(дзень сыходу Бхішмадэвы)
…Надышоў час бітвы на Курукшэтры. Бхішма, грозны і непераможны, дарадца сляпога караля Дхрытараштры, дагэтуль усяляк намагаўся прадухіліць вайну паміж Пандавамі і Каўравамі. Ён пераконваў караля саступіць Пандавам частку каралеўства, але калі справа дайшла да бітвы, ваяваць яму прыйшлося на баку Каўраваў. Бхішмадэва быў доблесным і магутным ваяром, і ніхто не мог яго перамагчы. Ведаючы гэта, Пандавы прышлі да Бхішмы па параду – як яго, Бхішму, адолець. З вялікай радасцю сустрэўшы ўнукаў, стары не адмовіў ім у дапамозе: «Супраць мяне бяссільныя нават паўбагі на чале з Індрам. Пакуль у маіх руках лук, ім і з дапамогай асураў (дэманаў) не справіцца са мной. Але з’явіся перада мною жанчына, якая моліць аб падтрымцы, я страчваю сваю грозную сілу. Служыць у вашым войску магутны воін Шыкхандзі. У бітве няма яму роўных. Але мне вядома, што быў ён народжаны дзяўчынкаю, Шыкхандзіні, дачкою Друпады, якая чараўніцтвам пераўтвораная ў хлопчыка. Дык няхай жа Арджуна рушыць на мяне разам з Шыкхандзі, які станецца ягоным шчытом. Хоць змяніў ён свой пол, не змагу я падняць супраць яго зброю, і тым часам Арджуна пратне мяне стрэламі».
Бхішму нельга было забіць у баі як звычайнага чалавека, але было мажліва, калі б ён апусціў свой лук перад супернікам. Вялікі воін не апусціць зброю ні перад кім, але павінен зрабіць гэта толькі перад жанчынаю.
…Усё адбылося так, як прадказаў Бхішма. Арджуна, прыкрыты Шыкхандзі, абрынуў на старога ваяра безліч стрэлаў. Стараліся і іншыя Пандавы, яны атакавалі Бхішму дроцікамі, сякерамі, булавамі. Але, і аслабелы ад ранаў, імкліва нёсся ён на сваёй калясніцы. Быццам маланкі, зіхацелі ягоныя стрэлы, нібы віхура, кружыла ягоная сякера, пакуль не пацэлілі ў яго вострыя стрэлы Шыкхандзі. Тады страціў Бхішма свой лук, які рабіў яго непераможным. Схапіў ён іншы лук, а затым яшчэ адзін, але лёгка ламалі цяпер ягоную зброю трапныя стрэлы Арджуны. І вось ужо не засталося на целе Бхішмы жывога месца, стрэлы і дроцікі тырчалі, нібы голкі дзікабраза…
Бхішма ўпаў з калясніцы галавою на ўсход. Ягонае цела не кранулася зямлі, а засталося ў паветры спачываць на ложы, сплеценым з увоткнутых стрэлаў. І душа ягоная не адляцела, бо багі даравалі Бхішму права самому вызначаць дзень сваёй смерці…
Гэтая трагічная падзея вельмі ўразіла бакі, якія змагаліся. Бітва перапынілася. Найвыбітнейшыя воіны абодвух войскаў, пакідаўшы зброю, абступілі Бхішмадэву. Прывітаўшы іх, Бхішма паскардзіўся, што ягоная галава западае, і папрасіў прысутных каралёў што-небудзь пад галаву. Каралі прапанавалі яму мноства самых лепшых пуховых падушак, але Бхішма адмовіўся і звярнуўся з гэтай просьбай да Арджуны. Зразумеўшы, што яму трэба, Арджуна нацягнуў свой магутны лук ды ўсадзіў тры стралы ў зямлю пад галавой Бхішмы; на гэтыя стрэлы і лягла галава старога ваяра.
Падышлі лекары, каб выцягнуць з ягонага цела стрэлы, але Бхішма не пажадаў адмовіцца ад ганаровага для кожнага кшатрыя смяротнага ложа. Пачціва развітаўшыся з паміраючым волатам, пакінуўшы каля яго пачэсную варту, воіны адышлі ў суме і роспачы…
Скарыстаўшы свой магічны дар, Бхішмадэва здолеў адтэрмінаваць смерць на 48 дзён да зімовага сонцастаяння. Гэта быў спрыяльны час для смерці, бо гарантаваў яму вызваленне ад будучых матэрыяльных перараджэнняў (сансары).
У бітве пры Курукшэтры перамаглі Пандавы. Аднак іхны лідар Юдхіштхіра нават пасля каранацыі не адчуваў сябе дастаткова дасведчаным і абазнаным у кіраванні такой вялікай краінай. На гэта Крышна параіў яму звярнуцца да мудрага Бхішмы. Пасля чаго, са смяротнага ложа, Бхішмадэва даў Пандавам свае настаўленні ў рэлігіі, законах, правах і абавязках. Гэтыя настаўленні займаюць каля дзвюх кніг «Махабхараты» (XII і XIII).
…У прызначаны Бхішмадэвам дзень – дзень зімовага сонцастаяння – кароль Юдхіштхіра з братамі і Крышнам, які заўсёды быў у атачэнні вялікае колькасці людзей, прыбылі на Курукшэтру. Дабраславіўшы прысутных ды ўславіўшы Крышну, старэйшы з роду Куру, які сваімі незвычайнымі дабрадзейнасцямі дасягнуў таго, што смерць чакала ягоных загадаў, нібы раб чакае загадаў свайго гаспадара, адпусціў сваю душу. Мільгануўшы падобна метэору на небасхіле, яна хутка знікла, скіраваўшыся на нябёсы. Чароўная музыка пачулася з нябёсаў, і на цела старога волата прасыпаўся кветкавы дождж…
Напярэдадні Бхішмаштамі спрыяльна ўспомніць выдатныя малітвы, якія ўзнёс Госпаду Крышну вялікі Бхішмадэва ў момант, калі пакідаў сваё цела. Адна з іх гучыць так:
Бхішмадэва сказаў: «Няхай мой розум, пачуцці і жаданні, якія так доўга былі занятыя рознымі справамі і наказанымі абавязкамі, зараз сканцэнтруюцца на ўсёмагутным Госпадзе Шры Крышну. Ён заўсёды самаздаволены, але часам, як правадыр адданых, Ён атрымлівае трансцэндэнтную асалоду, калі сходзіць у матэрыяльны свет, хоць сам матэрыяльны свет і паўстае з Яго» (Ш-Б, 1.9.32).