Такі чалавек павінен спасьцігнуць запраўдную прыроду Вярхоўнага Госпада, найвялікшага з усіх, бесьцялеснага, усёведнага, бездакорнага, які ня мае жылаў, чыстага і неапаганенага, самадастатковага філёзафа, які з спрадвечных часоў выконвае жаданьні кожнага.
У гэтай мантры апісваецца трансцэндэнтная і вечная форма Абсалютнай Асобы Бога. Вярхоўны Госпад не бясформавы. Ён валодае трансцэндэнтнаю формаю, якая ня мае нічога агульнага з формамі матэрыяльнага сьвету. У гэтым сьвеце формы жывых істотаў створаныя матэрыяльнай прыродай і дзеюць, падобна да матэрыяльных мэханізмаў. Анатамічная структура матэрыяльнага цела павінна мець мэханічную канструкцыю, то бо яно павінна мець жылы й іншае, але трансцэндэнтнае цела Вярхоўнага Госпада ня мае нічога падобнага да жылаў. У гэтай мантры ясна сказана, што Ён бесьцялесны. Гэта азначае, што паміж Ягоным целам і душою няма розьніцы. У адрозьненьне ад нашага цела, Ягонае цела не навязанае Яму законамі матэрыяльнае прыроды. У матэрыяльна абумоўленым жыцьці душа адрозьніваецца ад грубага цела і тонкага розуму. Але для Вярхоўнага Госпада ніколі не існуе такой розьніцы паміж Ім самім і Ягоным целам або розумам. Ён – Поўнае Цэлае, і Ягоны розум, і цела і Ён Сам – адно і тое ж.
У «Брахма-самхіце» (5.1) прыведзенае аналягічнае апісаньне Вярхоўнага Госпада. Там апісваецца, што Ён – sac-cid-ānanda-vigraha. Гэта азначае, што Ён ёсьць трансцэндэнтнаю формаю, якая ўвасабляе ў Сабе вечнае быцьцё, веданьне й асалоду. Тым самым, Ён ня мае патрэбы ў асобным целе ці розуме, безь якіх нам не абысьціся ў матэрыяльным жыцьці. У ведыйскіх пісьмах ясна заяўлена, што Ягонае трансцэндэнтнае цела цалкам не падобнае да нашых целаў; таму часам пра Яго кажуць, што Ён ня мае формы. Гэта азначае, што Ён ня мае формы, падобнае да нашай, і што Ягоная форма недаступная ўспрыманьню нашых пачуцьцяў. У іншым месцы «Брахма-самхіты» (5.32) сказана, што кожны орган цела Госпада можа выконваць функцыі іншых органаў. Інакш кажучы, Госпад можа хадзіць рукамі, браць што-колечы нагамі, бачыць рукамі ці ступнямі, прымаць ежу вачыма і г. д. У шруці-мантрах таксама сказана, што, хоць Госпад і ня мае рук і ног, падобных да нашых, Ён мае іншыя рукі ды ногі, пры дапамозе якіх Ён прымае ўсё, што мы прапануем Яму, і перасоўваецца хутчэй за ўсіх. Усё гэта пацьвярджае дадзеная мантра «Шры Ішапанішад», называючы Госпада шукрам, што значыць «усёмагутны».
Вобраз Госпада, які прызначаны для пакланеньня (арча-віграха) і які ўсталёўваюць у храмах сапраўдныя ачар’і, усьвядоміўшыя Госпада так, як гэта апісана ў мантры сёмай, нічым не адрозьніваецца ад спрадвечнае формы Госпада. Спрадвечная форма – гэта форма Шры Крышны. А Шры Крышна пашырае Сябе ў бясконцае мноства такіх формаў, як Баладэва, Рама, Нрысімха, Вараха і г. д. Усе гэтыя формы ёсьць адной Асобай Бога. Аналягічна гэтаму, арча-віграха, якой пакланяюцца ў храмах, таксама ёсьць адной з формаў-экспансіяў Бога. Пакланяючыся ўсталяванаму вобразу Госпада ў форме арча-віграхі, чалавек можа адразу ж наблізіцца да Госпада, які пры дапамозе Сваёй усёмагутнай энэргіі прымае служэньне Сваіх адданых. Форма Госпада арча-віграха прыходзіць у гэты сьвет на просьбу ачар’яў, сьвятых настаўнікаў, і дзякуючы Ягонай усёмагутнай энэргіі дзее як Сам Госпад. Неразумнікі, не знаёмыя з гэтымі мантрамі «Шры Ішапанішад» і іншымі шруці-мантрамі, мяркуюць, што арча-віграха, якой пакланяюцца чыстыя адданыя, створаная з матэрыяльных элемэнтаў. Неадукаваным людзям, або каніштха-адхікары, якія не валодаюць дасканалым бачаньнем, гэтая форма здаецца матэрыяльнай, бо яны ня ведаюць, што Госпад усёмагутны і ўсёведны ды можа паводле Свайго жаданьня ператвараць матэрыю ў дух, а дух – у матэрыю.
У «Бхагавад-гіце» (9.11-12) Госпад шкадуе пра тое, што людзі зь мізэрнымі ведамі так дэградавалі, што насьміхаюцца з Госпада толькі таму, што Ён сходзіць у гэты сьвет у абліччы чалавека. Гэтыя недасьведчаныя людзі ня ведаюць пра ўсёмагутнасьць Госпада, таму Госпад ніколі не адкрывае Сябе цалкам такім псэўдафілёзафам. Ён адкрывае Сябе толькі адданым, сумерна ступені іхнай адданасьці Яму. А прычына дэградацыі жывых істотаў палягае ў тым, што яны забыліся пра свае стасункі з Богам.
У гэтай мантры, як і ў многіх іншых ведыйскіх мантрах, недвухсэнсоўна заяўлена, што Госпад з спрадвечных часоў забясьпечвае жывыя істоты ўсім патрэбным. Жывая істота жадае што-кольвек, і Госпад выконвае ейныя жаданьні ў той ступені, у якой яна гэтага заслугоўвае. Калі чалавек хоча стаць вярхоўным судзьдзём, ён павінен ня толькі заслужыць гэта, атрымаўшы адмысловую адукацыю, але і заручыцца згодаю ўладаў, якія маюць права прысвоіць яму званьне вярхоўнага судзьдзі. Каб заняць гэтую пасаду, недастаткова толькі валодаць кваліфікацыяй. На гэтую пасаду яго мае прызначыць чалавек, надзелены ўладай. Аналягічным парадкам, Госпад даруе асалоду жывой істоце ў залежнасьці ад ейных заслугаў, але адных заслугаў недастаткова, патрэбная яшчэ ласка Госпада.
Зазвычай, жывыя істоты ня ведаюць, што трэба прасіць у Госпада і якой пасады дамагацца. Але, калі жывая істота ўсьведамляе сваю сапраўдную прыроду, яна просіць Госпада дараваць ёй магчымасьць трансцэндэнтных стасункаў зь Ім, каб трансцэндэнтна і зь любоўю служыць Яму. На жаль, пад уплывам матэрыяльнае прыроды жывыя істоты просяць Госпада зусім пра іншыя рэчы. «Бхагавад-гіта» (2.41) апісвае іхны склад думак словамі «шматгалінасты» ці «раскіданы». Духоўны розум адзіны, а сьвецкі розум мае шмат разнастайнасьцяў. У «Шрымад-Бхагаватам» (7.5.30-31) сказана, што той, каго зачароўвае эфэмэрнае хараство вонкавай энэргіі, забывае пра сапраўдную мэту жыцьця – вяртаньне да Бога. Забыўшыся пра гэта, чалавек спрабуе палепшыць сваё матэрыяльнае становішча, складаючы розныя пляны і праграмы, хоць усё гэта падобна да перажоўваньня жаванага. Але Госпад такі добры, што дазваляе няпамятлівым жывым істотам працягваць сваю дарогу, ня ўмешваючыся ў іхныя справы. Таму ў дадзенай мантры «Шры Ішапанішад» ужытае вельмі дакладнае слова yāthātathyataḥ, якое паказвае, што Госпад узнагароджвае жывую істоту толькі згодна зь ейнымі жаданьнямі. Калі жывая істота хоча выправіцца ў пекла, то Госпад не пярэчыць гэтаму, а калі яна хоча вярнуцца дамоў, назад да Бога, то Госпад дапамагае ёй ужыцьцявіць і гэтае жаданьне.
У гэтай мантры Госпад апісаны як парыбхух, што значыць «найвялікшы з усіх». Няма нікога, хто быў бы вышэй за Яго ці роўны Яму. Іншыя жывыя істоты апісаныя тут як жабракі, якія выпрошваюць у Госпада выгоды, а Ён пасылае ім тое, чаго яны хочуць. Калі б жывыя істоты былі такімі ж магутнымі, як Госпад, то бо калі б яны былі ўсёмагутнымі і ўсёведнымі, то ім ня трэба было б ні пра што прасіць Бога, нават пра так званае вызваленьне. Запраўднае вызваленьне для жывой істоты азначае вяртаньне да Бога. Вызваленьне, як яго ўяўляюць сабе імпэрсаналісты, – гэта міт, і жабраваньне дзеля пачуцьцёвага задавальненьня будзе працягвацца вечна, пакуль жабрак не абудзіцца духоўна і не ўсьвядоміць свайго выточнага становішча.
Толькі Вярхоўны Госпад самадастатковы. Калі Госпад Шры Крышна пяць тысячаў гадоў таму прыйшоў на зямлю, Ён цалкам праявіў Сябе як Вярхоўная Асоба Бога праз Свае разнастайныя дзеі. Яшчэ дзіцём Ён забіў такіх магутных дэманаў, як Агхасура, Бакасура і Шакатасура, і нельга сказаць, што Ён дасягнуў такой магутнасьці, прыкладаючы для гэтага нейкія дадатковыя намаганьні. Каб падняць узгорак Говардхана, Яму ня трэба было напружвацца. Ён танцаваў з гопі, не зважаючы на сацыяльныя ўмоўнасьці, і ніхто ні словам не ўпікнуў Яго. Хоць пачуцьці, якія адчувалі да Крышны гопі, мелі характар любові замужніцы да свайго ўмілаванага, якая асуджаецца ў грамадзтве, іхным узаемадачыненьням з Госпадам Крышнам пакланяўся нават Госпад Чайтанья, які строга прытрымоўваўся рэгулявальных прынцыпаў саньясы. У пацьверджаньне таго, што Госпад заўсёды застаецца чыстым і неапаганеным, «Шры Ішапанішад» называе Яго шуддхам і апапа-віддхам, што значыць «антысэптычны» і «той, хто засьцерагае». Ён антысэптычны ў тым сэнсе, што нават нячыстыя рэчы могуць ачысьціцца ад аднаго дакрананьня да Яго. Словы «той, хто засьцерагае» тычацца стасункаў зь Ім. У «Бхагавад-гіце» (9.30-31) сказана, што адданы-пачатковец можа выглядаць як су-дурачара, то бо чалавек небездакорных паступкаў, і ўсё ж яго варта ўважаць за чыстага, бо ён стаіць на слушнай дарозе. Такой ёсьць засьцерагальная прырода стасункаў з Госпадам.
Госпад таксама апапа-віддхам. Гэта азначае, што грэх ня можа крануць Яго. Нават калі Ягоныя ўчынкі часам могуць здацца грэшнымі, яны ўсё ж ёсьць дабром для ўсіх, бо грэх ня можа закрануць Госпада. Пры ўсякіх акалічнасьцях Ён застаецца шуддхам, самым чыстым, таму Яго часта параўноўваюць з сонцам. Сонца выпарвае вільгаць з розных апаганеных месцаў на зямлі, але само пры гэтым застаецца чыстым. На самай рэчы яно валодае адмысловымі ўласьцівасьцямі й ачышчае нават самыя нячыстыя рэчы. Калі сонца, якое ёсьць матэрыяльным аб’ектам, валодае такой магутнасьцю, то цяжка нават уявіць сабе ачышчальную сілу ўсёмагутнага Госпада.