Належыць дасканала спасцігнуць Асобу Бога, Шры Крышну, і Ягонае трансцэндэнтнае імя, форму, якасці і гульні, гэтак жа як і часовае матэрыяльнае стварэнне з ягонымі смяротнымі паўбагамі, людзьмі і жывёлінамі. Той, хто спазнаў гэта, топча смерць і падымаецца над эфемернай касмічнай праявай, каб у вечным валадарстве Бога цешыцца вечным жыццём, споўненым асалоды і ведання.
Дзякуючы так званаму навуковаму прагрэсу чалавечая цывілізацыя стварыла мноства матэрыяльных рэчаў, у тым ліку касмічныя караблі і атамную энергію. Але яна не змагла пазбавіць чалавека ад немінучасці паміраць, ізноў нараджацца, старэць і пакутаваць ад хвароб. Кожны раз, калі разумны чалавек пытаецца пра гэтыя пакуты ў так званага навукоўца, той вельмі мудрагеліста адказвае, што матэрыялістычная навука не стаіць на месцы і ў будучыні зможа зрабіць чалавека несмяротным, вечна маладым і непадуладным хваробам. Падобныя адказы даводзяць элементарнае неразуменне навукоўцамі фундаментальных законаў матэрыяльнай прыроды. У матэрыяльнай прыродзе ўсё падпарадкоўваецца строгім законам матэрыі і абавязана прайсці праз шэсць стадый існавання: нарадзіны, рост, захаванне, спараджэнне нашчадкаў, звяданне і, нарэшце, смерць. Ніхто з тых, хто так ці інакш звязаны з матэрыяльнай прыродай, не можа абысці гэтыя шэсць законаў быцця. Таму ніхто – ні паўбог, ні чалавек, ні жывёліна, ні расліна – не можа жыць у матэрыяльным свеце вечна.
Працягласць жыцця ў розных відаў жывых істот можа быць рознай. Госпад Брахма, галоўная жывая істота ў гэтым матэрыяльным сусвеце, жыве шмат мільёнаў гадоў, тады як маленькі мікроб – усяго некалькі гадзін. Але ніхто ў матэрыяльным свеце не можа жыць вечна. Тут усё нараджаецца ці ствараецца ў пэўных варунках, існуе цягам нейкага часу, і калі гэта жывая істота, то яна расце, нараджае да сабе падобных, паступова старэе і ўрэшце памірае. Згодна з гэтымі законамі, нават Брахмы (якіх мільёны ў розных сусветах) рана ці позна павінны памерці. Таму ўвесь матэрыяльны сусвет называецца Марцьялокай – прыстаннем смерці.
Навукоўцы-матэрыялісты і палітыкі імкнуцца зрабіць сусвет несмяротным, таму што не ведаюць пра неўміручасць духоўнай прыроды. Прычына гэтага ў тым, што яны не знаёмыя з ведыйскай літаратурай, якая споўнена мудрасці спелага трансцэндэнтнага досведу. Але, на жаль, сучасныя людзі не хочуць атрымліваць веды, якія змяшчаюцца ў Ведах, Пуранах і іншых святых пісьмах.
З «Вішну-пураны» (6.7.61) мы даведваемся пра наступнае:
Асоба Бога, Госпад Вішну, валодае рознымі энергіямі, якія называюцца пара (вышэйшая) і апара (ніжэйшая). Жывыя істоты тычацца да вышэйшай энергіі. Матэрыяльная энергія, пад уладай якой мы цяпер знаходзімся, ёсць ніжэйшай энергіяй. Гэта энергія, якая ахутвае жывыя істоты покрывам невуцтва (авідзьі) і падахвочвае іх займацца кармічнай дзейнасцю, стварае матэрыяльны свет. Але ёсць і іншая форма вышэйшай энергіі Госпада, якая адрозніваецца і ад матэрыяльнай энергіі, і ад жывых істот. З гэтай найвышэйшай энергіі створана вечная, неразбуральная сядзіба Госпада, што пацвярджаецца ў «Бхагавад-гіце» (8.20):
Усе матэрыяльныя планеты – ніжэйшыя, сярэднія і вышэйшыя, уключаючы Сонца, Месяц і Венеру, – рассеяныя па сусвеце. Яны існуюць толькі цягам жыцця Брахмы. Больш за тое, некаторыя ніжэйшыя планеты знішчаюцца пад канец кожнага дня Брахмы, а на світанку наступнага дня Брахма стварае іх зноў. На вышэйшых планетах час вылічаецца іначай, чым на Зямлі. Адны суткі на многіх вышэйшых планетах роўныя зямному году. Перыяд з чатырох зямных эпох (Сацьі, Трэты, Двапары і Калі) роўны прыкладна дванаццаці тысячам гадоў паводле шкалы часу вышэйшых планет. Гэты перыяд часу, памножаны на тысячу, складае адзін дзень Брахмы, і гэтулькі ж доўжыцца ягоная ноч. Такія дні і ночы складаюцца ў месяцы і гады. Брахма жыве сто такіх гадоў, і пад канец ягонага жыцця ўвесь праяўлены сусвет знішчаецца.
Калі настае ноч Брахмы, насельнікі вышэйшых планет, у склад якіх уваходзяць Сонца і Месяц, і жывыя істоты, якія насяляюць планетную сістэму Марцьялока (Зямлю), а таксама ніжэйшыя планеты сусвету, занураюцца ў воды патопу. Цягам гэтага часу ніводная жывая істота, ніводная форма жыцця не знаходзіцца ў праяўленым стане, хоць іхнае духоўнае існаванне працягваецца. Гэты непраяўлены стан быцця мае назву ав’якта. Пад канец жыцця Брахмы, калі гіне ўвесь сусвет, таксама настае перыяд ав’якты. Аднак апроч гэтых двух непраяўленых станаў быцця існуе іншая непраяўленая прырода – духоўная атмасфера, ці духоўнае неба, са мноствам планет, якія існуюць вечна і не спыняюць свайго існавання, нават калі пад канец жыцця Брахмы ўсе планеты ўнутры гэтага матэрыяльнага сусвету знішчаюцца. Матэрыяльны свет складаецца з мноства матэрыяльных сусветаў, кожным з якіх кіруе свой Брахма. Уся гэта касмічная праява, якая знаходзіцца пад кіраўніцтвам розных Брахмаў, складае толькі адну чвэрць энергіі Госпада (экапад-вібхуці), і гэта энергія называецца ніжэйшай. Духоўная прырода, непадуладная Брахму, называецца трыпад-вібхуці (яна складае тры чвэрці энергіі Госпада). Гэта – найвышэйшая энергія, пара-пракрыці.
Абсалютным валадаром духоўнай прыроды ёсць Госпад Шры Крышна. Як сказана ў «Бхагавад-гіце» (8.22), да Яго можна наблізіцца толькі пры дапамозе беспрымешкавага адданага служэння, ніякі іншы метад – ні г’яна (філасофія), ні ёга (містыцызм), ні карма (дзейнасць дзеля асалоды ейнымі плёнамі) – для гэтага не падыходзіць. Кармі, то бо тыя, хто працуе толькі дзеля плёнаў сваёй працы, могуць трапіць на планеты Сваргалокі, у лік якіх уваходзяць Сонца і Месяц. Г’яні і ёгі могуць дасягнуць яшчэ больш высокіх планет, такіх, як Махарлока, Тапалока і Брахмалока, а калі пры дапамозе адданага служэння яны развіваюць у сабе яшчэ больш узнёслыя якасці, то атрымліваюць мажлівасць увайсці ў духоўны свет, у зіхатлівую касмічную атмасферу духоўнага неба (Брахман) ці на планеты Вайкунтхі, у залежнасці ад узроўню свайго духоўнага развіцця. Аднак несумнеўна, што той, хто не мае досведу адданага служэння, не зможа трапіць на духоўныя планеты Вайкунтхі.
На матэрыяльных планетах кожны, пачынаючы з Брахмы і канчаючы мурашкай, імкнецца панаваць над матэрыяльнай прыродай. Гэта называецца матэрыяльнай хваробай. Пакуль жывая істота не вылечыцца ад гэтай хваробы, яна будзе змушана зноў і зноў змяняць целы, прымаючы форму то чалавека, то паўбога, то жывёліны. Але, якое б цела яна ні атрымала, урэшце ёй давядзецца перайсці ў непраяўлены стан, у якім знаходзяцца жывыя істоты падчас двух тыпаў знішчэння сусвету – цягам ночы Брахмы і пад канец жыцця Брахмы. Калі ж мы хочам вырвацца з гэтага колазвароту нараджэнняў і смерцяў і пазбавіцца ўласцівых яму старасці і хвароб, то павінны паспрабаваць трапіць на духоўныя планеты, дзе можна жыць вечна, маючы кантакты з Госпадам Крышнам або Ягонымі поўнымі экспансіямі, формамі Нараяны. Госпад Крышна і Ягоныя поўныя экспансіі пануюць на кожнай з незлічоных духоўных планет, і гэты факт пацвярджаюць шруці-мантры: eko vaśī sarva-gaḥ kṛṣṇa īḍyaḥ / eko ’pi san bahudhā yo ’vabhāti (Гопала-тапані-ўпанішад 1.3.21).
Ніхто не можа падпарадкаваць сваёй уладзе Крышну, таму абумоўленыя душы спрабуюць падпарадкаваць сваёй уладзе матэрыяльную прыроду, але ў выніку самі трапляюць пад уладу ейных законаў, якія выракаюць іх на мукі паўторных нараджэнняў і смерцяў. Госпад прыходзіць у гэты свет, каб аднавіць прынцыпы рэлігіі, галоўным з якіх ёсць выхаванне ў чалавеку пакорлівасці Ягонай волі. Такое апошняе настаўленне Госпада ў «Бхагавад-гіце» (18.66): sarva-dharmān parityajya mām ekaṁ śaraṇaṁ vraja – «Пакінь усе іншыя шляхі і проста аддайся Мне». На няшчасце, неразумныя людзі ператлумачылі гэты самы важны ўказ на свой лад і рознымі спосабамі ўводзяць людзей у аблуду. Людзям кажуць, што яны павінны адкрываць шпіталі, а не імкнуцца атрымаць веды, патрэбныя дзеля таго, каб пры дапамозе адданага служэння Госпаду трапіць у духоўнае валадарства. Іх вучаць цікавіцца толькі дзейнасцю, што прыносіць часовую палёгку, якая ніколі не прынясе жывой істоце сапраўднага шчасця. Яны засноўваюць разнастайныя грамадскія і напаўафіцыйныя арганізацыі, спадзеючыся ўтаймаваць разбуральныя сілы прыроды, але не ведаюць, якім парадкам улагодзіць неадольную прыроду. Многія людзі славяцца вялікімі знаўцамі «Бхагавад-гіты», але гэтыя «знаўцы» не ўбачылі рэкамендаванага ў «Гіце» метаду, пры дапамозе якога можна ўлагодзіць матэрыяльную прыроду. У «Бхагавад-гіце» (7.14) проста сказана, што адзіны спосаб улагодзіць магутную прыроду – гэта абудзіць у сабе свядомасць Бога.
У гэтай мантры «Шры Ішапанішад» гаворыцца, што кожны павінен адначасна ведаць і самбхуці (Бога-Асобу), і вінашу (часовую матэрыяльную праяву). Ведаючы толькі часовую матэрыяльную праяву, немажліва нічога выратаваць, бо ў прыродзе ўсё ўвесь час разбураецца. Будаванне шпіталяў таксама нікога не абароніць ад разбуральных сіл прыроды. Выратавацца можа толькі той, хто валодае дасканалымі ведамі пра вечнае жыццё, споўненае асалоды і ведання. Уся ведыйская культура скіравана на тое, каб навучыць людзей таму, як атрымаць вечнае жыццё. Людзі часта ашукваюцца часовымі прывабнымі рэчамі, заснаванымі на пачуццёвых задавальненнях, але служэнне аб’ектам пачуццяў адначасова ўводзіць у зман і спрыяе дэградацыі.
Таму мы павінны выратавацца самі і паказаць сваім блізкім дарогу, якая вядзе да збавення. Праўда не можа падабацца ці не падабацца. Яна проста існуе. Калі мы хочам вырвацца з колазвароту нараджэнняў і смерцяў, то павінны заняцца адданым служэннем Госпаду. Гэта не той выпадак, калі можа ісці гаворка пра кампрамісы, бо гэта пытанне жыццёвай неабходнасці.