Экадашы

img

Слова «экадашы» перакладаецца з санскрыту як «адзінаццаты», то бок, гэта адзінаццаты і дваццаць шосты дзень астралагічнага месяцовага календара. Ведыйская традыцыя кажа, што дні экадашы асабліва спрыяльныя для духоўных подзвігаў. З навуковага пункта гледжання дні экадашы найбольш натуральныя для ачышчэння цела, розуму і тонкіх матэрыяльных цел чалавека. Хаця міласць Бога і беспрычынная, і атрыманне Ягонае ласкі не залежыць ад якіхсьці фактараў, лічыцца, што дужа эфектыўна займацца ачышчэннем і духоўнай практыкай менавіта ў дні экадашы.

Чаму ж брахманы рэкамендуюць пасціць у гэтыя дні? Рэч у тым, што Месяц мае вялікі ўплыў на грубыя і тонкія матэрыяльныя целы чалавека. Кожны адзінаццаты дзень пасля поўні і адзінаццаты дзень пасля маладзіка тонкае цела чалавека асабліва моцна залежыць ад пачуццяў: у чалавека ўзрастаюць жаданні мець разнастайныя асалоды, узрастае эгаістычны настрой да навакольнага свету. Людзі маюць духоўную прыроду, але знаходзяцца ў матэрыяльным целе, як у машыне. Пад уплывам ілюзорнай энергіі Бога яны забыліся пра свой спрадвечны стан – стан вечных шчаслівых душаў, якія валодаюць поўным веданнем. Таму ў дні экадашы рэкамендуецца паслабіць фізічнае цела, якое асабліва праяўляе ніжэйшую прыроду якраз у гэтыя дні, і ўзмацніць духоўную альтруістычную дзейнасць. На фізічным узроўні гэта можа праяўляцца ў зніжэнні колькасці спажыванай ежы ці поўным устрыманні ад яе. У гэтыя асаблівыя дні добра маліцца, чытаць мантры, жыць дзеля Бога, займацца служэннем Яму.

Як трымаць экадашы

Пост – гэта не проста адмова ад ежы, гэта час зазірнуць углыб сябе і ўспомніць пра стасункі з Боскай прыродай унутры нас. Важна, каб карысная практыка галадання ў дні экадашы не перарасла ў перыядычныя акты самакатавання. Некаторыя людзі адразу лёгка пераносяць галаданне, уласна ім рэкамендаванае поўнае ўстрыманне ад ежы. Нехта не можа адразу зрабіць такі рывок, ім рэкамендаванае паступовае зніжэнне колькасці ежы з адмовай ад зернебабовых. Гэта як у спорце – не спрабуйце штурмаваць чужыя вышыні, спаборуйце з сабою. Зрабіце сёння трохі больш, чым вы зрабілі ўчора.

Сэнс галадання ў экадашы – успомніць пра Бога і быць удзячным Яму. Як мажліва прысвяціце дні экадашы духоўным практыкам, малітвам, духоўным кнігам ці лекцыям. І помніце, што вы – душа, часцінка Бога, якая валодае выдатнай матэрыяльнай прыладай для рэалізацыі Ягоных задум – целам.

Звычайна пост распачынаюць ад узыходу Сонца ў дзень экадашы або ад заходу Сонца ў папярэдні дзень.

Дні экадашы

У дні экадашы Месяц знаходзіцца найбольш блізка да нашае планеты і моцна ўплывае на ваду, галоўны складнік нашых цел. Са школьнае праграмы мы ведаем, што гравітацыйны ўплыў Месяца выклікае прылівы і адлівы ў акіянах, а значыць цела чалавека таксама рэагуе на гэты ўплыў. Большасць усходніх традыцый характарызуюць 11 і 26 месяцовыя дні – дні экадашы – як наймагутнейшыя часы для тонкай фізічнай актыўнасці людзей.

Вядома, што падчас галадання ў фізічным целе чалавека вызваляецца дадатковая энергія, якая звычайна ідзе на страваванне ежы. Гэтая дадатковая энергія скіроўваецца на аднаўленне арганізма і ачышчэнне ад таксінаў. Старажытныя мудрацы дзеля ўмацавання здароўя раяць у дні экадашы ўстрымлівацца ад ежы з зернебабовых, а яшчэ лепш практыкаваць сухое галаданне, сканцэнтраваўшыся на духоўнай дзейнасці. Акрамя таго, такія практыкі дазваляюць арганізму чалавека ўспомніць, колькі ж ежы і вады яму сапраўды трэба – без розных залішніх крэмавак ды торцікаў, – а значыць галаданне ў дні экадашы ёсць простым і натуральным рэгулятарам вагі. Можна глядзець так, быццам гэта не пост, а дыета.

Карысць галадання ў экадашы

Бывае так, што галодны чалавек робіцца злым, дае волю раздражняльнасці ці гневу. У такім разе не трэба сябе гвалтаваць, лепш больш сур’ёзна настроіцца на наступны пост. Прыслухоўвайцеся да сябе. Выразным крытэрам таго, што ўсё адбываецца слушна, ёсць ўнутранае пачуццё спакою і здавальнення.

Калі вы адчуваеце няўпэўненасць, то не варта рызыкаваць. Можна паступова прывучаць свой арганізм да новага рэжыму, напрыклад, прапусціць сняданак ці вячэру, а потым пакінуць толькі абед. Хутка вы зможаце пасціць, ужываючы толькі ваду, і гэтак далей...

Калі мы мардуем сябе голадам, адчуваючы неймаверныя мукі, то мы не здольныя думаць пра што-колечы, апроч ежы. Куды ўжо там пра Бога ўспамінаць? Такі чалавек увесь дзень катуе і сябе, і тых, хто навокал, а на наступны дзень нарэшце радасна аб’ядаецца без меры.

Аднадзённае галаданне ў экадашы пры правільным падыходзе нікому не пашкодзіць. Нават сучасная медыцына выкарыстоўвае галаданне пры розных нагодах, напрыклад, пры харчовым атручванні ці болях у страўніку. І ўсё ж на ўсякі выпадак не варта эксперыментаваць з дыетай дзецям і жанчынам у перыяд цяжарнасці і кармлення. Раім папярэдне пракансультавацца з доктарам (пажадана, каб ён сам практыкаваў галаданне ў экадашы). Увогуле заўважана, што натуральным парадкам хворы чалавек зазвычай нічога не есць.

Ва ўсіх усясветных рэлігіях адводзіцца час для пастоў ды малітвы. Зазірніце ў хрысціянскі, ісламскі ці вайшнаўскі каляндар святаў і пастоў. Калі вы не ведаеце, то будзеце здзіўленыя: амаль палова году абазначаная як спрыяльны час для пэўных пастоў. Як мажліва прысвяціце дні экадашы духоўным практыкам і малітвам.

Шмат хто ўжо на практыцы ведае пра гаючую сілу экадашы і практыкуе частковае ўстрыманне ад ежы ці поўнае галаданне ў экадашы. А калі вы яшчэ не спрабавалі, дык самы час адкрыць для сябе гэты старажытны метад посту ў дні экадашы, які прыносіць цудоўны ачышчальны эфект. Пра даты экадашы і час выйсця з посту можна даведацца ў вайшнаўскім календары.

Тлумачэнні Шрылы Прабхупады пра дні экадашы

У «Брахма-вайварта-пуране» сказана, што той, хто посціць у экадашы, вызваляецца ад усіх наступстваў грэшных учынкаў, і ягоная пабожнасць узрастае. Аднак, галоўнае – не проста трымаць пост, а ўмацаваць сваю веру ў Говінду, Крышну, і любоў да Яго. Сапраўдны сэнс посту ў экадашы палягае ў тым, каб звесці да мінімуму запыты цела і максімальна выкарыстаць час для служэння Богу – паўтарэнню мантры і іншай дзейнасці ў адданым служэнні. Лепшае, што можна рабіць у дзень посту – гэта ўспамінаць пра гульні Говінды ды ўвесь час слухаць Ягонае святое імя.

(З кнігі Шрылы Прабхупады «Нектар адданасці»).

img

Бхакці Вікаша Свамі ў кнізе «Кіраўніцтва для пачаткоўцаў у свядомасці Крышны» піша пра экадашы наступнае: «Шрыла Прабхупада звычайна трымаў пост у экадашы ў просты спосаб, наказаны ў шастрах: устрымліваўся ад ужывання збожжавых, бабовых, гароху і далу. Некаторыя адданыя ядуць у гэты дзень толькі садавіну, некаторыя толькі п’юць ваду, а некаторыя цалкам посцяць (гэта называецца нірджала экадашы). Усе адданыя павінны ўнікаць наступнай ежы ў экадашы: усякае зерне (пшаніца, рыс і г. д.), дал, гарох, фасоля і бабы, семя гарчыцы; вытворныя з гэтых прадуктаў (пшанічная мука, гарчычны, соевы ці бабовы алей і г. д.); харчовыя кампаненты, якія ўтрымліваюць гэтыя прадукты (напрыклад, трэба быць асцярожнымі ў выкарыстанні парашковых спецый, бо, калі яны змяшаныя з мукой, іх нельга ўжываць у экадашы)».

 

Дравіда прабху, паважаны навукоўца-адданы, кідае выклік старой ідэі пра тое, што, калі вы парушылі экадашы цягам году, вы можаце выправіць гэта, трымаючы поўны пост у дзень Пандава нірджала экадашы (так робяць некаторыя адданыя). У сваім артыкуле ён піша, што наконт аспекту нірджала Пандава экадашы Шрыла Прабхупада ніякіх настаўленняў не даваў, што на самай рэчы Шрыла Прабхупада казаў наступнае: «У дзень экадашы ніякай раскошнай ежы. Проста вы прымаеце трохі садавіны і кветак. Імкніцеся ўнікаць і гэтага. Нават вады не піце. Гэта сапраўдны экадашы. Але, калі мы не можам выконваць гэтага (у Калі-югу час іншы), нам дазваляецца есці трохі садавіны і малака».

У другім артыкуле Дравіда прабху даводзіць, што ні ў святых пісьмах (беспасярэдне ў Хары-бхакці-віласе, кіраўніцтве па практыцы адданага служэння, складзеным Санатанам Госвамі), ні ў настаўленнях Шрылы Прабхупады, няма ніякіх падстаў для той ідэі што, калі чалавек трымае поўны пост на Пандава нірджала экадашы, гэта нейтралізуе ўсякія нядобрыя наступствы ад парушэння экадашы за папярэдні год. Экадашы – сур’ёзная рэч. Калі мы выпадкова парушаем экадашы, мы можам трымаць яго на наступны дзень. Што да строгага выканання Пандава нірджала экадашы, без вады, то гэта асабістая справа кожнага адданага, у залежнасці ад ягоных ці ейных мажлівасцяў».

 

Калі мы кажам пра дасягненне Абсалюта, то трэба пагадзіцца выконваць пэўную тапасью. А інакш, дасягненне Абсалюта немагчыма. Пачатковую сціплую тапасью. Такую як экадашы. Экадашы – таксама тапасья. У дні экадашы мы адмаўляемся ад ежы, нават не п’ём вады. Аднак у нашай супольнасці мы не трымаемся такіх строгіх правіл. Мы кажам: «У экадашы не трэба есці збожжавых. Можна з’есці крыху садавіны, выпіць малака». Гэта тапасья.

(З лекцыі па «Шрымад-Бхагаватам», 3.12. 19, 3 сакавіка 1975, Далас, Тэхас, ЗША).

 

Тамала Крышна: Кажуць, што экадашы – гэта неспрыяльнае спалучэнне планет, і таму трэба больш паўтараць Харэ Крышна, каб нейтралізаваць негатыўны эфект.

Прабхупада: (смяецца) Не-не. Экадашы вельмі спрыяльны. А паўтарэнне больш эфектыўнае. Так.

Тамала Крышна: Я памятаю, аднойчы вы сказалі, што ўсе вашыя ініцыяваныя вучні павінны паўтараць мінімум дваццаць пяць кругоў.

Прабхупада: Мінімум.

Тамала Крышна: Мінімум у гэты дзень. Ці павінны мы выконваць гэтае правіла ўва ўсіх нашых храмах?

Прабхупада: Мы паўтараем шаснаццаць кругоў.

Тамала Крышна: Не, я маю на ўвазе, у экадашы.

Прабхупада: О, так. У экадашы вы маеце проста паўтараць. Іншага занятку няма. Нірджала.

Тамала Крышна: Ніякага казання? Ці павінны яны выходзіць на казанне?

Прабхупада: Не, гаворка не ідзе пра людзей, якія прапаведуюць. Я кажу пра людзей, якія проста бавяць час ці... (смяецца)... Правіла адно – прапаведаваць. Проста прапаведаваць. Калі чалавек заняты казальнай дзейнасцю, гэта выдатна. ...Не я гэта прыдумаў, але мой Гуру Махарадж... Калі Мадхава Махарадж быў брахмачары, яго называлі Хаягрыва. Яму трэба было кудысьці паехаць, але ён захварэў. Гуру Махараджу паведамілі пра гэта і сказалі: «Сёння экадашы. Ён не можа есці звычайную ежу (з зерня)». І Гуру Махарадж сказаў: «Не. Зараз жа накарміце яго, і хай ён едзе».

Рэвацінанда: Каб прапаведаваць.

Тамала Крышна: Махарадж усім ахвяраваў дзеля казання.

(З гутаркі ў час ранішняй прагулкі, 5 ліпеня 1975, Чыкага).

 

Тамала Крышна: Ініцыяваныя адданыя заўсёды павінны паўтараць у экадашы дваццаць пяць кругоў.

Прабхупада: Ініцыяваныя? Кожны. Чаму ініцыяваныя?

Тамала Крышна: Такі мае быць стандарт для нашага руху ў дзень экадашы?

Прабхупада: Стандарт – шаснаццаць кругоў, але калі чалавек здольны паўтараць больш, то гэта выдатна.

Тамала Крышна: Гэта не ёсць патрабаваннем.

Джаяпатака: Рэкамендацыя.

Прабхупада: Не. Экадашы прадугледжвае пост і паўтарэнне.

Тамала Крышна: Часам я стаўлю сабе пытанне... Бо нашыя людзі павінны займацца распаўсюджваннем кніг.

Прабхупада: Не, не. Гэта таксама казанне. У інтарэсах казання можна адмаўляцца ад посту, але ў цэлым, той, хто не прапаведуе, той мае паўтараць.

(З гутаркі ў час ранішняй прагулкі, 11 лютага 1976, Маяпур).

 

...Але калі яны развіваюць свядомасць Крышны, гэта аўтаматычна будзе «не». Таму не прыўносце мноства «не», але давайце ім пазітыўнае жыццё. Тады аўтаматычна паўстануць «не». А калі вы кажаце, «не», то ўнутры будзе змаганне. Гэта псіхалогія. Пазітыўная далучанасць у адданае служэнне. Калі іх вабіць адданае служэнне, то іншыя з’явы будуць аўтаматычна «не». Paraṁ dṛṣṭvā nivartate... Як дзень экадашы. У дзень экадашы мы посцім. Шматлікія пацыенты ў шпіталі таксама посцяць. Але пры гэтым думаюць: «Дай мне волю, і я наемся». Аднак адданыя добраахвотна кажуць «не». І адданыя, і хворыя посцяць. І тут адмова, і там адмова, але ёсць розніца. Paraṁ dṛṣṭvā nivartate. Свядомасць Крышны не прызначаная для шырокіх мас. Аднак калі частка людзей будзе весці ідэальнае жыццё, то масы прымуць гэта. У наш час, такіх ідэальных людзей няма. У гэтым грамадстве паўсюль махляры, дэманы, бандыты. Няма ідэальных людзей. Усе палітыкі, навукоўцы, лідары – п’яніцы ды распуснікі. Як яны могуць весці за сабою людзей? Палітыкі прамаўляюць пышлівыя прамовы ў ААН. А потым вяртаюцца ў свае гатэлі, дзе іншыя распуснікі танцуюць і п’юць. Вось і ўсё. Увесь палітык. Хіба не? Што зробіць такі палітык? Ён здольны толькі прамаўляць гучныя словы, не больш. А ягоныя маральныя якасці? У сучасным грамадсве няма годных людзей. Ці здатныя яны напраўду ацаніць нашыя абмежаванні?

(З гутаркі 31 ліпеня 1976, Новы Маяпур (ферма ў Францыі)).

 

Д-р Патэль: Вайшнаўскае пакланенне лягчэй, чым працэс, пры дапамозе якога ёгі ачышчаюць розум. Бо тут розум залучаецца да Самога Госпада. Гэта... Мы называем гэтую з’яву самадхі.

Прабхупада: Paraṁ dṛṣṭvā nivartate. Скажам, адзін чалавек трымае экадашы, посціць. Пацыент у шпіталі таксама посціць. Яны абодва посцяць, але гэта розныя з’явы.

Д-р Патэль: Пост усіх пачуццяў і выкарыстанне іх у звязку з Богам.

Прабхупада: Дзеля задавальнення Крышны. А ў іншым выпадку, чалавек посціць, але застаецца жаданне. Paraṁ dṛṣṭvā nivartate. Калі вы развіваеце вышэйшы густ, калі вы адмаўляецеся ад рознае лухты дзеля вышэйшага густу, то гэта пазітыўнае дасягненне.

Д-р Патэль: Экадашы... паводле Пуранаў ды іншых крыніц, усе адзінаццаць пачуццяў трэба адасобіць ад іхных аб’ектаў...

Прабхупада: Не, у перыяд экадашы гэта адбываецца натуральна.

(З гутаркі 5 студзеня 1977, Бамбей).

 

Вось як… Усё апісана ў «Бхагавад-гіце». Як у шпіталі. У шпіталі могуць знаходзіцца розныя пацыенты; у дзень экадашы яны нічога не ядуць. Ці азначае гэта, што яны трымаюць экадашы? Такі хворы проста апантаны: «Калі я пад’ем, калі я пад’ем, калі я пад’ем?» Аднак гэтыя вучні добраахвотна адмаўляюцца ад ежы. Мы не кажам, што трэба цалкам адмаўляцца ад ежы. Трохі садавіны, трохі кветак. Вось і ўсё. Таму, paraṁ dṛṣṭvā nivartate. Нібы дзіцё – яно есць усё, што трапляе яму ў рукі. Калі даць яму больш смачны ласунак, то ён выкіне стары і возмецца за новы. У свядомасці Крышны гаворка ідзе пра лепшы занятак, лепшае жыццё, лепшую філасофію, лепшую свядомасць – пра ўсё лепшае. Таму вучні могуць адмовіцца ад грэшнай дзейнасці і прагрэсаваць у свядомасці Крышны.

(З лекцыі па «Шрымад-Бхагаватам», 1.8. 30, 22 красавіка 1973, Лос-Анджэлес).

 

Прабхупада: О, так. Гародніна, садавіна, трохі малака – самая сціплая ежа. Вось і ўсё. Калі вы не ясцё зерня, то гэта нават лепш. Лепш. Гародніна, садавіна і малако – гэтага дастаткова. Сілкуючыся так, чалавек застрахаваны ад хвароб. Аднак мы, патураючы языку, ямо мноства вараных прадуктаў. Але калі мы станем есці гародніну, вараную гародніну, а таксама садавіну, і піць малако, то гэтага будзе цалкам дастаткова. Экадашы. (смяецца) Кожны дзень – экадашы.

(З гутаркі 22 жніўня 1976, Хайдэрабад).

Чаму даты экадашы ў розных крыніцах адрозніваюцца?

Усе людзі вельмі індывідуальныя, таму кожны чалавек мае і здольны самастойна прынімаць найлепшы для сябе спосаб дзеяння. У «Бхагавад-гіце» Крышна, які хоць і знаходзіўся побач з Арджунам, раіў таму абдумаць Ягоныя рэкамендацыі і дзейнічаць паводле ўласнага разумення. Тым самым Крышна паясніў, што загадам выступаюць толькі наказы Госпада знутры.

У якіх жа выпадках паводле методыкі ІСККОН трыманне посту экадашы пераносіцца на наступны дзень (двадашы)? Экадашы трымаюць у сонечныя суткі, на якія выпадаюць пэўныя месяцовыя суткі. Месяцовыя суткі на ўсёй нашай планеце пачынаюцца адначасова (бо кутняя адлегласць паміж Месяцам і Сонцам вылічваецца адносна ўсёй Зямлі), але згодна з сонечным календаром — не абавязкова ўсюды ў адзін і той жа час (дзень). Сонечныя суткі вызначаюцца рухам сонца, яны ідуць ад світання аднаго дня да світання наступнага дня. Але месяцовыя суткі з сонечнымі часта не супадаюць і для розных рэгіёнаў пачынаюцца ў розны час, таму існуе правіла супастаўлення гэтых сутак. Месяцовыя суткі, якія ідуць у момант узыходу сонца, даюць назву дадзеным сонечным суткам. Напрыклад, калі сёння ў момант узыходу сонца ўжо ідзе 11 ці 26 месяцовы дзень (экадашы), то гэтыя сонечныя суткі (ад світання да світання) называюцца экадашы, нават калі пасля ўзыходу сонца гэты 11 ці 26 месяцовы дзень будзе доўжыцца ўсяго толькі некалькі хвілін. Але калі пэўныя месяцовыя суткі пачаліся ўжо пасля ўзыходу сонца, то выкананне зарокаў пераносіцца на наступны дзень.

Для выканання зарокаў экадашы лічыцца спрыяльным той 11 ці 26 месяцовы дзень, які пачаўся да брахма-мухурты (арунадаі), то бок мінімум за 96 хвілін да ўзыходу сонца. Калі ж 11 ці 26 месяцовы дзень пачынаецца падчас брахма-мухурты ці ўжо пасля ўзыходу сонца, то пост рэкамендуецца трымаць не ў гэты дзень, а на наступны, ужо ў двадашы (12 ці 27 месяцовы дзень).

Існуе яшчэ некалькі прычын, якія сустракаюцца радзей, і з якіх пост пераносіцца на двадашы. У гэтым выпадку такі 12 ці 27 месяцовы дзень называецца махадвадашы. Гэтыя прычыны звязаныя з часам узыходу сонца і месяца, з асаблівымі днямі маладзіка і поўні, і са знаходжаннем месяца ў пэўных сузор’ях месяцовага задыяка. Усяго такіх варыянтаў махадвадашы восем. У розных традыцыях гэтыя дні часам не супадаюць, таму нехта трымае пост менавіта ў 11 ці 26 месяцовыя дні, незалежна ад таго, ці перакрывае экадашы ўзыход сонца ў дадзеным рэгіёне ці не, і незалежна ад іншых астралагічных прычын.

Тым самым, не існуе аднаго правільнага рэцэпта для ўсіх. Рашэнне калі і якім парадкам трымаць экадашы (ці ўвогуле не трымаць) кожны чалавек прымае для сябе сам.

Крыніца: harekrishnazp.info
Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, лістапад 2022
Навігацыя: