Сёння пагаворым пра карму...

 

Напэўна, вы таксама заўважылі, як гэты санскрыцкі тэрмін лёгка ўвайшоў у абіход. У розных артыкулах, у інтэрв’ю і нават з экранаў тэлевізараў можна пачуць гэтае магічнае слова «карма». Аднак мала хто пры гэтым сапраўды разумее сэнс гэтага паняцця. Звычайна думаюць, што гэта альбо нейкі лёс, фатум, альбо помста ад вышэйшых сілаў, якія абавязкова павінны быць на нашым баку і кіравацца свецкай мараллю.

 

Само слова карма азначае – дзейнасць, якая выконваецца дзеля атрымання матэрыяльных вынікаў. Як бачым, усё даволі проста і ніякай містыкі.

 

Карма падзяляецца на розны віды. Ёсць, напрыклад, вікарма – грахоўная дзейнасць, забароненая святымі пісаннямі. Калі коратка, то сюды ўваходзяць усе віды атэізму, матэрыялізм, а таксама філасофія кшталту «еш, пі ды весяліся, колькі там таго жыцця!»

 

Вынікам такой дзейнасці ёсць нараджэнне на адскіх планетах альбо ў ніжэйшых, жывёльных формах жыцця.

 

У Ведах існуе раздзел, які мае назву карма-канда. Ён прызначаны для тых, хто імкнецца задавальняць свае жаданні, але хоча рабіць гэта ў законны спосаб. Такім людзям раіцца пакланяцца напаўбагам. З цягам часу свядомасць такога чалавека ачышчаецца, і ён робіцца здольным успрыняць ужо больш вышэйшае духоўнае веданне. Але ў гэтым працэсе ёсць і мінус. Зрабіўшы нават невялікую памылку падчас выканання рытуалаў, можна атрымаць цалкам супрацьлеглы вынік.

 

Другі від дзейнасці называецца акарма, то бок, дзейнасць, якая ня мае ніякіх наступстваў. Гэта дзейнасць чалавека, вольнага ад свецкіх прыхільнасцяў і накіраваная дзеля задавальнення пачуццяў Вярхоўнай Асобы Бога. (Падрабязней пра гэта глядзіце ў Бхагавад-гіце 4.18-21).

 

Тут варта таксама ўзгадаць карма-ёгу – калі чалавек, схільны да кармічнае дзейнасці, накіроўвае яе на аднаўленне сваёй страчанай сувязі з Богам. Слова «ёга» як раз і азначае сувязь. Сувязь з Богам праз ахвяраванне вынікаў сваёй працы.

 

Вядома, наш кароткі агляд не прэтэндуе на вычарпальны адказ. Бо існуе, напрыклад, санчыта-карма – вынікі дзейнасці, назапашаныя ў мінулых жыццях, якія, складаючыся разам, фармуюць увесь наш лёс. Альбо прарабдха-карма – гэта тая частка назапашанай у мінулых жыццях кармы, якая прызначана толькі для цяперашняга нашага ўвасаблення. Гэта ўжо саспелыя плады нашых мінулых учынкаў.

 

Таму, калі вы сапраўды жадаеце разабрацца ўва ўсіх перапетыях кармы, чытайце кнігі А.Ч. Бхакціведанты Свамі Прабхупады і асабліва «Бхагавад-гіту як яна ёсць».

Садху-бхушана дас
20.03.2022
Навігацыя: