Забойца душы, кім бы ён ні быў, неадменна трапляе на плянэты, вядомыя як сьветы бязьвер’я, поўныя цемры і невуцтва.
Чалавечае жыцьцё адрозьніваецца ад жыцьця жывёлы вялікай адказнасьцю. Тых, хто ўсьведамляе свае абавязкі і працуе ў гэтым духу, называюць сурамі (пабожнымі). А тых, хто або грэбуе сваімі абавязкамі, або нічога пра іх ня ведае, называюць асурамі (дэманамі). Сусьвет насяляюць толькі гэтыя два тыпы людзей. У «Рыг-ведзе» сьцьвярджаецца, што суры заўсёды імкнуцца да лотасавых стопаў Вярхоўнага Госпада Вішну і дзеюць адпаведным парадкам. Іхныя сьцежкі гэтак жа асьветленыя, як і сьцежка сонца.
Разумныя людзі павінны заўсёды помніць, што душа атрымоўвае чалавечую форму цела пасьля многіх мільёнаў гадоў эвалюцыі і незьлічоных перасяленьняў душы з аднаго цела ў іншае. Гэты матэрыяльны сьвет часам параўноўваюць з акіянам, а чалавечае цела з моцнай лодкай, прызначанай перасекчы гэты акіян. Ведыйскія пісьмы і ачар’і, сьвятыя настаўнікі, параўноўваюцца з дасьведчаным лодачнікам, а мажлівасьці чалавечага цела параўноўваюцца з спадарожным ветрам, які можа дапамагчы лодцы пасьпяхова дабрацца да жаданага месца прызначэньня. Калі пры ўсіх гэтых мажлівасьцях чалавек не выкарыстоўвае ў поўнай меры сваё чалавечае жыцьцё дзеля самарэалізацыі, яго трэба ўважаць за атма-ха, за забойцу душы. «Шры Ішапанішад» недвухсэнсоўна папярэджвае нас, што забойцу душы наканавана ўвайсьці ў найцямнейшыя абшары невуцтва, каб вечна пакутаваць.
Ёсьць сьвіньні, сабакі, вярблюды, аслы і г. д., чые матэрыяльныя патрэбы гэтак жа важныя для іх, як і нашыя для нас, але эканамічныя праблемы гэтых жывёлінаў разьвязваюцца толькі ў агідных і брыдкіх варунках. Законы прыроды даюць чалавеку ўсе магчымасьці для камфортавага жыцьця, таму што чалавечая форма жыцьця больш важная і каштоўная за жывёльную. Дык чаму ж чалавеку дадзенае лепшае жыцьцё, чым сьвіньням ды іншым жывёлінам? Чаму высокапастаўлены дзяржаўны службовец атрымоўвае лепшыя варункі, чым звычайны клерк? Адказ палягае ў тым, што высокапастаўлены службовец павінен выконваць абавязкі больш вышэйшага характару. Аналягічна і чалавек павінен выконваць больш важныя абавязкі, чым жывёліны, якія заўсёды занятыя тым, каб накарміць свае галодныя страўнікі. Але сучасная цывілізацыя, якая забівае душу, толькі абвастрыла праблемы галоднага страўніка. Калі мы зьвернемся да рафінаванае жывёліны ў абліччы сучаснага цывілізаванага чалавека і паспрабуем абудзіць у ім інтарэс да самарэалізацыі, ён скажа, што проста хоча працаваць, каб насыціць страўнік, і што галоднаму чалавеку не патрэбная самарэалізацыя. Аднак законы прыроды настолькі няўмольныя, што нават калі чалавек адпрэчвае канечнасьць самарэалізацыі і жадае рупліва працаваць дзеля страўніка, яму заўсёды пагражае беспрацоўе.
Гэтая чалавечая форма жыцьця дадзеная нам не затым, каб цяжка працаваць, як асёл, сьвіньня і сабака, а дзеля дасягненьня найвышэйшае дасканаласьці жыцьця. Калі нас не цікавіць самарэалізацыя, то законы прыроды прымусяць нас вельмі шмат працаваць, нават калі мы гэтага не жадаем. У гэты век людзі вымушаныя працаваць, як аслы ці валы, цягнучы цяжкую ношу. У гэтым вершы «Шры Ішапанішад» апісаныя некаторыя з рэгіёнаў, куды адпраўляюць працаваць асураў. Калі чалавек грэбуе сваімі абавязкамі, ён трапляе на плянэты, якія называюцца асур’яй, і нараджаюцца ў ніжэйшай форме жыцьця, каб цяжка працаваць у невуцтве ды цемры.
У «Бхагавад-гіце» (6.41-43) сьцьвярджаецца, што чалавек, які стаў на шлях самарэалізацыі, але, нягледзячы на свае шчырыя намаганьні, так і ня скончыў гэты працэс (ня змог аднавіць свае стасункі з Богам), атрымоўвае мажлівасьць нарадзіцца ў сям’і шучы ці шрымата. Слова шучы паказвае на духоўна дасьведчанага брахмана, а шрымат – на вайш’ю, прадстаўніка гандлёвага стану. Гэта азначае, што дзякуючы сваім шчырым намаганьням у гэтым жыцьці чалавек, які ня здолеў дасягнуць самарэалізацыі, атрымае лепшы шанец у наступным жыцьці. Калі нават таму, хто выпаў з духоўнае дарогі, даецца мажлівасьць нарадзіцца ў шляхетнай і высакароднай сям’і, то наўрад ці можна ўявіць сабе стан таго, хто дасягнуў посьпеху. Простая спроба ўсьвядоміць Бога гарантуе нараджэньне ў заможнай або арыстакратычнай сям’і. Але тыя, хто наогул не распачынае аніякіх падобных спробаў, хто жадае быць ахопленым ілюзіяй, хто занадта матэрыялістычны і прывязаны да матэрыяльных асалодаў, нараджаюцца ў самых цёмных рэгіёнах пекла, што пацьвярджаецца ў ведыйскіх пісьмах. Такія матэрыялістычныя асуры часам дэманструюць прытворную рэлігійнасьць, але канчатковай мэтай іхнага жыцьця ёсьць матэрыяльны дабрабыт. У «Бхагавад-гіце» (16.17-18) Крышна жорстка папракае такіх людзей, называючы іх атма-самбхавіта. Гэта азначае, што іхная нібыта веліч была дасягнутая праз падман, а іхная ўлада трымаецца на галасах невукаў ды ўласным матэрыяльным багацьці. Асурам, якія адпрэчваюць самарэалізацыю і не жадаюць ведаць пра ішавасью, што ўсё ў сьвеце належыць Госпаду, падрыхтаваныя найцямнейшыя рэгіёны сусьвету.
Такім парадкам, чалавечае жыцьцё прызначанае не для разьвязаньня эканамічных праблемаў на хісткай аснове, але для вызваленьня ад усіх праблемаў матэрыяльнага жыцьця, на якое нас выракаюць законы прыроды.