МАНТРА ШАСНАЦЦАТАЯ

पूषन्नेकर्षे यम सूर्य प्राजापत्य व्यूह रश्मीन् समूह तेजः।
यत्ते रूपं कल्याणतमं तत्ते
पश्यामि योऽसावसौ पुरुषः सोऽहमस्मि॥१६॥
pūṣann ekarṣe yama sūrya prājāpatya
vyūha raśmīn samūha tejo
yat te rūpaṁ kalyāṇa-tamaṁ tat te paśyāmi
yo ’sāv asau puruṣaḥ so ’ham asmi

Паслоўны пераклад

pūṣan — о захавальнік; eka-ṛṣe — о спрадвечны філосаф; yama — рэгулявальны прынцып; sūrya — канчатковая мэта сураў (вялікіх адданых); prājāpatya — зычлівец праджапаці (прабацькоў чалавецтва); vyūha — літасціва прыбяры; raśmīn — промні; samūha — літасціва адвядзі; tejaḥ — ззянне; yat — так, каб; te — Твая; rūpam — форма; kalyāṇa-tamam — найспрыяльная; tat — якую; te — Тваю; paśyāmi — я мог бы бачыць; yaḥ — той, хто; asau — падобны да сонца; asau — той; puruṣaḥ — Вярхоўны Бог-Асоба; saḥ — я сам; aham — я; asmi — ёсць.

Пераклад

О мой Госпад, о спрадвечны філосаф, захавальнік сусвету, о рэгулявальны прынцып, канчатковая мэта чыстых адданых, дабрадзей прабацькоў чалавецтва! Калі ласка, адвядзі ззянне Сваіх трансцэндэнтных промняў, каб я змог убачыць Тваю споўненую асалоды форму. Ты – вечны Вярхоўны Бог-Асоба, падобны да сонца, як і я.

Каментар

Сонца і ягоныя промні якасна адзіныя. Аналагічна гэтаму, Госпад і жывыя істоты якасна не адрозніваюцца адно ад аднаго. Сонца адно, а колькасць часцінак, з якіх складаюцца ягоныя промні, бясконца. Сонечныя промні складаюць частку Сонца, Сонца ж разам са сваімі промнямі і ёсць уласна Сонцам. Планета Сонца – сядзіба бога Сонца, і, аналагічна гэтаму, найвышэйшая духоўная планета, Галока Врындавана, якая вылучае ззянне брахмадж’ёці, – сядзіба Госпада, дзе Ён атрымлівае асалоду ад Сваіх вечных гульняў. Гэта пацвярджаецца ў «Брахма-самхіце» (5.29):

cintāmaṇi-prakara-sadmasu kalpa-vṛkṣa-
lakṣāvṛteṣu surabhīr abhipālayantam
lakṣmī-sahasra-śata-sambhrama-sevyamānaṁ
govindam ādi-puruṣaṁ tam ahaṁ bhajāmi

«Я пакланяюся Говінду, адвечнаму Госпаду, прабацьку ўсіх жывых істот, які пасе кароў, што выконваюць усе жаданні, і жыве ў сядзібе з філасофскага каменя, атачонай дрэвамі жаданняў. Там Яму з любоўю і глыбокай павагай служаць сотні і тысячы багінь росквіту».

 

У «Брахма-самхіце» гаворыцца, што брахмадж’ёці становіць сабой промні, якія вылучае найвышэйшая планета духоўнага свету, Галока Врындавана, аналагічна сонечным промням, якія вылучаюцца планетай Сонца. Пакуль чалавек не пранікне праз заслону асляпляльнага ззяння брахмадж’ёці, ён не зможа нічога даведацца пра валадарства Госпада. Аслепленыя ззяннем брахмадж’ёці, філосафы-імперсаналісты не могуць зразумець ні сядзібы Госпада, ні Ягонай трансцэндэнтнай формы. Брак ведаў замінае ім зразумець споўненую асалоды трансцэндэнтную форму Госпада Крышны. Вось чаму ў гэтай малітве «Шры Ішапанішад» звяртаецца да Госпада з просьбай адвесці асляпляльнае ззянне брахмадж’ёці і даць магчымасць чыстаму адданаму ўбачыць Ягоную чароўную трансцэндэнтную форму.

 

Усведамляючы безасабовае брахмадж’ёці, чалавек на досведзе адчувае спрыяльны аспект Усявышняга. Усведамляючы Параматму, ці ўсёпранікальную асаблівасць Госпада, адчувае яшчэ больш спрыяльнае прасвятленне. Але, наўпрост сустрэўшыся з Вярхоўнай Асобай Бога, адданы адчувае самую жыватворную форму праяўлення Усявышняга. Найвышэйшую Праўду ў гэтай мантры называюць першасным філосафам, захавальнікам і дабрадзеем сусвету, таму Яна ніяк не можа быць безасабовай. Такая выснова «Шры Ішапанішад». Слова пушан («захавальнік») асабліва важнае, бо, захоўваючы ўсе жывыя істоты, Госпад праяўляе асаблівы клопат пра Сваіх адданых. Перасягнуўшы безасабовае брахмадж’ёці і сузіраючы асабовы аспект Госпада і Ягоную найбольш спрыяльную вечную форму, адданы спасцігае Абсалютную Праўду ў поўнай меры.

 

У сваёй кнізе «Бхагават-сандарбха» (3.1.3-6) Шрыла Джыва Госвамі кажа: «У поўным аб’ёме Абсалютную Праўду спасцігаюць, усведамляючы Асобу Бога, таму што Госпад усёмагутны і валодае ўсімі трансцэндэнтнымі энергіямі. Усведамленне брахмадж’ёці не прадугледжвае поўнага разумення энергій Абсалютнай Праўды, значыцца, усведамленне Брахмана – гэта толькі частковае ўсведамленне Асобы Бога. О дасведчаныя мудрацы, першы склад слова бхагаван (бха) мае два значэнні: першае – «той, хто забяспечвае ўсім патрэбным», другое – «абаронца». Другі склад (га) азначае «праваднік», «уладар» ці «творца». Склад ван паказвае на тое, што ўсе істоты знаходзяцца ў Ім, а Ён знаходзіцца ў кожнай істоце. Інакш кажучы, слова бхагаван азначае бязмежныя веды, уладу, энергію, багацце, сілу і ўплыў, у якіх няма ні кроплі матэрыяльнай брыдоты».

 

Госпад цалкам падтрымлівае Сваіх чыстых адданых і паступова вядзе іх да дасканаласці адданага служэння. Як уладар Сваіх адданых Ён урэшце ўзнагароджвае іх жаданым плёнам адданага служэння, даруючы ім Сябе. З беспрычыннай ласкі Госпада адданыя атрымліваюць мажлівасць бачыць Яго. Тым самым Госпад дапамагае Сваім адданым дасягнуць найвышэйшай духоўнай планеты, Галокі Врындаваны. Будучы творцам, Госпад можа надарыць Свайго адданага ўсімі патрэбнымі якасцямі, каб той мог у выніку дасягнуць Яго. Госпад – прычына ўсіх прычын. Іншымі словамі, як няма прычыны ўзнікнення Самога Госпада, Ён Сам ёсць першаснай прычынай усяго існага. Такім парадкам, Ён атрымлівае асалоду ад Самога Сябе, выяўляючы Сваю ўнутраную энергію. Вонкавая энергія не ёсць Ягонай непасрэднай праявай, бо Ён распаўсюджвае Сябе ў Свае экспансіі (пурушы) і ў гэтых формах падтрымлівае матэрыяльную праяву. Праз гэтыя экспансіі Ён стварае, падтрымлівае і знішчае касмічную праяву.

 

Жывыя істоты таксама ёсць аддзеленымі экспансіямі Асобы Бога, і, раз ужо некаторыя з іх жадаюць панаваць, пераймаючы Вярхоўнаму Госпаду, Ён дазваляе ім увайсці ў касмічнае стварэнне, каб яны маглі цалкам задаволіць сваё жаданне панаваць. Бытнасць неад’емных часцінак Госпада, жывых істот, прыводзіць праяўлены свет у рух, запускаючы механізм дзеянняў і рэакцый. Такім парадкам, жывым істотам даюцца ўсе магчымасці панаваць над матэрыяльнай прыродай, але сапраўдным уладаром застаецца Сам Госпад у форме Сваёй поўнай праявы, Параматмы (Звышдушы), якая ёсць адной з пуруша-экспансій.

 

Напраўду, паміж жывой істотай (атмай) і Вярхоўным Госпадам (Параматмай), гэта значыць паміж душой і Звышдушой, велізарная розніца. Параматма пануе, а атма падуладная, таму яны адносяцца да розных катэгорый. Але, таму што Параматма цесна звязана з атмай, Яе называюць заўсёдным спадарожнікам жывой істоты.

 

Усёпранікальны аспект Госпада, які існуе ўва ўсіх станах (няспання, сну, а таксама ў патэнцыйным (непраяўленым) стане) і які спараджае джыва-шакці, жыццёвую сілу, у форме як абумоўленых, так і вызваленых душаў, называюць Брахманам. Госпад ёсць крыніцай як Параматмы, так і Брахмана, значыцца, урэшце ўсе жывыя істоты, усё існае выходзіць з Яго. Той, хто зразумеў гэта, адразу прысвячае сябе адданаму служэнню Госпаду. Такі чысты адданы Госпада, які валодае поўнымі ведамі, прывязаны да Яго ўсім сэрцам. І калі такія адданыя збіраюцца разам, яны не займаюцца нічым іншым, акрамя ўслаўлення трансцэндэнтных дзеяў Госпада. Тыя, хто не дасягнуў узроўню дасканаласці чыстых адданых і спазнаў толькі праяўленні Госпада ў выглядзе Брахмана ці Параматмы, не здольныя зразумець сэнс дзеянняў дасканалых адданых. Госпад Сам дапамагае чыстым адданым, укладаючы патрэбнае веданне ў іхныя сэрцы. Выказваючы асаблівую прыхільнасць да Сваіх адданых, Ён рассейвае ўсю цемру невуцтва. Спекулятыўныя філосафы і ёгі не могуць сабе гэтага ўявіць, бо ў большай ці меншай ступені залежаць ад уласных здольнасцяў і намаганняў. Як сказана ў «Катха-ўпанішад» (1.2.23), Госпада можа спазнаць толькі той, хто заслужыў Ягоную ласку, і ніхто іншы. Госпад даруе гэтую асаблівую ласку толькі Сваім чыстым адданым. Такім парадкам, у гэтай мантры «Шры Ішапанішад» гаворка ідзе пра ласку Госпада, якую не можа праявіць брахмадж’ёці.

Навігацыя: