Заўсёды дзеючы такім парадкам, чалавек можа імкнуцца пражыць сотні гадоў, бо такая дзейнасьць ня зьвязвае яго законамі кармы. Іншае дарогі ў чалавека няма.
Ніхто ня хоча паміраць, і кожны хоча жыць як мага больш. Гэтае жаданьне ўласьцівае ня толькі асобнаму чалавеку. Аналягічныя тэндэнцыі існуюць у калектывах людзей, грамадзтве і нацыі. Паміж рознымі відамі жывых істотаў ідзе цяжкае змаганьне за існаваньне, і Веды кажуць, што гэта цалкам натуральна. Жывая істота вечная з сваёй прыроды, але, знаходзячыся ў палоне матэрыяльнага існаваньня, яна вымушаная зноў і зноў зьмяняць сваё цела. Гэты працэс называецца перасяленьнем душы, або карма-бандхана – зьнявольваньне ўласнай дзейнасьцю. Чалавек вымушаны працаваць, каб зарабіць сабе на жыцьцё, бо такі закон матэрыяльнае прыроды. Калі ён ня дзее згодна з наказанымі абавязкамі, то парушае закон прыроды і ўсё больш і больш выракае сябе на пакуты нараджэньня і сьмерці ў колазвароце перараджэньня душы.
Іншыя формы жыцьця таксама падпарадкоўваюцца цыклю нараджэньня і сьмерці, але калі жывая істота атрымоўвае чалавечую форму жыцьця, яна атрымоўвае шанец разарваць ланцуг закону кармы. Карма, акарма, вікарма – гэтыя прынцыпы дакладна апісаныя ў «Бхагават-гіце». Дзейнасьць, якая зьдзяйсьняецца згодна з наказанымі абавязкамі, згаданымі ў шастрах (сьвятых пісьмах), называецца карма. Дзейнасьць, якая вызваляе чалавека ад колазвароту нараджэньняў і сьмерцяў, называецца акарма. А дзейнасьць, якая зьвязаная з надужываньнем сваёй волі і вядзе да нараджэньня ў ніжэйшых формах жыцьця, называецца вікарма. З гэтых трох відаў дзейнасьці разумны чалавек аддае перавагу той, якая пазбаўляе яго ад ланцугоў кармы. Звычайны чалавек імкнецца зьдзяйсьняць пабожныя ўчынкі, каб праславіцца багабойным чалавекам ды дасягнуць высокага становішча ў гэтым сьвеце ці на нябёсах. Але людзі, якія больш разьвітыя духоўна, імкнуцца да поўнага вызваленьня ад усіх дзеяньняў і іхных наступстваў. Разумныя людзі добра ведаюць, што і добрыя, і дрэнныя ўчынкі служаць прычынаю матэрыяльных пакутаў. Таму яны шукаюць такую дзейнасьць, якая вызваліць іх ад наступстваў як добрых, так і дрэнных учынкаў. У гэтай мантры «Шры Ішапанішад» пацьвярджаецца, што вызваліцца ад добрай і дрэннай дзейнасьці мажліва.
Настаўленьні «Шры Ішапанішад» больш падрабязна вытлумачаныя ў «Бхагават-гіце», якую таксама называюць «Гітапанішад» – квінтэсэнцыяй усіх Упанішадаў. У «Бхагават-гіце» (3.9-16) Госпад кажа, што без выкананьня наказаных абавязкаў, зьмешчаных у ведыйскай літаратуры, немагчыма дасягнуць стану найшкармы, ці акармы. Веды так скіроўваюць энэргію чалавека, што ў працэсе сваёй дзейнасьці ён можа паступова ўсьвядоміць уладу Вярхоўнай Істоты. Калі чалавек усьведамляе вярхоўную ўладу Асобы Бога – Васудэвы, ці Крышны, – гэта значыць, што ён знаходзіцца на роўні пазытыўнага веданьня. На гэтай стадыі ачышчэньня гуны прыроды (даброці, жарсьці і невуцтва) перастаюць уплываць на чалавека, і ягоная дзейнасьць ператвараецца ў найшкарму, дзейнасьць, якая вызваляе чалавека з колазвароту нараджэньня і сьмерці.
Фактычна ніхто не павінен займацца нічым, акрамя адданага служэньня Госпаду. Аднак на ніжэйшай ступені жыцьця чалавек ня можа адразу заняцца адданым служэньнем і цалкам спыніць кармічную дзейнасьць. Абумоўленая душа прывыкла працаваць дзеля пачуцьцёвага задавальненьня, дзеля сваіх уласных эгаістычных інтарэсаў у вузкім або шырокім сэнсе гэтага слова. Звычайны чалавек працуе дзеля пачуцьцёвага задавальненьня, і калі такі прынцып пачуцьцёвага задавальненьня распаўсюджваецца на ягонае асяродзьдзе, нацыю ці ўсё чалавецтва, гэта прымае розныя прывабныя назвы, такія як альтруізм, сацыялізм, камунізм, нацыяналізм, гуманізм і г. д. Гэтыя «ізмы», бясспрэчна, ёсьць вельмі прывабнымі формамі карма-бандханы, дзейнасьці, якая зьнявольвае жывую істоту. Але ведыйскія настаўленьні «Шры Ішапанішад» абвяшчаюць, што калі чалавек жадае жыць дзеля хоць якога з вышэйпералічаных «ізмаў», у цэнтры ён павінен паставіць Бога. Няма нічога кепскага ў тым, каб стацца сем’янінам, альтруістам, сацыялістам, камуністам, нацыяналістам ці гуманістам, але пры ўмове, што ўсе такія дзеяньні выконваюцца згодна з прынцыпам ішавасьі – богацэнтрычнае канцэпцыі.
У «Бхагават-гіце» (2.40) Госпад Крышна кажа, што дзейнасьць, скіраваная на Бога, настолькі каштоўная, што нават самая нязначная ейная частка можа выратаваць чалавека ад найвялікшае небясьпекі. Самая вялікая небясьпека жыцьця – гэта магчымасьць зноў трапіць у эвалюцыйны цыкль перараджэньня душы, які складаецца з 8 400 000 відаў жыцьця. Калі так ці інакш чалавек страчвае магчымасьць духоўнага разьвіцьця, якая даецца яму праз чалавечую форму жыцьця, і ён зноў вяртаецца ў эвалюцыйны цыкль, гэта трэба лічыць за найвялікшае няшчасьце, якое толькі можа быць. Але празь недасканалыя пачуцьці неразумны чалавек ня здольны гэта зразумець. Таму «Шры Ішапанішад» раіць нам скіроўваць нашую энэргію ў духу ішавасьі. Такім парадкам мы можам пражыць шмат гадоў. У адваротным выпадку доўгае жыцьцё чалавека нічым ня лепшае за жыцьцё дрэва, якое таксама ёсьць жывой істотай і можа пражыць сотні гадоў. Няма сэнсу доўга жыць, як дрэвы, ці дыхаць, як мяхі, або нараджаць дзяцей, як сьвіньня і сабака, ці есьці, як вярблюд. Нават сьціплае жыцьцё, прысьвечанае Богу, больш каштоўнае, чым велізарная мана так званага альтруізму або сацыялізму, ніяк не зьвязаных з Богам.
Калі такія дзеяньні, як альтруізм, выконваюцца ў духу «Шры Ішапанішад», яны становяцца формаю карма-ёгі, рэкамэндаванай у «Бхагават-гіце» (18.5-9). І таму, хто заняты такой дзейнасьцю, не пагражае падзеньне ў небясьпечны эвалюцыйны цыкль перараджэньня душы. Нават калі такая богацэнтрычная дзейнасьць застаецца напаўзавершанай, яна ўсё роўна прыносіць дабро таму, хто заняты ёй, бо гарантуе яму чалавечую форму жыцьця ў наступным нараджэньні. Тым самым чалавек атрымоўвае яшчэ адзін шанец палепшыць сваё становішча на шляху да вызваленьня.
Як можна займацца богацэнтрычнай дзейнасьцю, падрабязна тлумачыцца ў «Бхакці-расамрыта-сіндху» Шрылы Рупы Госвамі. Мы пераклалі гэтую кнігу на ангельскую мову як «The Nectar of Devotion» («Нэктар адданасьці»). Мы рэкамэндуем гэтую каштоўную кнігу ўсім, хто зацікаўлены дзейнічаць у духу «Шры Ішапанішад».