18. Будова сусвету

img

Веды, як і іншыя святыя пісьмы свету, прызнаюць, што гэты свет быў створаны ў пэўны момант часу. Дэталі гэтага працэсу, якімі напоўненыя цэлыя тамы ведыйскае літаратуры, прымусяць прызадумацца нават скептыкаў.

 

Кожны створаны аб’ект мае чатыры прычыны: гэта рэчыўная прычына (напрыклад, цэгла будынка), дзейсная прычына (муляры, хто будуе гэты будынак), сэнсавая (мэтавае выкарыстанне гэтага будынка ці жаданне гаспадара, таго, хто плаціць за яго) і канструктыўная (архітэктар, які праектуе гэты будынак у залежнасці ад патрэб і магчымасцяў гаспадара). У дачыненні да сусвету Веды таксама разглядаюць усе гэтыя прычыны, вызначаючы ролю кожнай у ягоным стварэнні.

 

Рэчыўнаю прычынаю гэтага свету ёсць матэрыяльная энергія Крышны, якая складаецца з пяці грубых элементаў, ці першаасноваў матэрыі: 1) эфір; 2) паветра; 3) агнявая стыхія (куды ўваходзіць і электрычнасць); 4) вадкасць (водная стыхія і ўсе цякучыя станы матэрыі) і нарэшце, 5) цвёрдая матэрыя, якая называецца для прастаты «зямлёй». Сказана, што з гэтых першаэлементаў складаюцца нават атамы. Таксама існуюць тры тонкія матэрыяльныя энергіі, вядомыя пад назвамі манас (розум), буддхі (інтэлект) і аханкара (падманнае эга).

 

Дзейснаю прычынаю стварэння ёсць матэрыяльная прырода, якая стварае ўсе віды жыцця і розныя варункі існавання пры дапамозе трох гун – даброці, жарсці і невуцтва. Таксама створаны свет мае і сэнсавую прычыну. Мэта ці сэнс сусвету палягае ў тым, каб даць жывой істоце (душы) магчымасць выканаць свае жаданні і, перасыціўшыся матэрыяльнымі задавальненнямі, спасцігнуць свой спрадвечны стан і вырвацца з цемры гэтага свету. Інакш кажучы, мы ўсе таксама ёсць прычынаю гэтага свету.

 

І нарэшце, канструктыўнаю прычынаю гэтага свету Веды абвяшчаюць Крышну, Вярхоўную Асобу Бога, Вярхоўнага валадара і Творцу ўсяго існага.

īśvaraḥ paramaḥ kṛṣṇaḥ
sac-cid-ānanda-vigrahaḥ
anādir ādir govindaḥ
sarva-kāraṇa-kāraṇam

У гэтым вершы са старажытнай «Брахма-самхіты» Крышну называюць «прычынаю ўсіх прычын». Крышна – галоўная прычына стварэння, Той, без каго стварэнне немагчыма. Аднак спосаб, якім Ён стварае, цалкам адрозніваецца ад спосабаў, вядомых нам. Рэч у тым, што Бог не павінен рабіць нічога Сам; для гэтага ў Яго існуе мноства слуг і памагатых. Інакш кажучы, Бог дзее пры дапамозе Сваіх энергій. Жадаючы ствараць, Госпад проста кідае погляд на Сваю матэрыяльную энергію. У тое ж імгненне матэрыяльная энергія, якая да гэтага знаходзілася ў пасіўным стане, як бы абуджаецца да дзеяння, што цягне за сабой цэлую чараду з’яўленняў другарадных прадуктаў: матэрыяльных элементаў (эфіру, паветра, агню, вады і зямлі) і іх вытворных функцый (у выглядзе гуку, дотыку, зроку, смаку і паху). Таксама ўнутры сусветнае формы Госпада праяўляюцца органы ўспрымання гэтых тонкіх субстанцый (органы слыху, тактыльныя органы, вочы, язык і нос), а таксама элемент, які аб’ядноўвае іх усе (матэрыяльны розум), разам з інтэлектам (функцыямі якога ёсць сумневы, аблуда, правільнае разуменне, памяць і сон) і адчуваннем сваёй недатычнасці да Бога (падманнае эга). Гуны матэрыяльнае прыроды абумоўліваюць жывую істоту, прымушаючы яе прыняць гэтыя элементы матэрыяльнае прыроды як адзіную рэальнасць. Тым самым, матэрыяльная энергія дзейнічае як прычына і вынік матэрыяльнае праявы, хаваючы ад нашага позірку духоўную рэальнасць.

 

Сусвет развіваецца наступным парадкам. Пасля першага стварэння, каротка апісанага вышэй, пачынаецца другі этап, які складаецца ў стварэнні розных варункаў жыцця для жывых істот, што знаходзяцца пад уплывам тых ці іншых спалучэнняў гун прыроды. Сусвет паводле Ведаў – гэта цела ў выглядзе яйка, пустое ў сярэдзіне, з абалонкамі з сямі першаэлементаў: паветра, агню, вады, зямлі, розуму, інтэлекту і падманнага эга. Часам кажуць, што ў гэтыя элементы ўключаная таксама махат-таттва – спрадвечны стан матэрыі, дзе няма дыферэнцыяцыі энергіі, а таксама эфір, ці прастора. Унутры кожнай абалонкі працякае свая асаблівая дзейнасць. Кожная абалонка ўтойвае ў сабе розныя спакусы, і той, хто спрабуе пакінуць матэрыяльны сусвет і дасягнуць вызвалення, павінен пераадолець усе спакусы, каб ягоны шлях скончыўся поспехам. Напалову гэтае яйкападобнае цела сусвету запоўненае вадою, і на гэтых водах, на ложы з кольцаў гіганцкага змея Шэшы, ляжыць Сам Госпад у чатырох-рукім абліччы Гарбхадакашаі Вішну. З Ягонага пупка вырастае сусветны лотас, у бутоне якога зараджаецца Брахма, першая жывая істота ў сусвеце. Брахма – другарадны творца гэтага свету. Цела ягонае вытканае з чыстага розуму; г. зн. у ягоным целе няма крывяносных сасудаў, унутраных органаў і да т. п. Пасля ста гадоў медытацыі Брахма чуе гук, якому наканавана стацца асноваю для стварэння ўсяго касмічнага парадку. Гэты гук падахвочвае Брахму ўстаць на шлях аскезы. Аскеза, паводле Ведаў, ёсць крыніцаю ўсякае сілы, таму чалавеку, калі ён хоча дамагчыся чагосьці ў жыцці, хоць бы гэта было духоўнае ці матэрыяльнае, трэба абмяжоўваць сябе ў пачуццёвых асалодах і скіроўваць сваю ўвагу ўнутр, у глыбіню сваёй свядомасці. Брахма здзяйсняў аскезу і потым пачуў яшчэ адзін гук, у які былі ўкладзеныя ўсе ведыйскія мантры і гімны. Гэты гук зыходзіў наўпрост з духоўнае сядзібы Госпада Крышны і быў нічым іншым, як гукам флейты Госпада. У гэтым гуку, як у насенні дрэва, была закладзеная інфармацыя пра працэсы стварэння, а таксама пра спосабы вызвалення з кайданоў матэрыі. Так Брахма атрымаў пасвячэнне ў духоўную і матэрыяльную навуку і пачаў ствараць.

 

У розных частках ведыйскіх пісьмаў мы знаходзім падрабязныя апісанні працэсу стварэння. Некаторыя з іх адрозніваюцца між сабою, гэта сведчыць пра тое, што стварэнне не адбываецца адзін раз у гісторыі, але паўтараецца зноў і зноў, кожны раз з некаторымі варыяцыямі. Наш сусвет, якім яго стварыў Брахма, падзяляецца на тры вялікія часткі: гэта вышэйшыя планетныя сістэмы, сярэднія (куды ўваходзіць Зямля) і ніжэйшыя (дэманічныя сістэмы і пякельныя светы). Варункі жыцця на гэтых планетах таксама адрозніваюцца: шэсць зямных месяцаў складаюць дзень на вышэйшых планетах, а мільёны гадоў у пекле раўнуюцца адной зямной секундзе. На вышэйшых планетах жывуць паўбагі, продкі (чалавецтва) і вялікія мудрацы, захавальнікі сусвету. На планетах зямнога тыпу жывуць істоты, якія маюць чалавечы тып цела, а на пякельных планетах жывуць лютыя ямадуты, якія катуюць грэшнікаў. Адразу пад узроўнем зямных планет знаходзяцца дэманічныя планеты, дзе жывуць істоты, падобныя да людзей, целы якіх складаюцца з асаблівых сплаваў металаў (гэтаксама, як і нашае цела мае металы). Часам сусвет таксама дзеляць на чатырнаццаць узроўняў: сем вышэйшых, якія называюцца Бхур, Бхувар, Свар, Махар, Джана, Тапа і Сацья, і сем ніжэйшых – Атала, Вітала, Сутала, Талатала, Махатала, Расатала і Патала. Вышэйшыя планетныя сістэмы пачынаюцца з Сонца, якое, згодна з «Шрымад-Бхагаватам», знаходзіцца ў цэнтры сусвету. Вышэй за Сонца знаходзяцца планетныя сістэмы, дзе жывуць тыя, хто здзяйсняў суровую аскезу. Над райскімі планетамі адна за адной размяшчаюцца зоркі, дзе жывуць мудрацы, якія валодаюць духоўнымі ведамі. Вышэй за ўсіх размешчаная Сацьялока, планета Брахмы, у насельнікаў якой целы створаныя з тонкаматэрыяльнага элемента (манаса, ці «розуму») і чыстага інтэлекту. Сусвет перыядычна ствараецца і так жа перыядычна разбураецца. Адрозніваюць частковае і поўнае знішчэнне сусвету. Частковае адбываецца пад канец дня Брахмы, калі Брахма кладзецца спаць, а поўнае – пад канец жыцця Брахмы, калі сусвет разбураецца цалкам. Пасля гэтага пачынаецца новы цыкл стварэння. Усё, што адбываецца тут, у гэтым свеце, – ёсць ні чым іншым, як сном Маха-Вішну, Вярхоўнага Госпада, першай з пуруша-аватараў Шры Крышны. Сусветы – гэта толькі бурбалкі, якія выходзяць з пор на целе Маха-Вішну. Такая веліч Бога, якога славяць у Ведах.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, снежань 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: