Належыць дасканала спасьцігнуць Асобу Бога, Шры Крышну, і Ягонае трансцэндэнтнае імя, форму, якасьці і гульні, гэтак жа як і часовае матэрыяльнае стварэньне зь ягонымі сьмяротнымі паўбагамі, людзьмі і жывёлінамі. Той, хто спазнаў гэта, топча сьмерць і падымаецца над эфэмэрнаю касьмічнаю праяваю, каб у вечным валадарстве Бога цешыцца вечным жыцьцём, споўненым асалоды і веданьня.
Дзякуючы так званаму навуковаму прагрэсу чалавечая цывілізацыя стварыла мноства матэрыяльных рэчаў, у тым ліку касьмічныя караблі і атамную энэргію. Але яна не змагла пазбавіць чалавека ад немінучасьці паміраць, ізноў нараджацца, старэць і пакутаваць ад хваробаў. Кожны раз, калі разумны чалавек пытаецца пра гэтыя пакуты ў так званага навукоўца, той вельмі мудрагеліста адказвае, што матэрыялістычная навука не стаіць на месцы і ў будучнасьці зможа зрабіць чалавека несьмяротным, вечна маладым і непадуладным хваробам. Падобныя адказы даводзяць элемэнтарнае неразуменьне навукоўцамі фундамэнтальных законаў матэрыяльнае прыроды. У матэрыяльнай прыродзе ўсё падпарадкоўваецца строгім законам матэрыі і абавязанае прайсьці праз шэсьць стадыяў існаваньня: нарадзіны, рост, захаваньне, спараджэньне нашчадкаў, зьвяданьне і, нарэшце, сьмерць. Ніхто з тых, хто так ці інакш зьвязаны з матэрыяльнай прыродай, ня можа абысьці гэтыя шэсьць законаў быцьця. Таму ніхто – ні паўбог, ні чалавек, ні жывёліна, ні расьліна – ня можа жыць у матэрыяльным сьвеце вечна.
Працягласьць жыцьця ў розных відаў жывых істотаў можа быць рознаю. Госпад Брахма, галоўная жывая істота ў гэтым матэрыяльным сусьвеце, жыве шмат мільёнаў гадоў, тады як маленькі мікроб – усяго некалькі гадзінаў. Але ніхто ў матэрыяльным сьвеце ня можа жыць вечна. Тут усё нараджаецца ці ствараецца ў пэўных варунках, існуе на працягу нейкага часу, і калі гэта жывая істота, то яна расьце, нараджае да сабе падобных, паступова старэе і ўрэшце памірае. Згодна з гэтымі законамі, нават Брахмы (якіх мільёны ў розных сусьветах) рана ці позна павінны памерці. Таму ўвесь матэрыяльны сусьвет называецца Марцьялокай – прыстаньнем сьмерці.
Навукоўцы-матэрыялісты і палітыкі імкнуцца зрабіць сусьвет несьмяротным, таму што ня ведаюць пра неўміручасьць духоўнае прыроды. Прычына гэтага ў тым, што яны не знаёмыя зь ведычнай літаратурай, якая споўненая мудрасьці сьпелага трансцэндэнтнага досьведу. Але, на жаль, сучасныя людзі ня хочуць атрымоўваць веды, якія зьмяшчаюцца ў Ведах, Пуранах і іншых сьвятых пісьмах.
Зь «Вішну-пураны» (6.7.61) мы даведваемся пра наступнае:
Асоба Бога, Госпад Вішну, валодае рознымі энэргіямі, якія называюцца пара (вышэйшая) і апара (ніжэйшая). Жывыя істоты тычацца да вышэйшай энэргіі. Матэрыяльная энэргія, пад уладай якой мы цяпер знаходзімся, ёсьць ніжэйшай энэргіяй. Гэтая энэргія, якая ахутвае жывыя істоты покрывам невуцтва (авідзьі) і падахвочвае іх займацца кармічнаю дзейнасьцю, стварае матэрыяльны сьвет. Але ёсьць і іншая форма вышэйшай энэргіі Госпада, якая адрозьніваецца і ад матэрыяльнай энэргіі, і ад жывых істотаў. З гэтай найвышэйшай энэргіі створаная вечная, неразбуральная сядзіба Госпада, што пацьвярджаецца ў «Бхагавад-гіце» (8.20):
Усе матэрыяльныя плянэты – ніжэйшыя, сярэднія і вышэйшыя, улучаючы Сонца, Месяц і Вэнэру, – расьсеяныя па сусьвеце. Яны існуюць толькі на працягу жыцьця Брахмы. Больш за тое, некаторыя ніжэйшыя плянэты зьнішчаюцца пад канец кожнага дня Брахмы, а на сьвітанку наступнага дня Брахма стварае іх зноў. На вышэйшых плянэтах час вылічаецца іначай, чым на Зямлі. Адныя добы на многіх вышэйшых плянэтах роўныя зямному году. Пэрыяд з чатырох зямных эпохаў (Сацьі, Трэты, Двапары і Калі) роўны прыкладна дванаццаці тысячам гадоў паводле шкалы часу вышэйшых плянэтаў. Гэты пэрыяд часу, памножаны на тысячу, складае адзін дзень Брахмы, і гэтулькі ж доўжыцца ягоная ноч. Такія дні і ночы складаюцца ў месяцы і гады. Брахма жыве сто такіх гадоў, і пад канец ягонага жыцьця ўвесь праяўлены сусьвет зьнішчаецца.
Калі настае ноч Брахмы, насельнікі вышэйшых плянэтаў, у склад якіх уваходзяць Сонца і Месяц, і жывыя істоты, якія насяляюць плянэтную сыстэму Марцьялока (Зямлю), а таксама ніжэйшыя плянэты сусьвету, занураюцца ў воды патопу. На працягу гэтага часу ніводная жывая істота, ніводная форма жыцьця не знаходзіцца ў праяўленым стане, хоць іхнае духоўнае існаваньне працягваецца. Гэты непраяўлены стан быцьця мае назву ав’якта. Пад канец жыцьця Брахмы, калі гіне ўвесь сусьвет, таксама настае пэрыяд ав’якты. Аднак апроч гэтых двух непраяўленых станаў быцьця існуе іншая непраяўленая прырода – духоўная атмасфэра, ці духоўнае неба, з мноствам плянэтаў, якія існуюць вечна і не спыняюць свайго існаваньня, нават калі пад канец жыцьця Брахмы ўсе плянэты ўнутры гэтага матэрыяльнага сусьвету зьнішчаюцца. Матэрыяльны сьвет складаецца з мноства матэрыяльных сусьветаў, кожным зь якіх кіруе свой Брахма. Уся гэтая касьмічная праява, якая знаходзіцца пад кіраўніцтвам розных Брахмаў, складае толькі адну чвэрць энэргіі Госпада (экапад-вібхуці), і гэтая энэргія называецца ніжэйшай. Духоўная прырода, непадуладная Брахму, называецца трыпад-вібхуці (яна складае тры чвэрці энэргіі Госпада). Гэта – найвышэйшая энэргія, пара-пракрыці.
Абсалютным валадаром духоўнае прыроды ёсьць Госпад Шры Крышна. Як сказана ў «Бхагавад-гіце» (8.22), да Яго можна наблізіцца толькі пры дапамозе беспрымешкавага адданага служэньня, ніякі іншы мэтад – ні г’яна (філязофія), ні ёга (містыцызм), ні карма (дзейнасьць дзеля асалоды ейнымі плёнамі) – для гэтага не падыходзіць. Кармі, то бо тыя, хто працуе толькі дзеля плёнаў свае працы, могуць трапіць на плянэты Сваргалокі, у лік якіх уваходзяць Сонца і Месяц. Г’яні і ёгі могуць дасягнуць яшчэ больш высокіх плянэтаў, такіх, як Махарлока, Тапалока і Брахмалока, а калі пры дапамозе адданага служэньня яны разьвіваюць у сабе яшчэ больш узьнёслыя якасьці, то атрымоўваюць мажлівасьць увайсьці ў духоўны сьвет, у зіхатлівую касьмічную атмасфэру духоўнага неба (Брахман) ці на плянэты Вайкунтхі, у залежнасьці ад роўню свайго духоўнага разьвіцьця. Аднак несумнеўна, што той, хто ня мае досьведу адданага служэньня, ня зможа трапіць на духоўныя плянэты Вайкунтхі.
На матэрыяльных плянэтах кожны, пачынаючы з Брахмы і сканчаючы мурашкай, імкнецца панаваць над матэрыяльнай прыродай. Гэта называецца матэрыяльнай хваробай. Пакуль жывая істота ня вылечыцца ад гэтай хваробы, яна будзе змушаная зноў і зноў зьмяняць целы, прымаючы форму то чалавека, то паўбога, то жывёліны. Але, якое б цела яна ні атрымала, урэшце ёй давядзецца перайсьці ў непраяўлены стан, у якім знаходзяцца жывыя істоты падчас двух тыпаў зьнішчэньня сусьвету – на працягу ночы Брахмы і пад канец жыцьця Брахмы. Калі ж мы хочам вырвацца з гэтага колазвароту нараджэньняў і сьмерцяў ды пазбавіцца ўласьцівых яму старасьці і хваробаў, то павінны паспрабаваць трапіць на духоўныя плянэты, дзе можна жыць вечна, маючы кантакты з Госпадам Крышнам або Ягонымі поўнымі экспансіямі, формамі Нараяны. Госпад Крышна й Ягоныя поўныя экспансіі пануюць на кожнай зь незьлічоных духоўных плянэтаў, і гэты факт пацьвярджаюць шруці-мантры: eko vaśī sarva-gaḥ kṛṣṇa īḍyaḥ / eko ’pi san bahudhā yo ’vabhāti (Гопала-тапані-ўпанішад 1.3.21).
Ніхто ня можа падпарадкаваць сваёй уладзе Крышну, таму абумоўленыя душы спрабуюць падпарадкаваць сваёй уладзе матэрыяльную прыроду, але ў выніку самі трапляюць пад уладу ейных законаў, якія выракаюць іх на мукі паўторных нараджэньняў і сьмерцяў. Госпад прыходзіць у гэты сьвет, каб аднавіць прынцыпы рэлігіі, галоўным зь якіх ёсьць выхаваньне ў чалавеку пакорлівасьці Ягонай волі. Такое апошняе настаўленьне Госпада ў «Бхагавад-гіце» (18.66): sarva-dharmān parityajya mām ekaṁ śaraṇaṁ vraja – «Пакінь усе іншыя шляхі і проста аддайся Мне». На няшчасьце, неразумныя людзі ператлумачылі гэты самы важны наказ на свой лад і рознымі спосабамі ўводзяць людзей у аблуду. Людзей заклікаюць адкрываць шпіталі, але ня кажуць ім, што яны павінны навучыцца адданаму служэньню, каб увайсьці ў духоўнае валадарства. Іх вучаць цікавіцца толькі дзейнасьцю, якая прыносіць часовую палёгку, але якая ніколі не прынясе жывой істоце сапраўднага шчасьця. Яны засноўваюць разнастайныя грамадзкія і напаўафіцыйныя арганізацыі, спадзеючыся ўтаймаваць разбуральныя сілы прыроды, але ня ведаюць, якім парадкам улагодзіць неадольную прыроду. Многія людзі славяцца вялікімі знаўцамі «Бхагавад-гіты», але гэтыя «знаўцы» ня ўбачылі рэкамэндаванага ў «Гіце» мэтаду, пры дапамозе якога можна ўлагодзіць матэрыяльную прыроду. У «Бхагавад-гіце» (7.14) ясна зазначана, што адзіны спосаб улагодзіць магутную прыроду – гэта абудзіць у сабе сьвядомасьць Бога.
У гэтай мантры «Шры Ішапанішад» тлумачыцца, што кожны павінен адначасна ведаць і самбхуці (Бога-Асобу), і вінашу (часовую матэрыяльную праяву). Ведаючы толькі часовую матэрыяльную праяву, немажліва нічога выратаваць, бо ў прыродзе ўсё ўвесь час разбураецца. Будаваньне шпіталяў таксама нікога не абароніць ад разбуральных сілаў прыроды. Выратавацца можа толькі той, хто валодае дасканалымі ведамі пра вечнае жыцьцё, споўненае асалоды і веданьня. Уся ведыйская культура скіраваная на тое, каб навучыць людзей таму, як атрымаць вечнае жыцьцё. Людзі часта ашукваюцца часовымі прывабнымі рэчамі, заснаванымі на пачуцьцёвых задавальненьнях, але служэньне аб’ектам пачуцьцяў адначасова ўводзіць у зман і спрыяе дэградацыі.
Таму мы павінны выратавацца самі і паказаць сваім блізкім дарогу, якая вядзе да збавеньня. Праўда ня можа падабацца ці не падабацца. Яна проста існуе. Калі мы хочам вырвацца з колазвароту нараджэньняў і сьмерцяў, то павінны заняцца адданым служэньнем Госпаду. Тут ня можа быць ніякіх кампрамісаў. Гэта проста канечнасьць.