Запісана 3 снежня 1973 года
на беразе Ціхага акіяна ў наваколлі Лос-Анджэлесу.
Д-р Сінгх: Навукоўцы кажуць, што на пэўным этапе Зямля складалася з часцінак пылу, якія плавалі ў газападобным асяроддзі. Потым з часам гэтая калоідная завісь згусцела і сфармавала Зямлю.
Шрыла Прабхупада: Мажліва, але адкуль узяўся газ? Дзе плаваў ён, і адкуль узялося тое асяроддзе, у якім ён плаваў?
Д-р Сінгх: Яны кажуць, што ён проста існаваў!
Шрыла Прабхупада: Гэта ўсяго толькі іх здагадкі. Яны проста будуюць здагадкі і за гэта атрымліваюць грошы ад урада. Калі ж вы спытаеце іх пра паходжанне газу, яны не змогуць адказаць. Але Крышна кажа ў «Бхагавад-гіце» [7.4]:
«Зямля, вада, агонь, эфір, розум, інтэлект і падманнае эга – гэтыя восем элементаў складаюць Мае аддзеленыя матэрыяльныя энергіі». Крышна паясняе тут, што Ён ёсць крыніцаю ваю (газу). А танчэй ваю – кхам (эфір), танчэй за эфір – розум, танчэй за розум – інтэлект, танчэй за інтэлект – падманнае эга, а танчэй за падманнае эга – душа. Але навукоўцы не ведаюць гэтага. Яны разумеюць толькі грубыя з’явы. Яны згадваюць газ, але адкуль ён узнікае?
Д-р Сінгх: На гэта яны не могуць адказаць.
Шрыла Прабхупада: А мы можам. З «Шрымад-Бхагаватам» мы даведваемся, што газ узнікае з кхаму, эфіру, эфір – з розуму, розум – з інтэлекту, інтэлект – з падманнага эга, а падманнае эга – з душы.
Д-р Сінгх: Навукоўцы даказваюць, што задоўга да таго, як магла адбыцца біяфізічная эвалюцыя паводле Дарвіна, было тое, што яны называюць дабіялагічнай хіміяй ці хімічнай эвалюцыяй.
Шрыла Прабхупада: І тэрмін «хімічная эвалюцыя» азначае, што хімічныя рэчывы маюць крыніцу, і гэтая крыніца – дух, ці жыццё. У лімоне выпрацоўваецца лімонная кіслата, а нашыя целы выпрацоўваюць мноства хімічных рэчываў – у мачы, крыві, сакрэцыях. Гэта довад таго, што жыццё вырабляе хімічныя рэчывы, а не хімічныя рэчывы – жыццё.
Д-р Сінгх: Навукоўцы кажуць, што пасля таго, як семя жыцця трапляе ў клеткі, жывая істота развіваецца і дзейнічае сама сабою.
Д-р Сінгх: Але хто дае семя? У «Бхагавад-гіце» [7.10] Крышна адказвае на гэтае пытанне. Bījaṁ māṁ sarva-bhūtānāṁ viddhi pārtha sanātanam: «О сын Прытхі, ведай, што Я спрадвечнае семя ўсяго існага». І далей [14.4]:
«Трэба зразумець, што матэрыяльная прырода робіць магчымым з’яўленне на свет усіх відаў жыцця, а Я – бацька, які дае семя».
Д-р Вольф-Ратткей: Але, Шрыла Прабхупада, мне ўсё ж хацелася б пакорліва задаць вам адно пытанне. Дапусцім, што навукоўцы сапраўды здолелі штучным спосабам стварыць жывую клетку. Што б вы на гэта сказалі?
Шрыла Прабхупада: У чым будзе іх заслуга? Яны толькі паўтарылі б тое, што ўжо існуе ў прыродзе. Людзям вельмі падабаюцца рознага роду імітацыі. Калі ў начным клубе будзе выступаць чалавек, які пераймае сабаку, людзі будуць плаціць грошы, каб паглядзець на яго. Але калі яны бачаць, як брэша сапраўдны сабака, яны не звяртаюць на яго ніякае ўвагі.
Д-р Сінгх: Шрыла Прабхупада, ідэю хімічнай эвалюцыі высунуў у 1920 годзе адзін расійскі біёлаг. Ён паказаў, што перад біяхімічнай эвалюцыяй у атмасферы зямлі ішлі пераважна аднаўленчыя працэсы. Іншымі словамі, яна ў асноўным складалася з вадароду з нязначным дамешкам кіслароду. Потым праз пэўны час сонечная радыяцыя прывяла да таго, што малекулы вадароду ўключыліся ў склад розных хімічных злучэнняў.
Шрыла Прабхупада: Гэта другараднае даследаванне. Перш за ўсё, адкуль узнік вадарод? Навукоўцы вывучаюць гэты працэс з сярэдзіны. Яны не звяртаюцца да вытокаў. Мы павінны ведаць, што было спачатку. Вось самалёт. (Паказвае на самалёт, што з’явіўся на гарызонце.) Ці станеце вы сцвярджаць, што гэтая машына паўстала з мора? Недалёкі чалавек мог бы сказаць, што раптам у моры ўзнікла святло і так з’явіўся самалёт. Але хіба гэта навуковае тлумачэнне? Тлумачэнні навукоўцаў падобныя да гэтага. Яны кажуць: «Спачатку было штосьці, а потым зусім нечакана, на волю лёсу, з яго паўстала штосьці іншае». Гэта не навука. Навука павінна паясняць першасную прычыну.
Мажліва, навукоўцы і могуць стварыць штосьці, што ўжо існуе ў прыродзе, але гэта яшчэ не нагода, каб ушаноўваць іх. Мы павінны выказваць пашану першаму стваральніку, Богу. У гэтым палягае нашая філасофія.
Д-р Сінгх: Адкрываючы які-небудзь закон прыроды, навуковец звычайна называе яго сваім імем.
Шрыла Прабхупада: Уласна так. Закон ужо існуе ў прыродзе, але гэты махляр хоча прысвоіць заслугу сабе.
Д-р Сінгх: Фактычна яны ваююць з законамі прыроды, але часта гэта дае ім задавальненне.
Шрыла Прабхупада: Гэта дзіцячае задавальненне. Скажам, дзіця, не шкадуючы сіл, будуе на марскім беразе замак з пяску. Яму гэта можа прыносіць задавальненне, але гэта дзіцячае задавальненне. Дарослы чалавек не атрымае ад гэтага асалоды. У матэрыялістаў выпрацавалася нейкае шаблоннае ўяўленне пра так званае шчасце. Яны стварылі цудоўныя варункі – цывілізацыю камфорту, але ўсё гэта нічога не вартае, таму што яны не могуць стварыць варункі, у якіх маглі б гэтым цешыцца. У кожны момант смерць можа абарваць жыццё чалавека, і ўсе яго асалоды на гэтым скончацца.
Д-р Сінгх: Вось чаму яны кажуць, што Бог не даў нам усяго – таму што мы не можам жыць вечна.
Шрыла Прабхупада: Значыць Бог існуе. Вось вам і довад! Калі яны згаджаюцца, што «Бог не даў нам усяго», значыць яны не страцілі розум – яны прызнаюць існаванне Бога. Але чаму ж тады яны кажуць, што Бога няма?
Вучань: Таму што Бог не дазваляе ім жыць, не адчуваючы пакут.
Шрыла Прабхупада: Гэта сведчыць пра тое, што Бог ёсць валадаром, а яны – падначаленымі. Прыводзячы падобныя довады, яны самі прызнаюць гэта. Насамрэч Бог даў нам усё патрэбнае, каб мы маглі жыць не ведаючы бед і спасцігнуць Яго. Але яны не хочуць спазнаваць Бога. Замест гэтага яны імкнуцца забыцца пра Яго. Такая ў іх мэта.
Д-р Сінгх: Сучасныя навукоўцы стварылі цэлы падзел навукі, геранталогію, якая займаецца праблемаю падаўжэння жыцця.
Шрыла Прабхупада: Іх праўдзіваю мэтаю павінна быць спыненне пакут. Возьмем, напрыклад, старога, якога адольвае мноства хвароб, і нечакана лекары падаўжаюць тэрмін яго жыцця. Якая ад гэтага будзе карысць?
Д-р Сінгх: Акурат гэта яны і робяць, перасаджваючы сэрца.
Шрыла Прабхупада: Гэта абсурд! Хай яны спыняць смерць – вось гэта будзе дасягненнем. Хай яны перамогуць усе хваробы – вось гэта было б дасягненнем. Але яны не здольныя на гэта. Таму я кажу, што ўсе іх даследаванні – гэта ўсяго толькі змаганне за існаванне. Крышна кажа ў «Бхагавад-гіце» [15.7]:
«Жывыя істоты ў гэтым абумоўленым свеце – Мае вечныя маленькія часцінкі. З прычыны абумоўленага жыцця яны вядуць адчайнае змаганне з шасцю пачуццямі, сярод якіх і розум». Іншымі словамі, праз уплыў матэрыяльнае прыроды (пракрыці) іх жыццё ператвараецца ў цяжкае змаганне (каршаці). Ведучы змаганне за існаванне, яны ўвесь час знаходзяцца пад уладаю сваіх выдумак: «Мы абавязкова даможамся свайго. Цяпер мы прыкладаем намаганні і хутка дасягнём мэты».
Вучань: Цяпер свет адчувае нястачу нафты.
Шрыла Прабхупада: Так, мы стварылі цывілізацыю, якая залежыць ад нафты. Гэта супярэчыць законам прыроды, таму нафты і бракуе. Паводле законаў прыроды зараз набліжаецца зіма. Навукоўцы не могуць спыніць гэты працэс і ператварыць зіму ў лета. Яны знаходзяцца ў аблудзе, мяркуючы, што кіруюць прыродай. У «Бхагавад-гіце» Крышна кажа, што жывая істота лічыць, што сама робіць дзеянні, але насамрэч іх робіць прырода. Зараз узыходзіць сонца. Ці могуць яны зрабіць так, каб сталася цёмна? А калі стане цёмна, ці змогуць яны загадаць сонцу: «Узыдзі!»?
Яны не разумеюць, што калі яны сапраўды хочуць перамагчы прыроду, то ім трэба паспрабаваць перамагчы нараджэнне, смерць, старасць і хваробы. У «Бхагавад-гіце» [7.14] Крышна кажа:
«Гэтую Маю боскую энергію, што складаецца з трох гун матэрыяльнай прыроды, вельмі цяжка пераадолець. Але тыя, хто аддаўся Мне, могуць лёгка выйсці з-пад яе ўплыву».
Д-р Сінгх: Значыць, перамагчы законы прыроды вельмі цяжка?
Шрыла Прабхупада: Для матэрыялістаў гэта немагчыма. Але таму, хто аддаўся Крышну, гэта няцяжка зрабіць.
Д-р Сінгх: Разнастайнасць жывых істот навукоўцы тлумачаць тым, што ў пэўны момант эвалюцыі клетачныя гены, якія звычайна цалкам узнаўляюцца ў наступным пакаленні, часам, капіюючы сябе, робяць памылку, накшталт друкарскага станка, што час ад часу робіць памылкі друку. У некаторых выпадках гэтыя памылкі, ці мутацыі, замацоўваюцца, і такім парадкам праз адрозненні ў генах сфармаваліся розныя віды жывых істот.
Шрыла Прабхупада: Але тады гэтая «памылка» робіцца са спрадвечных часоў, бо няцяжка пераканацца, што ўся разнастайнасць жывых істот была заўсёды. Але калі «памылка» робіцца ўвесь час, гэта ўжо не памылка, а праяўленне інтэлекту.
Д-р Сінгх: Аднак навукоўцы сцвярджаюць, што, калі б не мутацыі, у сусвеце быў бы толькі адзін від жывых істот.
Шрыла Прабхупада: Не. Кожная жывая істота мае розны розум, і таму існуе так шмат розных відаў жыцця, каб змясціць розныя менталітэты. Напрыклад, мы гуляем тут, але большасць людзей не далучаецца да нас, таму што ў іх іншы менталітэт. Яны хочуць у гэты час спаць, а мы хочам уставаць рана. У чым прычына гэтага адрознення?
Д-р Сінгх: Можа, гэта памылка.
Шрыла Прабхупада (смяецца): Не, не памылка. Такое іх жаданне, і з надыходам смерці кожны атрымае цела, якое адпавядае яго жаданню. У «Бхагавад-гіце» [8.6] Крышна кажа:
«Пра які стан быцця ні ўспомніў чалавек, пакідаючы сваё цела, гэтага стану ён абавязкова дасягне». Тое, пра што вы думаеце падчас смерці, дакладна вызначае, у якое цела вы ўвасобіцеся. Прырода дасць вам цела, і якое канкрэтна – залежыць не ад вас, а ад прыроды, а яна дзее пад кіраўніцтвам Бога.
Д-р Сінгх: Але ў навукі, як быццам, ёсць довад таго, што розныя біялагічныя віды ўзнікаюць з прычыны памылак.
Шрыла Прабхупада: Гэта іх памылка. У законах прыроды не бывае памылак. У чыгуначных вагонах ёсць купэ першага, другога і трэцяга класа. Калі вы купіце білет у трэці клас, але памылкова пойдзеце ў купэ першага класа, вам не дазволяць там застацца. Існаванне розных купэ – не памылка. Так гэта было задумана. Гэта вы памыліліся, зайшоўшы не ў сваё купэ. Тое ж самае датычыцца розных відаў жыцця. Бог настолькі абачлівы, што ведае ўсе памылкі, якія будуць зробленыя. Таму ў залежнасці ад памылак, якія вы зрабілі, вы атрымліваеце пэўны тып цела: «Сюды, хадзіце сюды. Цела для вас гатовае». Існуе 8 400 000 відаў жывых істот, і, размяркоўваючы целы, прырода дзее з матэматычнай дакладнасцю. Калі ўрад узводзіць горад, ён будуе турму нават да таго, як горад будзе цалкам дабудаваны, бо ведае, што знойдзецца шмат злачынцаў, якія павінны будуць адправіцца ў турму. Гэта памылка не ўрада, а злачынцаў. Калі яны робяцца злачынцамі, то мусяць трапіць туды. Гэта іх памылка.
Вучань: А калі б памылкі рабіла сама прырода, змагла б яна тады здавальняць патрэбы ўсіх жывых істот?
Шрыла Прабхупада: У прыродзе няма памылак. Крышна кажа:
«Гэтая матэрыяльная прырода дзее пад Маім кіраўніцтвам, о сын Куньці, і спараджае ўсіх рухомых і нерухомых істот» [Б.-г., 9.10]. Прырода дзее пад назіраннем Бога, Крышны, таму, як можа яна дапускаць памылкі? Але мы робім іх, бо знаходзімся пад уплывам ілюзіі, нашыя пачуцці недасканалыя, і мы схільныя да падману. У гэтым розніца паміж Богам і чалавекам. У Бога няма недасканалых пачуццяў – усе Яго пачуцці дасканалыя.
Д-р Вольф-Ратткей: Раз нашыя пачуцці недасканалыя, то і тэхнічныя «ўзмацняльнікі» нашых пачуццяў, вядома, таксама недасканалыя.
Д-р Сінгх: Мікраскопы, з дапамогаю якіх мы вывучаем мікрасвет, таксама павінны быць недасканалымі.
Шрыла Прабхупада: Матэрыяльнае існаванне азначае недасканалае існаванне. Калі вы будуеце што-небудзь, не валодаючы дасканалымі ведамі і дасканалымі пачуццямі, то што б вы ні пабудавалі, асуджана на недасканаласць.
Д-р Сінгх: Калі б нават навукоўцы вынайшлі дасканалы мікраскоп, яны ўсё роўна глядзелі б у яго недасканалымі вачамі.
Шрыла Прабхупада (смяецца): Так, то праўда. З гэтага мы робім выснову, што ўсё, што б ні казалі навукоўцы, недасканала.
Д-р Сінгх: Але яны, як быццам, цалкам задаволеныя сабою.
Шрыла Прабхупада: Асёл таксама задаволены. Ён задаволены тым, што цягне груз прачкі. Усе задаволеныя, нават гнаявы чарвяк. Такі закон прыроды.
Д-р Вольф-Ратткей: Як той казаў, нават жабрак ганарыцца сваім грошам.
Шрыла Прабхупада: Так. У некаторых месцах у Індыі можна ўбачыць сабак, якія здыхаюць з голаду. Але варта такому сабаку сустрэць суку, як ён адразу ж спарваецца з ёй і робіцца задаволеным. Хіба гэта задавальненне? Сабака здыхае з голаду, і ўсё ж цалкам задаволены тым, што можа спарвацца.