ШРЫ ДАМАДАРАШТАКА
(месяц Картыка)
1. Я пакорліва схіляюся перад Вярхоўным Госпадам, чыё цела ёсць прыстаннем вечнай асалоды, ведання і быцця; які знаходзіцца ў боскім валадарстве Гокулы і выпраменьвае асляпляльнае ззянне; які ўпрыгожаны завушніцамі, што ціхенька пакалыхваюцца ў Ягоных вушах і выглядаюць нібыта акулы; які, спалохаўшыся маці Яшоды, імкліва ўцякае прэч ад драўлянае ступы і якога маці Яшода ўсё ж даганяе, бо бяжыць хутчэй за Яго. Гэтаму Вярхоўнаму Госпаду, Шры Дамадару, я прыношу свае паклоны.
2. Ён плача, (убачыўшы лазіну ў руцэ Сваёй маці), і абцірае слёзы Сваімі лотасавымі далонькамі. Ягоныя вочы поўныя страху, а жамчужныя каралі на Ягонай шыі, адзначанай трыма лініямі, падобнымі да ліній на ракавіне, дрыжаць ад частага дыхання, якое перапыняецца плачам. Гэтаму Вярхоўнаму Госпаду, Шры Дамадару, чый жывот абвіты не вяроўкамі, а чыстай любоўю Ягонай маці, я прыношу пакорлівыя паклоны.
3. Ягоныя дзіцячыя гульні, падобныя да гэтай, для жыхароў Гокулы ёсць крыніцай невыказнага экстазу. Гэтымі гульнямі Ён паказвае Сваім адданым, паглынутым разважаннямі пра Ягоную веліч і невымоўнае хараство, што скарыць Яго могуць толькі тыя, чыя чыстая любоў вызначаецца інтымнасцю пачуццяў і пазбаўлена ўсялякае пабожнасці і пачцівасці. З вялікай любоўю я сотні разоў схіляюся перад Госпадам Дамадарам.
4. О Госпад, Ты можаш дараваць любыя багаславенні, але я не малю Цябе ні пра безасабовае, ні пра найвялікшае вызваленне (магчымасць вечнага жыцця на Вайкунтхах) і ні пра якую іншую выгоду (якую можна атрымаць, калі выконваць дзевяць прынцыпаў бхакці). О Госпад, я хачу толькі, каб Ты ў гэтым вобразе Балы Гопалы, які знаходзіцца ў Врындаване, заўсёды быў у маім сэрцы. Мне не патрэбныя ніякія іншыя дары, апроч гэтага.
5. О Госпад, маці Яшода зноў і зноў абсыпае пацалункамі Твой лотасападобны твар у абрамленні локанаў чорных з чырванаватым адценнем аксаміцістых валасоў, і Твае вусны пунсавеюць, нібыта плод бімба. Зрабі ж так, каб я заўсёды мог бачыць у сваім сэрцы Твой цудоўны лотасападобны вобраз. І тысячы тысяч іншых багаславенняў не патрэбныя мне.
6. О Вярхоўны Госпад, я прыношу Табе свае паклоны. О Дамадара! О Ананта! О Вішну! О Валадар! О Госпад мой, я хачу толькі аднаго – каб Ты застаўся задаволены мной. Звярнуўшы на мяне Свой ласкавы позірк, выратуй няшчаснага неразумніка, які тоне ў акіяне свецкай журботы, і дазволь мне заўсёды бачыць Цябе.
7. О Госпад Дамадара, у вобразе дзіцяці, прывязанага да драўлянай ступы, Ты зняў праклён Нарады з двух сыноў Куверы, Манігрывы і Налакувары, і абярнуў іх у вялікіх адданых. О Госпад мой, надары і мяне Сваёй прэма-бхакці. Я прагну толькі гэтага і не імкнуся ні да якога вызвалення.
8. Госпад Дамадара, перадусім я схіляюся перад той асляпляльна зіхатлівай вяроўкай, якая абвівае Твой жывот. Потым я прыношу свае паклоны Твайму жывату, у якім спачывае ўвесь сусвет. Таксама я пакорліва схіляюся перад Той, каго Ты кахаеш больш за ўсіх, – перад Шрымаці Радхарані. І, нарэшце, я зноў і зноў схіляюся перад Табой, Вярхоўным Госпадам, які праяўляе Свае несканчоныя гульні.