О мой Госпад, о спрадвечны філёзаф, захавальнік сусьвету, о рэгулявальны прынцып, канчатковая мэта чыстых адданых, дабрадзей прабацькоў чалавецтва! Калі ласка, адвядзі зьзяньне Сваіх трансцэндэнтных промняў, каб я змог убачыць Тваю споўненую асалоды форму. Ты – вечны Вярхоўны Бог-Асоба, падобны да сонца, як і я.
Сонца й ягоныя промні якасна адзіныя. Аналягічна гэтаму, Госпад і жывыя істоты якасна не адрозьніваюцца адно ад аднаго. Сонца адно, а колькасьць часьцінак, зь якіх складаюцца ягоныя промні, бясконцая. Сонечныя промні складаюць частку Сонца, Сонца ж разам з сваімі промнямі і ёсьць уласна Сонцам. Плянэта Сонца – сядзіба бога Сонца, і, аналягічна гэтаму, найвышэйшая духоўная плянэта, Галока Врындавана, якая вылучае зьзяньне брахмадж’ёці, – сядзіба Госпада, дзе Ён атрымоўвае асалоду ад Сваіх вечных гульняў. Гэта пацьвярджаецца ў «Брахма-самхіце» (5.29):
«Я пакланяюся Говінду, адвечнаму Госпаду, прабацьку ўсіх жывых істотаў, які пасе кароваў, што выконваюць усе жаданьні, і жыве ў сядзібе зь філязофскага каменю, атачонай дрэвамі жаданьняў. Там Яму зь любоўю і глыбокаю павагаю служаць сотні і тысячы багіняў росквіту».
У «Брахма-самхіце» апісана, што брахмадж’ёці становіць сабою промні, якія вылучае найвышэйшая плянэта духоўнага сьвету, Галока Врындавана, аналягічна сонечным промням, якія вылучаюцца плянэтай Сонца. Пакуль чалавек не пранікне праз заслону асьляпляльнага зьзяньня брахмадж’ёці, ён ня зможа нічога даведацца пра валадарства Госпада. Асьлепленыя зьзяньнем брахмадж’ёці, філёзафы-імпэрсаналісты ня могуць зразумець ні сядзібы Госпада, ні Ягонае трансцэндэнтнае формы. Брак ведаў замінае ім зразумець споўненую асалоды трансцэндэнтную форму Госпада Крышны. Вось чаму ў гэтай малітве «Шры Ішапанішад» зьвяртаецца да Госпада з просьбай адвесьці асьляпляльнае зьзяньне брахмадж’ёці і даць магчымасьць чыстаму адданаму ўбачыць Ягоную чароўную трансцэндэнтную форму.
Усьведамляючы безасабовае брахмадж’ёці, чалавек на досьведзе адчувае спрыяльны аспэкт Усявышняга. Усьведамляючы Параматму, ці ўсёпранікальную асаблівасьць Госпада, адчувае яшчэ больш спрыяльнае прасьвятленьне. Але, наўпрост сустрэўшыся зь Вярхоўнай Асобай Бога, адданы адчувае самую жыватворную форму праяўленьня Ўсявышняга. Найвышэйшую Праўду ў гэтай мантры называюць першасным філёзафам, захавальнікам і дабрадзеем сусьвету, таму Яна ніяк ня можа быць безасабоваю. Такая выснова «Шры Ішапанішад». Слова пушан («захавальнік») асабліва важнае, бо, захоўваючы ўсе жывыя істоты, Госпад праяўляе асаблівы клопат пра Сваіх адданых. Перасягнуўшы безасабовае брахмадж’ёці і сузіраючы асабовы аспэкт Госпада і Ягоную найбольш спрыяльную вечную форму, адданы спасьцігае Абсалютную Праўду ў поўнай меры.
У сваёй кнізе «Бхагават-сандарбха» (3.1.3-6) Шрыла Джыва Госвамі кажа: «У поўным аб’ёме Абсалютную Праўду спасьцігаюць, усьведамляючы Асобу Бога, таму што Госпад усёмагутны і валодае ўсімі трансцэндэнтнымі энэргіямі. Усьведамленьне брахмадж’ёці не перадугледжвае поўнага разуменьня энэргіяў Абсалютнае Праўды, значыцца, усьведамленьне Брахмана – гэта толькі частковае ўсьведамленьне Асобы Бога. О дасьведчаныя мудрацы, першы склад слова бхагаван (бха) мае два значэньні: першае – «той, хто забясьпечвае ўсім патрэбным», другое – «абаронца». Другі склад (га) азначае «праваднік», «уладар» ці «створца». Склад ван паказвае на тое, што ўсе істоты знаходзяцца ў Ім, а Ён знаходзіцца ў кожнай істоце. Інакш кажучы, слова бхагаван азначае бязьмежныя веды, уладу, энэргію, багацьце, сілу і ўплыў, у якіх няма ні кроплі матэрыяльнага агідзьдзя».
Госпад цалкам падтрымоўвае Сваіх чыстых адданых і паступова вядзе іх да дасканаласьці адданага служэньня. Як уладар Сваіх адданых Ён урэшце ўзнагароджвае іх жаданым плёнам адданага служэньня, даруючы ім Сябе. Зь беспрычыннае ласкі Госпада адданыя атрымоўваюць мажлівасьць бачыць Яго. Тым самым Госпад дапамагае Сваім адданым дасягнуць найвышэйшае духоўнае плянэты, Галокі Врындаваны. Як створца, Госпад можа надарыць Свайго адданага ўсімі патрэбнымі якасьцямі, каб той мог у выніку дасягнуць Яго. Госпад – прычына ўсіх прычынаў. Іншымі словамі, як няма прычыны ўзьнікненьня Самога Госпада, Ён Сам ёсьць першаснай прычынай усяго існага. Такім парадкам, Ён атрымоўвае асалоду ад Самога Сябе, выяўляючы Сваю ўнутраную энэргію. Вонкавая энэргія ня ёсьць Ягонаю беспасярэдняю праяваю, бо Ён распаўсюджвае Сябе ў Свае экспансіі (пурушы) і ў гэтых формах падтрымоўвае матэрыяльную праяву. Праз гэтыя экспансіі Ён стварае, падтрымоўвае і зьнішчае касьмічную праяву.
Жывыя істоты таксама ёсьць аддзеленымі экспансіямі Асобы Бога, і, раз ужо некаторыя зь іх жадаюць панаваць, пераймаючы Вярхоўнага Госпада, Ён дазваляе ім увайсьці ў касьмічнае стварэньне, каб яны маглі цалкам задаволіць сваё жаданьне панаваць. Бытнасьць неад’емных часьцінак Госпада, жывых істотаў, прыводзіць праяўлены сьвет у рух, запускаючы мэханізм дзеяньняў і рэакцыяў. Такім парадкам, жывым істотам даюцца ўсе магчымасьці панаваць над матэрыяльнай прыродай, але праўдзівым валадаром застаецца Сам Госпад у форме Свае поўнае праявы, Параматмы (Звышдушы), якая ёсьць адной з пуруша-экспансіяў.
Напраўду, паміж жывой істотай (атмай) і Вярхоўным Госпадам (Параматмай), гэта значыць паміж душой і Звышдушой, велізарная розьніца. Параматма пануе, а атма падуладная, таму яны маюць дачыненьне да розных катэгорыяў. Але, таму што Параматма цесна зьвязаная з атмай, Яе называюць заўсёдным спадарожнікам жывой істоты.
Усёпранікальны аспэкт Госпада, які існуе ўва ўсіх станах (няспаньня, сну, а таксама ў патэнцыйным (непраяўленым) стане) і які спараджае джыва-шакці, жыцьцёвую сілу, у форме як абумоўленых, так і вызваленых душаў, называюць Брахманам. Госпад ёсьць крыніцай як Параматмы, так і Брахмана, значыцца, урэшце ўсе жывыя істоты, усё існае выходзіць зь Яго. Той, хто зразумеў гэта, адразу прысьвячае сябе адданаму служэньню Госпаду. Такі чысты адданы Госпада, які валодае поўнымі ведамі, прывязаны да Яго ўсім сэрцам. І калі такія адданыя зьбіраюцца разам, яны не займаюцца нічым іншым, акрамя ўслаўленьня трансцэндэнтных дзеяў Госпада. Тыя, хто не дасягнуў роўню дасканаласьці чыстых адданых і спазнаў толькі праяўленьні Госпада ў выглядзе Брахмана ці Параматмы, ня здольныя зразумець сэнс дзеяньняў дасканалых адданых. Госпад Сам дапамагае чыстым адданым, укладаючы патрэбнае веданьне ў іхныя сэрцы. Выказваючы асаблівую прыхільнасьць да Сваіх адданых, Ён расьсейвае ўсю цемру невуцтва. Спэкулятыўныя філёзафы і ёгі ня могуць сабе гэтага ўявіць, бо ў большай ці меншай ступені залежаць ад уласных здольнасьцяў ды намаганьняў. Як сказана ў «Катха-ўпанішад» (1.2.23), Госпада можа спазнаць толькі той, хто заслужыў Ягоную ласку, і ніхто іншы. Госпад даруе гэтую асаблівую ласку толькі Сваім чыстым адданым. Такім парадкам, у гэтай мантры «Шры Ішапанішад» гаворка ідзе пра ласку Госпада, якую ня можа праявіць брахмадж’ёці.