Паводле размоваў з Я. С. Бхакці Віг’янам Госвамі.

1. Што такое Веды?

Веды – гэта богаадкрытыя пісанні, у якіх дэталёва апісана прырода гэтага свету, чалавека, Бога, душы. Слова «веда» даслоўна азначае «веды, веданне», інакш кажучы, Веды – гэта навука, а ня проста набор нейкіх міфаў ці веранняў. Веды на санскрыце называюцца апаурушэя. Што значыць «ня створаныя чалавекам». Веды вечныя, і кожны раз творца сусвету, Брахма, пасля чарговага цыклу разбурэння «ўспамінае» нятленныя Веды, каб ствараць гэты свет ізноў. У гэтым сэнсе Веды адносяцца да такіх вечных катэгорыяў, як Бог і духоўная энэргія.

Ведаў налічваецца чатыры: гэта Рыг-веда, Сама-веда, Атхарва-веда і Яджур-веда.

Тры з іх ёсць асноўнымі і шмат у чым перагукаюцца адна з адной па зместу: Рыг-, Яджур- і Сама-веда. Атхарва-веда стаіць асабняком, таму што мае справу з пытаннямі, якія не ўвайшлі ў іншыя Веды.

Тры першыя Веды складаюцца з малітваў, ці мантраў, звернутых да Вярхоўнага Госпада ў Ягоных шматлікіх асобавых і сусветных аспектах, тады як у Атхарва-ведзе выкладаюцца веды пра архітэктуру, медыцыну і іншыя прыкладныя дысцыпліны.

Гукі Ведаў нясуць у сабе асаблівую энэргію, таму вельмі важна было захаваць гэтыя гукі ў спрадвечным выглядзе. У ведычнай культуры распрацаваны спосаб перадачы Ведаў у нескажоным стане. Нягледзячы на тое, што 95% Ведаў на дадзены момант згублена, астатнія пяць адсоткаў дайшлі да нас у цэласці і захаванасці.

«У вялікай навуцы Ведаў няма ні ценю сектанцтва. Яна прызначана для ўсіх эпохаў, кліматычных рэгіёнаў і нацый і з’яўляецца каралеўскай дарогай да дасягнення Вялікага Ведання. Раніцай я пагружаю свой розум у велічную філасофію «Бхагавад-Гіты», у параўнанні з якой наш сучасны свет і ягоная літаратура здаюцца нязначнымі».

Генры Дэвід Тора, амерыканскі філосаф і пісменнік

2. Якім чынам Веды змаглі захавацца?

Сакрэт крыецца ў мове Ведаў – санскрыце. Веды па-іншаму называюцца шруці, «пачутае». Цягам многіх стагоддзяў і эпохаў Веды перадаваліся з вуха на вуха, існавала добра распрацаваная сістэма мнеманічных правілаў запамінання Ведаў; дагэтуль у Індыі ёсць людзі, якія могуць напамяць прачытаць адну ці нават некалькі Ведаў. Гэта некалькі сот тысяч вершаў на санскрыце. Слова санскрыт азначае «дасканалы, які мае ідэальную структуру». Санскрыт – гэта мова з унікальнай граматыкай і фанетыкай, і многія мовы гэтага свету паходзяць ад яго; у прыватнасці, усе заходнееўрапейскія мовы, дравідзкія, лаціна, старажытнагрэцкая, руская ды інш. Фанетыка санскрыту па сваёй навуковай арганізаванасці ня мае аналагаў. У санскрыце дваццаць пяць зычных, яны падзелены на пяць радоў па спосабе гуказдабывання, па пяць літараў у кожны рад. Гэтыя пяць радоў маюць непасрэднае дачыненне да пяці спрадвечных стыхіяў, з якіх пабудаваны свет. Першы рад адносіцца да эфіру, другі – да паветра, трэці – да агню, чацвёрты – да вады, пяты – да зямлі. У саміх Ведах гаворыцца, што кожны гук санскрыцкага алфавіту нясе ў сабе пэўную тонкую энэргію і менавіта на гэтай энэргіі заснавана ўся ведычная культура. Мантры, што складаюцца з гэтых гукаў, правільна вымаўленых, здольныя абуджаць утоеныя, тонкія механізмы прыроды, і мудрацы старажытнасці, рышы («здольныя бачыць праз грубую рэальнасць»), з дапамогай правільнага вымаўлення спараджалі пэўную хвалевую структуру, якая дазваляла ім рабіць цуды.

«Калі я чытаю «Бхагавад-Гіту», я пытаю сябе, як жа Бог стварыў Сусвет? Усе іншыя пытанні здаюцца залішнімі».

Альберт Эйнштэйн

3. З чаго складаюцца Веды?

Кожная Веда складаецца з чатырох падзелаў, якія называюцца Самхітамі, Брахманамі, Араньякамі і Ўпанішадамі.

Самхіты ўяўляюць сабою зборнікі мантраў. Іх, уласна, і называюць Ведамі. Брахманы даюць указанні, якім чынам, з якімі абрадамі і ў які час гэтыя мантры трэба прамаўляць. Таксама Брахманы ўтрымліваюць збор законаў, якія павінен выконваць чалавек, каб шчасліва жыць у гэтым свеце. Араньяка – падзел, які мае больш метафізічны характар; тут растлумачаны патаемны сэнс і вышэйшая мэта рытуалаў. І, нарэшце, Упанішады даюць філасофскае абгрунтаванне законаў гэтага свету; у іх расказваецца пра прыроду Бога, індывідуальнай душы, стасункі, якія злучаюць свет, Бога і душу. Апроч гэтага ёсць шэсць ведангаў, дапаможных ведычных дысцыплінаў. Гэта Шыкша, правілы вымаўлення гукаў санкрыцкага алфавіту; Чандас, правілы рытму і расстаноўкі націскаў у вершах, з якіх складаюцца Веды; В’якарана, дзе тлумачыцца граматыка і метафізіка санскрыту – якім чынам у санскрыце нашлі сваё адлюстраванне патаемная прырода чалавечага жыцця і структуры сусвету. Потым ідзе Нірукта, этымалогія словаў санскрыцкага алфавіту на аснове дзеяслоўных каранёў, да якіх узыходзіць кожная часціна мовы санскрыту. Потым ідзе Калпа, правілы правядзення абрадаў і рытуалаў, і, нарэшце, Джйоціш, ці астралогія, якая тлумачыць, у які час трэба праводзіць гэтыя абрады, каб кожнае распачынанне завершылася поспехам.

«Асабліва прыцягнулі мяне філасофскія ідэі «Бхагавад-Гіты». Яны практычна супадаюць з тым разуменнем рэальнасці, да якога мяне прывяло вывучэнне квантавай механікі».

Юджын Ўінгер, лаўрэат нобелеўскай прэміі па фізіцы

4. Калі і кім былі запісаны Веды?

Пяць тысячаў гадоў таму ў Гімалаях яны былі запісаны ўслаўленым мудрацом Шрылам В’ясадэвам. Само ягонае імя ўказвае на таго, хто «падзяліў і запісаў» (слова «вйаса» азначае «рэдактар»). Гісторыя жыцця В’ясадэвы прыводзіцца ў «Махабхараце», ягоным бацькам быў Парашара Муні, маці – Сац’яваці. В’ясадэва запісаў усе Ўпанішады, Брахманы, Араньякі, раскласіфікаваў Самхіты. Тут трэба заўважыць, што спрадвечна Веда – гэта адно цэлае, адзін велізарны «том», але В’ясадэва падзяліў гэты «том» на чатыры і да кожнага прыклаў адпаведныя галіны ведаў, вышэйзгаданыя ведангі. Апроч шасці ведангаў ёсць смрыці, літаратура «для запамінання», якая перадае тое ж самае пасланне Ведаў больш простай мовай, на прыкладзе або рэальных гістарычных падзеяў, або алегарычных аповесцяў.

Да смрыці адносяць васямнаццаць галоўных і васямнаццаць дадатковых Пуранаў, а таксама «Рамаяну» і «Махабхарату», гістарычныя хронікі. Апроч гэтага ёсць Кавіі, паэтычныя зборы. Іх таксама часам адносяць да разраду ведычнай літаратуры, бо яны заснаваны на Пуранах, толькі з больш дэталёвай распрацоўкай сюжэта і гісторый, якія спачатку змяшчаліся ў Ведах, а потым былі запісаныя ў Пуранах. Для вывучэння Ведаў патрабавалася вельмі высокая кваліфікацыя, бо, няправільна зразумеўшы сэнс тых ці іншых мантраў, можна было нашкодзіць і сабе, і іншым. Таму ў ведычнай культуры існавалі пэўныя абмежаванні на вывучэнне Ведаў. Але для Смрыці, гістарычных аповедаў, такіх забаронаў няма. Пураны, «Махабхарату», «Рамаяну» могуць чытаць усе без выключэння.

Гэтыя кнігі нясуць у сабе спрадвечныя ідэі Ведаў, вечны гук, які ў свой час спарадзіў светабудову. Мова Пуранаў не такая складаная, таму навукоўцы адрозніваюць ведычны санскрыт і санскрыт смрыці. В’ясадэву называюць аўтарам Ведаў, але В’ясадэва проста запісаў тое, што існавала многія тысячагоддзі да яго. Само слова Пурана азначае «старажытнае». Гэтыя кнігі былі заўсёды, у тым ліку і адзіная Пурана, і В’ясадэва выклаў яе на мове, зразумелай людзям века Калі, века дэградацыі, у якім мы цяпер жывём. Таму і Веды, і Пураны аднолькава аўтарытэтныя. Яны даносяць да нас адно і тое ж пасланне, яны запісаны адным і тым жа мудрацом і з’яўляюцца гарманічным, узгодненым корпусам ведычных пісанняў, у якіх адна частка дапаўняе другую.

5. Якія вобласці ведаў ахапляюць ведычныя пісанні?

Першая, самая галоўная тэма ведычных пісанняў,– гэта духоўныя веды, веды пра прыроду душы. Апроч гэтага ў Ведах ёсць велізарная колькасць іншай інфармацыі, якая датычыцца ўсяго таго, што патрэбна чалавеку для доўгага і шчаслівага жыцця. Гэта веды пра арганізацыю прасторы, васту: як будаваць дом, як яго размясціць, каб добра сябе адчуваць, не хварэць, жыць мірна і ў дастатку. Гэта медыцына, аюр-веда, «навука пра падаўжэнне жыцця». Гэта ведычная астралогія, якая тлумачыць, як зямля і мікракосмас чалавека злучаны з макракосмасам, з сусветам, і як чалавек павінен планаваць свой дзень, падарожжы, важныя распачынанні ў жыцці.

У Ведах таксама ёсць падзел пра музыку, дзе гаворыцца пра сем асноўных нотаў, якія суадносяцца з сямю чакрамі, энэргетычнымі вузламі ў целе чалавека, дазваляючы паводле асабліва выбудаваных мэлодый (рагаў) супакойваць і вылечваць чалавека, ствараць псіхалагічны камфорт. У Ведах дэталёва апісана ёга, ці набор розных тэхнік і практыкаванняў, якія дазваляюць дасягнуць найвялікшай разумовай канцэнтрацыі, супакоіць свядомасць, атрымаць містычныя сілы і ўрэшце ўсвядоміць сваю духоўную прыроду. Ёсць таксама кнігі пра ваярскае майстэрства. Ёсць падзелы Ведаў, у якіх прыведзены загаворы і містычныя рытуалы. Ёсць дапаможнікі па эканамічным росквіце, прыкладной псіхалогіі, кіраванню дзяржавай, дыпламатыі. Ёсць Кама-шастра, навука інтымных адносінаў, якая дазваляе чалавеку паступова пераходзіць ад грубых матэрыяльных асалодаў да больш танчэйшых і як зразумець, што падобныя задавальненні не з’яўляюцца мэтай чалавечага існавання.

6. Наколькі Веды магчыма прымяніць у наш час і ў тых краінах, якія не адносяцца да Індыі кліматычна і гістарычна?

Веды, перш за ўсё, гэта навука. Само слова «veda» азначае «веды, ведаць», а любыя навуковыя веды ўніверсальныя. Калі гаворка ідзе пра навуковыя веды, ніхто не пытае навукоўцаў, у якой краіне яны адкрылі гэты закон. Калі закон ёсць, ён дзейнічае ўсюды, у тым ліку і за межамі краіны, у якой ён быў адкрыты. Законы, выкладзеныя ў ведычных пісаннях, дзейнічаюць ва ўсе часы і пры ўсіх абставінах, проста трэба ведаць, якім чынам.

Так, напрыклад, закон прыцягнення, адкрыты Ньютанам, дзейнічае паўсюль на зямлі. На іншых планетах ён таксама будзе дзейнічаць, але з пэўнымі мадыфікацыямі. І нават на паўночным і паўднёвым полюсах Зямлі каэфіцыенты і канстанты могуць трохі адрознівацца ад стандартных. Тое ж самае і датычна Ведаў. Напрыклад, «Аюр-веда» фармулюе агульныя ўніверсальныя законы здаровага жыцця, але там таксама тлумачыцца, якім чынам гэтыя законы ўжываць у пэўных умовах, у іншай кліматычнай зоне, дзе сонца ўстае пазней і растуць іншыя травы і садавіна. Прынцыпы застаюцца вечнымі і нязменнымі, а спосабы ўжывання гэтых прынцыпаў могуць змяняцца, у залежнасці ад часу і абставінаў.

7. Ці пацвярджаюцца Веды сучаснымі навуковымі даследаваннямі?

Так. Адзін з яркіх прыкладаў – гэта дадзеныя, прыведзеныя ў ведычных Сідхантах, астранамічных разліках, у якіх за тысячы гадоў да Каперніка была апісана структура сусвету і дадзены адлегласці ад Зямлі да планетаў сонечнай сістэмы, з іх радыусамі і г. д. Таксама ведычным матэматыкам было вядома чысло «пі», прытым з рознай апраксімацыяй. Але самае цікавае і яркае пацверджанне аўтарытэтнасці ведычных пісанняў – гэта адкрыццё швейцарскага навукоўца Ханса Джэні, доктара медыцыны і антраполага. Джэні паспрабаваў знайсці сувязь паміж формай і гукам.

Мы ўжо казалі пра тое, што ведычныя гукі, ці гукі санскрыту, ствараюць пэўную вібрацыю ў эфіры, якая ўрэшце набывае канкрэтныя бачныя формы. У спробе зразумець, якую форму маюць розныя гукі, Джэні з дапамогай адмысловай прылады, якая ператварае гукавыя вібрацыі ў бачныя лініі на пяску ці парашку, выявіў, што гук Ом, з якога пачынаюцца многія ведычныя мантры і сімвалічнай выявай якога з’яўляецца Лакшмі-янтра (графічная выява з сумерна змесцаваных квадратаў, трохкутнікаў і акружнасцяў), пры правільным вымаўленні спараджае на пяску менавіта гэту янтру! Больш за тое, правільна прамоўленыя гукі санскрыцкага алфавіту таксама спараджалі формы, якія напаміналі літары гэтага алфавіту.

8. Якія з ведычных кніг лічацца галоўнымі?

Сярод велізарнага корпуса ведычнай літаратуры галоўнымі кнігамі лічацца «Веданта-сутра», адзінаццаць першых Упанішадаў, «Бхагавад-гіта» і «Бхагавата- пурана» ці «Шрымад-Бхагаватам». «Бхагавад-гіта» ўяўляе сабою кароткі, даступны і паслядоўны выклад усіх філасофскіх аксіём, якія змяшчаюцца ва Ўпанішадах, а «Шрымад-Бхагаватам» – гэта квінтэсэнцыя як філасофіі Ўпанішадаў, так і ўсіх Пуранаў. Тыя ж Пураны згадваюць, што «Шрымад-Бхагаватам» ёсць натуральным каментаром да «Веданта-сутры», пра што сведчыць аднолькавы пачатак абодвух твораў: джанмаді асйа, што значыць «Той, ад каго пачынаецца стварэнне, хто падтрымлівае стварэнне і хто з’яўляецца прычынай ягонага знішчэння». Санскрыцкае слова веданта азначае «вянок усіх ведаў», сутра – «афарызм». «Веданта-сутра» тлумачыць сэнс Упанішадаў, прыбірае ўяўныя супярэчнасці, якія ўзнікаюць у розуме таго, хто вывучае Ўпанішады.

На першы погляд велізарны корпус ведычных пісанняў можа ўяўляцца разрозненым. Але калі чалавек ведае скразную ідэю, на якую нанізана ўсё іншае, тады ўсё становіцца на свае месцы.

Пераклад Садху-бхушана дас.
Навігацыя: