Запісана 10 снежня 1973 года
на беразе Ціхага акіяна ў наваколлі Лос-Анджэлесу.
Шрыла Прабхупада: Што значыць займаць вярхоўнае становішча ў матэрыяльным свеце? Чаму вы прызнаеце прэзідэнта Ніксана самым галоўным чалавекам у вашай дзяржаве?
Д-р Сінгх: Таму што ён валодае пэўнаю ўладаю.
Шрыла Прабхупада: Так. Але чаму яго становішча – самае высокае ў дзяржаве? Таму што як першы сярод урадавых службоўцаў ён атрымлівае самае вялікае жалаванне, яму створаныя самыя лепшыя варункі, і апошняе слова заўсёды застаецца за ім.
Д-р Сінгх: Ён валодае здольнасцю пераконваць іншых.
Шрыла Прабхупада: Не. Вы можаце не згаджацца з ім, але раз ён займае найвышэйшую пасаду, вы павінны выконваць яго распараджэнні. Такое становішча ён займае. Яно не залежыць ад таго, прызнаеце вы яго аўтарытэт ці не. У гэтым сэнс слова «вярхоўны», ці не так?
Хрыдаянанда дас Госвамі: Так.
Шрыла Прабхупада: Вы не можаце сказаць: «Спадар прэзідэнт, я не згодны з вамі і таму не буду выконваць вашае распараджэнне». Не. Незалежна ад таго, згодныя вы ці не, вы абавязаныя падначальвацца яго загаду. У гэтым сэнс вышэйшае ўлады. Калі мы разгледзім гэта з матэрыяльнага пункту погляду, то ўбачым, што вышэйшая ўлада мае на ўвазе перавагу. І значыцца, Бог павінен перасягаць усіх ува ўсім. Вось чаму Яго называюць Вярхоўнай Асобай. Бог вялікі, Ён ёсць вярхоўным валадаром. А што значыць быць вярхоўным валадаром? Гэта значыць валодаць пэўнымі багаццямі. Парашара Муні вызначае паняцце Бога наступным парадкам: aiśvaryasya samagrasya vīryasya yaśasaḥ śriyaḥ jñāna-vairāgyayoś caiva ṣaṇṇāṁ bhaga itīṅganā. Ад слова бхагаван паходзіць іншае слова – бхаг’яван. Бхаг’яван значыць «удачлівы». У ведыйскай літаратуры сказана, што перасягаць у нечым іншых – вялікі поспех. Але самы вялікі поспех – доля Бога. Lakṣmī-sahasra-śata-sambhrama-sevyamānam: «Яму служаць сотні тысяч лакшмі, багінь поспеху і росквіту» [Брахма-самхіта, 5.29]. Тут, на гэтай планеце, мы молім багіню росквіту праявіць да нас прыхільнасць. А Крышну заўсёды пакланяюцца тысячы багінь росквіту.
Д-р Сінгх: Мы не здольныя нават уявіць сабе, што камусьці можа так пашчасціць.
Шрыла Прабхупада: Так. Таму пра Крышну кажуць, што Ён ачынцья, неспасціжны. Мы не можам нават уявіць сабе, наколькі Ён вялікі і ўдачлівы. Слова ачынцья азначае тое, чаго мы не можам сабе ўявіць. Мы можам бачыць толькі частку багаццяў Бога – гэтую матэрыяльную прыроду – у якой праяўляецца толькі частка магутнасці Госпада. Вярхоўная Асоба валодае разнастайнымі сіламі. Ён мае ніжэйшыя і вышэйшыя энергіі. У «Бхагавад-гіце» [7.4] Крышна кажа:
«Зямля, вада, агонь, паветра, эфір, розум, інтэлект і падманнае эга – гэтыя восем элементаў складаюць Мае аддзеленыя матэрыяльныя энергіі». У наступным вершы «Бхагавад-гіты» Крышна апісвае Сваю найвышэйшую энергію (пара пракрыці), якая стварае духоўны свет. Таму, калі нават ніжэйшая матэрыяльная энергія здольная ствараць такія цуды, толькі ўявіце, наколькі дзівосней духоўны свет. Вось які сэнс слова «вярхоўны».
Хрыдаянанда дас Госвамі: У духоўным свеце ёсць усе формы жыцця, якія мы бачым на Зямлі?
Шрыла Прабхупада: Так. І больш таго, калі гэтая ніжэйшая энергія спараджае такое мноства дзівосных формаў жыцця, толькі ўявіце сабе, наколькі цудоўныя вышэйшыя формы жыцця ў духоўным свеце. Нават у гэтым матэрыяльным сусвеце ёсць вялікае мноства самых разнастайных планет, і насельнікі адных планет могуць быць нашмат больш развітымі, чым насельнікі іншых планет. Напрыклад, на зямлі людзі займаюцца містычнай ёгай, каб атрымаць здольнасць рабіць цуды, але на іншай планеце, якая называецца Сіддхалокай, людзі нараджаюцца з гэтымі вялікімі ёгаўскімі сіламі. Для зямлі гэта правіла: птушка можа лётаць, а мы самі без дапамогі дарагіх машын на гэта не здольныя. Аднак насельнікі такіх планет, як Сіддхалока, могуць пералятаць з аднае планеты на іншую без дапамогі машын. Варта ім захацець, і яны могуць перанесціся куды хочаш, нават на іншыя планеты. Нават на зямлі ёсць ёгі, якія могуць здзяйсняць ранішняе амавенне адразу ў чатырох месцах – у Джаганнатха-Пуры, Рамешвары, Хардвары і Дварацы 22. Адзін такі ёг, сябар майго бацькі, наведваў яго ў Калькуце. Гэты ёг расказваў, што як толькі ён сядаў і кранаўся свайго гуру, дык адразу ж за дзве хвіліны пераносіўся з Калькуты ў Двараку. Такая ёгаўская сіла. Што ў параўнанні з ёй сучасныя самалёты? Дурваса Муні праляцеў цераз увесь сусвет і даляцеў да Вайкунтхі 23, патраціўшы на гэта адзін год. Паводле сучасных разлікаў некаторыя планеты ў нашым сусвеце знаходзяцца ад Зямлі на адлегласці, якая перавышае сорак тысяч светлавых гадоў 24. Гэта азначае, што калі ляцець з хуткасцю святла, то, каб дасягнуць гэтых планет, спатрэбілася б сорак тысяч гадоў. Нават калі б яны мелі такую мажлівасць, змаглі б астранаўты пражыць сорак тысяч гадоў? Чым жа яны так ганарацца?
Д-р Сінгх: Навукоўцы маюць тэорыю, паводле якой яны нібыта змогуць стварыць машыну, здольную рухацца ў прасторы з хуткасцю святла.
Шрыла Прабхупада: Гэта махлярства. Яны кажуць так, але ніколі не змогуць гэтага зрабіць.
Шрыла Прабхупада: Навукоўцы спрабуюць разважаць пра нейкія далёкія планеты, але што ім вядома пра бліжэйшую да нас – Месяц? Ёсць шмат нябачных планет, напрыклад, Раху. Няправільна думаць, што мы павінны бачыць усе зоркі і планеты. Так, калі планета Раху праходзіць паміж Сонцам і Месяцам, адбываецца зацьменне. Але навукоўцы тлумачаць зацьменне інакш. Насамрэч зацьменні выклікае планета Раху. У тэорыі сучасных навукоўцаў, якія тлумачаць прычыны зацьменняў, шмат сумнеўнага. Паводле Ведаў, іх тлумачэнне памылковае.
Д-р Сінгх: Але навукоўцы сцвярджаюць, што могуць даказаць свае тэорыі.
Шрыла Прабхупада: Яны кажуць, што навука можа даказаць усё, што хочаш. Але гэта нонсэнс. Яны нават не ведаюць, кім яны ёсць у рэчаіснасці. Гэта ім невядома. І чаму яны паміраюць? Гэтага яны таксама не ведаюць. Вось і ўсе іх веды.
Д-р Сінгх: Яны могуць пабудаваць мадэль сусвету – планет і Месяца.
Шрыла Прабхупада: Калі яны могуць будаваць мадэлі, чаму б ім не стварыць мадэлі Сонца, каб сэканоміць электраэнергію? Гэтыя махляры шмат гавораць, але нічога не могуць зрабіць. Калі яны могуць пабудаваць мадэль сусвету, то хай зробяць вялікую мадэль Сонца. Тады цёмнымі начамі нам не трэба будзе выдаткоўваць гэтулькі грошай на электрычнасць. Але гэта ім не пад сілу. І ўсё ж яны не скупяцца на гучныя словы, толькі для таго каб забраць грошы ў падаткаплатнікаў. Яны кажуць, што ведаюць, з чаго складаюцца Месяц і Сонца, дык чаму ж тады яны не могуць зрабіць іх? Чаму яны не могуць стварыць штучнае сонца, каб жыхарам Ісландыі і Грэнландыі не было так халодна?
Шрыла Прабхупада: Аднойчы Госпад Чайтанья Махапрабху прывёў прыклад з каменем, які называецца чынтамані. Гэты камень можа стварыць шмат іншых каштоўных камянёў, сам застаючыся нязменным.
Сэнс гэтага верша ў тым, што хоць усё паходзіць ад Асобы Бога, Сам Ён ніколі не вычэрпваецца. У нас на Зямлі сканчаюцца запасы нафты, і гэта становіцца пагрозлівай праблемай, але Сонца па-ранейшаму свеціць і будзе свяціць бясконцую колькасць гадоў. Крышна можа стварыць мільёны сонцаў – насамрэч Ён ужо гэта зрабіў. Аднак па-ранейшаму Яго магутнасць не зменшылася. Ён нічога не страціў. Такі Бог і найвышэйшая энергія Бога, ачынцья-шакці.
Мы маем нейкі ашчадак, і калі мы яго выдаткуем, то на наступны дзень у нас на рахунку не застаецца нічога – нуль. Махляры сцвярджаюць, што спрадвечная праўда гэта нуль, шуньявада. Яны не ведаюць, што Бог ніколі не роўны нулю, што Ён заўсёды велічыня дадатная. Таму мы павінны мець яснае ўяўленне пра Бога. Тэолагі павінны чэрпаць гэтыя ідэі з ведыйскіх пісьмаў і не дазваляць невукам і махлярам уводзіць сябе ў зман. Прырода Бога і Яго невычэрпных энергій паяснёная ў ведыйскай літаратуры. Нашая энергія вычэрпваецца, але энергія Бога – не. У гэтым розніца паміж Богам і намі. Я не магу хутка хадзіць ці рабіць штосьці з таго, на што здольны малады чалавек, таму што мая юнацкая энергія вычарпалася. Але Бог заўсёды юны. Advaitam acyutam anādim ananta-rūpam ādyaṁ purāṇa-puruṣaṁ nava-yauvanaṁ ca: «Крышна, Вярхоўная Асоба Бога, абсалютны, бязгрэшны і не мае пачатку. Даючы пачатак незлічоным разнастайным экспансіям, Ён ёсць спрадвечнай асобай і заўсёды выглядае як юнак у самым росквіце сіл» [Брахма-самхіта, 5.33]. Крышна таксама кажа ў «Бхагавад-гіце»: īśvaraḥ sarva-bhūtānāṁ hṛd-deśe ‘rjuna tiṣṭhati – «Вярхоўны Госпад знаходзіцца ў сэрцы кожнага». Ён знаходзіцца таксама ў кожным атаме, і ўсё ж Ён адзін. Такі Бог. І Ён адвайта, недваісты, гэта значыць, што не трэба думаць, што Ён жыве ў вашым сэрцы, а ў маім сэрцы жыве нехта іншы. Не, усе Яго праявы адзіныя. Дзякуючы Свайму ўсёпранікальнаму аспекту Ён ёсць усюды і ўва ўсім, і ў той жа час Ён лакалізаваны ў прасторы, і Ён адзін.
Д-р Сінгх: Шрыла Прабхупада, у працах некаторых тэолагаў Захаду сказана, што Бог – гэта любоў.
Шрыла Прабхупада: Бог – гэта ўсё. Чаму яны кажуць, што Ён – тое ці іншае? Бог гэта ўсё, таму што Ён абсалютны. Яго любоў ці Яго нянавісць – адно і тое ж. У гэтым матэрыяльным свеце мы адрозніваем любоў і нянавісць. Але нянавісць Бога і любоў Бога – адно і тое ж. Таму Яго называюць ачынцья, неспасціжным. Любоў Бога да гопі 25 і нянавісць Яго да Камсы 26 прывялі да аднолькавага выніку. І Камса і гопі трапілі ў духоўны свет. Путана 27 прыйшла атруціць Крышну, а маці Яшода заўсёды імкнулася ўсцерагчы гарэзлівага малога Крышну ад бяды. Так што Яшода і Путана становяць поўную процілегласць адна адной, але абедзве яны дасягнулі аднаго і таго ж выніку. Крышна думаў: «Я смактаў грудзі Путаны, таму цяпер яна Мая маці. Яна павінна дасягнуць таго ж пункта прызначэння, што і Яшода». Такая абсалютная прырода любові і нянавісці, якія адчувае Крышна. Гэтыя любоў і нянавісць не маюць нічога агульнага з адносным светам, у якім жывём мы.
У гэтым канцэпцыя Бога як Абсалюта: Бог мае шмат аспектаў, але ўсе яны абсалютныя (адвайта).
«Навукоўцы-трансцэндэнталісты, якія спазналі Абсалютную Праўду, называюць гэтую недваістую існасць Брахманам, Параматмаю ці Бхагаванам» [Бхаг., 1.2.11]. Бог мае безасабовы ўсёпранікальны аспект (які называецца Брахманам) і лакалізаваны аспект (Параматму). І ў той жа самы час Ён – Бхагаван, які ёсць Яго спрадвечнай асабовай трансцэндэнтнай формай. Гэтыя тры аспекты адначасна розныя і адзіныя. Такая прырода Бога, ачынцья-бхедабхеда-таттва – адначаснае адзінства і адрозненне. Той, хто прыходзіць да асабовае канцэпцыі Бхагавана, дасягае адначасна Брахмана і Параматмы. Усе гэтыя аспекты ёсць Крышнам, але паміж імі існуе і розніца. Яны ў адзін і той жа час адзіныя і розныя.
Д-р Сінгх: Шрыла Прабхупада, многім людзям цяжка прызнаць існаванне Бога.
Шрыла Прабхупада: Яны хворыя, але не хочуць лячыцца. Калі яны не хочуць лячыцца, гэта іх віна. Мы проста заяўляем, што той, хто не знаходзіцца ў свядомасці Крышны, свядомасці Бога, – звар’яцелы. Знаходзячыся пад уладай ілюзорнай энергіі, ніжэйшай матэрыяльнай энергіі, такі чалавек нясе адну бязглуздзіцу. Але хто стане прымаць яго словы сур’ёзна? Бог існуе незалежна ад таго, верым мы ў гэта ці не. Адпрэчваць існаванне Бога – гэта ўсё адно што сцвярджаць, быццам сонца ўзыходзіць не на ўсходзе. Але ці ёсць сэнс у гэтым сцвярджэнні? Кожны ведае, што сонца ўзыходзіць на ўсходзе. Калі ж нехта аспрэчвае гэта, тым самым ён даказвае толькі ўласную слепату. Каб выйсці на святло з цемры невуцтва, трэба звярнуцца да таго, хто валодае ведамі. Вы павінны знайсці такога чалавека, гуру, і аддацца яму. Потым трэба задаваць яму пытанні, і якія б адказы ён ні даваў, іх трэба прымаць. Такі працэс усведамлення Бога. Спачатку трэба знайсці гуру, потым дамагчыся яго прыхільнасці сваім служэннем і адданасцю. І тады гуру паясніць усё. Крышна кажа ў «Бхагавад-гіце» [4.34]:
«Проста паспрабуй уведаць праўду, звярнуўшыся да духоўнага настаўніка. Пакорліва запытвай яго і служы яму. Душа, якая ўсвядоміла сябе, здольная перадаць табе веды, бо яна ўбачыла праўду».