2. Гісторыя вайшнавізму

img

Пра Вішну і вішну-бхакці ў традыцыйнай літаратуры

Пра Вішну мы даведваемся яшчэ з «Рыг-веды». Тут гэтае імя сустракаецца значна радзей, чым такія імёны як Індра, Агні і Варуна. Аднак Вішну «Рыг-веды» – гэта «зародак рыты» (сусветнага закона), «той, хто пакрывае Сусвет крокамі». У «Вішну-сукце», адным з гімнаў «Рыг-веды», пра сядзібу Вішну гаворыцца як пра найвышэйшую. Вішну «Рыг-веды» – захавальнік Сусвету, які падтрымлівае і захоўвае ягоныя законы. У «Шатапатха-брахмане» Вішну паўстае персаніфікаваным ахвярапрынашэннем. Знакаміты гімн «Пуруша-сукта» апісвае Вішну як сусветную звышістоту.

 

У Ведах мы знаходзім тэксты, якія сведчаць пра монатэістычныя тэндэнцыі. Так, прыкладам, у «Рыг-ведзе» сказана: «Ёсць толькі адна рэальнасць, якую мудрацы называюць рознымі імёнамі: Агні, Яма, Матарышва». Тут жа мы ўпершыню сустракаем паняцце шраддха (вера). У «Сама-ведзе» шраддха апісваецца як маці ўсякага рытуалу. Гэта вельмі важна, бо пазней, у творах вайшнаваў, шраддха атаясамліваецца з першай ступенню бхакці, а бхакці мае на ўвазе глыбокую цвёрдую веру ў адзіны абраны аб’ект пакланення.

 

У «Махабхараце» мы сустракаемся з вайшнавізмам у ясна выяўленай форме. Часткай «Махабхараты» ёсць «Бхагавад-гіта» («Песня Бога»), якая паводле свайго значэння прыраўноўваецца да Упанішадаў і ўважаецца за адзін з галоўных святых ведыйскіх тэкстаў, прызнаваным усімі традыцыйнымі рэлігійна-філасофскімі школамі Індыі. У «Бхагавад-гіце» (15.18, 18.55) Крышна паўстае як Вярхоўная Асоба (пурушоттама), спазнаць якую можна пры дапамозе бхакці.

 

Найбольш ярка і разгорнута вайшнавізм пададзены ў Пуранах – у «Вішну-пуране», «Падма-пуране» і асабліва ў «Бхагавата-пуране». «Бхагавата-пурана» разам з «Махабхаратай» і «Рамаянай», якія ўсе належаць да найвялікшых эпічных твораў Індыі, дагэтуль ёсць адным з найболей папулярных і чытаных традыцыйных тэкстаў. У гэтым творы разам з апісаннем дзеяў Крышны, а таксама тэкстамі, што маюць філасофскае і тэалагічнае значэнне, утрымліваецца мноства аповедаў пра тое, як у розныя часы мудрацы і святыя дасягалі духоўнай дасканаласці шляхам бхакці.

Вайшнавізм у старажытнасці і ў сярэднія вякі

Сярод даследнікаў існуюць розныя думкі пра тое, калі і як паўстаў вайшнавізм, і якую ролю ён граў у старажытным індыйскім грамадстве (сама вайшнаўская традыцыя адносіць сваё паходжанне да дагістарычных часоў). На думку Р.М. Бонгард-Левіна і Р.Ф. Ільліна, вайшнавізм быў асноўнай рэлігійнай плынню ў Індыі ўжо ў сярэдзіне першага тысячагоддзя да н. э., у перыяд Маўр’яў і Шунгаў (Бонгард-Левін Р.М., Ільлін Р.Ф. Індыя ў старажытнасці). Пра храмы Рамы і Кешавы гаворыцца ў «Махабхаш’і» Патанджалі. Антычны аўтар Мегасфен расказвае пра тое, што індыйцы пакланяюцца магутнаму боству, якога ён называе Гераклам. Многія даследнікі лічаць, што Мегасфен мае на ўвазе Крышну, бо як ён кажа, Геракла асабліва ўшаноўваюць у Матхуры, у горадзе, які здаўна звязаны з пакланеннем Крышну. Р.М. Бонгард-Левін і Р.Ф. Ільлін прыводзяць тэкст знакамітага Беснагарскага надпісу Геліядора, які з’явіўся не пазней за II ст. да н. э.: «Гэта калона Гаруды, што належала Васудэву (Крышну), Богу багоў, была збудавана Геліядорам Бхагаватам, сынам Дыяна і жыхаром Таксілы, які прыбыў у якасці амбасадара ад вялікага грэцкага караля Антыалкіда да караля Каўшыпутры Бхагабхадры Збаўцы, які добра пачуваецца на чатырнаццатым годзе ягонага валадарання». Цікава, што грэк Геліядор называе сябе тут бхагаватам, г. зн. прыхільнікам Бхагавана (Крышны). Моцны ўплыў вайшнавізму праяўляецца таксама падчас праўлення Гуптаў. Цікава, што ўладнікі гэтай дынастыі называлі сябе парама-бхагаватамі.

 

З упадкам Гуптаў культ Вішну перасоўваецца на поўдзень Індыі. Тут, пачынаючы з V-VI стст. н. э., вялікую папулярнасць набываюць гімны альвараў – натхнёных паэтаў-вайшнаваў, казаннікаў і рэлігійных настаўнікаў. Традыцыя налічвае дванаццаць альвараў. Вучэнне, якое яны прапаведавалі, адрознівалася памяркоўнасцю і было даступным для людзей рознага сацыяльнага стану, што вельмі характэрна, асабліва калі ўлічыць строгасць каставага грамадства Індыі таго часу. Альвары лічылі, што адзінай якасцю чалавека, якая робіць яго вартым дасягнення духоўнай дасканаласці, ёсць адданасць Богу. З біяграфіяў альвараў мы пазнаём, што Кулашэкхара быў каралём, Цірупанна – бедняком, а Тондарадыпподзі – адрынутым грэшнікам. Сярод альвараў была нават жанчына на імя Андал. З твораў альвараў быў складзены грандыёзны зборнік пад назвай «Прабандхам», які налічваў больш за чатыры тысячы гімнаў. «Прабандхам» быў настолькі папулярны і карыстаўся такім аўтарытэтам, што яго называлі «Вайшнава-ведай». Перыяд альвараў змяніўся перыядам ачар’яў – настаўнікаў, найвялікшым з якіх быў Натхамуні. Ачар’і пачалі распрацоўку філасофска-тэалагічнай дактрыны, якая павінна была дапоўніць рэлігійныя гімны альвараў. Працы ачар’яў паслужылі падмуркам стварэнню ў XI-XIII стст. такіх развітых сістэм індыйскай думкі, як вішышта-адвайта Рамануджы і двайта Мадхвы. У гэту эпоху вайшнавізм, разам з шайвізмам (шываізмам), становіцца адной з галоўных рэлігійных плыняў Індыі. Слыннасць і папулярнасць набываюць рэлігійныя цэнтры вайшнаваў – Шры Рангам, Цірупаці, Удупі і Джаганнатха Пуры. Пачынаецца ўздым рэлігійнага-рэфарматарскага руху, які прынята называць рухам бхакці.

 

Хоць слова бхакці з даўніх часоў выкарыстоўвалася ў традыцыйнай літаратуры дзеля пазначэння служэння Богу ў духу любові і адданасці (у «Бхагавад-гіце», напрыклад, бхакці – галоўны сярод шляхоў, якія вядуць да духоўнай дасканаласці), тым не менш, як масавая форма рэлігійнага жыцця бхакці атрымлівае пашырэнне ў эпоху позняга сярэднявечча. У XV-XVI стст. рух бхакці дасягае свайго апагея. Ягоны ўплыў быў такі вялікі, што гэта наклала незабыўны адбітак на ўсю наступную гісторыю Індыі. Паводле сілы ўплыву (але не паводле сэнсу), які рух бхакці зрабіў на рэлігійнае і культурнае жыццё Індыі, яго можна параўнаць толькі з Рэфармацыяй у Еўропе. Хоць можна казаць і пра шайвісцкае бхакці, тым не менш, галоўным парадкам рух бхакці быў менавіта рухам вайшнаваў. Найбуйнейшай галіной вайшнава-бхакці, якая набыла дамінантную распаўсюджанасць ва Усходняй Індыі – Бенгаліі, Арысе і Асаме, стаў рух, які ўзначаліў Шры Чайтанья.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, снежань 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: