Мантра-медытацыя

Для таго, хто жадае знайсці шчасце і вызваліцца ад усіх пакутаў і трывогаў, медытацыя – вельмі значны аспект дзейнасці. Медытацыя азначае «разумовае сузіранне», але ў сузірання павінен быць аб’ект. Каб пазбавіцца штодзённых трывогаў, якія займаюць вум, чалавек павінен узняцца над матэрыяльным узроўнем і паспрабаваць зацвердзіцца на трансцэндэнтным, духоўным узроўні. Зрабіць гэта можна, калі ўвесь час паўтараць імёны Госпада, такім чынам маючы зносіны з Ім.

Як сцвярджаецца ў розных пісаннях, у Госпада шмат імёнаў: Крышна, Рама, Егова, Алах, Будда і інш. Паўтарэнне імёнаў Госпада аказвае ачышчальнае дзеянне і дазваляе чалавеку ўзняцца з матэрыяльнага ўзроўня на духоўны. У Індыі на працягу тысячагоддзяў людзі паўтараюць імёны Госпада ў форме мантраў. На санскрыце мана азначае «вум», а трайа – «вызваленне». Такім чынам, мантра – гэта камбінацыя трансцэндэнтных гукаў, якая вызваляе наш вум ад трывогаў.

Ведычная літаратура вылучае сярод іншых мантраў маха-мантру (вялікую мантру). У «Калі-сантарана-ўпанішад» гаворыцца, што шаснаццаць ейных словаў – Харэ Крышна, Харэ Крышна, Крышна Крышна, Харэ Харэ / Харэ Рама, Харэ Рама, Рама Рама, Харэ Харэ, – асабліва рэкамендуецца паўтараць у Калі-югу, век разладаў, трывогаў і крывадушнасці, у які мы жывём.

Крышна азначае «ўсепрывабны», Рама – «усеўцешны», а Харэ – гэта зварот да энэргіі адданага служэння Госпаду. Такім чынам, маха-мантра азначае: «О ўсепрывабны, усеўцешны Госпад, о энэргія Госпада! Прашу, дазволь мне аддана служыць Табе».

Для паўтарэння Харэ Крышна маха-мантры не існуе строгіх правілаў. Перавага мантра-медытацыі ў тым, што ёю можна займацца ўсюды і ў любы час – дома, на працы, у аўтобусе, у метро і нават за стырном аўтамабіля.

Ёсць два віды мантра-медытацыі: індывідуальная, калі чалавек чытае мантру на пацерках (джапа), і другая форма, калі ён паўтарае яе за кімсьці (кіртан). Кіртан звычайна суправаджаецца іграннем на музычных інструментах і пляцканнем у далоні. Рэкамендуецца і тая, і другая форма мантра-медытацыі – абедзве дабратворна ўплываюць на чалавека.

Джапа

Для гэтага віду мантра-медытацыі патрэбныя толькі кругавыя пацеркі. Іх можна купіць у краме ці зрабіць самім, кіруючыся прыведзенымі ніжэй простымі рэкамендацыямі:

 

1. Купіце 109 вялікіх круглых драўляных пацерак (калі няма драўляных, на першы час вазьміце любыя іншыя) дыяметрам ад аднаго да двух сантыметраў з адтулінамі, каб можна было нанізаць іх на нітку, а таксама ад трох да пяці метраў моцнай нейлонавай ніткі.

 

2. Адступіце пятнаццаць сантыметраў ад канца ніткі і завяжыце вузел, потым, нанізваючы па адной пацерцы, пасля кожнай завязвайце адзінарны ці падвойны вузел, у залежнасці ад таўшчыні ніткі (мал. 1).

 

3. Нанізаўшы сто восем пацерак, прасуньце абодва канцы ніткі ў апошнюю пацерку (мал. 2).

 

4. Гэтая пацерка называецца пацеркай Крышны, і добра, калі яна большая за астатнія. Прасуньце ў яе абодва канцы ніткі, завяжыце вузел і абрэжце непатрэбны астатак ніткі. Пацеркі для джапы гатовы.

 

Пачынаючы мантра-медытацыю, трымайце пацерку, якая ідзе за пацеркай Крышны, паміж вялікім і сярэднім пальцамі правай рукі (мал. 3) і прамоўце ўсю маха-мантру: Харэ Крышна, Харэ Крышна, Крышна Крышна, Харэ Харэ / Харэ Рама, Харэ Рама, Рама Рама, Харэ Харэ. Потым гэтак жа пераходзьце пальцамі на наступную пацерку і зноў паўтарыце маха-мантру, потым наступную... і так пакуль не паўторыце мантру на кожнай пацерцы і не дойдзеце да пацеркі Крышны.

img

Вы прачыталі адзін «круг» джапы. Чытанне аднаго круга павінна заняць у вас каля сямі хвілінаў, хаця спачатку можа быць і дзесяць, і больш хвілінаў. Далей, не чытаючы мантры на пацерцы Крышны, трэба павярнуць пацеркі і ісці па кругу ў адваротным кірунку. Пацеркі – вельмі важная рэч для джапы, бо ўцягваюць пачуцці ў медытацыйны працэс дотыку, што дапамагае лепш засяродзіцца на гуках мантры.

Калі вы далі зарок чытаць пэўную колькасць кругоў у дзень, каб не заблытацца, вам трэба мець невялікі шнурок з нанізанымі на яго пацеркамі па колькасці кругоў, якія вы чытаеце штодня. Паміж гэтымі пацеркамі ня трэба завязваць вузлы, а толькі на канцы шнурка, каб пацеркі не саскочылі з яго. Скончыўшы круг, перасуньце адну злічоную пацерку ўніз.

Вы можаце чытаць мантру ў памяшканні ці на свежым паветры, яе можна чытаць так гучна ці так ціха, як вам падабаецца, але досыць гучна, каб было чуваць вам самім. Самае галоўнае – вымаўляйце кожнае слова выразна і ясна. Ваш вум, магчыма, захоча пераключыцца на якія-небудзь іншыя думкі, бо ён неспакойны, няўстойлівы і мітуслівы. Паспрабуйце засяродзіць усю сваю ўвагу на паўтарэнні Харэ Крышна маха-мантры і ўслухоўвайцеся ў кожнае слова.

Чытаць мантру можна ў любы час дня, але лепш за ўсё – на досвітку. У ведычнай літаратуры падкрэсліваецца, што гэта найбольш спрыяльны час для духоўнага ўсведамлення. Таксама пажадана паўтараць мантру ў адзін і той жа час дня. Пачніце з паўтарэння аднаго ці двух кругоў у дзень і паступова павялічвайце іхную колькасць да шаснаццаці; гэта – рэкамендаваны мінімум для таго, хто ставіцца да джапа-медытацыі сур’ёзна і хоча стаць адданым Госпада Крышны.

Кіртан

У адрозненне ад джапы, індывідуальнай медытацыі, кіртан уяўляе сабой групавую медытацыю. Падчас кіртана мантру Харэ Крышна спяваюць на які-небудзь матыў. Кіртаны можна праводзіць у сябе дома, з сям’ёй ці сябрамі, у гасцях ці на прыродзе. Адзін чалавек «вядзе» кіртан – спачатку ён спявае мантру Харэ Крышна адзін, а потым усе астатнія паўтараюць яе на той жа матыў. Так зноў і зноў спяваецца мантра Харэ Крышна, кіртан працягваецца, і тыя, хто ўдзельнічаюць у ім, усё мацней адчуваюць духоўную асалоду.

Перавага кіртана ў тым, што вы чуеце мантру Харэ Крышна ня толькі тады, калі прамаўляйце яе самі, але і калі яе прамаўляюць іншыя, што дапамагае лепш засяродзіцца на ёй. Спяваць мантру можна на любы матыў, суправаджаючы спеў ігрой на музычных інструментах, хаця гэта і не абавязкова. Для кіртана падыходзяць традыцыйныя індыйскія інструменты – мрыдангі (барабаны) і караталы (ручныя цымбалы), але калі іх няма, можна скарыстаць і іншыя музычныя інструменты, такія як піяніна, арган, флейта, гітара і г. д. А можна і проста пляскаць у далоні. Дзеці таксама могуць удзельнічаць у кіртанах, гэта станоўча паўплывае на іхнае духоўнае развіццё. Так уся сям’я можа збірацца ўвечары для супольнага кіртана. Добра праводзіць кіртаны кожны дзень ці як мага часцей.

Паўтарэнне мантры Харэ Крышна прынясе вам адчуванне духоўнага ўздыму, прытым гэтае адчуванне будзе ўвесь час узмацняцца. Вы можаце пераканацца ў гэтым самі. Паспрабуйце паўтараць на працягу некалькіх хвілінаў якое-небудзь іншае слова ці фразу, напрыклад, «Пэпсі-кола», і праз нейкі час вам гэта смяротна надакучыць. Аднак гук імя Крышны трансцэндэнтны, і яго хочацца паўтараць зноў і зноў.

У якіх бы ўмовах чалавек ні паўтараў маха-мантру, гэта будзе вельмі дабратворна для ягонага духоўнага развіцця. Тым ня менш вялікія мудрацы і святыя – аўтарытэты ў джапа-медытацыі – прапануюць выкарыстоўваць некаторыя прыёмы, якія ўзмацняюць ейны ўплыў.

Чым больш чалавек паўтарае мантру Харэ Крышна, тым лягчэй яму будзе кіравацца пералічаным ніжэй прынцыпамі, бо, паўтараючы яе, ён атрымлівае духоўную сілу і развівае смак да вышэйшых асалодаў. Калі чалавек пры паўтарэнні маха-мантры пачынае адчуваць духоўную асалоду, яму намнога лягчэй адмовіцца ад благіх звычак, якія перашкаджаюць духоўнаму развіццю.

 

1. Тым, хто сур’ёзна і шчыра імкнецца да духоўнага развіцця, рэкамендуецца выконваць чатыры асноўныя прынцыпы:

а) не ўжываць у ежу мяса, рыбу і яйкі;

б) не ўжываць ачмуральныя сродкі (наркотыкі, алкаголь, тытунь і нават каву і гарбату);

в) не гуляць у азартныя гульні і не займацца грашовымі махінацыямі;

г) не ўступаць у полавыя адносіны па-за шлюбам (а ў шлюбе – толькі для зачацця дзяцей).

Прытрымліванне гэтых чатырох рэгулявальных прынцыпаў прывядзе да хуткага духоўнага прагрэсу. Грэбаванне ж імі вельмі абцяжарвае духоўнае развіццё, узмацняючы прыхільнасць чалавека да матэрыяльных рэчаў. Аднак джапа-медытацыя валодае такой сілай, што спачатку чалавек можа паўтараць мантру Харэ Крышна незалежна ад ягоных жыццёвых умоваў, і сама мантра дапаможа яму прасунуцца на гэтым шляху.

 

2. Трэба рэгулярна чытаць творы А.Ч. Бхакціведанты Свамі Прабхупады, асабліва «Бхагавад-гіту» і «Шрымад-Бхагаватам». Слухаючы аповеды пра Крышну, Ягоныя незвычайныя дзеянні і трансцэндэнтныя забавы, чалавек ачышчае сэрца ад бруду, назапашанага за бясконца доўгі час знаходжання ў матэрыяльным свеце. Калі рэгулярна слухаць аповеды пра Крышну і духоўны свет, дзе Крышна цешыцца вечнымі гульнямі са Сваімі адданымі, можна цалкам спазнаць прыроду душы і зразумець сутнасць сапраўднай духоўнай дзейнасці, якая дапаможа вызваліцца з гэтага матэрыяльнага свету.

 

3. Каб засцерагчы сябе ад матэрыяльнае гнюсі, трэба спажываць толькі вегетарыянскія стравы, спачатку прапанаваныя Вярхоўнаму Госпаду Крышну, і такім чынам адухоўленыя. Забіваючы любую жывую істоту, нават расліны, чалавек наклікае на сябе кармічныя наступствы гэтых дзеянняў. Але Крышна кажа ў «Бхагавад-гіце», што Ён пазбаўляе ад кармічных наступстваў таго, хто прапануе Яму вегетарыянскую ежу.

 

4. Трэба ахвяраваць плады сваёй дзейнасці Вярхоўнаму Госпаду Крышну. Калі чалавек працуе дзеля ўласнага задавальнення, ён зведвае на сабе кармічныя наступствы сваёй дзейнасці. Калі ж ён працуе дзеля Крышны, гэта ня толькі вызваляе яго ад кармы, але і абуджае ў ім дрымотную любоў да Крышны. Можна працягваць займацца сваёй звычайнай дзейнасцю, калі яна не супярэчыць – проста ці ўскосна – чатыром рэгулявальным прынцыпам, памянёным вышэй.

 

5. Чалавек, які сур’ёзна ставіцца да джапа-медытацыі, павінен як мага больш мець зносіны з аднадумцамі. Гэта дасць яму духоўных сілаў і падтрымку. Натуральна, на ўсіх нас уплывае нашае атачэнне. Таму непажадана занадта многа мець зносінаў з людзьмі, якіх не цікавяць духоўныя пытанні. Сувязь з тымі, хто імкнецца да духоўнага развіцця, паўтарэнне мантры Харэ Крышна і выкананне рэгулявальных прынцыпаў, – найлепшы і самы хуткі спосаб вярнуцца дамоў, назад да Бога.

Навігацыя: