О мой Госпад, апора ўсяго жывога, Тваё сапраўднае аблічча ўтоенае Тваім асляпляльным ззяннем. Здымі ж гэтую заслону і з’яві Сябе Твайму чыстаму адданаму.
У «Бхагавад-гіце» (14.27) Госпад апісвае асляпляльнае ззянне Свайго цела (брахмадж’ёці) наступным парадкам:
«Я – аснова безасабовага Брахмана, несмяротнага, незнішчальнага і вечнага, які ёсць цэнтрам найвышэйшай, спрадвечнай асалоды». Брахман, Параматма і Бхагаван – гэта тры аспекты адной і той жа Абсалютнае Праўды. Брахман – гэта аспект, які лягчэй за ўсё ўспрымаецца пачаткоўцам; Параматма (Звышдуша) – спасцігаецца тымі, хто пайшоў далей; а ўсведамленне Бхагавана – гэта канчатковае ўсведамленне Абсалютнае Праўды. Гэта пацвярджаецца ў «Бхагавад-гіце» (7.7), дзе Госпад Крышна кажа, што Ён – найвышэйшая праява Абсалютнае Праўды: mattaḥ parataraṁ nānyat. Такім парадкам, Крышна ёсць крыніцай і брахмадж’ёці, і ўсёпранікальнае Параматмы. Далей у «Бхагавад-гіце» (10.42) Крышна кажа:
«Але навошта табе, о Арджуна, ведаць усе гэтыя дэталі? Адной Сваёй часткай Я праймаю і падтрымліваю ўвесь сусвет». Тым самым пры дапамозе адной са Сваіх поўных частак – усёпранікальнае Параматмы – Госпад падтрымлівае ўсё матэрыяльнае касмічнае стварэнне. У духоўным свеце ўсё існае таксама трымаецца на Госпадзе. Таму ў дадзенай шруці-мантры «Шры Ішапанішад» Госпада называюць пушан, што значыць «той, хто падтрымлівае ўсё існае».
Шры Крышна, Асоба Бога, заўсёды споўнены трансцэндэнтнай асалоды (ānanda-mayo ’bhyāsāt). Калі пяць тысяч гадоў таму назад Крышна жыў у Врындаване, Ён увесь час, адпачатку Сваіх гульняў, знаходзіўся ў трансцэндэнтнай асалодзе. Забойства розных дэманаў, такіх, як Агха, Бака, Путана і Праламба, было для Яго ўсяго толькі прыемнаю забаўкаю. Ён цешыўся са Сваёй маці, братам і сябрамі, калі жыў у Сваёй вёсцы. І калі Ён граў ролю гарэзлівага выкрадальніка масла, усе навокал адчувалі незямную асалоду ад Ягоных свавольстваў. Госпада называюць выкрадальнікам масла, але не затым, каб упікнуць Яго, бо, крадучы масла, Ён адорваў Сваіх чыстых адданых асалодаю. Усё, што Госпад рабіў у Врындаване, Ён рабіў дзеля таго, каб даць асалоду адданым, якія атачалі Яго. Госпад з’явіў Свае гульні, каб прывабіць спекулятыўных філосафаў ды акрабатаў так званае сістэмы хатха-ёгі, тых, хто жадае знайсці Абсалютную Праўду.
У «Шрымад-Бхагаватам» (10.12.11) Шукадэва Госвамі так апісвае дзіцячыя гульні Госпада і Ягоных сяброў-пастушкоў:
«Вярхоўны Госпад, Асоба Бога, якога г’яні разумеюць як безасабовага, споўненага асалоды Брахмана, якому адданыя пакланяюцца як Усявышняму, пакорліва служачы Яму, і якога свецкія людзі ўважаюць за звычайнага чалавека, гуляў з хлопчыкамі-пастушкамі, якія атрымалі такую мажлівасць дзякуючы вялікаму мноству пабожных учынкаў».
Такім парадкам, Госпад увесь час заняты трансцэндэнтнай дзейнасцю са Сваімі духоўнымі спадарожнікамі, з якімі Яго звязваюць любоўныя стасункі шанты (нейтралітэту), дасьі (служэння), сакх’і (сяброўства), ватсальі (бацькоўскае любові) і мадхур’і (сужэнскае любові).
У пісьмах сказана, што Госпад ніколі не пакідае Врындавана-дхаму, таму слушна задаць пытанне: якім спосабам Ён кіруе справамі стварэння? Адказ на гэтае пытанне дае «Бхагавад-гіта» (13.14-18): Параматма, поўная частка Госпада, ці Звышдуша, праймае ўсё матэрыяльнае стварэнне. Сам Госпад не прымае ўдзелу ў стварэнні, захаванні і разбурэнні матэрыяльнага свету, але ў вобразе Сваёй поўнай экспансіі, Параматмы, Ён выступае прычынай усяго, што адбываецца ў свеце. Кожная жывая істота ёсць атмай, душой, але Параматма, Звышдуша, – гэта найвышэйшая атма, якая кіруе ўсімі індывідуальнымі душамі.
Гэты метад зразумення Бога – вялікая навука. Прыхільнікі матэрыялістычнае санкх’я-ёгі не ідуць далей аналізу дваццаці чатырох элементаў матэрыяльнага стварэння і медытацыі на іх. Ім практычна нічога не вядома пра пурушу, Вярхоўнага Госпада. Трансцэндэнталісты, якія трымаюцца імперсаналістычных поглядаў на прыроду Абсалюта, проста пазбіваныя з панталыку асляпляльным ззяннем брахмадж’ёці. Але той, хто хоча ўбачыць Абсалютную Праўду ўва ўсёй Ейнай поўнасці, павінен спачатку ўстаць над дваццаццю чатырма матэрыяльнымі элементамі, а потым пранікнуць за Ейнае асляпляльнае ззянне. «Шры Ішапанішад» паказвае на гэта ў малітве аб зняцці хіранмая-патры, асляпляльнага ззяння, якое хавае Госпада. Пакуль не здымецца гэтая заслона, і пакуль чалавек не ўбачыць сапраўднага аблічча Вярхоўнай Асобы Бога, ён не зможа цалкам спасцігнуць Абсалютную Праўду.
Параматма, аспект асобы Бога, – гэта адна з трох Ягоных поўных экспансій, ці вішну-таттваў, якія называюцца пуруша-аватарамі. Вішну-таттва, змешчаная ўнутры сусвету, вядомая як Кшырадакашаі Вішну. Уласна гэты Вішну ёсць адным з трох галоўных бостваў сусвету: Брахмы, Вішну і Шывы. Ён – усёпранікальная Параматма, Звышдуша, якая знаходзіцца ў сэрцы кожнай жывой істоты. Гарбхадакашаі Вішну – адзіная Звышдуша ўсіх жывых істот, а над імі стаіць Каранадакашаі Вішну, які ляжыць у Прычынным акіяне. Ён ёсць творцам усіх сусветаў. Сур’ёзныя паслядоўнікі сістэмы ёгі могуць з ейнаю дапамогаю выйсці за межы сферы дваццаці чатырох элементаў сусвету і наўпрост убачыць гэтыя вішну-таттвы. Вывучэнне эмпірычнай філасофіі дапамагае ўсвядоміць безасабовае брахмадж’ёці, якое становіць сабой асляпляльнае ззянне трансцэндэнтнага цела Госпада Шры Крышны. Тое, што брахмадж’ёці – гэта ззянне, якое выпраменьвае Крышна, пацвярджаецца ў такіх ведыйскіх пісьмах, як «Бхагавад-гіта» (14.27) і «Брахма-самхіта» (5.40):
«У мільёнах і мільёнах сусветаў знаходзяцца незлічоныя планеты, на кожнай з якіх унікальныя варункі жыцця. І ўсе гэтыя планеты змешчаныя ў адным кутку брахмадж’ёці. Гэтае брахмадж’ёці ёсць выпраменьваннем Вярхоўнай Асобы Бога, Говінды, якому я пакланяюся». У гэтай мантры «Брахма-самхіты» адлюстраванае сапраўднае разуменне Абсалютнай Праўды. Шруці-мантра «Шры Ішапанішад» пацвярджае тое, што сказана ў «Брахма-самхіце», указваючы шлях да ўсведамлення Абсалютнай Праўды. Дадзеная мантра «Шры Ішапанішад» – простая малітва, звернутая да Госпада, у якой Яго просяць зняць заслону брахмадж’ёці і адкрыць Сваё сапраўднае аблічча. Ззянне брахмадж’ёці падрабязна апісанае ў некалькіх мантрах «Мундака-ўпанішад» (2.2.10-12):
«У духоўным валадарстве, якое знаходзіцца за межамі абалонак матэрыяльнага свету, разлітае бязмежнае ззянне Брахмана, не закранутае матэрыяльным агіддзем. Трансцэндэнталісты лічаць гэтае асляпляльнае белае святло крыніцай усякага святла. У тым валадарстве няма патрэбы ў сонечным і месяцовым святле, агні ці электрычнасці. Напраўду, кожнае святло, што ўспрымаецца ў матэрыяльным свеце, становіць сабою ўсяго толькі водбліск гэтага найвышэйшага святла. Гэты Брахман знаходзіцца спераду і ззаду, на поўначы, на поўдні, на ўсходзе і на захадзе, а таксама зверху і знізу. Інакш кажучы, найвышэйшае ззянне Брахмана залівае і матэрыяльнае, і духоўнае неба».
Дасканалае веданне – гэта разуменне таго, што Крышна ёсць першаснаю прычынаю ззяння Брахмана. Гэтыя веды можна атрымаць з такіх пісьмаў, як «Шрымад-Бхагаватам», у якім падрабязна выкладзеная навука пра Крышну. У «Бхагаватам» ягоны аўтар, Шрыла В’ясадэва, вызначыў, што розныя людзі, у залежнасці ад глыбіні зразумення Найвышэйшае Праўды, апісваюць Яе або як Брахмана, або як Параматму, або як Бхагавана. Шрыла В’ясадэва нідзе не кажа, што Найвышэйшая Праўда ёсць джывай, звычайнай жывой істотай. Жывую істоту ні ў якім разе нельга ўважаць за ўсёмагутную Найвышэйшую Праўду. Будзь жывая істота Усявышнім, ёй не трэба было б маліць Госпада, каб Ён прыбраў Сваю асляпляльна зіхатлівую заслону і дазволіў убачыць Ягонае сапраўднае аблічча.
Выснова такая, што безасабовага Брахмана ўсведамляе той, хто нічога не ведае пра энергіі Найвышэйшае Праўды. Той, хто ўсведамляе матэрыяльныя энергіі Госпада, але нічога ці амаль нічога не ведае пра духоўную энергію, дасягае ўсведамлення Параматмы. Такім парадкам, усведамленне Брахмана і ўсведамленне Параматмы – гэта частковае ўсведамленне Абсалютнае Праўды. Аднак калі спадае заслона хіранмая-патры, і чалавек усведамляе Шры Крышну, Вярхоўную Асобу Бога, разам з усімі Ягонымі энергіямі, то ён разумее, што Госпад Шры Крышна, якога называюць Васудэвам, ёсць усім: Брахманам, Параматмай і Бхагаванам – vāsudevaḥ sarvam iti. Ён – Бхагаван, корань дрэва, а Брахман і Параматма – Ягоныя галіны.
У «Бхагавад-гіце» (6.46-47) праводзіцца параўнальны аналіз трох тыпаў трансцэндэнталістаў: тых, хто пакланяецца безасабоваму Брахману (г’яні), тых, хто ўшаноўвае Параматму (ёгаў), і адданых Госпада Шры Крышны (бхактаў). Там заяўлена, што г’яні, якія вывучаюць ведыйскую мудрасць, лепшыя за звычайных кармі, што ёгі стаяць нават вышэй за г’яні, а тыя з ёгаў, якія аддаюць усе свае сілы служэнню Госпаду, ёсць найлепшымі. Іншымі словамі, філосаф лепш за таго, хто працуе дзеля асалоды плёнамі свае працы, містык лепшы за філосафа, а з усіх ёгаў-містыкаў лепш за ўсіх той, хто ідзе шляхам бхакці-ёгі, увесь час займаючыся служэннем Госпаду. І «Шры Ішапанішад» адкрывае нам шлях да гэтае дасканаласці.