Частка 1

Ёга, адхіленая Арджунай

Існуе шмат сістэм ёгі, якія шырока распаўсюджаны ў заходнім свеце, асабліва ў гэтым стагоддзі. Але ніводная з іх не вучыць сапраўднай дасканаласці ёгі. У «Бхагават-гіце» Шрі Крішна, Вярхоўны Бог-Асоба, непасрэдна вучыць Арджуну гэтай дасканаласці. Калі мы сапраўды жадаем удзельнічаць ва ўдасканаленні ёгі, мы павінны даведацца пра аўтарытэтныя ўказанні Вярхоўнага Госпада, дадзеныя Ім у «Бхагават-гіце».

Прыкметна, што дасканалая ёга была растлумачана пасярэдзіне поля бою. Яна выкладалася воіну Арджуне перад тым, як ён быў задзейнічаны ў братазабойскай вайне. Арджуна, паддаўшыся пачуццям, разважаў: «Чаму я павінен змагацца супраць сваіх сваякоў?» Нежаданне да барацьбы ўзнікла таму, што ён знаходзіўся ў ілюзіі, і каб знішчыць гэтую ілюзію, Шрі Крішна расказаў яму «Бхагават-гіту». Можна толькі ўявіць сабе, за які кароткі час была паведана «Бхагават-гіта». Усе воіны з абодвух бакоў ужо былі падрыхтаваны да барацьбы, і гэта адбылося вельмі хутка – самае большае, за адну гадзіну. За гадзіну была абмеркавана цэлая «Бхагават-гіта», і Шрі Крішна растлумачыў Свайму сябру Арджуне, як дасягнуць дасканаласці ва ўсіх сістэмах ёгі. У выніку гэтай вялікай размовы, Арджуна адкінуў свае сумненні і пачаў змагацца. Аднак у гутарцы, калі Арджуна пачуў тлумачэнне медытацыйнай сістэмы ёгі (як трэба сядзець, як трымаць цела, як мы павінны трымаць паўзаплюшчанымі вочы, як засяроджваць свой погляд на кончыку носа, не звяртаючы ні на што ўвагі, пры гэтым трэба знаходзіцца ў адзіноце і ў самотным месцы), ён адказаў:

йо’ йам̇ йогас твайа̄ проктах̣
са̄мйена мадхусӯдана
етасйа̄хам̇ на паш́йа̄мі
чан̃чалатва̄т стхітім̇ стхіра̄м

«О Мадхусудана, ёга, якую ты зараз пераказаў, непрактычная і непасільная для мяне, таму што мой розум вельмі неспакойны і няўстойлівы» (Бх. 6.33). Гэта важна. Трэба памятаць, што пакуль мы знаходзімся ў матэрыяльных умовах, наш розум можа ўзрушыцца ў кожны момант. Сапраўды, гэта не вельмі зручнае становішча. Мы заўсёды мяркуем, што змяніўшы сваё становішча, мы пазбавімся ад разумовага хвалявання, і калі мы дасягнем вызначанай мэты, наша хваляванне знікне. Але ад гэтага, па законах матэрыяльнага свету, вельмі цяжка пазбавіцца. Свет створаны так, што хаця мы заўсёды спрабуем вырашыць нашы праблемы, яны ніколі не вырашацца.

Не з’яўляючыся ашуканцам, Арджуна шчыра і адкрыта сказаў Крішне, што ёга, якую Ён растлумачыў, непрымальная для яго. У гэтай размове вельмі значна, што Арджуна звяртаўся да Крішны, як да «Мадхусуданы», зазначыўшы, што Госпад быў забойцам дэмана Мадху. Бог мае незлічоную колькасць імёнаў, і кожнае з іх даецца адпаведна Ягонай дзейнасці. Такім чынам, у Госпада шмат імёнаў, таму што з Ім адбываецца бязмежная колькасць розных падзей. І хаця мы толькі маленькія часцінкі Бога, нават ніхто з нас не можа прыгадаць, колькі падзей адбылося з намі з дзяцінства да сучаснага моманту. Вечны Бог бязмежны, і Яго дзеянні таксама не маюць межаў. Крішна – галоўнае імя са шматлікіх імёнаў Бога. Дык чаму ж тады Арджуна называе Яго «Мадхусуданай» у той час, калі будучы сябрам Госпада, ён можа звярнуцца да Яго як да Крішны? Адказ у тым, што тут Арджуна параўноўвае свой розум з дэманам Мадху. І калі Крішна заб’е дэмана, які завецца розум, Арджуна зможа дасягнуць дасканаласці ў ёзе. «Мой розум больш мацнейшы за дэмана Мадху, – гаворыць Арджуна, – калі ласка, забі яго, і тады я змагу выканаць усю гэтую сістэму ёгі». Розум, нават такой вялікай асобы як Арджуна, таксама ўзрушаны. Як гаворыць сам Арджуна:

чан̃чалам̇ хі манах̣ кр̣шн̣а
прама̄тхі балавад др̣д̣хам
тасйа̄хам̇ ніграхам̇ манйе
ва̄йор іва судушкарам

«Розум неспакойны, распушчаны, упарты і вельмі моцны, таму пакарыць яго, мне здаецца, цяжэй, чым утаймаваць вецер» (Бх. 6.34).

Гэта сапраўдны факт, што розум заўсёды гаворыць нам хадзі сюды, хадзі туды, зрабі гэта, зрабі тое. Ён пастаянна раіць якім шляхам мы павінны ісці. Галоўная мэта і сутнасць ёгі – гэта кіраванне ўсхваляваным розумам. І толькі пры дапамозе такой медытацыйнай сістэмы можна крыху авалодаць ім. Пры гэтым розум павінен увесь час быць засяроджаным на Звышдушы. Вось у чым мэта сістэмы ёгі. Але Арджуна гаворыць, што кіраваць сваім розумам больш складана, чым спыніць дзьмуючы вецер. Толькі паспрабуйце ўявіць чалавека, які працягвае рукі, каб спыніць ураган. Дык ці варта лічыць, што Арджуна быў проста недастаткова кваліфікаваны, каб кіраваць розумам? Сапраўды, нам немагчыма нават уявіць усіх вялікіх якасцей Арджуны, і, у рэшце рэшт, ён быў асабістым сябрам Вярхоўнага Бога-Асобы. Гэта вельмі ўзвышанае становішча, якога нельга дасягнуць таму, хто не мае дасканалай кваліфікацыі. Больш за тое, Арджуна быў вядомы як добры воін і кіраўнік. Ён быў такім разумным чалавекам, што асэнсаваў «Бхагават-гіту» за адну гадзіну, у той час як сёння, вялікія вучоныя не могуць зразумець яе нават на працягу ўсяго свайго жыцця. Тым не менш Арджуна лічыў, што не можа кіраваць сваім розумам. Дык як тады тое, што было немагчыма для Арджуны ў больш прагрэсіўны век, будзе магчыма для нас у век дэградацыі? Таму нам нельга нават і на імгненне параўноўваць сябе з Арджунай. Мы ў тысячу разоў ніжэй за яго.

Нідзе не запісана, што Арджуна хоць калі-небудзь практыкаваў сістэму ёгі. Але ўсё роўна ён быў услаўлены Крішнай, як адзіны чалавек, які здольны зразумець «Бхагават-гіту». Што ж было той вялізнай кваліфікацыяй Арджуны? Шрі Крішна адказвае: «Ты мой адданы. Ты мой сябра». І нягледзячы на такую кваліфікацыю, Арджуна адмовіўся займацца ёгай, прапанаванай Шрі Крішнай. Якую з гэтага можна зрабіць выснову? Ці павінны мы адчайвацца, што наш розум не знаходзіцца пад кантролем? Не, ім магчыма кіраваць, але толькі ў свядомасці Крішны. Наш розум заўсёды павінен быць засяроджаным на Крішне. І калі ён цалкам паглыблены ў Крішну, мы дасягаем дасканаласці ў ёзе.

У Дванаццатай песні «Шрімат-Бхагаватам» Шукадэва Гасвамі апісвае Махараджу Парікшыту, што ў Залаты век (Сацья-югу) людзі жылі каля ста тысяч гадоў; у той час, маючы вялікую працягласць жыцця, яны былі здольныя практыкаваць медытацыйную сістэму ёгі. Але тое, што дасягалі ў Сацья-югу, у наступную – Трэта-югу – дасягалі пры дапамозе вялікіх ахвярапрынашэнняў. Потым у Двапара-югу – храмавым пакланеннем, а ў цяпрашні час (Калі-югу) проста ўслаўленнем святых імёнаў: Харе Крішна, Харе Крішна, Крішна Крішна, Харе Харе / Харе Рама, Харе Рама, Рама Рама, Харе Харе. Гаварыцца, што няма ніякіх іншых магчымасцей дасягнуць дасканаласці ў сучасны век.

Хаця ў сярэднім чалавек павінен жыць каля 80 ці 100 гадоў, зараз яго жыццё абмяжоўваецца толькі 50 ці 60 з іх. І нават за гэты кароткі час мы шмат разоў сустракаемся з незлічонымі цяжкасцямі і турботамі, якія выкліканы рознымі войнамі, эпідэміямі, голадам і іншымі абставінамі. Пагэтаму ў цяперашні час людзі зусім згубілі розум, і ў дадатак да ўсяго, сталі няшчаснымі. Вось характарыстыка тых, хто жыве ў Калі-югу, век дэградацыі. Такім чынам, няцяжка зразумець, што мы ніколі не дасягнем поспехаў у медытацыйнай ёзе, якую растлумачыў Шрі Крішна. І толькі каб задаволіць асабістае дзівацтва, нехта выдумляе свае хлуслівыя змяненні гэтай сістэмы, а глупыя людзі аддаюць шмат грошай за тое, каб іх толькі навучылі выконваць гімнастычныя трукі і глыбока дыхаць. Яны робяцца вельмі шчаслівымі ўжо ад адной думкі, што іх жыццё працягнецца яшчэ на некалькі гадоў, або з’явіцца лепшая магчымасць цешыцца сексам. Таму мы павінны зразумець, што не гэта з’яўляецца сапраўднай практыкай ёгі. У сучасны век дэградацыі медытацыйная сістэма ёгі проста невыканаўчая. Дасканаласці ж магчыма дасягнуць толькі пры дапамозе бхакці-ёгі – узвышанага працэса свядомасці Крішны, а асабліва праз мантра-ёгу – паўтарэнне Харе Крішна маха-мантры. Так параілі нам «Веды», і так рабілі ўсе вялікія аўтарытэты, падобныя да Госпада Чайтаньі Махапрабху. У «Бхагават-гіце» гаварыцца, што махатмы заўсёды заняты ўслаўленнем Госпада. Калі хтосьці жадае стаць махатмай, тады, адпаведна «Ведам», «Бхагават-гіце» і вялікім аўтарытэтам, такі чалавек павінен прыняць працэс свядомасці Крішны і паўтарэнне Харе Крішна мантры. Калі ж мы жадаем займацца хлуслівай медытацыяй, седзячы ў позе лотасу і робячы выгляд знаходжання ў трансе, гэта ўжо зусім іншая справа. Нам трэба зразумець, што такая дасканаласць не мае нічога агульнага з сапраўднай дасканаласцю ёгі. Хвароба матэрыяльнага існавання не вылечваецца ілжывай медыцынай. Мы павінны атрымаць сапраўднае лячэнне ад Самога Крішны.

Навігацыя: