Уступ

Навука: праўда і выдумка

Адкуль вы ведаеце, што бесперапынны прагрэс навукі не вымусіць навукоўцаў лічыць, што... вечная не матэрыя, а жыццё? ...Хто ведае, можа, праз 10 000 гадоў чалавек схіліцца да той думкі, што матэрыя хутчэй за ўсё паходзіць з жыцця.

Луі Пастэр

Былі часы (як у казцы), калі большасць з нас верыла, што прадукты, якімі мы сілкуемся, у асноўным якасныя, карысныя і не змяшчаюць небяспечных хімікатаў, калі мы давяралі рэкламе і надпісам на ўпакоўцы прадуктаў, якія расхвальваюць іх выдатныя якасці. Былі часы, калі мы верылі ў сумленнасць людзей, якія ўзначальваюць дзяржаву, высокапастаўленых дзяржаўных дзеячаў і мясцовых службоўцаў. Былі часы, калі мы лічылі, што нашыя дзеці атрымліваюць добрую адукацыю ў дзяржаўных школах. Былі часы, калі мы верылі і ў тое, што атамная энергія будзе «скарыстаная ў мірных мэтах» і не прынясе ніякае шкоды шчасліваму і здароваму грамадству.

Аднак не так даўно нашыя ілюзіі рассеяліся. Раз-пораз нам даводзіцца чуць, як харчовыя канцэрны ашукваюць пакупнікоў, як заводы і атамныя электрастанцыі зліваюць у рэкі радыеактыўныя адкіды, а прадажнасць палітычных лідараў ужо ўвайшла ў прымаўку. Усё гэта не пакінула і следу ад нашае ранейшае наіўнасці. Цяпер мы ведаем, што пры дапамозе маркетынгу і сродкаў масавай інфармацыі можна з нязнаным дагэтуль майстэрствам стварыць заслону з фантазіі і аблуды, так што ніхто не зможа адрозніць праўду ад хлусні, рэальнасць ад ілюзіі.

Навукоўцы даўжэй за ўсё прымудраліся захоўваць бездакорную рэпутацыю рыцараў праўды, зачыніўшыся ў сваіх вежах са слановае косткі, недаступных для шараговых смяротных. З усіх іншых сфер дзейнасці чалавека навуцы адводзілася ганаровае месца запаветнай зямлі, на якой перасякаюцца дарогі шукальнікаў праўды і яе прапаведнікаў. Ашаламляльны тэхнічны прагрэс і дасягненні сучаснае навукі атачылі яе арэолам бязгрэшнасці. Уільям Ірвінг Томпсан у сваёй кнізе «Нарысы пра Зямлю» піша: «Гэтак жа як раней немажліва было ўсумніцца ў аўтарытэце рэлігіі, не рызыкуючы быць праклятым, сёння немажліва паставіць пад сумнеў аўтарытэт навукі, не рызыкуючы ўславіцца невукам ці вар’ятам». Аднак, насамрэч, навукоўцы, якія занялі ўсе ключавыя пасты ў сістэме адукацыі, у прамысловасці і ўрадзе, даўно ўжо вядомыя сваім уменнем спалучаць навуковыя даследаванні з асабістымі перакананнямі, прыхільнасцямі і амбіцыямі, падганяючы пад іх атрыманыя вынікі.

Калі гэта адбываецца, пошук праўды падмяняецца псеўданавукаю з усімі адпаведнымі наступствамі: перакручваннямі фактаў, фабрыкацыямі і падтасоўкамі. На жаль, гэты антынавуковы метад ужываецца і ў адной з самых фундаментальных галін навуковага пошуку – даследаванні прыроды і паходжання жыцця. Аднак гэта не замінае людзям слепа прымаць на веру неправераныя і непацверджаныя гіпотэзы навукоўцаў пра паходжанне жыцця.

Некаторыя навукоўцы прапагандуюць уяўленні пра тое, што чалавек ёсць толькі спалучэннем пазбаўленых свядомасці малекул, аднак такія навукоўцы не здольныя паясніць, якім парадкам звычайныя малекулы могуць адчуваць радасць ад сустрэчы з блізкімі людзьмі і гора ад расстання з імі.

На нядаўняй выставе ў Музеі прыродазнаўчай гісторыі ў Лос-Анджэлесе дэманстравалася вітрына, цалкам абстаўленая ампуламі і пробніцамі. Кожная з іх змяшчала адно хімічнае рэчыва, знойдзенае ў целе чалавека. У тлумачэнні было сказана, што, нягледзячы на той факт, што ўсе гэтыя рэчывы сапраўды знаходзяцца ў чалавечым целе і пададзеныя ў адпаведных колькасцях і прапорцыях, іх нельга лічыць жывымі, і няма такога навуковага метаду, пры дапамозе якога іх можна было б ажывіць.

Майкл Паліяні, аўтар «Атамных рэакцый», піша: «Сучасная біялогія заснаваная на здагадцы, што феномен жыцця можна цалкам вытлумачыць пры дапамозе хіміі і фізікі; а фізіка і хімія канец канцоў могуць быць зведзеныя да апісання сіл, якія забяспечваюць узаемадзеянне паміж атамнымі часціцамі... Вось у чым крыецца прычына нашых заганных уяўленняў пра чалавека, якія зводзяць яго да ўзроўню або бяздушнага аўтамата, або клубка сляпых жаданняў. У гэтым прычына таго, што навука так лёгка ператвараецца ў паслухмяную прыладу ў руках таталітарызму, і сталася невычэрпнай крыніцай небяспечных аблуд».

Сёння многія навукоўцы прапагандуюць тэорыю, паводле якой жыццё паходзіць з матэрыі. Навукова-папулярныя кнігі і падручнікі сцвярджаюць, што жыццё паўстала з хімічных злучэнняў, якія ўваходзілі ў склад «першапачатковага булёну»: амінакіслот, бялкоў і іншых патрэбных рэчываў. Аднак навука не можа даказаць гэтую гіпотэзу ні эксперыментальна, ні тэарэтычна. Фактычна, уся тэорыя грунтуецца выключна на сляпой веры навукоўцаў, якую не могуць пахіснуць ніякія навуковыя аргументы. Фізік Х’юбэрт Ёкі пры дапамозе сваёй тэорыі інфармацыі давёў, што нават адзінкавая малекула бялку цытахрому (не кажучы ўжо пра складаныя арганізмы) не магла паўстаць выпадкова за ўвесь час, які, паводле ацэнак навукоўцаў, існуе Зямля. Ён піша: «Трэба зрабіць выснову, што, насуперак усім прынятым і існым на сённяшні дзень тэорыям, сцэнарый, які апісваў бы зараджэнне жыцця на Зямлі як вынік выпадковасці і засноўваўся б пры гэтым на фактах, а не проста на веры, яшчэ не напісаны».

Падобным парадкам некаторыя навукоўцы падтрымліваюць шырока распаўсюджаную думку пра тое, што сонца, зоркі, планеты, галактыкі і свядомае жыццё нечакана паўсталі ў выніку «вялікага выбуху». Д-р Эдвін Годвін, біёлаг Прынстанскага ўніверсітэта, параўноўвае імавернасць узнікнення такое планеты, як наша, у выніку вялікага выбуху з імавернасцю ўзнікнення поўнага слоўніка англійскае мовы ў выніку выбуху друкарні.

Вядомы біёлаг У.Г. Торп піша: «Нельга выключыць імавернасці таго, што праблема паходжання жыцця (таксама як і праблема паходжання сусвету) стане неадольным бар’ерам для навукі, перашкодаю, аб якую будуць разбівацца ўсе нашыя спробы звесці біялогію да фізікі і хіміі». Эйнштэйн адзначае: «Кожны, хто сур’ёзна займаецца навукай, пераконваецца ў тым, што законы сусвету нясуць на сабе адбітак найвышэйшага розуму – розуму, які настолькі перасягае чалавечы, што мы, з нашымі сціплымі мажлівасцямі, павінны набожна схіліцца перад ім».

«Жыццё паходзіць з жыцця» пры дапамозе простае логікі паказвае, што жыццё нельга звесці да атамаў і малекул, і матэрыя сама сабою без дапамогі жыццёвае сілы, або духа, не здольная вырабіць жыццё ў хоць якой форме. Мы спадзяёмся, што гэтая кніга прымусіць навукоўцаў задумацца і заахвоціць іх прысвяціць сябе іншаму, больш сумленнаму і апантанаму пошуку праўды, каб іх розум, сродкі і праца прынеслі сапраўдную карысць свету.

Д-р Тудам Дамадара Сінгх
Навігацыя: