Вярхоўны Госпад і ходзіць, і ня ходзіць. Ён далёка, і ў той жа час вельмі блізка. Ён знаходзіцца ўнутры ўсяго, і аднак Ён па-за ўсім.
Тут апісваюцца некаторыя з трансцэндэнтных дзеяў Вярхоўнага Госпада, якія зьдзяйсьняюцца Ягонымі неспасьціжнымі энэргіямі. Гэтыя супярэчлівыя сьцьверджаньні даводзяць неспасьціжнасьць энэргіяў Госпада. Ён ходзіць і ня ходзіць. Гэтыя дзьве фразы супярэчаць адна адной. Калі хтосьці можа хадзіць, то нелягічна казаць, што ён ня можа хадзіць. Гэтыя супярэчнасьці паказваюць неспасьціжную ўсёмагутнасьць Госпада. Абмежаванасьць нашых ведаў не дазваляе нам пагадніць такія супярэчнасьці, таму нашыя ўяўленьні пра Госпада абмежаваныя сьціслымі рамкамі розуму. Напрыклад, філёзафы-імпэрсаналісты школы маявады прызнаюць толькі тыя дзеі Госпада, у якіх не праяўляюцца Ягоныя асабовыя якасьці, і адпрэчваюць Ягоны асабовы аспэкт. Але школа бхагаваты, баронячы дасканалыя ўяўленьні пра Госпада, кажа пра існаваньне Ягоных неспасьціжных энэргіяў, якія дазваляюць Яму адначасова валодаць асабовымі і безасабовымі якасьцямі. Бхагаваты ведаюць, што калі мы не прызнаем існаваньне неспасьціжных энэргіяў, то сам выраз «Вярхоўны Госпад» страчвае сэнс.
Калі мы ня бачым Госпада на свае вочы, гэта не азначае, што Госпада не існуе як асобы. Каб запярэчыць такім аргумэнтам, «Шры Ішапанішад» сьцьвярджае, што Госпад далёка ад нас, але Ён таксама вельмі блізка да нас. Сядзіба Госпада знаходзіцца за межамі матэрыяльнага неба, межы якога нам невядомыя. І мы ня маем мажлівасьцяў вызначыць памеры матэрыяльнага неба. Калі матэрыяльнае неба распасьціраецца так далёка, то што казаць пра духоўнае неба, якое ўвогуле знаходзіцца за ягонымі межамі? Тое, што духоўнае неба зьмяшчаецца вельмі далёка ад матэрыяльнага сусьвету, пацьвярджаецца ў «Бхагавад-гіце» (15.6). Але, нягледзячы на тое, што Госпад знаходзіцца далёка ад нас, Ён можа адразу ж, менш чым за імгненьне, зьявіцца перад намі з хуткасьцю большай за хуткасьць думкі ці ветру. Ён можа хадзіць так хутка, што ніхто ня можа перагнаць Яго. Гэты факт ужо быў апісаны ў папярэднім вершы.
Аднак, калі Вярхоўны Госпад зьяўляецца перад намі, мы грэбуем Ім. Госпад асуджае такое грэбаваньне ў «Бхагавад-гіце» (9.11), кажучы, што невукі кпяць зь Яго, прымаючы Яго за адну зь сьмяротных істотаў. Але Ён ня ёсьць сьмяротнай істотай і не паўстае перад намі ў целе, створаным матэрыяльнай прыродай. Шматлікія так званыя навукоўцы сьцьвярджаюць, што калі Госпад сходзіць у гэты матэрыяльны сьвет, Ён атрымоўвае матэрыяльнае цела, падобнае да звычайных жывых істотаў. Такія неразумныя людзі прыпадабняюць Госпада да звычайнага чалавека, ня ведаючы Ягоных неспасьціжных здольнасьцяў.
Госпад поўны неспасьціжных энэргіяў, таму Ён можа прыняць нашае служэньне ў кожнай форме і валодае мажлівасьцю пераўтвараць Свае разнастайныя энэргіі згодна з Сваёй уласнай воляй. Бязьверцы сьцьвярджаюць, што Госпад ня можа ўвасобіцца ў матэрыяльным сьвеце, або калі нават Ён і ўвасабляецца, то зьяўляецца ў целе, створаным з матэрыяльнай энэргіі. Гэтыя аргумэнты губляюць моц, калі мы прымаем існаваньне Ягоных неспасьціжных энэргіяў. Нават калі Госпад паўстае перад намі ў нейкай форме, створанай матэрыяльнай энэргіяй, то для Яго цалкам магчыма пераўтварыць гэтую матэрыяльную энэргію ў духоўную. Усе энэргіі падуладныя Ягонай волі, бо яны выходзяць з адной і той жа крыніцы. Напрыклад, Госпад можа зьяўляцца ў выглядзе арча-віграхі, або Боства, зробленага зь зямлі, дрэва або каменю. Аднак гэтыя формы, створаныя з дрэва, каменю або ўсякага іншага матэрыялу, ня ёсьць стодамі, як мяркуюць іконаклясты.
Недасканалае бачаньне, уласьцівае ўсім, хто вядзе недасканалае матэрыяльнае існаваньне, перашкаджае нам убачыць Вярхоўнага Госпада. Але, праяўляючы Сваю зычлівасьць да адданых, якія жадаюць убачыць Яго матэрыяльнымі вачыма, Госпад зьяўляецца ў так званай матэрыяльнай форме, каб прымаць іхнае служэньне. Гэта не азначае, што такія адданыя, якія знаходзяцца на ніжэйшай ступені адданага служэньня, пакланяюцца стоду. На самай рэчы яны пакланяюцца Госпаду, які пагадзіўся паўстаць перад імі ў даступным для іх выглядзе. Форма арча ня ёсьць формай, створанай на жаданьне ці з прыхамаці вернікаў, а існуе заўжды, з усімі сваімі атрыбутамі. Гэта напраўду можа адчуць толькі шчыры адданы, але не атэіст.
У «Бхагавад-гіце» (4.11) Госпад кажа, што Ягоныя стасункі з адданым залежаць ад глыбіні любові й адданасьці. Ён пакідае за Сабой права не выстаўляць Сябе напаказ нікому, акрамя тых, хто цалкам аддаецца Яму. Таму для адданае душы Госпад заўсёды дасягальны, а для неадданага Ён бясконца далёкі, і да Яго нельга наблізіцца.
Шастры зьвяртаюць увагу на два словы, якія часта ўжываюцца для характарыстыкі Госпада: сагуна (зь якасьцямі) і ніргуна (бязь якасьцяў). Слова сагуна не азначае, што калі Госпад прыходзіць у матэрыяльны сьвет, Ён робіцца падуладным законам матэрыяльнае прыроды, хаця Ён і валодае якасьцямі і зьяўляецца ў матэрыяльнай форме. Для Госпада няма розьніцы паміж матэрыяльнай і духоўнай энэргіяй, таму што Ён – крыніца ўсіх энэргіяў, і таму, у адрозьненьне ад нас, Ён ніколі не падпадае пад іхны ўплыў. Матэрыяльная энэргія падуладная Госпаду, таму Ён можа выкарыстоўваць яе ў Сваіх мэтах, не падпадаючы пад уплыў якасьцяў гэтай энэргіі. Гэта, аднак, не азначае, што Госпад ёсьць чымсьці бясформавым. Канец канцом Ён – вечная форма, спрадвечны Госпад. А Ягоны безасабовы аспэкт – зьзяньне Брахмана – гэта зьзяньне, якое эмануе зь Ягонай Асобы, аналягічна таму, як сонечныя прамяні ёсьць зьзяньнем бога Сонца.
Калі Прахлада Махараджа, хлопчык-сьвяты, стаяў перад сваім бацькам-атэістам, той спытаўся ў яго: «Дзе твой Бог?» Прахлада адказаў, што Бог знаходзіцца паўсюль. Раззлаваўшыся, бацька злосна спытаў, ці знаходзіцца ягоны Бог унутры калёны палаца, і дзіця адказала: «Так». Кароль-атэіст адразу ж разьбіў калёну, якая знаходзілася перад ім, на кавалкі, пасьля чаго ў тое ж імгненьне Госпад зьявіўся з калёны ў выглядзе Нрысімхі (паўчалавека-паўльва) і забіў караля-атэіста. Гэта азначае, што Госпад знаходзіцца ўнутры ўсяго, што створана Ягонымі рознымі энэргіямі. Дзякуючы Сваёй неспасьціжнай энэргіі Ён можа зьявіцца ў кожным месцы, каб надарыць ласкаю Свайго шчырага адданага. Госпад Нрысімха зьявіўся з калёны не на загад караля-атэіста, а паводле жаданьня Свайго адданага Прахлады. Атэіст ня можа загадаць Госпаду зьявіцца, але каб праявіць ласку да Свайго адданага, Госпад можа зьявіцца ў хоць якім месцы.
«Бхагавад-гіта» (4.8) таксама сьцьвярджае, што Госпад зьяўляецца ў гэтым сьвеце, каб зьнішчыць злодзеяў і абараніць Сваіх адданых. Вядома, што для зьнішчэньня бязбожнікаў Госпад мае шмат розных энэргіяў і памочнікаў, якія і безь Яго здольныя выканаць гэтае заданьне. Але клопат пра Сваіх адданых прыносіць задавальненьне Госпаду, і таму Ён асабіста ўвасабляецца ў матэрыяльным сьвеце. Напраўду Ён прыходзіць толькі затым, каб явіць ласку Сваім адданым, а не зь якой-небудзь іншаю мэтаю.
У «Брахма-самхіце» (5.35) сказана, што Говінда, спрадвечны Госпад, у вобразе Сваёй поўнай часткі пранізвае ўсё існае. Ён уваходзіць у сусьвет і ў кожны ягоны атам. Ён знаходзіцца па-за ўсім у Сваёй форме вірат і ўнутры ўсяго як антар’ямі. Як антар’ямі Ён ёсьць сьведкам усіх нашых учынкаў і ўзнагароджвае нас плёнамі нашае дзейнасьці (карма-пхала). Самі мы можам забыцца, што рабілі ў папярэднім жыцьці, але Госпад – сьведка нашых учынкаў, таму вынікі нашых дзеяньняў ніколі не зьнікаюць, і мы будзем вымушаныя адчуваць на сабе іхныя наступствы.
Сапраўды, як звонку, так і ўнутры ўсяго няма нічога акрамя Госпада. Усё праяўляецца зь Ягоных розных энэргіяў, аналягічна як цяпло і сьвятло выходзяць з агню. У гэтым сэнсе Ягоныя разнастайныя энэргіі тоесныя адна адной. Але, нягледзячы на гэтую тоеснасьць, Госпад у Сваёй асабовай форме атрымоўвае асалоду ад усяго, што прыносіць асалоду пачуцьцям Ягоных маленькіх неразлучных часьцінак – жывых істотаў.