Некалі на вяршыні гары стаялі тры дрэвы і марылі пра тое, кім жадаюць стаць, калі вырастуць.
Першае дрэўца паглядзела на зоркі і сказала: «Я хачу захоўваць скарбы. Я хачу, каб мяне пакрылі золатам і напоўнілі каштоўнымі камянямі. Я буду самым прыгожым куфрам у свеце!»
Другое дрэўца глядзела на невялічкі ручаёк, які цячэ па дарозе да акіяна. «Я хачу падарожнічаць па магутных водах ды несці вялікіх каралёў. Я буду самым моцным караблём у свеце!»
Трэцяе маленькае дрэва глядзела ў даліну ўнізе, дзе працавалі ў шматлюдным горадзе заклапочаныя мужчыны і жанчыны. «Я зусім не хачу пакідаць вяршыню гары. Я хачу стаць такім высокім, што, калі людзі спыняцца, каб паглядзець на мяне, яны будуць падымаць вочы да неба і думаць пра Бога. Я буду самым высокім дрэвам у свеце».
Міналі гады. Праліваліся дажджы, свяціла сонца, і дрэвы выраслі высокімі. Аднойчы на гару падняліся тры дрывасекі.
Адзін дрывасек паглядзеў на першае дрэва і сказаў: «Гэтае дрэва прыгожае. Яно ідэальна падыходзіць для мяне». Ад удару бліскучае сякеры ўпала першае дрэва. «Зараз я змагу абярнуцца ў прыгожы куфар. Я буду захоўваць цудоўныя скарбы!» – сказала першае дрэва.
Іншы дрывасек паглядзеў на другое дрэва і сказаў: «Гэтае дрэва моцнае. Яно ідэальна падыходзіць для мяне». Ад удару бліскучае сякеры ўпала другое дрэва. «Зараз я буду плыць па магутных водах!» – падумала другое дрэва. «Я буду моцным караблём для магутных каралёў!»
Трэцяе дрэва адчула, як замірае сэрца, калі апошні дрывасек зірнуў у ягоны бок. Гонкае дрэва выцягнулася ў вышыню да самага неба. Але дрывасек нават не падняў вочы. «Мне падыдзе ўсякае дрэва», – прамармытаў ён. Ад удару бліскучае сякеры ўпала і трэцяе дрэва.
Першае дрэва ўзрадавалася, калі дрывасек прынёс яго ў цяслярню. Але цясляр зрабіў з дрэва кармушку для свойскай жывёлы. Ані золатам, ані каштоўнымі камянямі не было пакрытае некалі прыгожае дрэва. Яно было абсыпанае пілавіннем і напоўненае сенам для галоднай жывёлы.
Другое дрэва ўсміхнулася, калі лесаруб адвёз яго на верф, але магутнага ветразёвага карабля ў той дзень не было зроблена. Затое некалі моцнае дрэва распілавалі і збілі простую рыбацкую лодку. Тая лодка была занадта маленькая і занадта слабая, каб плыць па акіяне ці нават па рацэ; замест гэтага лодку адвялі на невялікае возера.
Трэцяе дрэва разгубілася, калі дрывасек рассек яго на моцныя бэлькі і пакінуў на лесапавале. «Што здарылася?» – здзівілася некалі высокае дрэва. «Усё, чаго я хацела, гэта застацца на вяршыні гары ды паказваць на Бога...»
Прайшло шмат дзён і начэй. Тры дрэвы ледзь не забыліся на свае мары.
Але аднойчы залацістыя начныя зоркі праліліся на першае дрэва, калі маладая жанчына паклала нованароджанае дзіцё ў кармушку. «Хацелася б, каб я мог зрабіць яму калыску», – прашаптаў ейны муж. Маці сціснула ягоную руку і ўсміхнулася, а зоркі свяцілі на гладкае і трывалае дрэва. «Гэтыя яслі прыгожыя», – сказала яна. І раптам першае дрэва даведалася, што ў ім знаходзіцца найвялікшы скарб у свеце.
Аднойчы ўвечары стомлены вандроўнік і ягоныя сябры плылі ў перапоўненай старой рыбацкай лодцы. Падарожнік заснуў, калі другое дрэва ціха плыло па возеру. Неўзабаве паднялася грамавая бура. Дрэва здрыганулася. Яно ведала, што праз вецер і дождж у яго не хопіць сіл бяспечна правезці гэтулькіх пасажыраў. Стомлены чалавек прачнуўся. Ён устаў, узняў руку і сказаў: «Супакойся». Бура спынілася так жа хутка, як і пачалася. І раптам другое дрэва спазнала, што яно нясе караля неба і зямлі.
Аднойчы раніцай у пятніцу трэцяе дрэва спалохалася, калі ягоныя бэлькі выцягнулі з забытае кучы. Яно здрыганулася, калі яго пранеслі праз раз’юшаны здзеклівы натоўп. Яно здрыганулася, калі жаўнеры прыбілі да яго рукі чалавека. Яно адчувала сябе непрыгожым, грубым і жорсткім. Але ў нядзелю раніцай, калі ўзышло сонца, і зямля дрыжала ад радасці пад ім, трэцяе дрэва ведала, што Божая любоў усё змяніла. Гэта зрабіла трэцяе дрэва моцным. І кожны раз, калі людзі думалі пра трэцяе дрэва, яны думалі пра Бога. Гэта было лепш, чым быць самым высокім дрэвам у свеце.
У наступны раз, калі вы будзеце адчуваць сябе прыгнечанымі, таму што не атрымалі таго, чаго жадалі, заставайцеся ўпэўненымі і будзьце шчаслівымі, таму што Бог думае пра нешта лепшае, каб даць вам.