МАНТРА ДЗЯВЯТАЯ

अन्धं तमः प्रविशन्ति येऽविद्यामुपासते।
ततो भूय इव ते तमो य उ विद्यायाँ रताः॥९॥
andhaṁ tamaḥ praviśanti
ye ’vidyām upāsate
tato bhūya iva te tamo
ya u vidyāyāḿ ratāḥ

Паслоўны пераклад

andham — брутальнае невуцтва; tamaḥ — цемра; praviśanti — уваходзяць; ye — тыя, хто; avidyām — невуцтву; upāsate — пакланяюцца; tataḥ — чым гэта; bhūyaḥ — яшчэ болей; iva — падобна да; te — яны; tamaḥ — цемра; ye — тыя, хто; u — таксама; vidyāyām — у культываваньні ведаў; ratāḥ — занятыя.

Пераклад

Тыя, хто культывуе невуцкую дзейнасьць, патрапяць у самыя змрочныя абшары невуцтва. І яшчэ горш тым, хто культывуе так званыя «веды».

Камэнтар

У гэтай мантры параўноўваюцца два паняткі: відзья і авідзья. Авідзья, невуцтва, без сумневу, небясьпечнае, але відзья, то бо веды, калі яны памылковыя ці ўводзяць у аблуду, яшчэ больш небясьпечныя. Гэтая мантра «Шры Ішапанішад» больш актуальная сёньня, чым калі б там ні было ў мінулым. Сучасная цывілізацыя дамаглася значных посьпехаў на ніве асьветы масаў, але ў выніку гэтага людзі толькі сталіся больш няшчаснымі, чым раней, таму што аддаюць зашмат увагі матэрыяльнаму прагрэсу і забыліся пра самы важны аспэкт жыцьця – духоўны.

Што да відзьі, то ў першай мантры «Шры Ішапанішад» вельмі дакладна сказана, што Вярхоўны Госпад ёсьць уласьнікам усяго, і забыцьцё гэтага факту ёсьць невуцтвам. Чым глыбей чалавек забывае гэтую праўду, тым глыбей занураецца ў цемру. І з гэтага пункту гледжаньня бязбожная цывілізацыя, якая дасканаліць так званую адукацыю, больш небясьпечная, чым грамадзтва, у якім масы людзей меней «адукаваныя».

Людзі падзяляюцца на розныя катэгорыі: кармі, г’яні і ёгаў. Кармі – гэта тыя, хто занятыя задавальненьнем пачуцьцяў. Практычна 99,9 адсоткаў людзей у сучасным грамадзтве занятыя задавальненьнем сваіх пачуцьцяў пад шыльдамі індустрыялізацыі, разьвіцьця эканомікі, альтруізму, палітычнае дзейнасьці і г. д. Уся гэтая дзейнасьць у большай ці меншай ступені заснаваная на прынцыпе задавальненьня пачуцьцяў і ніяк не зьвязаная зь сьвядомасьцю Бога, пра якую йдзе гаворка ў першай мантры «Шры Ішапанішад».

Людзі, паглынутыя цялеснымі асалодамі, на мове «Бхагавад-гіты» (7.15) называюцца мудхамі. Гэтае слова азначае, што яны такія ж неадукаваныя ды цёмныя, як аслы, сымбаль тупасьці. Людзі, занятыя бессэнсоўным задавальненьнем пачуцьцяў, паводле «Шры Ішапанішад», пакланяюцца авідзьі. І тыя, хто падтрымоўваюць такога кшталту цывілізацыю, называючы гэта прагрэсам асьветы, прыносяць больш шкоды, чым тыя, хто жыве толькі дзеля задавальненьня пачуцьцяў. Прагрэс навукі бязбожных людзей гэтак жа небясьпечны, як каштоўны камень на галаве кобры. Кобра, аздобленая каштоўным каменем, ня менш небясьпечная за кобру без аздабленьня. У «Хары-бхакці-судхадаі» (3.11) навуковыя дасягненьні бязбожных людзей параўноўваюць з аздабленьнем мерцьвяка. У Індыі, як і ў многіх іншых краінах, некаторыя людзі маюць звычай выпраўляць у апошнюю дарогу аздобленае цела нябожчыка, каб хоць неяк суцешыць сваякоў, якія смуткуюць. Уся сучасная цывілізацыя становіць сабою такую ж вартую жалю спробу хоць неяк палегчыць бесьперапынныя пакуты матэрыяльнага існаваньня. Уся гэтая дзейнасьць скіраваная толькі на задавальненьне пачуцьцяў. Але вышэй за пачуцьці стаіць розум, вышэй за розум – інтэлект, а вышэй за інтэлект – душа. Таму мэтаю сапраўднай адукацыі павінна быць самарэалізацыя, спазнаньне духоўных каштоўнасьцяў душы. Усякую іншую адукацыю, якая не прыводзіць да разуменьня прыроды свайго «я», варта ўважаць за авідзью, няведаньне. І культываваць такое няведаньне – значыць апускацца ў найцямнейшыя абшары невуцтва.

«Бхагавад-гіта» (2.42, 7.15) называе такіх аблудных сьвецкіх асьветнікаў словамі веда-вада-раты, маяя-пахрыта-г’яні, асурам бхавы і нарадхамы. Яны могуць таксама быць дэманамі-атэістамі, ніжэйшымі зь людзей. Тыя, хто належаць да веда-вада-ратаў, выдаюць сябе за знаўцаў ведыйскіх пісьмаў, але, на жаль, скажона разумеюць мэту Ведаў. У «Бхагавад-гіце» (15.15) сказана, што мэтаю Ведаў ёсьць спазнаньне Асобы Бога, але іх гэта зусім не цікавіць. Наадварот, яны зачараваныя вынікамі кармічнае дзейнасьці: дасягненьнем раю і да т. п.

Як тлумачыцца ў першай мантры «Шры Ішапанішад», мы павінны ведаць, што ўсё ёсьць уласнасьцю Асобы Бога, і нам варта здавольвацца вылучанай нам доляй жыцьцёвых выгодаў. Мэта ўсёй ведыйскай літаратуры – гэта абуджэньне сьвядомасьці Бога ў няпамятлівых жывых істотаў. З рознымі варыяцыямі гэты прынцып адлюстраваны ўва ўсіх пісьмах сьвету, каб недалёкія людзі маглі зразумець яго. Значыцца, найвышэйшая мэта ўсіх рэлігіяў – дапамагчы людзям вярнуцца да Бога.

Аднак тыя, каго называюць веда-вада-ратамі, замест таго каб зразумець сапраўдную мэту Ведаў, якая палягае ў аднаўленьні сувязі няпамятлівай душы з Асобай Бога, лічаць натуральным, што канчатковая мэта Ведаў – гэта дасягненьне такіх другарадных вынікаў, як райскія асалоды, імкненьне да якіх і ёсьць галоўнай прычынай іхнага матэрыяльнага нявольніцтва. Сваімі тлумачэньнямі ведыйскай літаратуры такія людзі толькі ўводзяць у зман іншых. Часам яны нават крытыкуюць Пураны, якія становяць сабой аўтэнтычныя ведыйскія паясьненьні, прызначаныя для сьвецкіх людзей. Веда-вада-раты па-свойму інтэрпрэтуюць Веды, адмаўляючы аўтарытэт вялікіх настаўнікаў (ачар’яў). Апроч таго, яны маюць звычай узьвялічваць якога-колечы беспрынцыповага чалавека з свайго кола, прысвойваючы яму тытул вялікага знаўцы ведыйскае мудрасьці. Гэтая мантра перш за ўсё скіраваная супраць такіх людзей, якія ахарактарызаваныя ў ёй вельмі дакладным санскрыцкім выразам – vidyāyāṁ ratāḥ. Відзьяям азначае «вывучэньне Ведаў», бо Веды ёсьць крыніцай усяго веданьня (відзьі), а ратах азначае «занятыя». Тым самым vidyāyāṁ ratāḥ азначае «занятыя вывучэньнем Ведаў». Гэтая мантра асуджае так званых «дасьледнікаў Ведаў» таму, што праз сваё нежаданьне падпарадкоўвацца ачар’ям яны ня ведаюць сапраўднае мэты Ведаў. Такія веда-вада-раты шукаюць у Ведах толькі пацьверджаньні ўласных канцэпцыяў. Яны ня ведаюць, што ведыйскія пісьмы – гэта не звычайныя кнігі, і іх немагчыма зразумець інакш, як пры дапамозе настаўніка, які стаіць у ланцугу вучнёўскай пераемнасьці.

Каб зразумець трансцэндэнтную навуку Ведаў, трэба зьвярнуцца да сапраўднага духоўнага настаўніка. Гэта наказ «Мундака-ўпанішад» (1.2.12). Аднак веда-вада-раты маюць сваіх уласных ачар’яў, якія не належаць да ланцуга трансцэндэнтнай вучнёўскай пераемнасьці. Такім парадкам, яны скажона трактуюць сэнс ведыйскіх пісьмаў і ў выніку трапляюць у найцямнейшыя сфэры невуцтва, нават ніжэй за тых, хто зусім не знаёмы зь Ведамі.

Да катэгорыі людзей маяяпахрыта-г’яні тычацца самазваныя «багі». Яны ўважаюць сябе за Бога і ня бачаць ніякае патрэбы пакланяцца нейкаму іншаму Богу. Пры гэтым яны гатовыя пакланяцца звычайнаму чалавеку, калі ён багаты, але адмаўляюцца пакланяцца Богу-Асобе. Такія неразумнікі, ня здольныя прызнаць уласнае глупства, ніколі не задаюцца пытаньнем, як гэта Бог можа трапіць у пастку маі, Сваёй ілюзорнай энэргіі. Калі б Бог мог трапіць у пастку маі, гэта азначала б, што мая магутнейшая за Самога Бога. Такія людзі кажуць, што Бог усёмагутны, але калі Ён усёмагутны, то як Ён можа патрапіць пад уладу маі? Дамарослыя «багі» ня могуць уцямна адказаць на гэтыя пытаньні, але іх цалкам задавальняе тое, што яны самі сталіся «багамі».

Навігацыя: