Прахлада Махарадж, адзін з чацвярых дзяцей Хіраньякашыпу, нарадзіўся, калі кар’ера ягонага бацькі была ў разгары, аднак, не ўспадкаваў ніводнага з агідных якасцяў свайго бацькі. Да таго часу, калі яму споўнілася пяць гадоў, ён ужо дасягнуў значнай духоўнай мудрасці і цалкам утаймаваў розум і пачуцці. Ён быў непахісным адданым Госпада Вішну і, падобна Вішну, быў добры да ўсіх жывых істотаў. Ён пакорліва служыў паважаным людзям, дапамагаў бедным, выказваў братэрскія пачуцці да роўных і шанаваў настаўнікаў як Самаго Госпада Вішну. Апроч усяго, ён быў цалкам вольны ад любых праяваў гонару, які мог бы ўзнікнуць ад усведамлення ўласнага багацця, арыстакратычнага паходжання і прыгажосці.
Яму ніколі не пагражала небяспека, і ён ніколі не вабіўся свецкімі задавальненнямі. З самага дзяцінства Прахлада не выяўляў ніякай цікавасці да дзіцячых гульняў, бо ягоны розум заўсёды быў пагружаны ў думкі пра Госпада Вішну. Ён увесь час быў у медытацыі. Часам ён смяяўся, часам плакаў, а часам гучна спяваў. У хвіліны экстазу ён бачыў перад сабой Усявышняга. Тады Прахлада забываўся пра сваю сціпласць і пускаўся ў скокі. Калі ён адчуваў дакрананне Госпада Вішну да сваёй шчакі, ён заставаўся нямым, але ягоныя валасы ўставалі станьгом, і па твары цяклі слёзы. Нават цалкам прыгнечаны, патаптаны чалавек, падымаўся, проста ўбачыўшы Прахладу Махараджа.
Дэманы на чале з Хіраньякашыпу абралі сваім настаўнікам і святаром Шукрачар’ю. Двое сыноў Шукрачар’і, Шанда і Амарка, выкладалі ў школе непадалёку ад палаца Хіраньякашыпу. Прахладу аддалі ў гэту школу, і там, на занятках, якія былі спрошчаным выкладаннем палітыкі і эканомікі, ён даведаўся, што палітычныя філосафы дзеляць свет на ворагаў і сяброў – такія матэрыялістычныя погляды мелі дарослыя. Таму ён натхняў сваіх аднакласнікаў пакланяцца Богу, замест таго, каб вучыцца.
Аднойчы Хіраньякашыпу пасадзіў сына на калені і ласкава спытаў:
– Сынок, з усяго, чаму цябе вучаць у школе, што табе падабаецца больш за ўсё?
– Бацька мой, кароль дэманаў, – адказаў Прахлада, – лепшы досвед быў дадзены мне маім духоўным настаўнікам. Ён палягае ў тым, што кожны ў матэрыяльным свеце прыкуты да свайго часовага цела. І чым большая прыхільнасць да цела, тым больш даводзіцца пакутаваць. Трэба пакінуць усе матэрыяльныя прыхільнасці да цела і ягоных дадаткаў і пачаць развіваць любоў да таго, што сапраўды ёсць нязменным і вечным – да Бога і жывых істотаў, да таго, што з’яўляецца духоўным.
І Прахлада расказаў бацьку пра шлях самаўсведамлення і пра адданае служэнне.
Хіраньякашыпу выслухаў яго і зарагатаў:
– Гэта гаворкі дзіцяці, якому задурылі галаву ворагі ягонага бацькі. Звярнуўшыся да слугаў, ён сказаў:
– Забяспечце гэтаму хлопчыку поўную абарону ў школе, каб ягоны розум не падпадаў пад уплыў усялякіх замаскаваных вайшнаваў.
Слугі Хіраньякашыпу адвялі Прахладу назад у школу, да настаўнікаў Шанды і Амаркі, якія пазней былі дапытаны памагатымі Хіраньякашыпу. Пачуўшы, што хлопчык пільнуецца тэістычных поглядаў, абодва настаўнікі адчулі, што іхнай працы – і самаму жыццю! – пагражае небяспека. Хіраньякашыпу не пацерпіць такой непачцівасці. Тады настаўнікі вырашылі звярнуцца да Прахлады на вачах слугаў Хіраньякашыпу, каб тыя маглі самі пераканацца, што яны, настаўнікі, не вінаватыя ў богацэнтрычных прамовах Прахлады. Шанда і Амарка прывіталі Прахладу ціхім голасам і пяшчотнымі словамі:
– Мір і поспех табе, Прахлада! Калі ласка, скажы шчыра, не мані: дзе ты навучыўся тым рэчам, якія ты расказваеш свайму бацьку? Хто і калі так атруціў тваю свядомасць? Твае аднакласнікі не памыляюцца, як ты. Як твае настаўнікі, мы вельмі хочам пачуць адказ.
Не па гадах мудры Прахлада толькі ўсміхнуўся ім у адказ. Яго зноў адвялі дадому, каб абмеркаваць усё гэта з ягоным бацькам.