11. Закон кармы. Самсара

img

Хаця жывая істота ўвесь час імкнецца знайсці шчасце і ўнікнуць пакут, тым не менш прыход і сыход шчасця і няшчасця не залежаць ад ейных высілкаў, яны наступаюць як бы самі сабою, падобна да прыходу-сыходу зімы і лета. Здаецца, што гэта адбываецца як бы пад уплывам злой волі лёсу без усялякае заканамернасці, цалкам адвольна. Але гэтая адвольнасць на самай рэчы толькі ўяўная, бо і шчасце і пакуты ёсць ні чым іншым, як плёнамі паступкаў, зробленых джывай у мінулым. Надзяляецца гэтымі плёнамі жывая істота згодна з законам кармы.

 

Вучэнне пра карму ў бенгальскіх вайшнаваў не адрозніваецца прынцыпова ад вучэнняў іншых школ тэістычнае веданты. У шырокім сэнсе карма азначае дзеянне ўвогуле, а ў філасофскім сэнсе – дзеянне як прычыну, якая заўсёды спараджае іншае дзеянне, ці ў дачыненні да свету – усёагульны прынцып прычыннасці, паводле якога лёсы ўсіх жывых істот у Сусвеце злучаныя між сабою, а таксама з іхнымі дзеяннямі ў мінулым. Паводле Баладэвы Відзьябхушаны закон кармы сляпы (адрышта) і не мае пачатку (анадзі).

 

Закон кармы разумее дзеянне як учынак, яго этычны бок, бо тут дзеянне атрыбутуецца чалавеку і таму мае тую ці іншую маральную афарбоўку. Маральная ацэнка ўчынку не адвольная, яна мусіць адпавядаць дхарме – у дадзеным выпадку закону, які наказвае чалавеку маральныя нормы паступкаў, а таксама ягоны абавязак у дачыненні да Бога і іншых істот. У залежнасці ад таго, адпавядае ці не адпавядае ўчынак дхарме, ён заўсёды апроч наўпростага выніку мае і нейкі іншы вынік, які не праяўляецца адразу, а адкладаецца ў выглядзе «насення», выспявае і толькі пасля прыносіць «плён», які можа аказацца поўнаю нечаканасцю для выканаўцы. Такія «плёны» мінулых дзеянняў накладаюцца на наўпростыя вынікі ўчынкаў і могуць або ўзмацняць іх, або цалкам зводзіць на нішто і нават прыводзіць да процілеглага выніку, тым самым прыўносіць бязладдзе ў планы чалавека і бурыць ягоныя спадзевы. Мінулыя ўчынкі – прычына таго, што мы называем лёсам, які можа быць «незаслужана» «злым» ці «добрым», а таксама розных нечаканасцяў, з якімі мы сутыкаемся ў жыцці – як шчаслівых, так і горкіх.

 

Пры дапамозе кармы ажыццяўляецца вышэйшая справядлівасць, і кожны атрымлівае паводле заслуг за зробленыя ўчынкі. Карма паказвае, што нашае жыццё не пачынаецца з нарадзінамі і не сканчаецца са смерцю, бо на працягу жыцця мы ўвесь час сустракаемся з яўнымі наступствамі ўчынкаў, зробленых намі да нарадзінаў на свет, і разам з тым не бачым вынікаў многіх учынкаў, якія мы зрабілі пры нашай памяці. Калі адкінуць закон кармы і прыняць, што нашае жыццё абмяжоўваецца знаходжаннем толькі ў адным целе, у тым, у якім мы цяпер знаходзімся, то давядзецца зрабіць выснову, што ніякае вышэйшае справядлівасці не існуе, і намі валодае напраўду адзін толькі сляпы лёс. Такім парадкам, трэба прызнаць, першае, што жывая істота не ёсць целам і адрозніваецца ад яго, а другое – што раней яна знаходзілася ў іншым целе, а пасля знікнення гэтага цела ёй наканавана адправіцца ў наступнае, дзе ёй угатаваныя плёны ейных цяперашніх дзеянняў.

 

Працэс перасялення джывы з цела ў цела называецца самсарай. Самсара («рух па коле») – вынік падзення джывы ў матэрыяльны свет. Абцяжараная кармай, жывая істота ўвесь час змяняе целы. Вандруючы ў гэтым колазвароце, яна можа прымаць як прымітыўныя целы, так і вельмі высокаразвітыя – ад цела казуркі да цела паўбога. Але ні самсара, ні карма не вечныя, і тое і іншае можа быць спыненае на волю джывы.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, снежань 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: