Частка 2

Ёга як адданае служэнне

Раней нам, напэўна, шмат разоў даводзілася чуць імёны розных ёг і ёгаў. Але ў «Бхагават-гіце» Крішна гаворыць, што сапраўдны ёг – гэта той, хто «цалкам аддае сябе служэнню Мне». Крішна зазначае, што няма розніцы паміж адрачэннем (саньясай) і ёгай.

йам̇ саннйа̄сам іті пра̄хур
йогам̇ там̇ віддхі па̄н̣д̣ава
на хй асаннйаста-сан̇калпо
йогī бхаваті каш́чана

«Тое, што называецца адрачэннем, таксама з’яўляецца ёгай – злучэннем з Вярхоўным Госпадам. Ніхто не зробіцца ёгам, пакуль не адмовіцца ад усіх жаданняў пачуццёвага задавальнення» (Бх. 6.2).

У «Бхагават-гіце» даецца апісанне трох асноўных відаў ёгі: кармы, г’яны і бхакці. Тры гэтыя віды ёгі падобны да лесвічак. Хтосьці зрабіў толькі першы крок, хтосьці ўжо знаходзіцца на паўшляху, а хтосьці, мабыць, – ужо на вяршыні. Адпаведна свайму ўзроўню, чалавек можа называцца карма-ёгам, г’яна-ёгам і г.д. Але ў любым выпадку патрабуецца служэнне Вярхоўнаму Госпаду, у кожнага на сваім узроўні. Шрі Крішна сказаў Арджуне, што адрачэнне (саньяса) і ёга не адрозніваюцца паміж сабой, таму што, не вызваліўшыся ад жадання пачуццёвага задавальнення, ніхто не зможа стаць ёгам і саньясі.

Некаторыя людзі займаюцца медытацыяй дзеля якой-небудзь карысці, але гэта не сапраўдная ёга, бо ўсё павінна быць занята толькі ў служэнні Госпаду. Нягледзячы на тое, хто мы: звычайны працаўнік, саньясі, ёг ці філосаф – уся наша праца павінна рабіцца ў свядомасці Крішны. І калі мы цалкам паглыбляемся ў думкі пра Крішну, сваю дзейнасць прысвячаем служэнню Крішне і заўсёды знаходзімся ў свядомасці Крішны мы сапраўды зможам стаць саньясі і ёгамі.

Той, хто робіць толькі першы крок па лесвіцы сістэмы ёгі, павінен працаваць. Няверна лічыць, што, зрабіўшыся ёгам, чалавеку трэба спыніць усякую працу. У «Бхагават-гіце» Крішна прапануе Арджуне стаць ёгам, але нідзе не гаворыць, каб Арджуна адмовіўся ад бітвы. Зусім наадварот. Хт0сьці, безумоўна, спытае, як можна адразу быць і воінам, і ёгам? Па канцэпцыі ёгі трэба абавязкова знаходзіцца ў самотным месцы з паўзаплюшчанымі вачыма, засяроджанымі на кончыку носа. Дык як тады Крішна мог прапанаваць Арджуне стаць ёгам і, тым не менш, прымаць удзел у братазабойскай вайне? У гэтым сакрэт «Бхагават-гіты»: як застацца воінам і быць вялікім ёгам. Хіба такое дзесьці магчыма? Толькі ў свядомасці Крішны. Мы павінны заўсёды змагацца дзеля Крішны, працаваць дзеля Крішны, есць дзеля Крішны, спаць дзеля Крішны і прысвячаць усю сваю дзейнасць толькі Яму. У гэтым наша адзіная магчымасць зрабіцца ёгам і саньясі. Вось у чым сакрэт.

У шостай главе «Бхагават-гіты» Крішна даў тлумачэнні, як трэба займацца медытацыйнай ёгай, але Арджуна хутка адмовіўся ад яе, таму што такі працэс ёгі здаваўся яму вельмі складаным для выканання. Чаму ж тады Арджуна лічыцца найвялікшым ёгам? Крішна гаворыць, што хаця Арджуна і адмовіўся ад практыцы медытацыйнай сістэмы ёгі, ён усё роўна застаўся вялікай асобай, бо заўсёды думаў пра Госпада. Сэнс усіх сістэм ёгі: хатха, карма, г’яна, бхакці ці любой іншай – у тым, каб навучыцца заўсёды думаць пра Крішну. Калі чалавек прыходзіць у свядомасць Крішны і пачынае думаць пра Госпада, уся папярэдняя рэкамендаваная дзейнасць для духоўнага ўсведамлення робіцца непатрэбнай. Сапраўдная дасканаласць чалавечага жыцця – быць заўсёды ў свядомасці Крішны і цалкам прысвячаць сваю дзейнасць Госпаду. На пачатковым этапе адданага служэння трэба навучыцца працаваць для Крішны. Мы павінны кожны момант шукаць сабе які-небудзь занятак і не заставацца ў бяздзейнасці ні на імгненне. Трэба заняць усе свае пачуцці ў служэнні Крішне. І калі мы дасягнем пэўных поспехаў у гэтым напрамку, то будзем ужо пастаянна знаходзіцца ў роздуме пра Крішну. Існуе шматлікая дзейнасць, якую можна выконваць у свядомасці Крішны. Таму мэта Міжнароднага супольніцтва свядомасці Крішны – дапамагчы ўсім жадаючым служыць Госпаду. Дзіўна, што чалавеку, які працуе ў свядомасці Крішны проста не хапае дваццаці чатырох гадзін, каб выконваць служэнне Госпаду. Аднак калі ён актыўна працуе дзеля Крішны і ў дзень, і ў ноч, ён адчувае сябе найшчаслівейшым у свеце. Гэта і ёсць сапраўднае шчасце: заўсёды служыць Крішне і распаўсюджваць свядомасць Крішны па ўсім свеце. Калі чалавек вельмі многа працуе ў матэрыяльным свеце, яго хутка адольвае стома, але калі мы працуем у свядомасці Крішны, усхваляем Харе Крішна і 24 гадзіны аддана служым Госпаду, ад гэтага мы ніколі не стомімся. Калі мы проста паспрабуем вымаўляць якія-небудзь матэрыяльныя вібрацыі, то адразу прыйдзе стома. Але на духоўным узроўні яе проста няма, бо там усё абсалютна. У матэрыяльным свеце людзі працуюць толькі дзеля пачуццёвага задавальнення і прысвячаюць гэтаму ўсе вынікі сваёй цяжкай працы. Але ёгі не жадаюць такога плёну. Сапраўдны ёг не хоча нічога, акрамя Крішны, а Крішна, у Сваю чаргу, усюды спадарожнічае яму.

Навігацыя: