14. Ступені бхакці. Вучэнне пра расы

img

Істотная частка традыцыйнай вайшнаўскай літаратуры прысвечана бхакці. Ёсць мноства тэкстаў, дзе вельмі падрабязна распрацоўваецца філасофія бхакці, а таксама вучэнне пра бхакці як пра духоўны шлях. Найважнейшыя з іх, як ужо згадвалася, «Бхакці-расамрыта-сіндху» і «Удджвала-ніламані» Рупы Госвамі, а таксама «Хары-бхакці-віласа» Санатаны Госвамі. Мы спынімся толькі на самых галоўных характарыстыках шляху бхакці.

 

Увесь шлях бхакці падзяляецца на дзве ступені: садхана-бхакці і рагатміка-бхакці. Садхана-бхакці (садхана – «дасканаленне») дапускае паступовае духоўнае развіццё ў пэўнай паслядоўнасці. Садхана-бхакці падзяляецца на вайдхі-бхакці і рагануга-бхакці. Вайдхі-бхакці (вайдхі – «звязаны з правіламі, рытуалам») прызначана для чалавека, які, хоць і абраў для сябе гэты шлях, але тым не менш пакуль яшчэ прывязаны да матэрыяльнага і таму павінен паводзіцца ў духоўным жыцці розумам, а не сэрцам, г. зн. не можа здзяйсняць служэнне Крышну проста з любові, а змушаны выконваць яго паводле правіл. Дзеля таго, каб такі чалавек змог развіць у сабе натуральную схільнасць да служэння Крышну, ягонае духоўнае жыццё павінна скіроўвацца наказамі святых тэкстаў і настаўленнямі гуру.

 

Шры Чайтанья вылучаў наступныя важныя элементы вайдхі-бхакці: трэба пасяліцца ў адным са святых месцаў, напрыклад, у Матхуры (месца з’яўлення Крышны), рэгулярна паўтараць і спяваць імёны Крышны, вывучаць «Бхагавата-пурану», пакланяцца шры мурці – выяве Крышны ў храме і камунікаваць з іншымі вайшнавамі. Існуюць і больш дэталізаваныя настаўленні.

 

Такая рэгламентацыя патрэбна дзеля таго, каб чалавек змог зацвердзіцца на гэтым шляху, і каб у ягоным сэрцы пачала абуджацца любоў да Бога. Тады ён ступае на шлях рагануга-бхакці (рага-ануга – літар. «якая ідзе ўслед за любоўю»), шлях спантаннай адданасці. Хоць гэты этап дапускае тыя ж самыя дзеянні, адрозненне яго ў тым, што здзяйсняюцца яны, хоць і паводле правіл, але ўжо без усялякага валявога высілку ці прымусу, не з пачуцця абавязку, а проста з любові, цалкам натуральным спосабам. Так чалавек рыхтуе сябе да другой, вышэйшай ступені – рагатміка-бхакці (рага-атміка – літар. «тая, што ёсць любоўю ў існасці»). Рагатміка-бхакці ёсць ачынцья і можа быць зразумета толькі тым, хто сам здолеў дасягнуць такой жа дасканаласці, таму апісанні гэтай стадыі ў кнігах ачар’яў эзатэрычныя і насычаны метафарамі. Іста рагатміка-бхакцікрышна-прэма, чыстая любоў да Крышны. Галоўнае ейнае адрозненне ад пачатнай ступені ў тым, што ўсе дзеянні бхакты здзяйсняюцца вылучна з любові і зусім не рэгулююцца ніякімі нормамі і правіламі.

 

Звонку рагатміка-бхакці праяўляецца як вялікае натхненне, эмацыйны ўздым, рэлігійны экстаз. Гэтаму ўзроўню характэрна сталая сканцэнтраванасць на Богу і абсалютная паглынутасць служэннем Яму. Тыя, хто дасягнулі ўзроўню рагатміка-бхакці, цалкам пераадольваюць уладу маі і вяртаюцца ў Трансцэндэнтны свет Крышны.

Вучэнне пра расы

Шры Чайтанья і Ягоныя паслядоўнікі надавалі вялікае значэнне вучэнню пра расы ці «густы» любоўных стасункаў жывой істоты і Бога (На беларускую мову слова «раса» перакласці даволі складана. Прыкладнае значэнне «тыпы, віды» і да т. п. Рускае слова «вкусы» больш пасуе, таму мы пакідаем ягоны наўпроставы пераклад – «густы»). Гэтае паняцце, што выкарыстоўваецца таксама ў традыцыйнай індыйскай паэтыцы, знаходзіць зусім асаблівы сэнс у вайшнавізме, дзе яно пазначае модус бхакці. Расы характарызуюць розныя тыпы стасункаў з Крышнам і адпаведных ім эмацыйных станаў, якія бхакта развівае на стадыі рагатміка-бхакці (уласна кажучы, гаворка тут ідзе нават не пра развіццё, а пра аднаўленне жывой істотай тых індывідуальных рыс, якія ўласцівыя ёй як вечнай насельніцы трансцэндэнтнага свету і якія да часу былі ўтоены ад яе самой праз уплыў маі).

 

Усяго налічваецца дванаццаць рас – пяць асноўных і сем дадатковых. Асноўныя расы: нейтральная (шанта), служэння (дасья), сяброўская (сакх’я), бацькоўская (ватсалья) і шлюбная (мадхур’я – літар. «салодкая»). Дадатковыя: смех, здзіўленне, гераізм, страх і г. д. Кожная з асноўных рас выяўляе ступень блізкасці стасункаў з Крышнам, дадатковыя расы і іхныя спалучэнні ствараюць асаблівую эмацыйную афарбоўку асноўных рас. Блізкасць да Крышны праяўляецца ступенню айшвар’і і мадхур’і. Чым бліжэй стасункі, тым менш бхакта ўспрымае веліч і магутнасць Крышны (айшвар’я), і тым больш у гэтых стасунках інтымнасці і саладосці (мадхур’я). Самыя «далёкія» стасункі – шанта-раса: бхакта ўсхваляе Крышну, пакланяецца Яму, але пры гэтым заўсёды знаходзіцца на некаторай адлегласці, бо працягвае адчуваць глыбокую пашану і нават некаторы страх перад Ім. Потым ідзе дасья-раса – тут пабожнасці ўжо менш і бхакта можа наўпроста служыць Госпаду, потым сакх’я-раса, дзе пашана настолькі змяншаецца, што бхакта можа выяўляць у дачыненні да Крышны сяброўскую бесцырымоннасць, яшчэ бліжэй – ватсалья-раса, для якой характэрна стаўленне да Крышны як да дзіцяці, жаданне клапаціцца пра Яго, бараніць Яго, і нарэшце мадхур’я-раса, калі стасункі з Богам робяцца стасункамі закаханых.

 

Ачар’і, апісваючы расы, прыводзяць мноства прыкладаў з розных тэкстаў, асабліва са знакамітай Дзясятай Скандхі «Бхагавата-пураны», дзе расказваецца пра крышна-лілу. Так, прыкладам сяброўства ёсць поўныя весялосці і свавольства стасункі Крышны і врындаванскіх хлапчукоў-пастушкоў, бацькоўскіх – стасункі Крышны з Ягонай прыёмнай маці Яшодай, якая ўважала Крышну за сваё дзіцё і нават часам карала Яго за свавольствы, шлюбных – стасункі Крышны і гопі, врындаванскіх пастушак, якія начамі ўцякалі на спатканне з Крышнам. (Усе гэтыя сюжэты крышна-лілы дагэтуль надзвычайна папулярныя ў індыйскім мастацтве. Гэтай папулярнасцю яны абавязаны ў значнай ступені бенгальскаму вайшнавізму).

 

Прыкладам найвышэйшай дасканаласці мадхур’я-расы ёсць стасункі Крышны і Радхі, якім прысвечана мноства філасофскіх і паэтычных твораў ачар’яў. Аднак трэба разумець, што раса – паняцце эзатэрычнае і прадугледжвае нешта, што ніякай мовай выказаць немагчыма, і гаворка тут у нейкім сэнсе ідзе пра метафару, праўдзівае значэнне якой можа быць зразумета толькі тым, хто сам развіў з Богам такія дачыненні. Таму, напрыклад, тое, што на пабытовым плане можа быць успрынята як любоўны і нават эратычны сюжэт, для вайшнаўскіх ачар’яў, якія строга выконвалі, між іншым, зарок бясшлюбнасці, складала запаветную таямніцу быцця, якая не мае нічога агульнага з пабытовымі рэчамі, тым больш з эротыкай.

Іманентная прырода крышна-прэмы

Паводле слоў Шры Чайтаньі, якія прыведзены ў «Шры Чайтанья-чарытамрыце» (Мадх’я-ліла 22.107) «вечную дасканалую любоў да Крышны (крышна-прэму) не трэба ўзгадоўваць адумысля. Яна абуджаецца сама сабой у свядомасці, ачышчанай слуханнем». Крышна-прэма ўласцівая жывой істоце спрадвечна і ёсць ейнай пара-дхармай – асноўнай і неад’емнай характарыстыкай. Крышна-прэма – прад-дадзенасць у дачыненні да свядомасці і да ўсяго, з чым сустракаецца ў жыцці жывая істота, таму свядомасць джывы – поўная любові свядомасць, а жыць у найвышэйшым сэнсе гэтага слова – значыць любіць Бога. Прэма – любоў абсалютна бескарыслівая, ахвярная, якая цалкам забывае сябе. Але ў матэрыяльным свеце любоўная свядомасць пакрываецца матэрыяльнай абалонкай, і тады прэма праяўляе сябе ў абліччы камы. Кама – пажадлівасць, якая прагне прысвойваць і загадваць. Пры гэтым у сваёй існасці кама – гэта памылкова скіраваная і афарбаваная эгаізмам прэма. Бхакці – ажыццяўленне прэмы. Бхакці мае экстатычны характар і праяўляецца ў выглядзе актыўнасці закаханага, якая скіравана на задавальненне свайго ўмілаванага. Модусамі гэтай актыўнасці ёсць спалучэнні асноўных і дадатковых рас, якія маюць незлічонае мноства адценняў. Дзякуючы гэтаму ў кожнай жывой істоты ў Трансцэндэнтным свеце свае ўласныя непаўторныя стасункі з Крышнам, які цешыцца гэтымі дачыненнямі і на знак падзякі Сваім слугам, скораны іхнай любоўю, даруе ім найвялікшую асалоду прэмы (прэмананду). Бхакці нагэтулькі моцная і магутная, што Сам Бог скараецца ёй. З любові да Сваіх бхактаў Крышна згаджаецца граць ролю іхнага дзіцяці, сябра і нават слугі (напрыклад, падчас бітвы на поле Курукшэтра, апісанай у «Махабхараце», Крышна быў каляснічым Арджуны і выконваў усе ягоныя загады).

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, снежань 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: