Няхай гэтае тленнае цела згарыць дашчэнту, і няхай паветра жыцьця зьліецца з усёй супольнасьцю паветра. Зараз, мой Госпад, успомні ўсе мае ахвяры і, таму што Ты ёсьць канчатковым бэнэфіцыярам, успомні, калі ласка, усё, што я зрабіў дзеля Цябе.
Тымчасовае матэрыяльнае цела ёсьць ні чым іншым, як вонкавай абалонкай душы. У «Бхагавад-гіце» (2.20) ясна сказана, што пасьля сьмерці матэрыяльнага цела жывая істота не зьнішчаецца і не губляе індывідуальнасьці. Жывая істота пры ўсіх акалічнасьцях захоўвае сваю індывідуальнасьць і форму. На самай рэчы гэтая матэрыяльная абалонка ня мае формы, таму што яна набывае свае абрысы ў адпаведнасьці з формаю незьнішчальнай асобы. Насуперак меркаваньню людзей зь бедным запасам ведаў, у сваім выточным стане ўсе жывыя істоты валодаюць формай. Гэтая мантра пацьвярджае, што жывая істота працягвае існаваць і пасьля зьнішчэньня матэрыяльнага цела.
У матэрыяльным сьвеце матэрыяльная прырода зь дзіўным майстэрствам стварае розныя віды целаў для жывых істотаў, якія адпавядаюць іхным схільнасьцям да пачуцьцёвых асалодаў. Таму, хто хоча харчавацца спаражненьнямі, прырода дае матэрыяльнае цела, якое ідэальна прыстасаванае для паглынаньня спаражненьняў, – цела сьвіньні. Той, хто жадае сілкавацца плоцьцю ды крывёй іншых жывых істотаў, можа атрымаць цела тыгры, якое мае патрэбныя для гэтага іклы ды кіпцюры. Чалавек, аднак, створаны не затым, каб харчавацца мясам ці спаражненьнямі. Нават самым прымітыўным зь людзей ня собіць есьці экскрэмэнты. Зубы чалавека добра прыстасаваныя для перажоўваньня садавіны і гародніны, але таксама маюцца два іклы, так што прымітыўныя людзі могуць есьці мяса, калі пажадаюць.
Але, як бы там ні было, матэрыяльныя целы і жывёлінаў, і людзей чужародныя жывой істоце. Яны мяняюцца ў залежнасьці ад таго, якое пачуцьцёвае задавальненьне яна жадае атрымоўваць. У працэсе эвалюцыі жывая істота ўвесь час мяняе целы. Калі ўвесь сьвет быў пакрыты вадой, жывыя істоты атрымоўвалі целы, прыстасаваныя для жыцьця ў вадзе. Потым яны перайшлі ў расьлінную форму жыцьця. З расьліны жывая істота абарачаецца ў чарвяка, з чарвяка – у птушку, з птушкі – у жывёліну, а з жывёліны – у чалавека. Чалавек, які валодае дасканалымі духоўнымі ведамі, знаходзіцца на самай высокай прыступцы эвалюцыйнае лесьвіцы, а вяршыня разьвіцьця духоўнае сьвядомасьці апісаная ў дадзенай мантры: чалавек павінен пакінуць матэрыяльнае цела, якому наканавана зрабіцца попелам, і дазволіць паветру жыцьця ўліцца ў вечнае ёмішча паветра. Жывая істота дзее ў сваім целе дзякуючы цыркуляцыі ў ім розных струменяў паветра, якія называюць прана-ваю. Ёгі галоўным парадкам вучацца кіраваць паветранымі плынямі ў сваім целе. Так душа паднімаецца з аднаго кругу паветра на іншы, пакуль не дасягае брахма-рандхры, самага высокага кругу цыркуляваньня паветраных патокаў. Дасягнуўшы яго, дасканалы ёг атрымоўвае здольнасьць на сваё жаданьне перанесьціся на хоць якую плянэту сусьвету. Пры гэтым ён павінен пакінуць адно матэрыяльнае цела ды ўвайсьці ў іншае. Аднак найвышэйшае дасканаласьці ў гэтым працэсе жывая істота дасягае тады, калі канчаткова растаецца з матэрыяльным целам, пра што і тлумачыцца ў гэтай мантры. Такая душа ўваходзіць у духоўную атмасфэру, дзе атрымоўвае цела зусім іншага тыпу – духоўнае, нязьменнае і непадуладнае сьмерці.
Тут, у матэрыяльным сьвеце матэрыяльная прырода прымушае жывую істоту зьмяняць сваё цела празь ейнае прагненьне разнастайных пачуцьцёвых асалодаў. Розныя віды жыцьця, пачынаючы ад мікробаў і канчаючы істотамі, якія маюць дасканалыя матэрыяльныя целы, такімі, як Брахма і паўбагі, увасабляюць такога кшталту жаданьні жывой істоты. Усе жывыя істоты маюць матэрыяльныя целы розных формаў, і разумны чалавек бачыць іхнае адзінства не ў разнастайнасьці целаў, а ў духоўнай прыродзе жывых істотаў.
І ў целе сьвіньні, і ў целе паўбога знаходзяцца аднолькавыя духоўныя іскры, якія ёсьць неад’емнымі часьцінкамі Вярхоўнага Госпада. Жывая істота атрымоўвае розныя целы ў залежнасьці ад сваіх пабожных ці грахоўных учынкаў. Чалавечае цела знаходзіцца на вельмі высокай прыступцы разьвіцьця і валодае цалкам разьвітай сьвядомасьцю. Паводле «Бхагавад-гіты» (7.19), самы дасканалы зь людзей пасьля многіх і многіх жыцьцяў, прысьвечаных спазнаньню праўды, аддаецца Госпаду. Працэс спазнаньня праўды дасягае кульмінацыі толькі тады, калі чалавек уручае сябе Вярхоўнаму Госпаду, Васудэву. Інакш нават той, хто спасьціг сваю духоўную прыроду, вымушаны будзе зноў упасьці ў матэрыяльную атмасфэру і заставацца ў ёй да таго часу, пакуль не ўсьвядоміць, што жывыя істоты ёсьць неад’емнымі часьцінкамі цэлага і ніколі ня змогуць самі стацца цэлым. Больш за тое, гэтая доля чакае нават тых, хто зьліўся з брахмадж’ёці.
Як мы ўжо ведаем з папярэдніх мантраў, брахмадж’ёці, якое эмануе з трансцэндэнтнага цела Госпада, напоўненае духоўнымі іскрамі, індывідуальнымі істотамі з поўнаю сьвядомасьцю існаваньня. Часам у гэтых жывых істотаў узьнікае жаданьне задавальняць свае пачуцьці, і таму яны трапляюць у матэрыяльны сьвет, дзе, падпарадкоўваючыся дыктату сваіх пачуцьцяў, становяцца ўяўнымі гаспадарамі. Жаданьне панаваць – гэта матэрыяльная хвароба жывой істоты, таму што, зачараваная матэрыяльнымі асалодамі, яна вымушаная перасяляцца ў гэтым сьвеце з аднаго цела ў іншае. Зьліцьцё з брахмадж’ёці таксама ня сьведчыць пра поўнасьць ведаў жывой істоты. Толькі цалкам аддаўшыся Госпаду і разьвіўшы ў сабе схільнасьць да духоўнага служэньня, можна дасягнуць найвышэйшае дасканаласьці.
У гэтай мантры жывая істота моліць даць ёй мажлівасьць, пакінуўшы матэрыяльнае цела і растаўшыся з матэрыяльным жыцьцёвым паветрам, увайсьці ў духоўнае валадарства Бога. Адданы моліць Госпада ўспомніць усё, што ён зрабіў, і ўсе ахвяры, якія ён прынёс, пакуль ягонае матэрыяльнае цела не абярнулася ў попел. Ён узносіць гэтую малітву ў момант сьмерці, памятаючы пра ўсе свае мінулыя дзеяньні і ўсьведамляючы сваю канчатковую мэту. Той, хто знаходзіцца пад уладаю матэрыяльнай прыроды, у апошні момант успамінае ўсе агідныя ўчынкі, зробленыя ім за час існаваньня ягонага матэрыяльнага цела, таму пасьля сьмерці ён атрымоўвае іншае матэрыяльнае цела. «Бхагавад-гіта» (8.6) пацьвярджае гэтую праўду:
«О сын Куньці, пра які б стан быцьця ні памятаў чалавек, пакідаючы цела, таго стану ён і дасягне ў наступным жыцьці». Так у момант сьмерці розум жывой істоты пераносіць яе разам зь ейнымі схільнасьцямі ў наступнае жыцьцё.
У адрозьненьне ад прымітыўных жывёлінаў, чый розум неразьвіты, чалавек, які памірае, можа памятаць учынкі, зробленыя ім пры жыцьці, якія праплываюць у ягонай памяці, быццам сны. Таму нават у гэты момант ягоны розум захоўвае матэрыяльныя жаданьні, якія перашкаджаюць яму атрымаць духоўнае цела і ўвайсьці ў духоўнае валадарства. Аднак адданыя, служачы Госпаду, разьвіваюць у сабе любоў да Яго. І нават калі адданы ня ўспомніць у момант сьмерці пра сваё служэньне Богу, Госпад не забудзе пра яго. Гэтую малітву ўзносяць, каб нагадаць Госпаду пра ахвяры, прынесеныя адданым, але і без такога напаміну Госпад не забывае пра служэньне Свайго чыстага адданага.
У «Бхагавад-гіце» (9.30-34) Госпад апісаў блізкія стасункі, якія зьвязваюць Яго з адданымі: «Нават калі чалавек, які займаецца адданым служэньнем, зробіць самы агідны ўчынак, яго ўсё роўна трэба ўважаць за сьвятога, бо ён мае пэўнасьць ісьці правільнаю сьцяжынаю. Ён хутка робіцца дабрадзейным і атрымоўвае вечны супакой. О сын Куньці, сьмела заяўляй кожнаму, што Мой адданы ніколі не загіне. О сын Партхі, аддаўшыся Мне, нават людзі нізкага паходжаньня, жанчыны, вайш’і [гандляры] і шудры [рабочыя] могуць дасягнуць найвышэйшае мэты. Што ж тады казаць пра пабожных брахманаў, пра адданых і пра сьвятых каралёў? Таму, раз ужо ты апынуўся ў гэтым тленным, поўным пакутаў сьвеце, цалкам прысьвяці сябе любоўнаму служэньню Мне. Заўсёды думай пра Мяне, стань Маім адданым, падай перада Мною ніцма і пакланяйся Мне. Цалкам сканцэнтраваны на Мне, ты абавязкова прыйдзеш да Мяне».
Шрыла Бхакцівінода Тхакур так тлумачыць гэтыя вершы «Гіты»: «Трэба разумець, што адданы Крышны ідзе слушнай дарогай сьвятых, нават калі ён можа выглядаць су-дурачарам, то бо чалавекам небездакорнага характару. Варта правільна зразумець сэнс слова су-дурачара. Абумоўленая душа вымушаная выконваць дзьве функцыі: яна павінна падтрымоўваць сваё фізычнае існаваньне й адначасова ісьці шляхам самарэалізацыі. Сацыяльнае становішча, разумовае разьвіцьцё, гігіена, аскетызм, харчаваньне ды самаабарона – усё гэта тычыцца падтрыманьня фізычнага існаваньня. Што ж да абавязку самарэалізацыі, то чалавек выконвае яго, займаючыся адданым служэньнем Госпаду, што, сваім парадкам, таксама зьвязана зь дзейнасьцю. Гэтыя дзьве функцыі варта выконваць адначасова, таму што абумоўленая душа ня можа цалкам перастаць клапаціцца пра цела. Аднак доля энэргіі, якую мы трацім на дзейнасьць, зьвязаную з падтрыманьнем цела, памяншаецца прапарцыйна павелічэньню долі энэргіі, якая расходуецца на адданае служэньне. Пакуль чалавек не дасягнуў пэўнага роўню адданага служэньня, застаецца магчымасьць выпадковага праяўленьня матэрыялістычных якасьцяў, але трэба адзначыць, што гэта ня можа працягвацца занадта доўга, бо з ласкі Госпада ён вельмі хутка пазбавіцца такіх хібаў. Таму шлях адданага служэньня – адзіна дакладны шлях. Калі нехта знаходзіцца на слушнай дарозе, нават выпадковае праяўленьне матэрыялістычных якасьцяў не запыніць ягонага прасоўваньня да самарэалізацыі».
Перавагі адданага служэньня не даступныя імпэрсаналістам, бо тыя прывязаныя да безасабовага аспэкту Госпада – брахмадж’ёці. Як было зазначана ў папярэдніх мантрах, імпэрсаналісты ня могуць выйсьці за межы брахмадж’ёці, таму што ня вераць у тое, што Бог – асоба. Іх больш цікавіць казуістыка й абстрактныя філязофскія канструкцыі, таму, як сьцьвярджаецца ў дванаццатай частцы «Бхагавад-гіты» (12.5), іхная праца бясплённая.
Мажлівасьці, пра якія гаворыцца ў дадзенай мантры, можна лёгка здабыць, наладзіўшы заўсёдны кантакт з асабовым аспэктам Абсалютнае Праўды. Адданае служэньне Госпаду, у існасьці, складаецца зь дзевяці трансцэндэнтных дзеяньняў: 1) слуханьня апавяданьняў пра Госпада; 2) праслаўленьня Госпада; 3) памятаньня пра Госпада; 4) служэньня лотасавым стопам Госпада; 5) пакланеньня Госпаду; 6) прамаўленьня малітваў Госпаду; 7) служэньня Госпаду; 8) сяброўства з Госпадам; 9) поўнага самаадрачэньня ў імя Госпада. Гэтыя дзевяць прынцыпаў адданага служэньня ўсе разам ці кожны паасобку дапамагаюць адданаму ўвесь час знаходзіцца ў кантакце з Госпадам, таму ў канцы жыцьця адданаму няцяжка памятаць пра Госпада. Прыняўшы толькі адзін з гэтых дзевяці прынцыпаў, наступныя вядомыя адданыя Госпада здолелі дасягнуць найвышэйшае дасканаласьці: 1) герой «Шрымад-Бхагаватам» Махараджа Парыкшыт дасягнуў жаданае мэты, слухаючы апавяданьні пра Госпада; 2) Шукадэва Госвамі, апавядальнік «Шрымад-Бхагаватам», дасягнуў дасканаласьці, услаўляючы Госпада; 3) Акрура дасягнуў жаданага выніку, узносячы Госпаду малітвы; 4) Махараджа Прахлада дасягнуў жаданага выніку, памятаючы пра Госпада; 5) Махараджа Прытху дасягнуў дасканаласьці, пакланяючыся Госпаду; 6) багіня росквіту Лакшмі дасягнула дасканаласьці, служачы лотасавым стопам Госпада; 7) Хануман дасягнуў жаданае мэты, беспасярэдне служачы Госпаду; 8) Арджуна дасягнуў жаданага выніку, сябруючы з Госпадам; 9) Махараджа Балі дасягнуў жаданае мэты, ахвяраваўшы Госпаду ўсё, што меў.
Фактычна, тлумачэньне сэнсу гэтае мантры, як і ўсіх іншых мантраў ведыйскіх гімнаў, у сьціснутым выглядзе прыводзіцца ў «Веданта-сутры», а больш падрабязна яны тлумачацца ў «Шрымад-Бхагаватам». «Шрымад-Бхагаватам» – сьпелы плод дрэва ведыйскае мудрасьці. У «Шрымад-Бхагаватам» гэтая мантра растлумачаная ў самым пачатку размовы паміж Махараджам Парыкшытам і Шукадэвам Госвамі. Слуханьне тлумачэньняў навукі пра Госпада і паўтарэньне пачутага ёсьць галоўнымі прынцыпамі адданага служэньня Богу, таму Махараджа Парыкшыт выслухаў увесь «Бхагаватам», расказаны Шукадэвам Госвамі. Махараджа Парыкшыт задаваў пытаньні Шукадэву, бо той быў найбольш выдатным духоўным настаўнікам сярод усіх вялікіх ёгаў і трансцэндэнталістаў таго часу. Самае важнае пытаньне, зададзенае Махараджам Парыкшытам, датычылася таго, у чым палягае абавязак чалавека, які стаіць на парозе сьмерці. Шукадэва Госвамі адказаў:
«Кожны, хто жадае пазбавіцца ад усіх пакутаў, павінен імкнуцца ўвесь час слухаць апавяданьні пра Вярхоўнага Госпада, памятаць пра Яго і ўслаўляць Яго, уладара ўсяго існага, які зьнішчае ўсе цяжкасьці, Звышдушу ўсіх жывых істотаў» (Бхагаватам 2.1.5). Так званыя цывілізаваныя людзі ўначы занятыя сном ці сэксам, а днём імкнуцца зарабіць як мага больш грошай на ўтрыманьне свайго сямейства ці ходзяць на закупы ў крамы. У людзей не застаецца часу на тое, каб размаўляць пра Вярхоўнага Госпада ці задаваць пытаньні пра Яго. Цяпер людзі ўсімі спосабамі спрабуюць адмаўляць існаваньне Бога, перш-наперш абвяшчаючы Яго безасабовым, гэта значыць без пачуцьцёвага ўспрыманьня. Аднак у ведычнай літаратуры, будзь то Ўпанішады, «Веданта-сутра», «Бхагавад-гіта» ці «Шрымад-Бхагаватам», заяўлена, што Госпад ёсьць сьвядомай істотай з пачуцьцямі, найвышэйшай сярод усіх жывых істотаў. Ягоныя слаўныя дзеі тоесныя Яму Самому. Таму ня варта марнаваць свой каштоўны час на тое, каб слухаць або гаварыць пра бессэнсоўную дзейнасьць палітыкаў ды так званых вялікіх людзей. Замест гэтага трэба арганізаваць сваё жыцьцё такім парадкам, каб кожная нашая сэкунда была прысьвечаная служэньню Богу. І «Шры Ішапанішад» падахвочвае нас да такое пабожнае дзейнасьці.
У момант сьмерці, калі ўсе функцыі арганізму будуць парушаныя, што ўсплыве ў памяці чалавека, калі ён не займаўся адданым служэньнем? Як ён зможа маліць усёмагутнага Госпада ўспомніць ягоныя ахвяры? Ахвяра азначае самаахвотную адмову ад задавальненьня сваіх пачуцьцяў. Варта навучыцца гэтаму майстэрству, займаючы свае пачуцьці адданым служэньнем Госпаду на працягу ўсяго жыцьця, так, каб у момант сьмерці можна было скарыстацца плёнам гэтага.