Лекцыя Яго Боскай Міласці А.Ч. Бхакціведанты Свамі Прабхупады, прачытаная 6 кастрычніка 1969 года ў Канвей-Холе (Лондан, Англія).
Шаноўнае спадарства, тэмай сённяшняй лекцыі ёсць вучэнне Ведаў. Што такое Веды? Санскрыцкі дзеяслоўны корань слова веда можна перакладаць па-рознаму, але ўрэшце ўсе разнастайныя значэнні гэтага слова ёсць вытворнымі ад слова «веданне». Кожнае веданне, якое вы атрымліваеце, ёсць ведай, таму што вучэнне Ведаў – гэта першаснае веданне. Пакуль мы знаходзімся ў стане абумоўленасці, нашыя веды маюць шмат хібаў. Розніца паміж абумоўленай і вызваленай душой палягае ў тым, што абумоўленай душы ўласцівыя чатыры заганы. Першая ейная загана ў тым, што яна асуджаная рабіць памылкі. Напрыклад, у нашай краіне Махатму Гандзі ўважаюць за вялікага чалавека, але і ён дапускаў шмат памылак. Нават у апошні дзень ягонага жыцця сакратар папярэджваў яго: «Махатма Гандзі, не хадзіце на гэтую сустрэчу ў Новым Дэлі. Я чуў ад сяброў, што там небяспечна». Але ён не паслухаўся. Ён настаяў на тым, каб пайсці туды, і быў забіты. Нават такія вялікія людзі, як Махатма Гандзі, прэзідэнт Кенэдзі і да іх падобныя, робяць памылкі. Чалавеку ўласціва памыляцца. У гэтым адна з заганаў абумоўленай душы.
Другая загана – схільнасць занурацца ў ілюзію. Ілюзія – гэта вера ў рэальнасць таго, чаго не існуе – маі. Мая літаральна азначае «тое, чаго няма». Кожны прымае сваё цела за сябе. Калі я спытаю вас, хто вы, вы адкажаце: «Я містэр Джон, я багаты чалавек, я – тое, я – сёе». Усё гэта розныя формы атаясамлівання сябе з целам. Але вы не ёсць целам. Гэта ілюзія.
Трэцяя загана – схільнасць да падману. Кожны схільны ашукваць іншых. Чалавек можа быць найпершым дурнем, але выдаваць сябе за разумнага. Мы ўжо казалі, што чалавек на кожным кроку памыляецца, але гэта не перашкаджае яму разважаць: «Я думаю, што гэта так, а тое – гэтак». Пры гэтым ён нават не ведае прыроды свайго «я». Ён піша кнігі па філасофіі, хаця сам далёкі ад дасканаласці. У гэтым ягоная хвароба. Гэта і ёсць падман.
І нарэшце, нашыя пачуцці недасканалыя. Мы вельмі ганарымся сваім зрокам. Часта людзі з выклікам пытаюцца ў нас: «Ці можаце вы паказаць мне Бога?» Але ці маеце вы вочы, каб убачыць Бога? Вы не зможаце Яго ўбачыць, пакуль вы не будзеце мець вачэй, неабходных для гэтага. Калі зараз у пакоі раптам стане цёмна, вы не зможаце ўбачыць нават уласную руку. Дык чаго вартая ваша здольнасць бачыць? Такім парадкам, нельга разлічваць на тое, каб атрымаць сапраўднае веданне (веды) з дапамогай нашых недасканалых пачуццяў. Маючы гэтыя заганы, уласцівыя абумоўленым жывым істотам, мы нікому не можам даць дасканалых ведаў. Ды і самі мы недасканалыя. Таму мы прымаем Веды такімі, якія яны ёсць.
Веды часам называюць святымі пісьмамі індуізму, але слова «індуізм» замежнага паходжання. Мы не індусы. Існасць нашай культуры адлюстроўвае слова варнашрама. Гэтым словам называюць тых, хто кіруецца Ведамі і прымае дзяленне чалавечага грамадства на чатыры варны і ашрамы, гэта значыць на чатыры саслоўі і чатыры ступені духоўнага жыцця. Гэтую сістэму называюць варнашрамай. У «Бхагавад-гіце» [4.13] сказана: «Гэты падзел існуе ўсюды, таму што ён створаны Богам». Грамадства дзеліцца на брахманаў, кшатрыяў, вайш’яў і шудраў. Брахманамі называюць разумных людзей, тых, хто ведае, што такое Брахман. Кшатрыі – гэта саслоўе кіраўнікоў, то бо другое саслоўе разумных людзей. Затым ідуць вайш’і – гандлёвае саслоўе. Гэтыя групы людзей можна выявіць у кожным грамадстве. Такі ведыйскі прынцып, і мы прымаем яго. Ведыйскія прынцыпы прымаюць, не патрабуючы довадаў, бо ў Ведах не можа быць памылак. У гэтым палягае сэнс слова «прымаць». Напрыклад, у Індыі каровін гной лічыцца чыстым, хоць і ўяўляе сабою спаражненні жывёліны. У Ведах гаворыцца, што, крануўшыся спаражненняў, патрэбна адразу зрабіць амавенне. Але ў іншым месцы сказана, што каровін гной чысты. Калі вымазаць каровіным гноем нячыстае месца, то яно стане чыстым. Кіруючыся абывацельскім цвярозым розумам, мы можам сказаць: «Гэта супярэчнасць». І напраўду, з пункту гледжання здаровага сэнсу гэта супярэчнасць, але тым не менш тут няма памылкі. Гэта факт. У Калькуце адзін знакаміты навуковец-медык даследаваў каровін гной і выявіў, што ён валодае ўсімі антысептычнымі ўласцівасцямі.
У Індыі, калі адзін чалавек кажа іншаму: «Ты павінен зрабіць тое і тое», той можа спытаць: «Чаму ты так думаеш? Чаму я павінен беспярэчна выконваць твае ўказы? Хіба пра гэта сказана ў Ведах?» Ведыйскія наказы нельга тлумачыць па-свойму. Але ў выніку, калі вы старанна даследуеце кожны з гэтых наказаў, то выявіце, што яны беспамылковыя.
Веды не ёсць стварэннем чалавечага розуму. Веды прыйшлі з духоўнага свету, ад Госпада Крышны. Іншая назва Ведаў – шруці. Словам шруці называюць веданне, якое атрымліваюць у працэсе слухання. Гэта не эмпірычнае веданне. Шруці параўноўваюць з маці. Ад маці мы даведваемся пра вельмі многае. Напрыклад, калі вы хочаце даведацца, хто ваш бацька, хто можа адказаць вам? Толькі ваша маці. Калі маці кажа вам: «Вось твой бацька», вам застаецца толькі пагадзіцца з гэтым. Высветліць асобу бацькі эксперыментальным спосабам немагчыма. Адпаведна, калі вы жадаеце спазнаць нешта, што знаходзіцца за межамі сферы вашага досведу, вашага эмпірычнага ведання, за межамі сферы дзеяння вашых пачуццяў, то павінны прыняць Веды. У гэтым выпадку не можа быць і гаворкі пра эксперыментаванне. Усе эксперыменты ўжо даўно зроблены. Праўда ўжо ўстаноўлена. Нам застаецца толькі прыняць яе, як мы прымаем на веру словы маці. Іншай дарогі няма.
Веды прымаюць за маці, а Брахму называюць дзедам, продкам, бо ён быў першым, хто атрымаў Веды. Брахма быў першай жывой істотай у сусвеце. Ён атрымаў Веды і перадаў іх свайму сыну Нараду і іншым вучням і сынам, а яны перадалі іх сваім вучням. Так ведыйская навука перадаецца праз ланцуг вучнёўскай пераемнасці. «Бхагавад-гіта» таксама пацвярджае, што веды перадаюцца гэтым спосабам. Зрабіўшы эксперыменты, вы ў выніку прыйдзеце да тае ж высновы, але, каб зберагчы час, лепш проста прыняць вучэнне Ведаў. Калі вы хочаце даведацца, хто ваш бацька, і прызнаеце сваю маці аўтарытэтам у гэтым пытанні, то мусіце прыняць на веру ўсё, што яна вам скажа. Існуе тры віды доказаў: працьякша, анумана і шабда. Працьякша азначае «эмпірычны доказ». Эмпірычныя доказы заўсёды маюць слабыя бакі, бо нашы пачуцці недасканалыя. Напрыклад, мы кожны дзень бачым сонца, і яно здаецца нам маленькім дыскам, тады як напраўду яно значна большае за іншыя планеты. Дык чаго ж вартыя нашы назіранні? Каб скласці правільныя ўяўленні пра сонца, мы павінны чытаць кнігі. Такім парадкам, непасрэдны досвед недасканалы. Наступным відам доказу ёсць анумана, індуктыўнае веданне, або гіпотэза: «Выкажам здагадку, што гэта так…». Прыкладам такога доказу выступае тэорыя Дарвіна, якая цалкам заснавана на здагадках. Але гэта нельга назваць навукай. Гэта ўсяго толькі меркаванне, і яно таксама недасканалае. Дасканалымі могуць быць толькі веды, атрыманыя з аўтарытэтнай крыніцы. Калі радыёстанцыя дашле вам праграму перадач, вы не станеце аспрэчваць яе. У гэтым выпадку вам не трэба праводзіць эксперыменты, таму што праграма атрымана з надзейнай крыніцы.
Веды называюць шабда-праманай, або па-іншаму шруці. Шруці азначае, што веды павінны быць атрыманы ў працэсе слухання. Веды вучаць, што калі мы хочам зразумець трансцэндэнтную навуку, то павінны слухаць чалавека, абазнанага ў гэтым пытанні. Крыніца трансцэндэнтных ведаў знаходзіцца за межамі матэрыяльнага сусвету. Веданне, даступнае ў гэтым сусвеце, – гэта матэрыяльнае веданне, а веданне пра тое, што знаходзіцца за ягонымі межамі, – трансцэндэнтнае веданне. Нам не пад сілу дасягнуць межаў нават матэрыяльнага сусвету, не кажучы ўжо пра тое, каб патрапіць у духоўны свет. Такім чынам, здабыць поўныя веды немажліва.
І тым не менш духоўны свет існуе. За межамі праяўленай і непраяўленай матэрыі раскінулася духоўнае неба, у якім лунаюць вечныя планеты, населеныя вечнымі істотамі. Але як вы можаце гэта праверыць? Пра гэта гаворыцца ў ведыйскіх пісьмах, але як вы паставіце эксперыменты? Гэта немагчыма. Таму мы павінны проста прыняць інфармацыю, выкладзеную ў Ведах. Гэта называецца ведыйскім веданнем. У нашым Руху свядомасці Крышны мы атрымліваем веды ад найвышэйшага аўтарытэта, Крышны. Аўтарытэт Крышны прызнаюць людзі ўсіх катэгорый. У першую чаргу я маю на ўвазе дзве катэгорыі трансцэндэнталістаў. Адна катэгорыя трансцэндэнталістаў – гэта імперсаналісты, маявадзі. Звычайна іх называюць ведантыстамі школы Шанкарачар’і. Да трансцэндэнталістаў іншай катэгорыі адносяцца вайшнавы, такія, як Рамануджачар’я, Мадхвачар’я, Вішнусвамі. Шанкара-сампрадая, гэтак жа як і вайшнава-сампрадая, прызнае Крышну Вярхоўнай Асобай Бога. Шанкарачар’я лічыцца імперсаналістам, бо ён прапаведаваў імперсаналізм, безасабовы Брахман, але фактычна ён быў утоеным персаналістам. У сваім каментары да «Бхагавад-гіты» ён піша: «Нараяна, Вярхоўная Асоба Бога, знаходзіцца за межамі касмічнай праявы». І затым зноў пацвярджае гэта: «Вярхоўная Асоба Бога, Нараяна, – гэта Крышна. Ён прыйшоў у вобразе сына Дэвакі і Васудэвы». Ён адмыслова згадвае імя Ягонага бацькі і маці. Такім парадкам, усе трансцэндэнталісты прызнаюць Крышну Вярхоўнай Асобай Бога. Гэта бясспрэчная праўда. У Руху свядомасці Крышны мы абапіраемся на веды, узятыя з «Бхагавад-гіты», якую расказаў Сам Крышна. Мы апублікавалі «Бхагавад-гіту як яна ёсць», таму што прымаем усё, што сказаў Крышна, не даючы Ягоным словам уласных тлумачэнняў. Гэта ёсць Веды. Веды праўдзівыя, таму мы прымаем іх. Мы прымаем усё, што кажа Крышна. У гэтым іста свядомасці Крышны. Тым самым мы эканомім шмат часу. Прыняўшы сапраўдны аўтарытэт, вы ашчадзіце шмат часу. У матэрыяльным свеце існуюць два метады спазнання: індуктыўны і дэдуктыўны. Прыкладам дэдуктыўнага ведання ёсць нашае ўяўленне пра тое, што чалавек смяротны. Ваш бацька кажа, што чалавек смяротны, ваша сястра кажа, што чалавек смяротны, усе кажуць, што чалавек смяротны, але самі вы не праводзіце эксперыментаў. Вы не бераце пад сумненне тое, што чалавек смяротны, вы проста прымаеце гэтую праўду на веру. Калі ж вы захочаце правесці даследаванне, каб высветліць, ці смяротны чалавек, вам трэба будзе вывучыць усіх людзей, і пры гэтым нельга будзе выключыць імавернасць таго, што недзе жыве несмяротны чалавек, але ён вам яшчэ не сустрэўся. Тым самым вашае даследаванне ніколі б не скончылася. Гэты працэс на санскрыце мае назву ароха, узыходны працэс. Спробы здабыць веды, абапіраючыся толькі на свае сілы і недасканалыя пачуцці, загадзя асуджаныя на няўдачу. Так немагчыма прыйсці да правільных высноў. Гэта немажліва.
У «Брахма-самхіце» гаворыцца: «Проста пракаціцеся на самалёце, які імчыць з хуткасцю думкі». Нашыя матэрыяльныя самалёты могуць рухацца з хуткасцю дзве тысячы міль на гадзіну, але якая хуткасць думкі? Вы седзіце дома, раптам вы падумалі пра Індыю, якая знаходзіцца, скажам, за дзесяць тысяч міль ад вас, і адразу апынуліся там. Вашыя думкі імгненна перанеслі вас туды. Такая хуткасць думкі. Таму ў «Брахма-самхіце» гаворыцца: «Павандраваўшы з хуткасцю думкі мільёны гадоў, вы пераканаецеся ў тым, што духоўнае неба бязмежнае». Да яго немагчыма нават наблізіцца. Вось чаму ў Ведах сцвярджаецца, што чалавек мае, а дакладней абавязаны, звярнуцца да сапраўднага духоўнага настаўніка, гуру. Якія ж якасці духоўнага настаўніка? Ён той, хто засвоіў існасць Ведаў з аўтарытэтнай крыніцы і зацвердзіўся ў Брахмане. Такія дзве якасці, якімі ён павінен валодаць, інакш яго нельга назваць сапраўдным настаўнікам.
Рух свядомасці Крышны цалкам заснаваны на ведыйскіх прынцыпах. У «Бхагавад-гіце» Крышна кажа, што сапраўдная мэта вывучэння Ведаў – спазнаць Яго. У «Брахма-самхіце» таксама гаворыцца: «Крышна, Говінда, мае незлічоную колькасць формаў, але ўсе яны ёсць адно». Яны не падобныя да нашых недасканалых формаў. Ягоная форма дасканалая. Мая форма мае пачатак, але Ягоная форма не мае пачатку. Яна ананта. І Ягоная форма – а Ён мае безліч формаў – не мае канца. Маё цела знаходзіцца тут, а не ў маёй кватэры. Вы седзіце ў гэтай залі, а не ў сваёй кватэры. Аднак Крышна можа адначасова знаходзіцца ўсюды. Ён можа знаходзіцца на Галоцы Врындаване, але ў той жа самы час Ён усюдыісны. Ён – першасная асоба, найстарэйшая жывая істота, але на якую б выяву Крышны вы ні паглядзелі, вы ўбачыце юнака пятнаццаці-дваццаці гадоў. Вы нідзе не знойдзеце старога. Вы бачылі ў «Бхагавад-гіце» выяву Крышны ў ролі каляснічага. У той час Ён меў не менш за сто гадоў. Нягледзячы на тое, што Ён меў ужо праўнукаў, Ён выглядаў як юнак. Крышна, Бог, ніколі не старэе. Такая Ягоная вярхоўная магутнасць. І калі вы захочаце спасцігнуць Крышну, вывучаючы ведыйскую літаратуру, дык зойдзеце ў тупік. Тэарэтычна гэта магчыма, але спалучана з вельмі вялікімі цяжкасцямі. Аднак вы зможаце лёгка даведацца пра Яго ад Ягонага адданага. Адданы Крышны можа даць Яго вам са словамі: «Вось Ён, вазьміце Яго». Такая магутнасць адданых Крышны.
Першапачатна была толькі адна Веда, і чытаць яе не было патрэбы. Людзі былі такімі разумнымі і мелі такую добрую памяць, што маглі зразумець яе, толькі аднойчы пачуўшы з вуснаў духоўнага настаўніка. Ім дастаткова было аднойчы пачуць нешта, каб адразу зразумець сэнс сказанага. Але пяць тысяч гадоў таму В’ясадэва, клапоцячыся пра людзей гэтага веку, Калі-югі, запісаў Веды. Ён ведаў, што з часам жыццё людзей скароціцца, іхная памяць аслабее, а розум прытупіцца. «Таму я павінен вучыць ведыйскай мудрасці, запісаўшы яе», – падумаў ён. Ён падзяліў Веду на чатыры часткі: «Рыг», «Саму», «Атхарву» і «Яджур» – і даручыў гэтыя часткі сваім вучням. Потым ён падумаў пра людзей, якія не валодаюць вялікім розумам: стры, шудраў і двіджа-бандху. Ён вырашыў паклапаціцца пра жанчын, шудраў (рабочых) і двіджа-бандху (тых, што, нягледзячы на высокае паходжанне, не маюць адпаведных якасцяў). Чалавека, які нарадзіўся ў сям’і брахмана, але які не мае якасцяў брахмана, называюць двіджа-бандху. Для іх ён стварыў «Махабхарату», назваўшы так гісторыю Індыі, і васямнаццаць Пуранаў. Усё гэта: Пураны, «Махабхарата», чатыры Веды і Упанішады – складае ведыйскую літаратуру. Упанішады ёсць часткай Ведаў. Затым В’ясадэва абагульніў Веды для навукоўцаў і філосафаў у «Веданта-сутры». Гэта апошняе слова Ведаў (Веда-анта: канец Ведаў).
В’ясадэва асабіста напісаў «Веданта-сутру», прытрымліваючыся настаўленняў Нарады, свайго Гуру Махараджы (духоўнага настаўніка), але тым не менш ён не адчуваў здавальнення. Гэта доўгая гісторыя. Яна апісана ў «Шрымад-Бхагаватам». В’ясадэва заставаўся нездаволеным нават пасля таго, як скампіляваў Пураны, Упанішады і напісаў «Веданта-сутру». Тады ягоны духоўны настаўнік Нарада даў яму ўказ: «Паясні «Веданта-сутру». «Веданта» азначае «найвышэйшыя веды», а гэта Сам Крышна. Крышна кажа, што мэта ўсіх Ведаў – спазнаць Яго: vedānta-kṛd veda-vid eva cāham. Крышна кажа: «Я – складальнік «Веданты» і знаўца Ведаў». Такім чынам, канчатковая мэта Ведаў – Крышна. Гэта растлумачана ўва ўсіх каментарах вайшнаваў да філасофіі «Веданты». Мы, гаўдыя-вайшнавы, маем уласны каментар да філасофіі «Веданты» – «Говінда-бхаш’я» Баладэвы Відзьябхушаны. І Мадхвачар’я, і Рамануджачар’я напісалі каментары да «Веданты». Каментар Шанкарачар’і далёка не адзіны. Каментароў да «Веданты» шмат, але каментар вайшнаваў не быў першым, таму людзі памылкова лічаць, што каментар Шанкарачар’і – адзіны. Акрамя таго, В’ясадэва сам напісаў дасканалы каментар да «Веданты» – «Шрымад-Бхагаватам». «Шрымад-Бхагаватам» пачынаецца з тых жа слоў, што і «Веданта-сутра»: janmādy asya yataḥ. Гэтыя словы падрабязна растлумачаны ў «Шрымад-Бхагаватам». У «Веданта-сутры» змяшчаецца толькі намёк на тое, што такое Брахман, Абсалютная Праўда: «Абсалютная Праўда – гэта Тое, з чаго ўсё вынікае». Гэта афарызм, а ягонае дакладнае тлумачэнне прыводзіцца ў «Шрымад-Бхагаватам». Калі ўсё паходзіць з Абсалютнай Праўды, то якая прырода Абсалютнай Праўды? Гэта тлумачыцца ў «Шрымад-Бхагаватам». Абсалютная Праўда павінна валодаць свядомасцю. Яна самапраяўляецца (сва-рат). Мы развіваем сваю свядомасць і паглыбляем веды, атрымліваючы іх ад іншых, але пра Яе сказана, што Яна самапраяўляецца. «Веданта-сутра» ў сціснутай форме абагульняе ведыйскую мудрасць, і сам аўтар тлумачыць яе ў «Шрымад-Бхагаватам».
На заканчэнне мы просім усіх, хто напраўду імкнецца зразумець ведыйскую мудрасць, паспрабаваць зразумець ейны сэнс, вывучаючы «Шрымад-Бхагаватам» і «Бхагавад-гіту».