Частка 8

Дасканаласць ёгі

Існуе сапраўдны факт, што для жывой істоты, што імкнецца да дасканаласці ёгі, нараджэнне ў сям’і ёгаў ці адданых з’яўляецца вялікім дабром і асаблівым стымулам.

прайатна̄д йатама̄нас ту
йогī сам̇ш́уддха-кілбішах̣
анека-джанма-сам̇сіддхас
тато йа̄ті пара̄м̇ гатім

«Калі ёг шчыра імкнецца да прагрэсу, то ў рэшце, пасля мноства нараджэнняў, ачысціўшыся ад усяго бруду, ён дасягае вышэйшай мэты» (Бх. 6.47). Толькі чалавек, які цалкам вызваліўся ад бруду можа дасягнуць вышэйшай дасканаласці ёгі – свядомасці Крішны. Паглыбленне ў Крішну – гэта самы дасканалы працэс. Як сцвярджае Сам Крішна:

бахӯна̄м̇ джанмана̄м анте
джн̃а̄нава̄н ма̄м̇ прападйате
ва̄судевах̣ сарвам іті
са маха̄тма̄ судурлабхах̣

«Пасля многіх нараджэнняў і смярцей той, хто сапраўды знаходзіцца ў веданні, аддаецца Мне, ведаючы Мяне як прычыну ўсіх прычын, і прычыну ўсяго існага. Але рэдка сустракаецца Такая вялікая душа» (Бх. 7.19). Такім чынам, толькі пасля мноства жыццяў выканання набожнай дзейнасці, ачысціўшыся ад бруду, які ўзнік з-за ілюзіі дваістасці, чалавек пачынае займацца трансцэндэнтным служэннем Госпаду. Шрі Крішна робіць з гэтай размовы такую выснову:

йогіна̄м апі сарвеша̄м̇
мад-гатена̄нтара̄тмана̄
ш́раддха̄ва̄н бхаджате й0 ма̄м̇
са ме йуктатамо матах̣

«З усіх ёгаў, той, хто з вялікай верай заўсёды прыбывае ва Мне, пакланяецца Мне праз трансцэндэнтнае любоўнае служэнне, найбольш блізка звязаны са Мной праз ёгу, і ён найлепшы з усіх» (Бх. 6.47).

З гэтага вынікае, што кульмінацыяй усіх сістэм ёгі ўяўляецца бхакці-ёга, або адданае служэнне Крішне. Сапраўды, апісанне сістэм ёгі ў «Бхагават-гіце» заканчваецца на тым, што Крішна ёсць канчатковая мэта ўсіх відаў ёгі. Ад пачатку карма-ёгі да канца бхакці-ёгі ляжыць доўгі шлях самаўсведамлення. Карма-ёга, адрачэнне ад плёну сваёй дзейнасці, толькі самы пачатак гэтага шляху. Калі карма-ёг набывае большыя веды і адрачэнне, такі ўзровень завецца г’яна-ёгай, або ёгай ведання. Калі г'яна-ёга суправаджаецца медытацыяй на Звышдушу пры дапамозе фізічнага працэсу, гэта ператвараецца ў аштанга-ёгу. А калі чалавек пачынае пакланяцца Вярхоўнаму Богу-Асобе, Крішне, гэта ўжо бхакці-ёга – кульмінацыя ўсіх ёг. Фактычна, бхакці-ёга – гэта канчатковая мэта, але каб зразумець яе, трэба прааналізаваць усе астатнія працэсы. Таму ёг, які імкнецца да дасканаласці ў духоўным развіцці, выбраў верны шлях, што прывядзе яго да вечнага шчасця. Той жа, хто стаіць на адным месцы, будзе называцца адпаведна працэсу, на якім ён спыніўся: карма-ёгам, г’яна-ёгам, дх’яна-ёгам, раджа-ёгам, хатха-ёгам і г.д. Але калі лёс чалавека больш паспяховы, ён звернецца да бхакці-ёгі, свядомасці Крішны, і няцяжка зразумець, што такі чалавек у мінулым ужо выпрабаваў усе гэтыя метады ёгі.

Свядомасць Крішны – гэта апошняе звяно ў ёгічным ланцугу. Звяно, якое аб’ядноўвае нас з Вярхоўнай Асобай, Госпадам Шрі Крішнай. Без гэтага апошняга звяна, увесь ланцуг робіцца дарэмным. Той, хто сапраўды цікавіцца дасканаласцю працэса ёгі, павінен неадкладна прыняць свядомасць Крішны, паўтараць Харе Крішна мантру, чытаць «Бхагават-гіту» і пачаць служыць Крішне ў гэтым супольніцтве свядомасці Крішны. Такім чынам можна перасягнуць усе іншыя сістэмы і дайсці да канчатковай мэты ўсіх ёг – любві да Крішны.

Навігацыя: