О мой Госпад, усёмагутны, як агонь, я зноў і зноў схіляюся перад Табой, прыпадаючы да Тваіх лотасавых стопаў. О мой Госпад, вядзі мяне правільнай дарогай, каб я змог дасягнуць Цябе, і, як Ты ведаеш усё, што я зрабіў у мінулым, збаў мяне ад усіх наступстваў маіх грахоў, каб нішто не перашкаджала майму прагрэсу.
Калі адданы ўва ўсім залежыць ад Госпада і моліць Яго аб беспрычыннай ласцы, ён можа бесьперашкодна ісьці шляхам, які вядзе да дасканалай самарэалізацыі. У гэтай малітве, зьвернутай да Госпада, Яго параўноўваюць з агнём, таму што Ён здольны спаліць дашчэнту ўсё што заўгодна, у тым ліку і ўсе грахі адданай Яму душы. Як было апісана ў папярэдніх мантрах, Асоба Бога ёсьць запраўдным, найвышэйшым аспэктам Абсалюта, а Ягоная безасабовая праява, брахмадж’ёці, – гэта асьляпляльнае зьзяньне, якое хавае аблічча Госпада. Кармічная дзейнасьць, то бо шлях самарэалізацыі карма-канда, – ніжэйшая стадыя імкненьня да самарэалізацыі. Як толькі чалавек, які йдзе гэтым шляхам, адхіляецца, хай нават нязначна, ад рэгулявальных прынцыпаў Ведаў, ягоная дзейнасьць ператвараецца ў вікарму, гэта значыць у дзейнасьць, скіраваную супраць ейнага выканаўцы. Уведзеная ў зман жывая істота ўчыняе такія дзеяньні толькі дзеля задавальненьня сваіх пачуцьцяў, і тым самым яны становяцца перашкодаю на шляху самарэалізацыі.
Самарэалізацыі можна дасягнуць толькі ў чалавечай форме жыцьця. Існуе 8 400 000 відаў жыцьця, зь якіх толькі чалавек, выхаваны ў традыцыях брахманскае культуры, мае шанец спазнаць Трансцэндэнтнае. Брахманская культура нясе такія вартасьці, як сумленнасьць, валоданьне сваімі пачуцьцямі, цярплівасьць, прастата, поўнасьць ведаў і непахіснасьць веры ў Бога. Рэч ня ў тым, што чалавек проста ганарыцца сваім высокім паходжаньнем. Як нараджэньне сынам уплывовага чалавека дае шанец стаць уплывовым чалавекам, гэтак і нараджэньне сынам брахмана дае шанец стаць брахманам. Але перавагі, якія атрымоўвае чалавек, нарадзіўшыся ў сям’і брахмана, яшчэ ня робяць яго брахманам. Каб стаць ім, ён павінен здабыць якасьці брахмана. Калі сын брахмана ганарыцца сваім паходжаньнем ды забывае пра тое, што павінен разьвіваць у сабе якасьці сапраўднага брахмана, ён дэградуе, выпадаючы з шляху самарэалізацыі, і, значыцца, не спраўляецца зь місіяй, ускладзенай на яго як на чалавека.
У «Бхагавад-гіце» (6.41-42) Госпад запэўнівае нас, што ёга-бхраштам, душам, якія зышлі з шляху самарэалізацыі, у наступным жыцьці даецца шанец выправіцца дзякуючы нараджэньню ў сям’і пабожных брахманаў ці багатых гандляроў. Чалавек, які нараджаецца ў такіх сем’ях, мае больш магчымасьцяў для самарэалізацыі. Але калі чалавек трапляе пад уплыў ілюзіі і няправільна выкарыстоўвае гэтыя перавагі, то ён губляе спрыяльныя магчымасьці, якія дае яму чалавечая форма жыцьця, дадзеная ўсёмагутным Госпадам.
Рэгулявальныя прынцыпы такія, што кожны, хто кіруецца імі, паднімаецца з роўню кармічнае дзейнасьці на ровень трансцэндэнтных ведаў. Пасьля многіх і многіх жыцьцяў, прысьвечаных вывучэньню трансцэндэнтнае мудрасьці, чалавек дасягае дасканаласьці і аддаецца Госпаду. Такая звычайная дарога. Але той, хто аддаецца адразу, пачаўшы адданае служэньне Госпаду, як рэкамэндуецца ў гэтай мантры, пераскоквае цераз пачатковыя ступені разьвіцьця. Так заяўлена ў «Бхагавад-гіце» (18.66), Госпад адразу бярэ такую адданую Яму душу пад Сваё заступніцтва і вызваляе яе ад усіх наступстваў ейных грахоў. Дзейнасьць у рамках карма-канды спалучаная зь нязьмернымі грахоўнымі ўчынкамі, у той час як на шляху філязофскага разьвіцьця (г’яна-канды) колькасьць такіх дзеяньняў скарачаецца. Але ў адданым служэньні Госпаду, на шляху бхакці, дзейнасьць чалавека практычна не выклікае грахоўных наступстваў, таму што адданы Госпада набывае ўсе якасьці Самога Госпада, ня кажучы ўжо пра якасьці брахмана. Адданы аўтаматычна набывае кваліфікацыю дасьведчанага брахмана, які мае права зьдзяйсьняць ахвярапрынашэньні, нават калі адданы не нарадзіўся ў сям’і брахмана. Такая ўсёмагутнасьць Госпада. Ён можа зьвесьці чалавека, народжанага ў сям’і брахмана, да прыніжанага роўню сабакаеда, і Ён таксама можа ўзвысіць нізкароднага сабакаеда вышэй за кваліфікаванага брахмана проста дзякуючы адданаму служэньню.
Усёмагутны Госпад знаходзіцца ў сэрцы кожнага, таму Ён можа даваць настаўленьні сваім шчырым адданым, пры дапамозе якіх яны знойдуць дакладны шлях. Госпад дае такія настаўленьні толькі Сваім адданым, нават калі яны самі жадаюць чагосьці іншага. Што да астатніх, то Госпад дазваляе ім дзейнічаць на свой страх і рызыку, але Свайму адданаму Госпад не дазваляе рабіць памылкі. У «Шрымад-Бхагаватам» (11.5.42) сказана:
«Госпад такі добры да Свайго адданага, які знайшоў прытулак ля Ягоных лотасавых стопаў, што, нават калі той часам заблытваецца ў сетках вікармы (дзейнасьці, якая супярэчыць ведыйскім наказам), Госпад, які знаходзіцца ў сэрцы адданага, адразу ж выпраўляе ягоную памылку, бо адданыя вельмі дарагія Яму».
У гэтай мантры «Шры Ішапанішад» адданы моліць Госпада, каб Ён ачысьціў ягонае сэрца. Чалавеку ўласьціва памыляцца. Абумоўленая душа раз-пораз робіць памылкі, і адзіны спосаб засьцерагчыся ад гэтых міжвольных грахоў – гэта аддацца лотасавым стопам Госпада, каб Ён Сам вёў абумоўленую душу праз жыцьцё, дапамагаючы ёй унікнуць усіх пастак, расстаўленых на ейнай дарозе. Тых, хто непадзельна аддаецца Яму, Госпад бярэ пад Сваё заступніцтва. Адпаведна, проста аддаўшыся Госпаду і падпарадкоўваючыся Ягоным наказам, можна разьвязаць усе свае праблемы. Такія наказы шчыры адданы атрымоўвае двума спосабамі: адзін – празь сьвятых, пісьмы і духоўнага настаўніка, а другі – праз Самога Госпада, які знаходзіцца ў сэрцы кожнага. Такім парадкам, цалкам прасьветлены ведыйскаю мудрасьцю, адданы надзейна абаронены.
Ведыйская мудрасьць трансцэндэнтная, яе немажліва атрымаць тымі спосабамі, якімі набываюць матэрыяльныя веды. Ведычныя мантры можна зразумець толькі з ласкі Госпада і духоўнага настаўніка (yasya deve parā bhaktir yathā deve tathā gurau). Калі чалавек знайшоў запраўднага духоўнага настаўніка, гэта значыць, што ён атрымаў ласку Госпада. Госпад прыходзіць да адданага ў вобразе духоўнага настаўніка. Напраўду, адданым кіруюць духоўны настаўнік, ведыйскія наказы і Сам Госпад знутры, таму адданаму не пагражае падзеньне ў дрыгву матэрыяльнай ілюзіі. Тым самым, адданы надзейна абаронены, і яму гарантаванае дасягненьне найвышэйшае дасканаласьці. Дадзеная мантра толькі ўказвае на гэты працэс, а «Шрымад-Бхагаватам» (1.2.17-20) апісвае яго больш падрабязна: «Слуханьне апавяданьняў пра веліч Госпада і апяваньне Ягонае славы само сабой ёсьць пабожнаю дзейнасьцю. Госпад – зычлівец усіх жывых істотаў, таму Ён хоча, каб кожны слухаў пра Яго і праслаўляў Яго. Дзякуючы слуханьню апавяданьняў пра веліч Госпада і апяваньню Ягонае славы чалавек ачышчаецца ад усяго непажаданага, і ягоная адданасьць Госпаду становіцца непахіснаю. На гэтай стадыі адданы разьвівае ў сабе брахманскія якасьці і цалкам выходзіць з-пад уплыву ніжэйшых гунаў прыроды (жарсьці і невуцтва). Дзякуючы адданаму служэньню ён атрымоўвае дасканалыя веды, і гэтак яму адкрываецца шлях, які вядзе да Госпада, і разуменьне таго, як ім ісьці. І калі ўсе ягоныя сумневы расьсейваюцца, ён становіцца чыстым адданым Госпада».
Так заканчваецца камэнтар Бхакціведанты да «Шры Ішапанішад», веданьня, якое набліжае чалавека да Крышны, Вярхоўнай Асобы Бога.