А хто з нас не дэградуе?

img

«Па прамой ніхто не развіваецца. Развiццё – гэта заўсёды ўздым-дэградацыя-ўздым-дэградацыя. Ніхто ніколі напрасткі не развіваецца. Таму вы сустрэліся з кімсьці, але ён таксама мае перыяды ўздыму і перыяды дэградацыі. А чаму вы думаеце, што раней гэтая асоба не развівалася? Вось гэтая асоба сустрэла вас, і ў яе пачаўся перыяд дэградацыi. Я б так да гэтага ставіўся. Гэта будзе больш разважліва.

Чаму мы трапляем у такія сітуацыі? Чаму нам паказваецца чужая дэградацыя? Я вам зараз адкажу. Гэта будзе сумна. Чаму нам паказваюцца кепскія рэчы? Бо мы здольныя на гэтыя рэчы! Таму што мы маем тэндэнцыі да гэтых рэчаў! Таму нам загадзя на чужых прыкладах паказваецца, што з намі будзе. І мы маем быць удзячнымі тым, праз каго гэта паказваецца.

Дзякуй – гэта асноўнае пачуццё, калi мы назіраем нешта дрэннае. Дзякуй, што жыццё паказала, чым гэта ўсё скончыцца. Мы павiнны быць удзячнымi, мы павінны шанаваць гэтую сітуацыю. Калi мы не ўдзячныя, калi мы думаем, што з намi гэта не здарыцца… Як толькi я так падумаў, гэтая сітуацыя запісваецца ў план майго жыцця. Усё! Як толькi такая думка прамiльгнула – вось са мной такое якраз нiколi не здарыцца.

…Як толькі мы так падумалі, гэта азначае, што ў нас з’явілася ганарлівасць. Ганарлівасць – гэта першы крок да ўпадку. Як толькі я падумаў, што гэты гад прымушае мяне дэградаваць, і я маю пазбавіцца яго ўсімі мажлівымі спосабамі, гэта азначае, што ў мяне з’явiлася ганарлівасць. То бок, я сам пачаў дэградаваць, пачалася паласа маёй дэградацыі. Таму заўсёды будзьце пільнымі. Трэба разумець, што ў кожнага ў пэўны час адбываюцца ці ўздым, ці падзенне. У кагосьці выходны, у кагосьці праца, у кагосьці выпыты, а ў кагосьці, так бы мовіць, вакацыі. У кожнага нешта адбываецца. І ніхто з нас не ідэал, ніхто з нас не развіваецца проста так.

Усе мы яшчэ перажывём мноства дэградацый. Мноства ганьбы яшчэ, мажліва, давядзецца перажыць. І тое, як мы ставіліся да чужой ганьбы, да чужой дэградацыі, адаб’ецца на людскім успрыманні нашага ўпадку. Калі мы смяяліся ці ненавідзелі чужыя цяжкія дні, тое ж самае адбудзецца і з намі. Людзі таксама скажуць: «А, усё зразумела, мы ж думалі, гэта нармальны чалавек, а ён вунь які, мы так і ведалі». Так скажуць людзі. Аднаго разу будзе дастаткова. Ведаеце, якое потым расчараванне прыходзіць. Таму будзьце міласэрнымі да тых, у каго цяпер дэградацыя.

Дэградацыя – гэта хвароба. Калі мы бачым хворага чалавека, трэба яму спачуваць, а не так, што, ведаеце, мы дадому прыходзім, там наш сваяк, ён захварэў, і мы яму аплявуху! «Захварэў, гад! Як ты мог! Дзе ты падхапіў гэты грып? Бадзяешся абы-дзе! Мы сёння хацелі адпачыць, а ты тут будзеш чхаць і кашляць!» Што гэта такое? Гэта нялюдскае жыццё. Калі хтосьці захварэў, усё роўна, як ён захварэў, яго трэба атуліць увагай, клопатам, палюбіць гэтую асобу. Вядома, павязачку трэба надзець, ватна-марлевую, калі гэта інфекцыйнае, ніхто не пакрыўдзіцца, але міласэрнасць павінна быць, асабліва ў блізкім асяроддзі. Таму калі мы міласэрныя, дэградацыі не будзе.

Калі мы неміласэрныя, гэта ўжо дэградацыя. Я ўжо дэградую…»

Я. М. Пацiта Павана Прабху
Падрыхтавана – люты 2024
Навігацыя: