Шры Рама Навамі

img

Кожны раз, калі рэлігія прыходзіць у заняпад і запаноўвае бязбожнасць, Я сам сходжу ў гэты свет, о нашчадак Бхараты.

Каб вызваліць праведнікаў і знішчыць зладзеяў, а таксама аднавіць асновы рэлігіі, Я прыходжу сюды з веку ў век.

(«Бхагавад-гіта» 4.7-8)

Калі Госпад прыходзіць у гэты свет, Ён не нараджаецца, як звычайныя людзі, а з’яўляецца з незвычайнае ласкі Сваёй. Госпад з’яўляецца кожны раз, калі ўзнікае патрэбнасць у абароне адданых. Вярхоўны Госпад можа ўвасабляцца ў розных абліччах, напрыклад, такіх як рыба Матс’я, вяпрук Варахадэў, паўчалавек-паўлеў Нрысімха. Для адданых Госпада ўсе Ягоныя формы вельмі прывабныя. Размовы пра гульні Госпада прыносяць адданым найвялікшую асалоду.

Адным з такіх вядомых увасабленняў Вярхоўнага Госпада ёсць Госпад Рама. Нараджэнне Госпада Рамы адзначаецца як Рама Навамі. Ён з’явіўся ў Трэта-югу, больш за два мільёны гадоў таму. Госпад Рама нарадзіўся ў сям’і караля Дашаратхі і каралевы Каўшальі ў Аёдх’і (старажытны горад у Індыі – заўв. перакладчыка). Ён меў трох малодшых братоў Бхарату, Лакшману і Шатругну.

Вялікі старажытны эпас «Рамаяна» апавядае пра Госпада Раму – вялікага караля, мужа, ідэальнага сына і гаспадара. Госпад Рама быў узорным сынам. Ён заўсёды слухаўся Свайго бацьку і вельмі паважаў маці.

Ён быў дасканалым каралём і правіцелем. Госпад Рама правіў 14 000 гадоў. Ягонае праўленне па сённяшні дзень называецца Рама Раджа. Калі Госпад Рама кіраваў Сваім народам, у Ягоным каралеўстве не было голаду ды нястачы, хваробы нікога ніколі не закраналі. Людзі ў Ягоным каралеўстве былі злучаныя з Ім моцнаю любоўю. Яны жылі толькі дзеля таго, каб служыць і дагаджаць Яму.

Ён вельмі строга ставіўся да парушальнікаў парадку і ў разе патрэбы караў іх. Ён быў станісты, моцны, адважны, шляхетны, справядлівы, далікатны, пяшчотны, добры і заўсёды міласэрны да Сваіх адданых і ўсіх грамадзян.

Фестываль Рама Навамі – гэта святкаванне дня нараджэння Вярхоўнага Госпада Шры Рамы. Паводле старажытнага ведыйскага календара ён прыпадае на вясну. Уважаецца за спрыяльнае ў гэты дзень пасціцца ў імя Госпада Рамы. Адданыя выконваюць розныя цырымоніі (ахвярапрынашэнні, пуджы) і паўтараюць імя Рамы. У Храмах Рамы, упрыгожаных кветкамі і лісцем, на працягу дня праводзяцца адпаведныя набажэнствы ды выконваюцца бхаджаны. Гісторыі з «Рамаяны» чытаюцца на святочных публічных сходах. Большасць людзей посціць да поўначы. Адным з важных і папулярных элементаў свята ёсць Рамаяна-параяна, прамова пра Рамаяну, якую робіць старэйшы адданы Госпада Рамы.

У некаторых рэгіёнах Індыі, дзе асабліва шануюць Госпада Раму, фестываль доўжыцца дзевяць дзён, пачынаючы з Угадзі (свята Новага году паводле індускага месяцовага календара – заўв. перакладчыка) і заканчваючы Рама Навамі. Гэтая традыцыя ярка праяўленая ў святых месцах, звязаных з жыццём Госпада Рамы: Аёдх’я ў штаце Утар-Прадэш, Бхадрачалам у Андхра-Прадэш, Рамешварам у Таміл-Наду.

Галоўнае прызначэнне гэтага свята палягае ў тым, што асоба Госпада Рамы ўвасабляе ідэальнага сына, сумленнага мужа, праведнага караля, любячага брата і бездакорнага чалавека, таго, хто ідзе справядлівай дарогай жыцця, нягледзячы ні на што. Ён таксама быў сапраўдным увасабленнем чалавечнасці. Святкаванне Рама Навамі – гэта асаблівая нагода ўспомніць усе высакародныя ўчынкі, здзейсненыя Госпадам Рамам. Такім парадкам, гэта не толькі фестываль, дзе можна атрымаць асалоду ды павесяліцца, але і магчымасць атрымаць практычны досвед духоўнага дасканалення. Гэта свята дабра і ягонай перамогі над усім злом. Святыя месцы, звязаныя з Рамам, такія як Аёдх’я, Уджайн і Рамешварам, прывабліваюць дзясяткі тысяч вернікаў. У Рамешвараме тысячы паломнікаў прымаюць рытуальнае амавенне ў моры і пакланяюцца Госпаду Раму. Ува многіх месцах у Паўночнай Індыі праводзяцца святочныя кірмашы. Кульмінацыяй фестывалю становіцца ўражвальны феерверк на Рама Навамі.

Дзень нараджэння Шры Рамы на самай рэчы ёсць падзеяй, якую варта памятаць усім, хто шануе ацэненыя часам высокія каштоўнасці чалавечае культуры і цывілізацыі. Адданыя не спяць у дзявятую ноч у чаканні нараджэння Госпада Рамы. Выконваецца яг’я, спяваюцца рэлігійныя песні ў гонар Госпада Рамы. Адданыя калыхаюць Ягоны вобраз у калысках, святкуючы Ягонае нараджэнне. На наступную раніцу здзяйсняецца асаблівае набажэнства на знак удзячнасці за Ягоную міласэрнасць. Рама Навамі – урачыстае свята, якое прыносіць адданым Госпада сапраўднае шчасце і радасць. Гэта дае ім сілу і мужнасць змагацца з усімі жыццёвымі цяжкасцямі.

Рама азначае «асалода», і таму Госпад Рама дае асалоду ўсім тым, хто памятае Яго і моліцца Яму. Таму давайце ўсе памятаць пра дзеі і запаветы Госпада Рамы, прытрымлівацца іх ды дасягаць шчасця.

Паводле: iskconmumbai.com
Навігацыя: