Шрыла Сатчытананда Бхакцівінода Тхакур

img

Усё жыццё Шрылы Бхакцівіноды Тхакура было прысвечана служэнню Шры Крышну, Вярхоўнай Асобе Бога. Па тым, якое дабро прынесла ягоная дзейнасць свету, яе можна параўнаць толькі з грандыёзнай дзейнасцю Самога Шры Чайтаньі і шасці Госвамі. Ягоная духоўная дзейнасць і боскія пісьмы зрабілі велічэзны ўплыў на разумных і адукаваных людзей і зарадзілі веру ва ўзнёслыя настаўленні і запаветы Госпада Чайтаньі.

 

Шрыла Бхакцівінода Тхакур прыйшоў у гэты свет у 1838 годзе ў гістарычнай правінцыі Надзія ў вёсцы Бірнагар у заможнай бенгальскай сям’і Раджы Крышнананды Датты. Бацькі далі дзіцяці імя Кедаранатх Датта. Ён рос у багатай сям’і дзядулі, у Бірнагары – прыгожай і аквітнай вёсцы, якую насялялі шчаслівыя і бесклапотныя жыхары. Усюды, на садовых сцяжынках і каля басейнаў (гхатаў), гучалі смех, музыка, вершы і казкі. Шры Кедаранатх быў любы і аблашчаны, ён лёгка заводзіў сяброў сярод дамачадцаў і вясковых жыхароў. Будучы надзвычайна разумным дзіцём, ён сябраваў і з многімі дарослымі, задаючы ім шмат пытанняў. Асаблівую дапытлівасць ён выяўляў у сферы духоўнай – больш усяго ён распытваў пра прыроду Боскага і прыроду жывой істоты, а таксама пра стасункі паміж імі. На жаль, ягоныя пытанні выклікалі большай часткай неразуменне, бянтэжачы тых, да каго яны былі звернутыя. Ягоны незвычайны пісьменніцкі дар праявіўся з ранняга дзяцінства. Каб пачуць Рамаяну ці Махабхарату ён мог адправіцца куды заўгодна. З шасці гадоў ён даследаваў факты і гісторыі гэтых эпасаў. А калі яму споўнілася дзевяць, ён прыступіў да вывучэння астралогіі.

 

Дзесяцігадовага Шры Кедаранатха перапаўнялі пытанні духоўнага плана, ён задаваў іх самым розным людзям – скульптару, які лепіць боствы Дургі, мусульманіну, які ахоўвае скарб ягонага дзеда, свайму школьнаму настаўніку, дзядзьку і шмат каму іншаму. Ён апісаў гэтыя размовы ў сваёй аўтабіяграфіі, ва ўласцівай яму пацешнай і яркай манеры казачніка. У ягоным сэрцы адчувалася цвёрдая вера ў адзіную асобу Госпада, ён ведаў, што Ім павінен быць Рама ці Крышна. З малых гадоў ён меў захапленне паўтараць імя Рама.

 

У адзінаццаць гадоў Шры Кедаранатх пакінуў бацькаву хату, а ў дванаццаць, паводле выбару маці, ужо меў першую жонку, дачку Шры Мадхусудана Мітры. Кажучы пра акалічнасці свайго дзіцячага шлюбнага жыцця (нярэдкага ў тыя далёкія дні) ён прыпадабняў яго да «гульні ў лялькі». І ўсё ж, успрымаючы сітуацыю ў такім святле, ён, тым не менш, яму не пярэчыў.

 

Сваю першую адукацыю ён атрымаў у Санскрыт толе (пачатковая школа), дзе яго навучылі санскрыту, бенгалі і арыфметыцы. Пазней, калі хлопчыку споўнілася сем гадоў, дзед, Шры Мустафі Махашай, адправіў яго ў ангельскую сярэднюю школу Крышнанагара. Шры Кедаранатх адрозніваўся веданнем ангельскай мовы, атрымліваючы пахвалы і ўзнагароды, таксама дэманстраваў поспехі ў чытанні і дэкламацыі, быў здольны ў бенгалі і матэматыцы. Калі ён меў трынаццаць гадоў, памёр ягоны бацька, і Кедаранатх пераехаў у Калькуту (сталіцу тагачаснай брытанскай Індыі), дзе і скончыў сваю адукацыю.

Шрыла Бхакцівінода Тхакур пісаў: «Ужо ў той час, калі яшчэ быў жывы мой бацька, мяне займалі думкі пра тое – чым ёсць гэты свет, і – хто мы? Гэтыя два пытанні валодалі мною з дзесяці гадоў. Сёння я думаў, што ведаю адказ, а заўтра – сумняваўся зноў».

 

Ён заставаўся ў грыхастха-ашраме аж да некалькіх апошніх гадоў свайго жыцця, але, тым не менш, вёў жыццё маха-бхагаваты, пацвердзіўшы адметным прапаведніцкім вычынам і выбітнымі багаслоўскімі працамі свой статус вечнага спадарожніка Шры Чайтаньі Махапрабху. Да таго як зрачыся свету і цалкам паглыбіцца ў любоўнае служэнне Гаўра-Гададхару і Радха-Мадхаву, Бхакцівінода Тхакур быў магістратам і міравым суддзём у святым горадзе Пуры, што ў Арысе, на ўсходнім узбярэжжы Індыі. У часы брытанскага праўлення ён набыў павагу і пашану нават у ангельцаў не толькі сваёй дзіўнай інтуіцыяй, што дазваляла яму выносіць бясхібныя пастановы часам па ста судовых справах на дзень, але і як вельмі рэлігійны чалавек. «Ён займаў адказны ўрадавы пост у акруговым судзе, забяспечваючы сям’ю, выхаваную на прынцыпах свядомасці Крышны. Адначасова ён самымі рознымі спосабамі служыў Усявышняму Госпаду. Такім цудоўным было ўсё ягонае жыццё! Практычна ўвесь дзень адпрацаваўшы ў судзе, ён адпачываў усяго чатыры гадзіны на содні, апоўначы ўставаў і да самай раніцы прысвячаў сябе літаратурнай працы. Такім быў рэжым ягонага дня», – пісаў пра яго Бхакціведанта Свамі Прабхупада.

 

Рэжым дня быў такім, што мала хто змог бы паўтарыць гэта хаця б тыдзень. Не губляючы нават невялікай магчымасці для любоўнага служэння Крышну, ён кожны дзень прытрымліваўся строгага распарадку. Ён ішоў адпачываць прыкладна а восьмай вечара, але падымаўся ўжо праз дзве гадзіны, адразу ўключаючыся ў пісьменніцкую працу да чатырох гадзін раніцы. Потым ён адпачываў яшчэ паўгадзіны і ўжо да сямі гадзін раніцы паўтараў джапу. З сямі гадзін раніцы ён паўгадзіны праглядаў пошту, а з сямі трыццаці да дзевяці з паловай гадзіны вывучаў святыя шастры. Потым Бхакцівінода Тхакур рабіў амавенне і прымаў прасад, падчас якога ён выпіваў пару шклянак малака і з’ядаў трохі садавіны і пару прэсных аладак-чапаці. Роўна а дзясятай гадзіне Бхакцівінода Тхакур ужо сядзеў у судзе, з неспасціжнай лёгкасцю і бясхібна развязваючы даволі заблытаныя справы. А гадзіне дня ён адпраўляўся дадому на кароткі адпачынак, але а другой зноў вяртаўся ва ўстанову, працягваючы разгляд цяжбаў і іншых спраў да пяці вечара. Пасля сканчэння працоўнага дня Бхакцівінода Тхакур ішоў дамоў, каб на пару гадзін паглыбіцца ў пераклад шастраў з санскрыту на бенгалі. Потым ён ізноў рабіў амавенне, выпіваў пару шклянак малака, з’ядаў трохі рысу і чапаці і а восьмай вечара ішоў спаць.

 

Такім парадкам, Бхакцівінода Тхакур выдзяляў на сон усяго тры гадзіны на содні, а на духоўнае жыццё, якое прадугледжвае не толькі джапу, але таксама вывучэнне святых пісьмаў і пропаведзь праз пісьменніцкую працу, ішлі ўсе іншыя гадзіны. Дзіўна, але ён меў яшчэ і вялікую (паводле еўрапейскіх мерак) сям’ю. Але, нягледзячы на гэта, ягонаму пяру належыць мноства выбітных твораў па філасофіі і багаслоўі бенгальскага вайшнавізму. А яшчэ ў ягонай шматлікай сям’і нарадзіўся вялікі Бхакцісіддханта Сарасваці Тхакур.

 

Бхакцівінода Тхакур атрымаў дыкшу ад Шры Віпін-віхары Госвамі, духоўнага настаўніка ў ланцугу вучнёўскай пераемнасці, якая ідзе ад Шры Джахнавы Маты. Потым ён сустрэў Шрылу Джаганнатху даса Бабаджы, які даў яму натхненне і настаўленні. Займаючы прэстыжны чынавенскі пост, а таксама валодаючы шырокай эрудыцыяй і духоўнымі якасцямі, Бхакцівінода Тхакур заставаўся сціплым, пакорлівым і таварыскім чалавекам. Манахі, што збіралі міласціну, заўсёды пакідалі ягоную хату здаволенымі і шчаслівымі. Ён быў зычлівым чалавекам, ніколі нікому не зайздросціў і нават у спрэчках ніколі не выказваў сваёй незадаволенасці. Ён ніколі не прамаўляў ні слова, якое магло б параніць пачуцці іншага чалавека. «Тхакур заўсёды быў адважны і імкнуўся дапамагчы кожнаму. Звядучы асабістыя патрэбы да мінімуму, ён быў вельмі непатрабавальным у жыцці», – расказваў пра яго адзін філосаф.

 

Вось што кажа пра якасці, патрэбныя для прагрэсу ў духоўным жыцці, сам Бхакцівінода Тхакур у сваёй «Шаранагаці»:

«Вы павінны заўсёдна быць занураны ў апяванне славы Крышны. Выконваючы крышна-кіртан, вы падпарадкуеце кантролю свой розум. Адкіньце ілжывы гонар. Успрымайце сябе як нікчэмных жабракоў. Ніжэй і цішэй саломы на дварэ. Выбачайце ўсіх, прыпадабняючыся дрэву. Адкінуўшы ўсякі гвалт у дачыненні да іншых жывых істот, падтрымлівайце іхнае існаванне. На працягу ўсяго свайго жыцця ніколі не прычыняйце турбот іншым. Але нясіце ім дабро, рабіце іх шчаслівымі і забудзьцеся пра ўласнае шчасце.

Так здабыўшы набожнасць і чыстыя якасці, вы павінны адрынуць імкненне да славы і ўшанаванням. Проста адчыніце сваё сэрца пакоры. Ведаючы, што Госпад Шры Крышна бытуе ў сэрцы кожнай жывой істоты, вы павінны цаніць кожнага і выказваць пашану кожнаму. У такой пакоры вы знойдзеце дабрачыннасць, міласэрнасць, паважлівае стаўленне да ўсіх, а таксама адрачэцеся жадання славы і імкнення да ўшанаванняў. У такім стане вы павінны апяваць славу Ўсявышняму Госпаду. Скрозь слёзы Бхакцівінода ўзносіць гэтую малітву ля лотасных стоп Госпада: «О Госпад, калі ж ты адорыш мяне гэтымі якасцямі?»

 

Шрынівасачар’я славіць шэсць Госвамі Врындавана словамі: нана-шастра-вічаранайка-ніпунаў/сад-дхарма самстхапакаў/локанам хіта карынаў… – «Шэсць Госвамі Врындавана вывучылі ўсе шастры дзеля таго, каб зацвердзіць вечныя рэлігійныя прынцыпы на дабро ўсіх і кожнага». Падобна гэтаму Бхакцівінода Тхакур зрабіў вельмі шмат дзеля дабра чалавецтва. І таму яго заслужана называюць «сёмым Госвамі».

Біёграфы адзначаюць тры выбітныя дасягненні Шрылы Бхакцівіноды Тхакура:

 

1. Ён напісаў 100 кніг на тэмы духоўнага жыцця.

 

2. Ён выявіў месца з’яўлення Госпада Чайтаньі.

 

3. Ён увёў мноства новаўвядзенняў у мастацтва пропаведзі.

 

Апроч кніг (на бенгалі, орыя і ангельскай), якія ўдыхнулі новае жыццё ў пасланне Шры Чайтаньі Махапрабху і паяснілі яго, Бхакцівінода Тхакур напісаў сотні паэм і песень, прасякнутых духоўнымі эмоцыямі і сідханта-шастрай (філасофскімі высновамі). Ягоныя працы зрабілі патаемныя настаўленні Шры Чайтаньі Махапрабху даступнымі разуменню сучаснага чытача, будучы выкладзены пераканаўчай, прасякнутай духам адданасці мовай. Вось толькі некаторыя з ягоных унікальных твораў: «Шры Крышна-самхіта», «Кальяна-калпатару», «Шры Чайтанья-шыкшамрыта», «Шры Навадвіпа-дхама Махатм’я», «Джайва-дхарма», «Шры Харынама-чынтамані», «Бхаджана-рахасья», «Гіта-мала», «Гітавалі», «Шаранагаці», каментары да «Бхагавад-гіты» і «Чайтанья-чарытамрыты». Ён апублікаваў сваю «Шры Чайтанья Гіту» пад імем Сатчыдананды Прэмаланкары, у сувязі з гэтым яго пачалі называць Сатчыданандам Бхакцівінодам Тхакурам.

 

«Гітавалі» Бхакцівіноды Тхакура мае такія словы:

«Той, хто не можа пакланяцца лотасавым стопам Шры Радхікі, крыніцы ўсяго спрыяльнага; той, хто не можа знайсці прыстанне ў трансцэндэнтным свяцілішчы Врындавана, упрыгожаным лотасападобным імем Радхі; той, хто не мае стасункаў з адданымі Радхікі, сэрцы якіх споўнены мудрасці і любові Радхікі – як такі чалавек зможа калі-небудзь нацешыцца амавеннем ў акіяне густаў адданага служэння Госпаду Ш’ямасундару?

Паспрабуйце зразумець, што Шры Радхіка – гэта настаўніца мадхур’я-расы (густу шлюбнай любові). Мадхур’я-прэма Радха-Мадхавы прызначана для абмеркавання і медытацыі. Той, хто цешыцца лотасавымі стопамі Шрымаці Радхарані, знаходзіць лотасавыя стопы Мадхавы, неацэннага скарбу сярод усіх скарбаў. Не прыняўшы прыстанне лотасавых стоп Радхі, адданы ніколі не сустрэне Крышну. Ведыйскія пісьмы сцвярджаюць, што Крышна належыць прыслужніцам Шры Радхі. Пакінь жонку, сыноў, сяброў, багацце, паслядоўнікаў, спекуляцыйнае веданне і матэрыялістычную дзейнасць. Проста сканцэнтруйся на салодкім служэнні лотасавым стопам Шрымаці Радхарані. Такая адзіная просьба Бхакцівіноды».

 

За апошнія пяцьсот гадоў месца з’яўлення Госпада Чайтаньі неаднаразова падпадала затапленню неўтаймоўнымі водамі Гангі. У 1888 г. Шрыла Бхакцівінода Тхакур адкрыў джанмастхану (месца народзінаў) Шры Чайтаньі Махапрабху ў Ёгапітху, у Шрыдхаме Маяпуры. Шрыла Джаганнатха дас Бабаджы Махараджа, вядомы святы сідха і парамахамса-расіка-вайшнаў, пацвердзіў здагадку Тхакура. Гэта цудоўная вестка хутка данеслася да Брадж-бхумі. Тады Тхакур увёў у Ёгапітху пакланенне Госпаду Гаўрангу і Шрымаці Вішнупрыі. Адкрыты ўсяму новаму, у 1896 г. ён адправіў ва ўніверсітэты ўсяго свету кнігу вершаў «Шры Гаўранга-ліла смарана», якая складалася з сарака сямі старонак ангельскага ўступу: «Шры Чайтанья Махапрабху: Ягонае жыццё і настаўленні». Гэты ўчынак караніцца ў гарачым імкненні пашырыць настаўленні Госпада Чайтаньі ў краінах Захаду.

Бхакцівінода Тхакур стаў аўтарам трох прадказанняў:

 

«Хутка з’явіцца асоба, – пісаў ён, – якая будзе вандраваць па ўсім свеце і пашырыць настаўленні Госпада Чайтаньі».

 

Другое ягонае прароцтва абвяшчала: «Вельмі хутка спяванне харынама-санкіртаны пашырыцца па ўсім свеце. О, калі ж надыдзе той дзень, калі адданыя Амерыкі, Англіі, Францыі, Нямеччыны, Расіі возьмуць караталы і пачнуць спяваць Харэ Крышна ў сваіх гарадах?»

 

Трэцяе прароцтва: «Калі ж надыдзе той дзень, калі светласкурыя замежнікі прыедуць у Шры Маяпур-дхаму, далучацца да бенгальскіх вайшнаваў і заспяваюць: «Джая Шачынандана! Джая Шачынандана!» Калі ж надыдзе гэты дзень?»

 

Трэба адзначыць, як асаблівы знак, што Шрыла Прабхупада з’явіўся ў гэтым свеце акурат у 1896 г., калі Бхакцівінода Тхакур паслаў свае кнігі праз акіян. Воля Госпада Чайтаньі, жаданне Бхакцівіноды Тхакура і ласка Шрылы Сарасваці Тхакура дазволілі Абхаю Чаранаравінду Бхакціведанту Свамі Прабхупаду пашырыць настаўленні Шры Чайтаньі і спяванне Харэ Крышна па ўсім свеце. І Прабхупада выканаў тры прадказанні Тхакура! «Мы павінны прызнаць, што ў сваёй спрадвечнай форме рух свядомасці Крышны (ІСККОН) быў створаны Шрылам Бхакцівінодам Тхакурам», – сказаў Шрыла Прабхупада, аддаючы належнае папярэднім ачар’ям.

 

У 1996 г., праз сто гадоў пасля таго, як Бхакцівінода Тхакур зрабіў свае знакамітыя прадказанні, тры тысячы «светласкурых адданых» з Амерыкі, Англіі, Францыі, Нямеччыны, Расіі і пяцідзесяці іншых краін сабраліся ў храме ІСККОН Чандрадая Мандзіры ў Маяпуры. Яны далучыліся да тысячы «бенгальскіх вайшнаваў» і скалынулі сусвет спевам «Джая Шачынандана, Джая Шачынандана, Джая Шачынандана, Гаўра-хары». Уся слава Шрылу Сатчытананду Бхакцівіноду Тхакуру!

 

У 1914 г., у дзень сыходу Шры Гададхары Пандыта (увасаблення Шры Радхі), Бхакцівінода Тхакур увайшоў у вечныя гульні Гаўра-Гададхары і Радха-Мадхавы. У Гадрумадвіпе (Навадвіпа) Шры Шры Гаўра-Гададхара, Боствы Бхакцівіноды Тхакура, чакаюць вайшнаваў, каб дабраславіць іх у Свананда-сукхада-кунджы. У ніцья-браджа-ліле Радха-Мадхавы Бхакцівінода Тхакур, будучы манджары Камалай, служыць Шрымаці Радхарані. Ягоная пушпа-самадхі знаходзіцца ў ягоным бхаджан-куціры каля Радха-кунды.

 

Шрыла Бхакцівінода Тхакур скарыў сэрцы бенгальцаў і далучыў іх да вайшнавізму міласцю сваёй трансцэндэнтнай асобы, сілай літаратурнага дару і шырокай пропаведдзю. Па ягоным сыходзе жальбавала ўся Бенгалія, аднак вайшнавы ведалі, што місія Бхакцівіноды Тхакура будзе працягнута ягоным годным паслядоўнікам, Прабхупадам Шрылам Бхакцісіддхантам Сарасваці Тхакурам.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, чэрвень 2023
Навігацыя: