9. Матэрыяльны свет

img

У вайшнавізме, як і ў іншых школах веданты, вучэнне пра стварэнне матэрыяльнага свету і ягоную будову мае ў адной з даршанаў (філасофскіх дактрын) падабенства з вучэннем санкх’і – у свеце дзейнічаюць два пачаткі: пракрыці (матэрыя) і пуруша (дух). Аднак адрозненне вайшнаўскай санкх’і ў тым, што духоўны пачатак (пуруша) грае ў ёй галоўную ролю, тады як у санкх’я-даршане ягонае значэнне толькі фармальнае. Таму вайшнаўская санкх’я ёсьць у сваёй існасці тэістычным вучэннем і становіць сабою арганічны элемент усёй філасофска-тэалагічнай сістэмы вайшнавізму. Падрабязна  вайшнаўская санкх’я апісана ў Другой і Трэцяй Скандхах «Бхагавата-пураны». Кажучы пра стварэнне, мы, вядома, павінны ўлічваць, што тут гэтае паняцце адрозніваецца ад прынятага ў хрысціянстве. Так, напрыклад, у вайшнавізме Бог і свет не падзеленыя непераадольнай анталагічнай прорвай, таму што Бог, які ёсць адначасна і матэрыяльнай і мэтавай прычынай свету (упадана-карана і німітта-карана), стварае свет не «ex nihilo» (з нічога), а са Сваёй уласнай энергіі, то бок з Самога Сябе.

 

Матэрыяльная прырода не мае пачатку ў часе і існуе ў дзвюх фазах – непраяўленай (прадхана) і праяўленай (пракрыці). Прадхана не мае якасцяў, неўспрымальная, інертная, аднак яна ёсць патэнцыяй элементаў матэрыяльнага свету – бхумі (зямлі), апаса (вады), аналы (агню), ваю (паветра), кха (эфіру), манаса (розуму), буддхі (інтэлекту) і ахам-кары (падманнага «я»), а таксама трох гун (якасцяў ці модусаў матэрыяльнай прыроды) – саттвы (даброці, ведання), раджасу (жарсці, актыўнасці) і тамасу (невуцтва, інертнасці).

 

Існаванне свету мае цыклічны характар, стварэнне і знішчэнне адбываецца праз велізарныя але роўныя часовыя прамежкі. У перыяды паміж праяўленымі фазамі існуе толькі прадхана, а жывыя істоты спачываюць у сне ў целе Вішну. Пераход матэрыяльнай энергіі ў праяўленую фазу (пракрыці) і фармаванне матэрыяльнага свету пачынаецца пасля таго як Вішну апладняе прадхану, кідаючы на яе погляд. З гэтым поглядам у яе ўваходзяць жывыя істоты, несучы з сабой прагу дзейнасці, што прыўносіць у прадхану адрозніванне. Пачынаецца рух гун і ўзаемапераход іх адна ў адну, потым паступова праяўляюцца ўсе элементы – пачынаючы ад найболей тонкіх (ахам-кара, буддхі) і заканчаючы грубымі (бхумі, апас). Тады ж пачынаецца і адлік часу.

 

Час (кала) не залежыць ад матэрыі і гун, але ад яго залежыць увесь матэрыяльны свет, таму ён таксама ўважаецца за адну з праяў Бога. Час параўноўваюць з гіганцкім колам, што мае бясконцую колькасць спіц, якія сімвалізуюць часовыя прамежкі. Жывая істота ўспрымае кручэнне гэтага кола як плынь часу, адрозніваючы ў часовым струмені мінулае, сучаснасць і будучыню, а таксама адначаснасць і паслядоўнасць падзей, рух, супакой і г. д. Час уважаюць за крыніцу пакут, бо ён адбірае ўсё, да чаго жывыя істоты маюць прыхільнасць.

 

Пасля «апладнення» матэрыяльнай энергіі ўтвараецца хіранья-гарбха, касмічнае «яйка» ці «зародак», у якім элементы ўжо праяўлены, але пакуль існуюць толькі ва ўсёагульнай (з філасофскага пункта гледжання) форме. У хіранья-гарбху, усярэдзіне якой цемра, уваходзіць Сам Вішну, напаўняе яе водамі, кладзецца на іх і занураецца ў містычны сон. У сне Вішну пачынае адчуваць спачуванне да джываў, якія, не маючы матэрыяльных цел, пакутуюць ад немагчымасці задаволіць сваю прагу дзейнасці. Потым з пупка Вішну вырастае лотас, у якім нараджаецца чатырохтвары Брахма – першая істота ў Сусвеце. Брахма спрабуе адшукаць прычыну свайго з’яўлення на свет, але ягоныя спробы церпяць паразу. Тады з цемры ён чуе голас, які загадвае яму здзейсніць аскезу (тапас). У выніку аскезы Брахма разумее Абсалютную Праўду і атрымлівае ад Вішну «семя» і «план» стварэння, а таксама стваральную сілу, патрэбную для ажыццяўлення гэтага «плана».

 

На другім этапе стварэння, дзе галоўнай дзейнай асобай выступае ўжо не Вішну, а Брахма, узнікае ўся разнастайнасць формаў і станаў матэрыяльнага свету. Спачатку Брахма стварае для жывых істот розныя формы невуцтва – самападман, прадчуванне смерці, гнеў, расчараванне, пачуццё ўладання, атаесамленне з целам і забыццё сваёй сапраўднай прыроды. Такая работа выклікае ў Брахмы агіду, але ён выконвае яе без эмацыйных ацэнак, падпарадкоўваючыся волі Бога. Пасля гэтага ён стварае мудрацоў, якія павінны дапамагчы яму ў стварэнні, і боства, якое ўвасабляе мову (Вач), потым праджапаці – прабацькоў людзей. З чатырох абліччаў Брахмы з’яўляюцца чатыры Веды, потым Пураны – Пятая Веда, а таксама розныя навукі і мастацтвы. Пасля гэтага Брахма стварае розныя віды жывых істот – спачатку паўбагоў (дэваў) і дэманаў (асураў і ракшасаў), потым людзей і жывёлу.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, снежань 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: