Усё жывое і нежывое, што ёсьць у сусьвеце, знаходзіцца пад уладаю Госпада і належыць Яму. Таму кожны павінен прымаць толькі тое, што яму канечне, што выдзелена яму як ягоная доля, і не замахвацца на чужое, добра ўсьведамляючы, каму ўсё належыць.
Мудрасьць Ведаў бясхібная, таму што яна перадаецца праз дасканалую вучнёўскую пераемнасьць духоўных настаўнікаў, пачынаючы з Самога Госпада. Першае слова Ведаў прамовіў Сам Госпад, таму крыніца гэтага веданьня трансцэндэнтная. Словы, прамоўленыя Госпадам, называюцца апаўрушэяй. Гэта значыць, што яны выходзяць ад асобы, якая не належыць да матэрыяльнага сьвету. Жывая істота, якая жыве ў матэрыяльным сьвеце, мае чатыры заганы: 1) яна схільная памыляцца, 2) яна схільная занурацца ў ілюзію, 3) яна схільная падманваць іншых і 4) яна мае недасканалыя пачуцьці. Абмежаваны гэтымі чатырма недасканаласьцямі, чалавек ня здольны перадаць іншым дасканалую інфармацыю пра ўсёпранікальнае веданьне. Аднак гэтага нельга сказаць пра Веды. Выточна гэтае веданьне было ўкладзенае ў сэрца Брахмы, першай створанай жывой істоты, і Брахма, сваім парадкам, перадаў гэтыя веды сваім сынам і вучням, якія працягвалі гэты працэс перадаваньня да нашых часоў.
Госпад – пурнам, або ўсёдасканалы, таму Ён не падпарадкоўваецца законам матэрыяльнае прыроды, тады як усе жывыя істоты і неадушаўлёныя аб’екты падпарадкоўваюцца законам прыроды і канец канцоў волі Госпада. «Ішапанішад» ёсьць часткай «Яджур-веды», таму яна зьмяшчае інфармацыю пра тое, каму належыць усё, што існуе ў сусьвеце.
Права ўласнасьці Госпада на ўсё ў сусьвеце пацьвярджаецца ў сёмай частцы «Бхагавад-гіты» (7.4-5), дзе абмяркоўваюцца пара і апара пракрыці. Элемэнты прыроды – зямля, агонь, вада, паветра, неба, розум, інтэлект і эга – усе належаць да ніжэйшай або матэрыяльнай энэргіі Госпада (апара пракрыці), тады як жывая істота, арганічная энэргія, ёсьць вышэйшай энэргіяй Госпада (пара пракрыці). Абедзьве пракрыці, або энэргіі, выходзяць з Госпада, і таму Ён ёсьць Валадаром усяго існага. У сусьвеце няма нічога, што не належала б да пара або да апара пракрыці, і таму ўсё ёсьць уласнасьцю Найвышэйшай Істоты.
Вярхоўная Істота, Абсалютны Бог-Асоба, ёсьць дасканалай асобай і валодае поўным і дасканалым інтэлектам, які дазваляе Яму кіраваць усім пры дапамозе Сваіх розных энэргіяў. Найвышэйшую Істоту часта параўноўваюць з агнём, а арганічную і неарганічную матэрыю – зь цяплом і сьвятлом агню. Агонь распаўсюджвае энэргію ў выглядзе цяпла і сьвятла, і аналягічным парадкам Госпад праяўляе Сваю энэргію рознымі спосабамі. Ён заўсёды застаецца Вярхоўным Валадаром, які падтрымоўвае і кіруе ўсім. Ён усёведны, валодае ўсімі энэргіямі, ёсьць зычліўцам кожнага і споўнены ўсіх неспасьціжных здабыткаў: улады, багацьця, славы, хараства, ведаў і адрачэньня.
Чалавек, які правільна выкарыстоўвае інтэлект, заўсёды павінен помніць, што акрамя Госпада, ніхто нічым не валодае, і таму павінен прыняць тое, што адведзена Госпадам, як сваю долю. Карова, напрыклад, дае малако, але сама малако ня п’е. Ейнае малако прызначанае ў ежу чалавеку. Карова есьць траву і сена, але ня п’е свайго малака. Такі парадак вызначаны Госпадам, і мы павінны быць здаволеныя тым, што Ён літасьціва вылучыў для нас. Мы заўсёды павінны помніць, каму, на самай рэчы, належыць усё, чым мы валодаем.
Напрыклад, наш дом пабудаваны зь зямлі, дрэва, каменю, жалеза, цэмэнту і многіх іншых матэрыяльных рэчаў. Калі мы разважаем з пункту гледжаньня «Шры Ішапанішад», то мы павінны прызнаць, што самі ня можам вырабіць ні аднаго з згаданых будаўнічых матэрыялаў. Мы можам проста сабраць іх разам і праз сваю працу надаць ім розныя формы. Працаўнік ня можа прэтэндаваць на тое, каб быць уласьнікам рэчы толькі таму, што ён рупліва працаваў, каб яе вырабіць.
У сучасным грамадзтве не сьціхаюць сваркі паміж працоўнымі і капіталістамі. Гэтыя сваркі прынялі міжнародны маштаб, і ўвесь сьвет знаходзіцца ў небясьпецы. Людзі варагуюць паміж сабой і гыркаюць адно на аднаго, як каты і сабакі. «Шры Ішапанішад» ня можа нічога параіць катам і сабакам, але яна перадае пасланьне Госпада чалавеку праз сапраўдных ачар’яў (сьвятых настаўнікаў). Таму чалавецтва павінна пераняць гэтую ведыйскую мудрасьць «Шры Ішапанішад» і спыніць сваркі праз матэрыяльную маёмасьць. Кожны павінен быць здаволены тым, што прыходзіць з ласкі Госпада. Ня можа быць міру ў сьвеце, калі камуністы, або капіталісты, або хоць якая іншая партыя прэтэндуюць на права ўласнасьці на прыродныя рэсурсы, якія цалкам належаць Госпаду. Капіталісты ня змогуць утаймаваць камуністаў толькі пры дапамозе палітычнага манэўраваньня, і камуністы таксама ня змогуць атрымаць перамогу над капіталістамі ў змаганьні за скрадзены хлеб. Пакуль яны не прызнаюць, што ўсё належыць Вярхоўнай Асобе Бога, усякая ўласнасьць, якую яны лічаць сваёй, ёсьць скрадзенай, і таму, паводле законаў прыроды, яны будуць пакараныя. Як камуністы, так і капіталісты маюць атамную зброю, і калі яны ўчасна не прызнаюць, што ўсё належыць Вярхоўнай Асобе Бога, то можна з упэўненасьцю сказаць, што ў выніку гэтыя бомбы зруйнуюць абедзьве партыі. Таму, каб выратаваць сябе і прынесьці мір на зямлю, абедзьве партыі павінны прытрымоўвацца настаўленьняў «Шры Ішапанішад».
Людзі створаныя не для таго, каб сварыцца, як каты і сабакі. Яны павінны разьвіваць інтэлект, каб усьвядоміць значэньне і мэту чалавечага жыцьця. Ведыйская літаратура прызначаная для чалавецтва, а не для катоў ды сабакаў. Каты і сабакі могуць забіваць іншых жывёлінаў дзеля пракорму, і гэта ня будзе грахом для іх. Але калі чалавек забівае жывёлу дзеля задавальненьня сваіх некантраляваных смакавых рэцэптараў, ён нясе адказнасьць за парушэньне законаў прыроды, і таму будзе пакараны.
Нормы жыцьця для людзей ня могуць быць ужытыя да жывёлы: тыгра ня есьць рыс, пшаніцу і ня п’е каровінае малако, таму што ёй адведзеная ейная частка прадуктаў харчаваньня ў выглядзе мяса жывёлінаў. Існуе шмат жывёлінаў і птушак, якія харчуюцца расьліннай ежай або плоцьцю іншых жывёлінаў, але ніводнае зь іх не парушае законаў прыроды, вызначаных воляй Госпада. Жывёліны, птушкі, рэптыліі строга прытрымліваюцца законаў прыроды, таму няма гаворкі пра грэх, і ведыйскія наказы існуюць не для іх. Толькі чалавечае жыцьцё прадугледжвае адказнасьць за свае ўчынкі.
Аднак было б няправільна лічыць, што, проста стаўшыся вэгетарыянцам, можна ўнікнуць парушэньня законаў прыроды. Расьліны таксама жывыя. І хаця гэта закон прыроды, паводле якога адна жывая істота павінна харчавацца іншай, для людзей галоўнае – прызнаньне Вярхоўнага Госпада. Таму ня варта ганарыцца тым, што вы строгі вэгетарыянец. Жывёліны ня маюць разьвітай сьвядомасьці, дзякуючы якой можна спазнаць Госпада, але чалавек надзелены інтэлектам, які дазваляе яму атрымаць веды, выкладзеныя ў ведыйскай літаратуры, і зразумець, якім парадкам дзеюць законы прыроды. Калі чалавек грэбуе настаўленьнямі ведыйскае літаратуры, ягонае жыцьцё становіцца вельмі рызыкоўным. Значыць, мы павінны прызнаць уладу Вярхоўнага Госпада і стаць Ягонымі адданымі. Чалавек павінен прысьвяціць усяго сябе служэньню Госпаду і есьці толькі рэшткі ежы, прапанаванай Госпаду. Гэта дазволіць яму належным парадкам выконваць свае абавязкі. У «Бхагавад-гіце» (9.26) Госпад проста кажа, што Ён прымае расьлінную ежу, якую прапануе Ягоны чысты адданы. Таму чалавек павінен ня толькі стацца строгім вэгетарыянцам, але і быць адданым Госпада, прапаноўваць Госпаду ўсю сваю ежу і толькі потым ужываць прасад, то бо ласку Бога. Такі адданы можа найлепшым парадкам выконваць абавязак чалавечага жыцьця. Тыя, хто не прапаноўвае ежу Госпаду, ядуць толькі грэх і выракаюць сябе на розныя віды пакутаў, якія ёсьць вынікам учыненых грахоў (Бхагавад-гіта 3.13).
Корань граху сядзіць у наўмысным непадпарадкаваньні законам прыроды празь нежаданьне прызнаць, што ўсё ёсьць уласнасьцю Госпада. Непадпарадкаваньне законам прыроды, то бо непадпарадкаваньне загаду Госпада, прынясе чалавеку загібель. Зь іншага боку, калі чалавек разважае цьвяроза і ведае законы прыроды, не паддаючыся ўплыву непатрэбных прыхільнасьцяў або агіды, ён абавязкова зьверне на сябе ўвагу Госпада і будзе варты вярнуцца назад да Бога, у свой вечны дом.