджаны над іншымі відамі духоўнае практыкі, Шры Чайтанья звычайна спасылаўся на словы «Брыхан-нарадыя-пураны» (38.126): «У гэты век разладаў і крывадушнасці адзіным сродкам вызвалення ёсць спеў святых імёнаў Госпада Хары. Няма іншага шляху. Няма іншага шляху. Няма іншага шляху». Імя – асноўны атрыбут Бога, у пэўным сэнсе тоесны Яму самому, бо, згодна з вучэннем Шры Чайтаньі, яно ўтрымлівае ў сабе ўсю поўнасць Ягоных духоўных энергій. Абмеркаванню філасофіі імя Бога і розным аспектам нама-бхаджаны як духоўнай практыкі ачар’і прысвячалі адмысловыя працы, найбольш вядомая з якіх – «Харынама-чынтамані» Бхакцівіноды Тхакура.
Важнасць крышна-намы для вайшнаваў нагэтулькі вялікая, што Бхакцівінода Тхакур пісаў («Чайтанья-шыкшамрыта» раздз. 64): «Хоць можа здацца, што нама – усяго толькі слова, аднак нама духоўная і ёсць ні чым іншым, як асаблівым увасабленнем Крышны, якое перадае Ягоную неспасціжную моц. А як Крышна і Ягонае імя – адно, то нама – першы крок да Крышны. Перапоўніўшыся рашучасці дасягнуць Крышны, джыва павінна прыняць Ягонае імя». У адрозненне ад ёгі і іншых складаных метадаў духоўнага дасканалення паўтарэнне імя даступнае кожнаму. Кім бы ні быў чалавек, будзь ён нават чандалам, недатыкальным, яму павінна быць дазволена паўтараць імя Крышны, якое здольнае ачысціць кожнага і кожнаму даць крышна-прэму. Нама параўноўваецца з насеннем, у якім патэнцыйна ўтрымліваецца ўсё дрэва, разам з каранямі, галінамі і лісцем. Рэгулярна ўважліва паўтараючы крышна-наму, бхакта як бы ўзгадоўвае насенне, з якога з часам яму з’яўляецца вобраз Бога, Ягоныя атрыбуты, Ягоныя якасці, Ягоныя спадарожнікі, Ягоная сядзіба і г. д. Тамсама, у «Чайтанья-шыкшамрыце» Бхакцівінода піша: «Мудрасць, зарокі, сузіранне, адрачэнне, спакой розуму, годнасць – нішто не роўнае наме. Ведай з усёй пэўнасцю, што нама – выратаванне, нама – найвышэйшая мэта, нама – самая шляхетная і найвялікшая прыгажосць, нама – тое, што існуе вечна. Толькі нама – непадзельная адданасць, нама – неабсяжны розум, нама – вялікая любоў, нама – выразная памяць. Для жывой істоты нама – семя і нама – плён, нама – ейны Бог і найвышэйшы аб’ект пакланення. Нама – бездакорны настаўнік».