Чатурмасья

img

Чатурмасья – чатыры святыя месяцы, падчас якіх даюцца і выконваюцца рознага кшталту духоўныя зарокі. Гэта перыяд з 108 дзён, які пачынаецца з Гуру Пурнімы і сканчаецца ў апошні дзень месяца Картыка.

 

У гэты час валадар Сусвету Вішну адпачывае і занураецца ў глыбокі сон, а Ягоныя абавязкі часова выконвае Госпад Шыва. Шыва, вядома ж, адразу імкнецца ачысціць Зямлю ад негатыва, дрэні і «бруду». Вядома, што Шыву лічаць вельмі строгім ды нават жорсткім, але ў той жа час самым справядлівым. Таму, хто ідзе праведным шляхам, робіць гэта шчыра і ад усяго сэрца, Шыва даруе сваю абарону.

 

У гэты перыяд у Індыі не праводзяцца вяселлі, урачыстасці, важныя абрады. Не рэкамендуецца таксама рабіць вялікія пакупкі, купляць нерухомасць ці транспартныя сродкі, адкрываць новы бізнес.

 

У той жа час гэта вельмі спрыяльны перыяд для духоўнай дзейнасці. Многія людзі на працягу гэтых чатырох месяцаў практыкуюць розныя аскезы: маўну (зарок маўчання), строгі пост, бескарыслівае служэнне, устрыманне ад сэксуальных кантактаў. Распачынаюцца масавыя паломніцтвы па самых цяжкадаступных месцах.

 

Гэта вельмі гнуткі пост, які могуць выконваць вайшнавы, параіўшыся са сваімі настаўнікамі. Яго можна праводзіць у самы просты спосаб, а можна павялічваць аскезы, якіх у гэтым посту можна знайсці на розны густ.

 

Філасофія гэтага посту заснаваная на тым, што Госпад Вішну адпачывае ў гэтыя чатыры месяцы. Кожны месяц Ён пераварочваецца з боку на бок, таму для кожнага месяца існуюць свае правілы і абмежаванні.

 

Уважаецца, што гэта пост, прызначаны для людзей цывілізаваных, здольных трымацца зарокаў працяглы час. А апошні месяц чатурмасьі, Дамадара, асабліва важны для ўзмацнення нашай адданасці Вярхоўнай Асобе Бога.

Крыніца: «Вайшнаўскі каляндар»
Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, ліпень 2023
Навігацыя: