Экадашы. Правілы і наказы

Экадашы – з санскрыту перакладаецца як адзінаццаты. Гэта – 11 і 26 месяцовыя дні згодна з Ведыйскім календаром. Гэтыя дні асабліва спрыяльныя для здзяйснення аскез і духоўнай асветы.

img

Сказана: як няма вады чысцей, чым вада ракі Гангі; як няма Госпада вышэй за Госпада Вішну; гэтак жа няма і посту больш святога, чым пост у экадашы.

 

«За ўсе расліны Мне даражэй Туласі, за ўсе месяцы – Картыка, за ўсе месцы паломніцтва – Мая ўмілаваная Дварака, а за ўсе дні найболей дарагі Мне экадашы».

(Падма Пурана, Утгара Кханда)

Значэнне посту ў экадашы

Экадашы ачышчае на фізічным, ментальным і духоўным узроўнях, спрыяе атрыманню ласкі Бога і вызваленню ад ілюзіі матэрыяльнага існавання.

Чаму рэкамендуецца пасціць менавіта ў экадашы? Усе ведаюць, што Месяц моцна ўплывае на псіхіку чалавека. І ў адзінаццаты месяцовы дзень мы асабліва моцна залежым ад нашых пачуццяў, жаданне цешыцца і эксплуатаваць тых, хто вакол нас дзеля ўласных мэтаў, дасягае максімуму. Збожжавыя і бабовыя – асноўная крыніца энергіі, таму ад іх рэкамендуюць адмовіцца найперш – каб не сілкаваць энергіяй свае эгаістычныя жаданні.

Экадашы называюць маці адданасці – калі мы ў гэты дзень думаем пра Крышну ці служым Яму, мы атрымліваем большую выгоду, чым звычайна. Адпаведна, робячы грэх у гэты дзень, мы маем цяжкія рэакцыі.

Віды посту. Правілы выканання посту ў дні экадашы

Пост праходзіць на двух узроўнях – на духоўным і на фізічным.

 

На духоўным узроўні экадашы – дзень Вішну. У гэты дзень лепш маліцца, чытаць мантры, рабіць пуджы і проста жыць дзеля Госпада, помніць пра Яго ўвесь час. Дзень мае быць напоўнены спакоем і служэннем. Як мажліва, варта максімальна адмовіцца ад свецкіх спраў і залішніх клопатаў у гэты дзень, вызваляючы час для духоўных стасункаў і дасканалення.

 

На фізічным узроўні – гэта ўстрыманне ад ежы. Пост можа трымацца ў двух варыянтах:

 

Поўны пост – гэта вельмі высокі стандарт для дасведчаных адданых. Пад ім маецца на ўвазе поўнае ўстрыманне ад ежы і вады, так званы «сухі пост». Калі вы хочаце цалкам выканаць такі від посту, то нельга нават чысціць зубы, а таксама нельга прымаць ачаман (ачышчэнне перад/пасля рытуалаў джапы/пуджы). Належыць не спаць усю ноч, спяваючы святыя імёны.

 

* Згодна з некаторымі ведыйскімі крыніцамі жанчынам забараняецца трымаць поўны пост: толькі з дазволу мужа жанчына можа трымаць палову строгага посту.

 

* Таксама не браць моцныя аскезы і не трымаць іх штосілы (гэта гуна жарсці): бо калі вы будзеце адчуваць якісьці дыскамфорт у гэты дзень з прычыны самаадчування, то думкі вашыя будуць вельмі далёкія ад служэння.

 

Мінімальны пост – гэта ўстрыманне ад ежы з зернебабовых культур, такіх як рыс, кукуруза, гарох, соя і г. д. Сказана, што калі нехта ўжывае зерне ў гэты дзень, гэта раўназначна таму, што ён есць ялавічыну.

Трэба імкнуцца піць і есці не больш аднаго разу, папаўдні. Гэтая ежа называецца накта (вячэра).

У ежы, апроч збожжавых і бабовых, таксама варта ўнікаць: шпінату, мёду, баклажанаў, асафетыды і марской солі (іншыя гатункі солі, такія як кухонная соль, дазволеныя), а таксама варта ўхіляцца ад яды ў чужых дамах.

Трэба быць асцярожным і з ужываннем спецый у гэтыя дні – у шмат якіх спецыях (асабліва індыйскіх) утрымваюцца дамешкі мукі, як, напрыклад, у асафетыдзе. Таксама ў малочныя прадукты можа быць даданая соя, хоць гэта і не будзе паказана на этыкетцы. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што трэба ўстрымлівацца таксама ад масла, алею і мёду.

Што да цукру, то ў цэлым рэкамендавана ўнікаць салодкага. Прычына ў тым, што салодкае сілкуе юр. А як у экадашы і без таго жаданне цешыцца дасягае свайго піка, то падаграваць юр – відавочна залішне.

Натуральна, у гэты дзень трэба абмежаваць сябе ад усякіх харчовых і гастранамічных прысмакаў. Ежа мае быць вельмі простай, з мінімумам спецый, і ні ў якім разе нельга пераядаць.

Ёсць розныя, часам супярэчлівыя, звесткі наконт прадуктаў, дазволеных ці, наадварот, забароненых у экадашы. Таму, лепш праверыць, як гэтую інфармацыю падаюць аўтарытэтныя крыніцы.

7 відаў прадуктаў, якія не перарываюць посту (згодна з «Хары-бхакці-віласай»):

– садавіна і гародніна;

– кунжут;

– малако;

– вада;

гхі;

панча-гаўя (5 відаў прадуктаў каровы);

– паветра.

Паводле «Махабхараты» пост не перарываюць:

– вада;

– карэнне;

– садавіна;

– малако;

гхі;

– пажаданне брахмана;

– загад духоўнага настаўніка;

– лекі.

Прадукты, якія нельга ўжываць у экадашы:

– бабовыя: гарох, сачавіца, нут (турэцкі гарох), бабы, фасоля і ўсякія прадукты, зробленыя з бабоў ці зерня (тофу, кававыя напоі);

– зерне і прадукты з яго: авёс, макарону, манну, рыс, кукурузу, а таксама муку з зерня і бабовых (рысавую, нутавую, сачавічную);

– баклажаны, бурак, памідоры, каляровую і белакачанную капусту, браколі, какос, семкі сланечніку;

– у экадашы не рэкамендуецца ўжываць такія спецыі: сезам, кмен, асафетыду, шамбалу, гарчыцу, кары, тамарынд, фенхель, калінджы, кардамон, гваздзік, мушкатовы арэх і г. д.;

– алей: з кукурузы, гарчычны, сезамавы і сланечнікавы.

Што яшчэ нельга рабіць у экадашы, і што рабіць абавязкова/пажадана

Нельга:

– галіцца;

– ужываць нячыстую ежу;

– займацца сэксам;

– рабіць дзеянні, якія падвышаюць энергіі гун раджасу (жарсці) і тамасу (невуцтва) – напрыклад, глядзець фільмы з элементамі гвалту, чытаць бульварную літаратуру, канфліктаваць, сварыцца.

Можна і рэкамендуецца:

– як мага больш часу праводзіць у малітвах, чытанні ці абмеркаванні духоўнай літаратуры, медытацыі;

– не спаць цэлую ноч (з улікам вышэйзгаданага);

– танцаваць дзеля Бога;

– даваць міласціну – выгода ад таго, што даецца ў экадашы як міласціна, павялічваецца ў тысячы разоў у параўнанні з іншымі днямі (натуральна, даваць трэба ад шчырага сэрца, а не дзеля атрымання сваёй выгоды).

Важна сачыць за календаром, а не спрабаваць самастойна вылічыць 11-ы дзень пасля маладзіка ці поўні. Тамсама ў календары паказваецца і час выйсця з посту.

Пасля выканання экадашы трэба перарваць пост цягам 2,5 гадзін пасля ўзыходу сонца на наступны дзень, у двадашы. Для выйсця з экадашы трэба прыняць тое, на што вы пасцілі. Калі вы пасцілі на зернебабовыя, то, адпаведна, з’есці штосьці з гэтых прадуктаў. Калі вы трымалі поўны пост з вадою, то трэба з’есці штосьці лёгкае, напрыклад, садавіну. Калі вы трымалі сухі пост, то можна выйсці з посту вадой, сокам ці таксама садавінай.

Паводле пісьмаў экадашы варта трымаць пачынаючы з 5 гадоў. Той, хто не здольны пасціць з прычыны сур’ёзнай хваробы ці сталага веку, павінен знайсці асабліва духоўнага чалавека ды нешта яму ахвяраваць. Таксама ён можа проста слухаць ці чытаць пра значэнне кожнага экадашы. Гэтая практыка рэкамендуецца як адзін з метадаў дасягнення поўнага выніку посту.

Калі экадашы выпадкова не быў выкананы, можна правесці яго на наступны дзень – двадашы, і перарваць пост на трэці дзень – траёдашы.

Cэнс экадашы не ў тым, каб проста галадаць, і не ў тым, каб выйсці з посту строга ў пэўны перыяд часу. Важней за ўсё – у якім настроі, з якімі думкамі вы праводзіце гэты дзень. Экадашы – з’ява духоўная. Вашая ўвага павінна быць звернутая на духоўны працэс, а не на тое, ці змаглі вы пратрымацца ўвесь дзень без ежы, або ці змаглі не спаць усю ноч (бо яшчэ ёсць пытанне – як вы будзеце выконваць свае абавязкі на наступны дзень?). Таму самае галоўнае – у гэты дзень дасканаліцца духоўна.

Калі вы адмовіцеся ад збожжавых і бабовых і скіруеце сваю ўвагу на духоўныя практыкі (можна не толькі медытаваць ці наведваць храм, але таксама, напрыклад, практыкаваць пакорлівасць і павагу да кожнай жывой істоты і г. д.), тады экадашы атрымаецца.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, студзень 2023
Навігацыя: