МАНТРА ВОСЬМАЯ

स पर्यगाच्छुक्रमकायमव्रणमस्नाविरँ शुद्धमपापविद्धम्।
कविर्मनीषी परिभूः स्वयम्भूर्याथातथ्यतोऽर्थान्
व्यदधाच्छाश्वतीभ्यः समाभ्यः॥८॥
sa paryagāc chukram akāyam avraṇam
asnāviraḿ śuddham apāpa-viddham
kavir manīṣī paribhūḥ svayambhūr
yāthātathyato ’rthān vyadadhāc
chāśvatībhyaḥ samābhyaḥ

Паслоўны пераклад

saḥ — такі чалавек; paryagāt — павінен сапраўды ведаць; śukram — усёмагутнага; akāyam — неўвасобленага; avraṇam — бездакорнага; asnāviram — які не мае жыл; śuddham — антысептычнага; apāpa-viddham — які засцерагае; kaviḥ — усёведнага; manīṣī — філосафа; paribhūḥ — найвялікшага; svayambhūḥ — самадастатковага; yāthātathyataḥ — проста паводле; arthān — жаданняў; vyadadhāt — узнагароджвае; śāśvatībhyaḥ — са спрадвечных; samābhyaḥ — часоў.

Пераклад

Такі чалавек павінен спасцігнуць сапраўдную прыроду Вярхоўнага Госпада, найвялікшага з усіх, бесцялеснага, усёведнага, бездакорнага, які не мае жыл, чыстага і неапаганенага, самадастатковага філосафа, які са спрадвечных часоў выконвае жаданні кожнага.

Каментар

У гэтай мантры апісваецца трансцэндэнтная і вечная форма Абсалютнай Асобы Бога. Вярхоўны Госпад не бясформавы. Ён валодае трансцэндэнтнаю формаю, якая не мае нічога агульнага з формамі матэрыяльнага свету. У гэтым свеце формы жывых істот створаныя матэрыяльнай прыродай і дзейнічаюць, падобна да матэрыяльных механізмаў. Анатамічная структура матэрыяльнага цела павінна мець механічную канструкцыю, то бо яно павінна мець жылы і іншае, але трансцэндэнтнае цела Вярхоўнага Госпада не мае нічога падобнага да жыл. У гэтай мантры ясна сказана, што Ён бесцялесны. Гэта азначае, што паміж Ягоным целам і душою няма розніцы. У адрозненне ад нашага цела, Ягонае цела не навязанае Яму законамі матэрыяльнае прыроды. У матэрыяльна абумоўленым жыцці душа адрозніваецца ад грубага цела і тонкага розуму. Але для Вярхоўнага Госпада ніколі не існуе такой розніцы паміж Ім самім і Ягоным целам або розумам. Ён – Поўнае Цэлае, і Ягоны розум, і цела і Ён Сам – адно і тое ж.

 

У «Брахма-самхіце» (5.1) прыведзенае аналагічнае апісанне Вярхоўнага Госпада. Там гаворыцца, што Ён – sac-cid-ānanda-vigraha. Гэта азначае, што Ён ёсць трансцэндэнтнаю формаю, якая ўвасабляе ў Сабе вечнае быццё, веданне і асалоду. Тым самым, Ён не мае патрэбы ў асобным целе ці розуме, без якіх нам не абысціся ў матэрыяльным жыцці. У ведыйскіх пісьмах ясна гаворыцца, што Ягонае трансцэндэнтнае цела цалкам не падобнае да нашых цел; таму часам пра Яго кажуць, што Ён не мае формы. Гэта азначае, што Ён не мае формы, падобнае да нашай, і што Ягоная форма недаступная ўспрыманню нашых пачуццяў. У іншым месцы «Брахма-самхіты» (5.32) сказана, што кожны орган цела Госпада можа выконваць функцыі іншых органаў. Інакш кажучы, Госпад можа хадзіць рукамі, браць што-колечы нагамі, бачыць рукамі ці ступнямі, прымаць ежу вачамі і г. д. У шруці-мантрах таксама сказана, што, хоць Госпад і не мае рук і ног, падобных да нашых, Ён мае іншыя рукі ды ногі, пры дапамозе якіх Ён прымае ўсё, што мы прапануем Яму, і перасоўваецца хутчэй за ўсіх. Усё гэта пацвярджае дадзеная мантра «Шры Ішапанішад», называючы Госпада шукрам, што значыць «усёмагутны».

 

Вобраз Госпада, які прызначаны для пакланення (арча-віграха) і які ўсталёўваюць у храмах сапраўдныя ачар’і, усвядоміўшыя Госпада так, як гэта апісана ў мантры сёмай, нічым не адрозніваецца ад спрадвечнае формы Госпада. Спрадвечная форма – гэта форма Шры Крышны. А Шры Крышна пашырае Сябе ў бясконцае мноства такіх формаў, як Баладэва, Рама, Нрысімха, Вараха і г. д. Усе гэтыя формы ёсць адной Асобай Бога. Аналагічна гэтаму, арча-віграха, якой пакланяюцца ў храмах, таксама ёсць адной з формаў-экспансій Бога. Пакланяючыся ўсталяванаму вобразу Госпада ў форме арча-віграхі, чалавек можа адразу ж наблізіцца да Госпада, які пры дапамозе Сваёй усёмагутнай энергіі прымае служэнне Сваіх адданых. Форма Госпада арча-віграха прыходзіць у гэты свет на просьбу ачар’яў, святых настаўнікаў, і дзякуючы Ягонай усёмагутнай энергіі дзее як Сам Госпад. Неразумнікі, не знаёмыя з гэтымі мантрамі «Шры Ішапанішад» і іншымі шруці-мантрамі, лічаць, што арча-віграха, якой пакланяюцца чыстыя адданыя, створаная з матэрыяльных элементаў. Неадукаваным людзям, або каніштха-адхікары, якія не валодаюць дасканалым бачаннем, гэтая форма здаецца матэрыяльнай, бо яны не ведаюць, што Госпад усёмагутны і ўсёведны ды можа паводле Свайго жадання ператвараць матэрыю ў дух, а дух – у матэрыю.

 

У «Бхагавад-гіце» (9.11-12) Госпад шкадуе пра тое, што людзі з мізэрнымі ведамі так дэградавалі, што насміхаюцца з Госпада толькі таму, што Ён сходзіць у гэты свет у абліччы чалавека. Гэтыя недасведчаныя людзі не ведаюць пра ўсёмагутнасць Госпада, таму Госпад ніколі не адкрывае Сябе цалкам такім псеўдафілосафам. Ён адкрывае Сябе толькі адданым, сумерна ступені іхнай адданасці Яму. А прычына дэградацыі жывых істот палягае ў тым, што яны забыліся пра свае стасункі з Богам.

 

У гэтай мантры, як і ў многіх іншых ведыйскіх мантрах, недвухсэнсоўна сказана, што Госпад са спрадвечных часоў забяспечвае жывыя істоты ўсім патрэбным. Жывая істота жадае што-кольвек, і Госпад выконвае ейныя жаданні ў той ступені, у якой яна гэтага заслугоўвае. Калі чалавек хоча стаць вярхоўным суддзём, ён павінен не толькі заслужыць гэта, атрымаўшы адмысловую адукацыю, але і заручыцца згодаю ўлад, якія маюць права прысвоіць яму званне вярхоўнага суддзі. Каб заняць гэты пост, недастаткова толькі валодаць кваліфікацыяй. На гэты пост яго мае прызначыць чалавек, надзелены ўладай. Аналагічным парадкам, Госпад даруе асалоду жывой істоце ў залежнасці ад ейных заслуг, але адных заслуг недастаткова, патрэбная яшчэ ласка Госпада.

 

Зазвычай, жывыя істоты не ведаюць, што трэба прасіць у Госпада і якой пасады дамагацца. Але, калі жывая істота ўсведамляе сваю сапраўдную прыроду, яна просіць Госпада дараваць ёй магчымасць трансцэндэнтных стасункаў з Ім, каб трансцэндэнтна і з любоўю служыць Яму. На жаль, пад уплывам матэрыяльнае прыроды жывыя істоты просяць Госпада зусім пра іншыя рэчы. «Бхагавад-гіта» (2.41) апісвае іхны склад думак словамі «шматгалінасты» ці «раскіданы». Духоўны розум адзіны, а свецкі розум мае шмат разнастайнасцяў. У «Шрымад-Бхагаватам» (7.5.30-31) сказана, што той, каго зачароўвае эфемернае хараство вонкавай энергіі, забывае пра сапраўдную мэту жыцця – вяртанне да Бога. Забыўшыся пра гэта, чалавек спрабуе палепшыць сваё матэрыяльнае становішча, складаючы розныя планы і праграмы, хоць усё гэта падобна да перажоўвання жаванага. Але Госпад такі добры, што дазваляе няпамятлівым жывым істотам працягваць сваю дарогу, не ўмешваючыся ў іхныя справы. Таму ў дадзенай мантры «Шры Ішапанішад» ужытае вельмі дакладнае слова yāthātathyataḥ, якое паказвае, што Госпад узнагароджвае жывую істоту толькі згодна з ейнымі жаданнямі. Калі жывая істота хоча адправіцца ў пекла, то Госпад не пярэчыць гэтаму, а калі яна хоча вярнуцца дамоў, назад да Бога, то Госпад дапамагае ёй ажыццявіць і гэтае жаданне.

 

У гэтай мантры Госпад апісаны як парыбхух, што значыць «найвялікшы з усіх». Няма нікога, хто быў бы вышэй за Яго ці роўны Яму. Іншыя жывыя істоты апісаныя тут як жабракі, якія выпрошваюць у Госпада выгоды, а Ён пасылае ім тое, чаго яны хочуць. Калі б жывыя істоты былі такімі ж магутнымі, як Госпад, то бо калі б яны былі ўсёмагутнымі і ўсёведнымі, то ім не трэба было б ні пра што прасіць Бога, нават пра так званае вызваленне. Сапраўднае вызваленне для жывой істоты азначае вяртанне да Бога. Вызваленне, як яго ўяўляюць сабе імперсаналісты, – гэта міф, і жабраванне дзеля пачуццёвага задавальнення будзе працягвацца вечна, пакуль жабрак не абудзіцца духоўна і не ўсвядоміць свайго зыходнага становішча.

 

Толькі Вярхоўны Госпад самадастатковы. Калі Госпад Шры Крышна пяць тысяч гадоў таму прыйшоў на зямлю, Ён цалкам праявіў Сябе як Вярхоўная Асоба Бога праз Свае разнастайныя дзеі. Яшчэ дзіцём Ён забіў такіх магутных дэманаў, як Агхасура, Бакасура і Шакатасура, і нельга сказаць, што Ён дасягнуў такой магутнасці, прыкладаючы для гэтага нейкія дадатковыя намаганні. Каб падняць узгорак Говардхана, Яму не трэба было напружвацца. Ён танцаваў з гопі, не зважаючы на сацыяльныя ўмоўнасці, і ніхто ні словам не ўпікнуў Яго. Хоць пачуцці, якія адчувалі да Крышны гопі, мелі характар любові замужніцы да свайго ўмілаванага, якая асуджаецца ў грамадстве, іхным узаемадачыненням з Госпадам Крышнам пакланяўся нават Госпад Чайтанья, які строга прытрымліваўся рэгулявальных прынцыпаў саньясы. У пацверджанне таго, што Госпад заўсёды застаецца чыстым і неапаганеным, «Шры Ішапанішад» называе Яго шуддхам і апапа-віддхам, што значыць «антысептычны» і «той, хто засцерагае». Ён антысептычны ў тым сэнсе, што нават нячыстыя рэчы могуць ачысціцца ад аднаго дакранання да Яго. Словы «той, хто засцерагае» тычацца стасункаў з Ім. У «Бхагавад-гіце» (9.30-31) сказана, што адданы-пачатковец можа выглядаць як су-дурачара, то бо чалавек небездакорных учынкаў, і ўсё ж яго варта лічыць чыстым, бо ён стаіць на слушнай дарозе. Такой ёсць засцерагальная прырода стасункаў з Госпадам.

 

Госпад таксама апапа-віддхам. Гэта азначае, што грэх не можа крануць Яго. Нават калі Ягоныя ўчынкі часам могуць здацца грэшнымі, яны ўсё ж ёсць дабром для ўсіх, бо грэх не можа закрануць Госпада. Пры ўсякіх акалічнасцях Ён застаецца шуддхам, самым чыстым, таму Яго часта параўноўваюць з сонцам. Сонца выпарвае вільгаць з розных апаганеных месцаў на зямлі, але само пры гэтым застаецца чыстым. На самай рэчы яно валодае адмысловымі ўласцівасцямі і ачышчае нават самыя нячыстыя рэчы. Калі сонца, якое ёсць матэрыяльным аб’ектам, валодае такой магутнасцю, то цяжка нават уявіць сабе ачышчальную сілу ўсёмагутнага Госпада.

Навігацыя: